• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаго чакаць ад Хадаркоўскага?

    Асабісты вораг Пуціна пасля непрацяглага маўчання вяртаецца ў палітычную барацьбу.

    Напрыканцы мінулага месяцу былы “вязень №1 Расеі” Міхаіл Хадаркоўскі падтрымаў нечаканую заяву Аляксея Навальнага. Абодва палітыкі сказалі, што ў выпадку, калі яны ўзначаляць Расею, вяртаць Крым Украіне яны не будуць. Дагэтуль Хадаркоўскі шмат разоў падтрымліваў Украіну, таму ягоныя словы збянтэжылі ўсіх, хто лічыў Хадаркоўскага лібералам.

    Яшчэ не так даўно экс-старшыня ЮКОС казаў, што вяртацца ў палітыку не збіраецца. Але гэта ўжо чарговая прамова, якая дае зразумець, што амбіцыі Хадаркоўскага выходзяць далёка за межы грамадскай дзейнасці. Дагэтуль не менш гучнай была ягоная заява пра намер балатавацца ў прэзідэнты ў тым выпадку, калі Расеі спатрэбяцца канстытуцыйныя рэформы. Умоўны лад выглядае даволі саркастычна, улічваючы сітуацыю ў якой знаходзіцца расейская дзяржаўная сістэма.

    Прыхільнік “мяккай” палітыкі

    Раней Хадаркоўскі намагаўся абмінаць палітыку. Яшчэ да ўзначалення нафтавай кампаніі ЮКОС, алігарху прапаноўвалі пасаду ў Савеце Федэрацыі Расеі, але ён адмаўляўся і імкнуўся ўплываць звонку. Нягледзячы на тое, што ў 1993 годзе ён быў намеснікам міністра паліва і энергетыкі і дараджаў прэм’ер-міністру РФ Віктару Чарнамырдзіну, алігарх засяроджваўся не на палітычнай гульні, а на тым, каб скарыстаць сваю пасаду выключна ў мэтах бізнесу. У той час “Незалежная газета” ставіла яго на чале свайго рэйтынгавага спісу “Яны робяць палітыку Расеі. 500 прозвішчаў”.

    Поспех Хадаркоўскага ўражваў шмат каго. У шматлікіх пытаннях, якія тычыліся не толькі нафтавага бізнесу, ён сапраўды ўладарыў краінай. Сярод ягоных інструментаў уплыву была добра выбудаваная сістэма лабіявання інтарэсаў сваёй кампаніі. Шматлікія дэпутаты ў Дзярждуме ‑ ад КПРФ, СПС, “Яблоко”, ОВР, “Единство” ‑ знаходзіліся пад кантролем і на ўтрыманні ЮКОС. Паводле некаторых звестках, у парламенце 1999 году яго інтарэсы пры неабходнасці гатовыя былі падтрымаць каля сотні дэпутатаў. Да таго ж алігарх уваходзіў у савет фінансавых пытанняў пры ўрадзе Расеі і займаў шэраг іншых пасадаў, якія абаранялі ягоны бізнес ад дзяржаўнага ўмяшальніцтва.

    У 2001 годзе Хадаркоўскі стварае фонд “Открытая Россия” для рэалізацыі, як афіцыйна было заяўлена, адукацыйных і дабрачынных праектаў. Фонд актыўна развіваўся, больш за 50 ягоных філіялаў адчынілася ў розных гарадах краіны. Але ў 2003 годзе Хадаркоўскага арыштавалі і прысудзілі 9 год пазбаўлення волі за крадзеж грашовых сродкаў і ўхіленне ад падаткаў.

    Судовы працэс над Хадаркоўскім суправаджаўся магутнымі інфармацыйнымі кампаніямі. Яшчэ ў траўні 2003 году Савет нацыянальнай стратэгіі апублікаваў даклад “У Расеі рыхтуецца алігархічны пераварот”, у якім галоўнымі ворагамі Расеі абвяшчаліся алігархі, у тым ліку Хадаркоўскі. У верасні 2004 году ў медыях з’явіўся шэраг матэрыялаў аб крымінальных сувязях ЮКОС, які нібыта займаўся кантрабандай сваёй сібірскай нафты на карысць чачэнскіх баевікоў.

    У калоніі Хадаркоўскі працягваў даваць інтэрв’ю і меў магчымасць на старонках The Financial Times абвінаваціць Крэмль у няздольнасці да адкрытага і сумленнага дыялогу, і заявіў аб неабходнай змене палітычных элітаў. У ноч на 14 красавіка 2006 году на Хадаркоўскага быў здзейснены напад ‑ зняволены парэзаў яму твар нажом, у вынікі чаго алігарху наклалі некалькі швоў. Справа даволі хутка атрымала палітычную афарбоўку і алігарх атрымаў статус палітвязня.

    Пасля вызвалення Хадаркоўскі аднавіў дзеянне фонду, якім цяпер актыўна займаецца, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў Швецыі.

    Ці можа Хадаркоўскі супрацьстаяць Пуціну?

    Пасля таго, як Хадаркоўскі адсядзеў два тэрміны з-за справы ЮКОС, вяртацца ў палітыку ён не збіраўся. Заява тычылася і вяртання ў бізнес: “Мой стан дазваляе мне не працаваць дзеля таго, каб зарабіць грошы”. Але летам 2014 году пачала з’яўляцца інфармацыя пра тое, што ён будзе спонсарам праекту “Медуза” – СМІ, заснавальнікамі якога стала былая каманда “Ленты.ру”. Але ўжо восенню Галіна Цімчанка, галоўная рэдактарка “Медузы”, заявіла, што супрацы з алігархам не атрымаецца.

    Цяпер былы старшыня ЮКОС перазапусціў свой праект “Открытая Россия”, адной з галоўных функцыяў якой стала дапамога палітзняволеным, лекцыі і адукацыйныя праграмы накіраваныя на стварэнне актыўнай грамадзянскай супольнасці. Акрамя гэтага праект накіраваны на маніторынг і экспертызу расейскага заканадаўства і фінансаванне праектаў маладых расейскіх інтэлектуалаў.

    У межах “Открытой России” Хадаркоўскі разам з Навальным раздадуць прэміі агульным памерам € 100 000 для 50 палітвязняў. Адказваючы на пытанне пра сваё падтрыманне вязняў, ён адказаў, што “вайна не скончаная, пакуль апошні жывы салдат не вернецца дадому”.

    Ужо вядома, што Хадаркоўскі збіраецца падтрымаць апазіцыю ў будучых парламенцкіх выбарах у 2016 годзе. Праўда, канкрэтныя імёны палітыкаў, з якімі збіраецца супрацоўнічаць на будучых выбарах, алігарх не назваў. Да таго ж супраца выключае фінансавае падтрыманне, усё абмяжуецца арганізацыйнаю дапамогаю. Хадаркоўскі лічыць, што не было яшчэ ніводнага сур’ёзнага гульца, які б меў гэты арганізацыйны досвед, і які б збіраўся ўдзельнічаць у расейскіх выбарах: “Тых жа, хто мог гэта зрабіць, улада або набыла, або загнала ў жорсткія межы”.

    Нягледзячы на тое, што пры цяперашнім заканадаўстве Расеі Хадаркоўскі не мае права прымаць удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах да 2034 году, на яго робяць стаўкі, як на чалавека, які мае шанец стаць апанентам Пуціна. Аляксей Навальны не тая персона, якая можа прэтэндаваць на ролю прэзідэнта Расеі, бо ён непадпарадкавальны і вельмі экспрэсіўны, ды і рэйтынг у яго значна ніжэйшы за “былога вязня №1”. А вось Хадаркоўскі выглядае добрым анты-Пуціным.

    Калі ўявіць Міхаіла Хадаркоўскага ў якасці прэзідэнта, то мы наўрад ці пабачым у ім ліберала, хутчэй здаровага нацыяналіста з адчуваннем рэальнасці. За Расею, калі спатрэбіцца, ён нават гатовы ісці ваяваць. Гэткую пазіцыю ён заняў і падчас вайны ў Чачні: “Нельга дапусціць аддзялення Паўночнага Каўказа ад Расеі. Я гатовы за яго ваяваць” У сваю чаргу, ён не прымае цяперашнюю пазіцыю Расеі ва ўкраінскім канфлікце і абвінавачвае Пуціна ў тым, што ён развязаў вайну.

    Гэта пры тым, што Хадаркоўскі звычайна стрымліваецца ў прамых абвінавачваннях, а праблемы з дэмакратыяй звязвае з агульнаю неадукаванасцю грамадства: “Бэрлюсконі – а магчыма, і Шрэдэр – не менш аўтарытарныя за Пуціна, але грамадзяне і палітычная эліта не дазваляюць выходзіць ім за межы дазволенага. Варта зразумець, што дэмакратыя – гэта не раскоша, а звычайны механізм, якім варта навучыцца карыстацца”.

    Са сваймі здольнасцямі і падтрыманнем у грамадстве, Хадаркоўскі тэарэтычна мае магчымасць супрацьстаяць Пуціну. Прынамсі, стаўкі на яго ўжо робяць, бо на палітычнай арэне роўнага яму няма. Да таго ж той цынізм, з якім Пуцін пазбавіў Хадаркоўскага волі, яскрава паказвае, што ён бачыць у Хадаркоўскім ворага роўнага сабе.

    ПаказацьСхаваць каментары