падтрымаць нас

Артыкулы

Вайна, Лукашэнка і неабходнасць яднання дыяспар

Вайна, Лукашэнка і неабходнасць яднання дыяспар

Цэнтр новых ідэй падзяліўся вынікамі маніторынгу вобраза Беларусі ў замежных СМІ і вывучыў магчымасці ўплыву дыяспары на тое, што думаюць пра нашую краіну ў свеце. Даследчыкі Генадзь Коршунаў і Леся Руднік распавялі, як змянілася асвятленне Беларусі ў заходніх медыях і якія выклікі стаяць перад “амбасадарамі” Беларусі за мяжой. 

Замежныя СМІ глядзяць на Беларусь праз прызму вайны і realpolitik

Наш маніторынг паказвае, што ўвага да Беларусі працягвае падаць. Гэта адлюстроўваецца і праз меншую колькасць артыкулаў пра Беларусь у выданнях іншых краінаў, за выключэннем краін-суседак. Акрамя таго, увага да беларускага грамадства змяншаецца на фоне асвятлення дзеянняў і пастаноў рэжыму ў Беларусі, Аляксандра Лукашэнкі ў прыватнасці. Беларусь агулам становіцца медыйнай нагодай у прывязцы да развіцця ваенных падзеяў ва Украіне.

Вайна, Лукашэнка і неабходнасць яднання дыяспар

У сувязі з гэтым расце і колькасць згадак Лукашэнкі ў параўнанні са згадкамі Ціханоўскай. Хаця Лукашэнку і апісваюць як дыктатара ці аўтакрата, “прэзідэнтам” замежныя медыі называюць яго таксама нярэдка. Ціханоўскую часцей за ўсё апісваюць як лідарку дэмакратычных сілаў. 

Беларусаў замежныя медыі акрэсліваюць як ахвяраў рэжыму, радзей – як агрэсараў, а таксама ў польскіх і ўкраінскіх медыях падкрэсліваецца падтрымка часцінай беларусаў боку Расеі ў вайне з Украінай.

Вайна, Лукашэнка і неабходнасць яднання дыяспар
Вайна, Лукашэнка і неабходнасць яднання дыяспар

Хаця частка трэндаў у медыяасвятленні Беларусі тлумачыцца хуткім цыклам навінаў на фоне штораз часцейшых канфліктаў і іншых падзеяў, нельга цалкам адмаўляць ролю беларускіх дэмакратычных палітыкаў, а таксама беларусаў замежжа ў фармаванні іміджу краіны і падтрыманні інфармацыі пра яе ў павестцы. 

Розныя вобразы Беларусі ў цэнтрах эміграцыі

На фармаванне беларускіх вобразаў у краінах пражывання беларусы замежжа намагаюцца ўплываць перадусім праз правядзенне масавых вулічных акцыяў і больш кулуарных імпрэзаў. Асноўнымі сэнсамі, якія прасоўваюць беларусы, з’яўляюцца: размежаванне беларускага грамадства і рэжыму Лукашэнкі; асуджэнне вайны і падтрымка Украіны; палітвязні і памеры рэпрэсіяў у Беларусі.

Гэтую дзейнасць дыяспары пачалі весці яшчэ ў 2021–2022 гадах. Рэспандэнты адзначаюць, што для прасоўвання “беларускіх вобразаў” вельмі не хапае пазітыўных і арыентаваных на перспектыву прапановаў.

Вынікі інтэрв’ю з актывістамі дыяспар Польшчы, Літвы і Грузіі ілюструюць, што ад краіны да краіны “беларускія вобразы” адрозніваюцца, перш за ўсё праз актуалізацыю зместаў з розных сэнсавых набораў і апеляцыі да розных гістарычных перыядаў.

У Грузіі сярод старэйшага пакалення дасюль пашыраны абстрактна-стэрэатыпны вобраз Беларусі, што складаецца з “сацыяльнай дзяржавы”, заводаў, якія працуюць, чысціні і агульнага парадку ў краіне. Гэта можна патлумачыць прарасейскай пазіцыяй кіроўнай партыі і досведам асабістых людскіх стасункаў яшчэ з савецкага часу. Сярод больш ліберальнай грузінскай моладзі шырэй распаўсюджаныя веды пра беларускія пратэсты 2020-га года і рэпрэсіі рэжыму супраць грамадства. Праз тое грузінская моладзь выяўляе больш спачування Беларусі, якая змагаецца з дыктатурай.

У Польшчы вобраз Беларусі мае больш выразны характар, дзе дзяржава і грамадства супрацьпастаўляюцца. Беларусь успрымаецца, хутчэй, як краіна, зняволеная дыктатурай. Важнымі фактарамі пазітыўнага стаўлення да “пратэснай” Беларусі з’яўляюцца шматлікія сваяцкія сувязі палякаў з жыхарамі Беларусі, а таксама гістарычныя паралелі паміж эпохай “Салідарнасці” і сучаснымі беларускімі працэсамі. Варта асобна адзначыць станоўчы вобраз беларускіх НКА сярод польскіх калег. Фармаванню такога стаўлення паспрыялі высокая актыўнасць і эфектыўнасць беларускіх арганізацый падчас наладжвання дапамогі ўкраінскім уцекачам у 2022-ым годзе, калі беларусы дзяліліся сваім багатым досведам у справе дапамогі пацярпелым і эвакуантам.

Больш складаную сітуацыю рэспандэнты бачаць у Літве. З падачы палітыкаў правых поглядаў (меркаванне рэспандэнтаў) пашыраюцца абвінавачванні беларусаў у прыхільнасці да ідэй “радыкальнага ліцвінізму”. Погляд на беларусаў як на агрэсараў фактычна засланіў сабой і вобраз Беларусі як краіны, дзе адбываюцца рэпрэсіі супраць грамадства. На другі план адышоў і вобраз самога беларускага грамадства, якое змагаецца з рэпрэсіўным рэжымам Лукашэнкі. Рэспандэнты адзначаюць, што абвінавачванняў у іх бок пакуль няма ў бытавым жыцці, а беларусы працягваюць карыстацца рэпутацыяй працавітых, адказных і дысцыплінаваных людзей.

Перамагчы імідж “Беларусь – гэта Лукашэнка” праз узмацненне супольнасці дыяспар 

Зацягнутая рэлакацыя беларусаў з краіны непазбежна вядзе да большай асіміляцыі яшчэ нядаўніх беларускіх рэлакантаў. Так, прасоўванне беларускай павесткі становіцца задачай дэмакратычных палітыкаў, актывістаў і ўжо часткова прафесіяналізаваных дыяспар. Менавіта гэтыя групы ў будучым могуць займацца стварэннем агульнага і сінхранізаванага вобраза Беларусі за мяжой. Прасоўванне гэтага вобраза – складаная задача і ўключае ў сябе шмат складнікаў: ад палітычных заяваў і кантактаў з палітыкамі да культурніцкіх падзеяў у краінах пражывання і прасоўвання інфанагодаў праз СМІ. Стварэнне сеткі беларускіх амбасадараў сярод лідараў думкі іншых краінаў можа стаць дадатковым інструментам удасканалення працы беларусаў замежжа. Гэтыя крокі магчымыя толькі праз падтрыманне шчыльных сувязяў паміж прадэмакратычнай супольнасцю замежжа. 

Фота: bialorusiniwkrakowie.pl