падтрымаць нас

Артыкулы

Венесуэльскі ўрад у выгнанні: ад міжнароднага прызнання да расколу

Венесуэльскі ўрад у выгнанні: ад міжнароднага прызнання да расколу

Гэта трэці артыкул у нашай серыі тэкстаў аб урадах у выгнанні. У ім мы разгледзім складаны і актуальны выпадак – венесуэльскі ўрад у выгнанні. 

Чытайце іншыя артыкулы з серыі пра ўрады у выгнанні:

У межах гэтай серыі артыкулаў мы аналізуем і параўноўваем розныя гістарычныя і сучасныя прыклады развіцця і функцыянавання ўрадаў у выгнанні, каб зразумець, што ўплывае на ўстойлівасць і эфектыўнасць гэтых урадаў. Больш пра наш падыход да аналізу чытайце ў першым артыкуле гэтай серыі тут.

Наколькі мы падобныя?

Дрэннае кіраванне краінай у часы Чавеса і Мадура і іх спроба ажыццявіць сацыялістычную рэвалюцыю прывялі да глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу ў Венесуэле. Масавыя пратэсты ў краіне адбываліся рэгулярна пасля смерці Чавеса. Аднак яны асабліва ўзмацніліся падчас канстытуцыйнага крызісу, выбараў у парламент 2017-га года і пераабрання Мадура як прэзідэнта ў 2018-ым годзе.

Гуманітарны крызіс, жорсткае падаўленне пратэстаў і агульны ўзровень гвалту прывялі да таго, што ад 2014-га года каля 6 млн венесуэльцаў (кожны пяты) вымушаныя былі бегчы з краіны.

Разам з тым пад пагрозамі турэмнага зняволення, забаронай займаць дзяржаўныя пасады была вымушана з’ехаць і значная частка апазіцыйных палітыкаў і актывістаў. Найбуйнейшая хваля палітычнай эміграцыі адбылася ў пачатку 2019-га, калі тагачасны старшыня Нацыянальнай асамблеі Хуан Гуайдо аб’явіў сябе прэзідэнтам, а пасля  таксама быў вымушаны з’ехаць.

Аднак трэба адзначыць, што прынамсі да 2016-га, нават нягледзячы на агульнае ўжыванне палітычнага гвалту і таргетаваных рэпрэсій, парламент і выбарчая сістэма Венесуэлы былі адносна незалежнымі. Сістэма выбараў тагачаснай Венесуэлы падобная да сённяшняй украінскай. 

У адрозненне ад Беларусі апазіцыя Венесуэлы прадстаўлена рознымі палітычнымі партыямі і прафсаюзамі, якія маюць палітычны досвед у краіне. 

Большасць сучасных апазіцыйных лідараў была раней абраная ў парламент ці мясцовыя органы самакіравання. У адрозненне ад Беларусі ў Венесуэле дагэтуль існуюць хоць абмежаваныя, але рэальныя магчымасці апазіцыйнай дзейнасці, у тым ліку ўдзелу ў выбарах. 

Венесуэльскі ўрад у выгнанні: ад міжнароднага прызнання да расколу

Аднак у адрозненне ад Беларусі актыўная палітычная барацьба ў Венесуэле доўжыцца ўжо больш за пяць год. 

Пасля разгону парламента, фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў у 2018-ым і ўтварэння апазіцыйнага ўрада ў выгнанні адбылося ўжо двое выбараў. Парламенцкія выбары 2020-га апазіцыя байкатавала, сцвярджаючы, што яны несвабодныя і несправядлівыя. 

У выніку знешняга і ўнутранага ціску дэмакратычная апазіцыя вырашыла прыняць удзел у мясцовых выбарах, дзеля чаго Гуайдо нават пастанавіў вярнуцца ў краіну. Па выніках выбараў прадстаўнікі Мадура атрымалі 18 з 23 пасадаў губернатараў. Назіральнікі з ЕС не прызналі выбары свабоднымі. Пры гэтым выбары сталі моцным ударам для апазіцыі і легітымнасці Гуайдо.

Фінансаванне

Адсачыць усе крыніцы фінансавання венесуэльскага ўрада ў выгнанні даволі складана. Аднак аб фінансавай падтрымцы са свайго боку адкрыта заяўлялі ЗША. Толькі ў 2019-ым годзе былі выдзеленыя $ 52 млн на падтрымку незалежных СМІ, грамадзянскай супольнасці і Нацыянальнай асамблеі (паралельнага парламента, які часткова знаходзіцца ў выгнанні і кантралюецца апазіцыяй). Таксама ЗША выдаткавалі каля $ 2 млрд на гуманітарную дапамогу венесуэльцам за мяжой і ў Венесуэле.

Адметным вынікам амерыканскіх санкцый стала атрыманне ўрадам у выгнанні кантролю над фінансавымі актывамі ў памеры $ 350 млн дзяржаўных венесуэльскіх нафтавых кампаній Citgo і PDSVA, якія знаходзяцца ў ЗША. 

Кантроль над $ 350 млн тым не менш не ўмацаваў апазіцыю, а абвастрыў палітычныя супярэчнасці. У 2021-ым годзе Гуайдо парушыў свой жа мараторый на выкарыстанне фонду і ўхваліў выплату $ 152 млн, з якіх каля $ 100 млн мелі пайсці на набыццё вакцын, $ 23 млн  – на “абарону дэмакратыі”, $ 2,3 млн  – на кансультацыі, бяспеку і транспартныя выдаткі яго найбліжэйшага акружэння.

Стасункі з радзімай 

У выніку правядзення парламенцкіх і мясцовых выбараў у 2020-ым годзе рэжым Мадура перастаў адчуваць пагрозу ад апазіцыі, як гэта было ў 2019-ым. Некаторыя з актывістаў змаглі нават вярнуцца ў краіну.

У сувязі з закрыццём апазіцыйных тэлеканалаў і медыяў апазіцыя ў выгнанні стварыла некалькі каналаў і навінавых парталаў, якія базуюцца ў ЗША, Іспаніі і Калумбіі. Аднак прагляды і ахоп гэтых медыяў рэзка зменшыліся апасля актыўнай фазы пратэстаў у 2019-ым годзе. Кантэнт збольшага быў скіраваны для венесуэльскай дыяспары, чымся для насельніцтва самой Венесуэлы. 

Толькі 20,5 % жылых аб’ектаў у Венесуэле маюць доступ да інтэрнэту, жыхары сутыкаюцца з пастаяннымі праблемамі з доступам да электрычнасці  – гэта робіць цяжкім інфармацыйнае спажыванне навінаў з замежжа для шырокага кола насельніцтва Венесуэлы. Тым не менш вельмі нізкі давер да дзяржаўнага тэлебачання зрабіў “Твітар” асноўнай крыніцай інфармацыі ў краіне (да яго звяртаюцца 74 % сярод тых, хто мае доступ да інтэрнэту). Менавіта таму актывісты ў выгнанні актыўна яго выкарыстоўваюць.

У перыяд ад 2013-га да 2020-га быў праведзены аналіз 5 млн твітаў 357 прадстаўнікоў дэмакратычных лідараў. Агулам 94 асобы з 357 былі вымушаныя жыць у выгнанні. Даследаванне паказала, што большасць актывістаў у замежжы працягваюць палітычную дзейнасць і спрабуюць уплываць на грамадскую думку ў Венесуэле, аднак з часам іх палітычныя погляды радыкалізуюцца. З аднаго боку, яны моцна факусуюцца на вырашэнні палітычнага крызісу шляхам знешняй інтэрвенцыі, напрыклад, праз вайсковае ўмяшанне ці санкцыі. З іншага боку, яны адыходзяць ад унутранай павесткі і значна менш каментуюць праблемы, якія клапоцяць звычайных венесуэльцаў, напрыклад, пытанні беднасці, медыцыны і г.д.

Верагодна, гэта тлумачыць, чаму апазіцыя ў выгнанні і ў самой краіне страціла сувязь са сваімі суграмадзянамі. Незалежныя апытанні ў лістападзе 2020-га года паказалі, што 62 % венесуэльцаў не падтрымліваюць ні Мадура, ні Гуайдо.

Міжнародныя стасункі

Гуайдо змог стварыць шырокі дыпламатычны апарат, накіраваўшы прадстаўнікоў у 38 з 57 краін, якія прызналі яго часовым прэзідэнтам у 2019-ым годзе. 11 краін цалкам разарвалі дыпламатычныя адносіны з урадам Мадура і, адпаведна, закрылі свае амбасады.

Найбольш распаўсюджанай практыкай тым не менш былі адкрытыя дыпламатычныя адносіны як з урадам Гуайдо, так і з урадам Мадура.

Аднак пасля парламенцкіх выбараў у 2020-ым годзе Мадура замацаваў кантроль над амаль усімі часткамі Венесуэлы. Нягледзячы на ​​тое, што большасць краін не прызнала новы парламент, краіны ЕС і Група Лімы (альянс краін Заходняга паўшар’я) адышлі ад таго, каб называць Гуайдо часовым прэзідэнтам, і перасталі прызнаваць яго дыпламатычных прадстаўнікоў.  

Інстытуцыяналізацыя

Фактычна ад 2019-га года дзейнічае паралельны парламент, у які ўваходзяць абраныя ў 2015-ым годзе дэпутаты (частка з іх жыве ў выгнанні). Аднак рэшта парламента працягвае арганізоўваць сесіі нават у Венесуэле, дзе разглядаюць і прымаюць законы, якія, аднак, не маюць юрыдычнай сілы. Пытанне легітымнасці парламента пасля заканчэння яго мандата ў 2020-ым засталося нявырашаным. 

Адначасова існуе ценявы кабінет міністраў, які ўзначальвае Гуайдо. Гэты інстытут амаль цалкам знаходзіцца ў выгнанні. Перабыванне актывістаў у розных краінах, рознае бачанне шляхоў выхаду з крызісу і агульная незадаволенасць дзеяннямі Гуайдо і менеджментам урада прывялі да сур’ёзных унутраных крызісаў і выхаду буйных дзеячаў са складу пераходнага ўрада. 

Напрыканцы 2021-га года апазіцыйны парламент прагаласаваў за падаўжэнне мандата Гуайдо да 4-га студзеня 2023-га года, аднак моцна скараціў яго паўнамоцтвы. Цяпер сталі абавязковымі справаздачы перад камісіямі кангрэса, прэзідэнт больш не можа назначаць кіраўнікоў у рады нафтавых кампаній. 

Акрамя парламента ў выгнанні, у 2017-ым годзе ў выгнанні быў створаны трыбунал юстыцыі Венесуэлы. У яго склад увайшлі 33 суддзі, якія цяпер знаходзяцца ў Чылі, Калумбіі, Панаме. Аднак трыбунал вынес толькі некалькі выракаў: у 2018-ым годзе для Мадура прысудзілі 18 гадоў турмы, а ў 2019-ым трыбунал ухваліў уваходжанне ў Венесуэлу міжнароднай ваеннай кааліцыі для забеспячэння ўвозу і абароны гуманітарнай дапамогі.

Устойлівы ці не?

Урад Венесуэлы ў выгнанні меў вялікі пачатковы ўзровень інстытуцыяналізацыі з разгорнутай арганізацыйнай структурай у замежжы. Аднак электаральны цыкл і заканчэнне фармальнага мандата апазіцыйнага парламента прывялі да крызісу легітымнасці не толькі Гуайдо, але і ўсіх дэмакратычных сілаў Венесуэлы. Адсутнасць адзінай стратэгіі дзеля працягу сваёй легітымнасці прывяла да эрозіі статусу Гуайдо не толькі перад іншымі краінамі, але і сярод пэўных дэмакратычных сілаў Венесуэлы.

Абмежаваная і цалкам кантраляваная магчымасць дэмакратычнай дзейнасці ў Венесуэле выкарыстоўваецца рэжымам Мадура для далейшага пагаршэння ўстойлівасці ўрадаў у выгнанні. Магчымасць вярнуцца падзяляе дэмакратычную апазіцыю на ўнутраную і знешнюю, уцягвае частку з іх у поўнасцю кантраляваныя рэжымам выбарчыя працэсы, надаючы ім дадатковую легітымнасць.

Далейшая ўстойлівасць урада Гуайдо ў выгнанні дастаткова нізкая і будзе залежаць ад дзеянняў асноўных палітычных сілаў і самога рэжыму падчас прэзідэнцкіх выбараў 2024-га года. 

Фота: Ariana Cubillos

Самае асноўнае з серыі артыкулаў у відэа