падтрымаць нас

Артыкулы

Урады ў выгнанні супраць ваеннай хунты: кейс М’янмы 

Урады ў выгнанні супраць ваеннай хунты: кейс М’янмы 

Гэта чацвёрты артыкул нашай серыі тэкстаў аб урадах у выгнанні. У ім мы разгледзім жыццёвы цыкл м’янмарскага ўрада ў выгнанні (ранейшая назва краіны – Бірма).

Чытайце іншыя артыкулы з серыі пра ўрады у выгнанні:

У межах гэтай серыі мы аналізуем і параўноўваем розныя гістарычныя і сучасныя прыклады развіцця і функцыянавання ўрадаў у выгнанні, каб зразумець, што ўплывае на ўстойлівасць і эфектыўнасць гэтых урадаў. Больш пра наш падыход да аналізу чытайце ў першым артыкуле гэтай серыі тут

Падаецца, што М’янма – зусім далёкая краіна з іншым лёсам і кантэкстам. Аднак пры бліжэйшым аглядзе мы знаходзім паралелі з падзеямі ў нашай краіне. 

Гісторыя М’янмы складаная і доўгая: здабыццё незалежнасці ад Вялікабрытаніі ў 1948-ым годзе, моцная роля арміі і мілітарысцкіх груп, якія гвалтоўна ўзялі пад кантроль уладу нават пасля паразы на свабодных выбарах. 

Каланіяльная спадчына моцна паўплывала на палітычную сітуацыю краіны, дзе падчас адносна дэмакратычнага кіравання ўспыхвалі нявырашаныя этнічныя і рэлігійныя канфлікты. Таму вайсковыя перавароты 1962-га і 2021-га абгрунтоўваліся элітамі праз імкненне захаваць тэрытарыяльнае адзінства і ўсталяваць парадак.

Адказам на збядняльнае для краіны мілітарысцкае кіраванне былі хвалі масавых пратэстаў. Працяглы ціск з боку пратэстоўцаў вымушаў ваенную хунту ісці на пэўныя саступкі і фасадную лібералізацыю. Аднак фактычна мілітарысцкія групы ніколі не гублялі ўладу, нават пасля перамогі дэмакратычнай апазіцыі на выбарах у 1990-ым. Выбары ў тагачаснай Бірме былі падобныя да сучасных беларускіх. 

Ад турмы да кіравання краінай: 22 гады для дасягнення мэты

Калі ў 1988-ым годзе пасля 23 год кіравання генерала Ні Уін пачаўся транзіт улады да яго пераемніка, у краіне ўспыхнулі пратэсты.  Адказам на закалоты стаў жорсткі разгон паўстанцаў з тысячамі загінулых. 

Нягледзячы на гэта, пратэстоўцам удалося дамагчыся прызначэння новых выбараў вясной 1990-га года. З гэтага моманту пачала ўзмацняцца Нацыянальная ліга за дэмакратыю – партыя, на чале з харызматычнай Аун Сан Су Чжы, дачкой аднаго са змагароў за незалежнасць Бірмы Аун Сана.

Выступы Су Чжы, якая тады задавальняла ўсе групы насельніцтва незалежна ад адукацыі, эканамічнага ўзроўню і этнічнай прыналежнасці, на плошчах перад некалькімі сотнямі тысяч людзей, яе вандроўкі па краіне аб’ядноўвалі людзей вакол агульнай мэты дэмакратызацыі краіны. 

Але ўжо ў ліпені 1989-га года вайсковая хунта змясціла Су Чжы пад хатні арышт. Умовай яе вызвалення быў выезд за мяжу, аднак Су Чжы адмовілася гэта рабіць і правяла ў заключэнні 15 год. 

Нягледзячы на зняволенне Су Чжы, вясной 1990-га года ўсё ж адбыліся свабодныя парламенцкія выбары, у якіх удзельнічалі 93 партыі. Тады партыя Су Чжы атрымала 80 % парламенцкіх месцаў. Калі людзі выйшлі адзначыць перамогу, пачаліся сутычкі, у выніку якіх армія фактычна адмовілася перадаваць уладу.

Многія апазіцыйныя лідары, у тым ліку абраныя парламентарыі, былі арыштаваныя альбо былі вымушаныя ўцякаць з краіны. Па розных ацэнках ад 150 тыс. да 300 тыс. чалавек з’ехалі з М’янмы ў выніку падзеяў 1989-1990 гадоў. 

Ужо ў канцы 1990-га года быў абвешчаны першы ўрад у выгнанні – Нацыянальны кааліцыйны ўрад Саюза Бірмы, які праіснаваў да 2012-га года, калі дэмакратычныя сілы перамаглі на  выбарах.

Гэтаму папярэднічала вызваленне ў 2010-ым годзе Су Чжы і яе вяртанне ў палітыку. У хуткім часе яна стала абранай лідаркай і да 2021-га года займала пасаду прэм’ер-міністра і міністра замежных справаў М’янмы.  

Аднак у 2021-ым годзе здарыўся яшчэ адзін вайсковы захоп улады. Прадстаўнікі дэмакратычных сіл былі вымушаныя пакінуць краіну з-за пераследу з боку вайскоўцаў. Яны абвясцілі ў красавіку 2021-га года пра стварэнне другога ўрада ў выгнанні – урада нацыянальнага адзінства М’янмы.

У межах дадзенага артыкула мы разгледзім толькі першы ўрад у выгнанні, кантэкст якога мае шмат падобнага да сучаснай беларускай сітуацыі: той урад узнік амаль з нуля як адказ на заканчэнне персаналісцкай дыктатуры; па-другое, пасля 22 гадоў існавання змог дамагчыся сваёй мэты. 

Інстытуцыяналізацыя. Нацыянальны кааліцыйны ўрад Саюза Бірмы быў заснаваны 18-га снежня 1990-га года на мяжы Тайланда і М’янмы. Ва ўрад увайшлі сябры абраных партый і незалежныя кандыдаты, якія перамаглі на выбарах і вымушаныя былі бегчы з краіны пад ціскам хунты. 

Урад складаўся з каля 10 міністэрстваў, а галоўную пасаду займаў прэм’ер-міністр Сейн Він да самага канца існавання ўрада ў 2012-ым годзе. Пасля наступлення м’янмарскіх войскаў у 1995-ым годзе ўрад быў вымушаны з’ехаць у ЗША (Мэрылэнд) з-за адсутнасці больш блізкай бяспечнай для апазіцыі краіны.

Пасля вызвалення Су Чжы ў 1995-ым краіна перажывала розныя стадыі, ад лібералізацыі да закручвання гаек. Так, у перыяд ад 1995-га да 2000-га года Су Чжы спрабавала ўдзельнічаць у аднаўленні працы сваёй партыі, але ёй моцна перашкаджалі весці палітычную дзейнасць і вандраваць па краіне. Тым не менш у 1996-ым яе партыя змагла правесці нацыянальны кангрэс, а ў 1998-ым сфармаваць з прадстаўнікамі іншых партый у выгнанні ценявы парламент, які набыў папулярнасць. А ў 2003-ім годзе 44 офісы яе партыі атрымалі дазвол на працу ў краіне. 

Хвалі частковай лібералізацыі ставілі пад пытанне актуальнасць урада ў выгнанні, які, акрамя таго, губляў сувязь з краінай. Апазіцыя стала ўсё больш дзяліцца на прадстаўнікоў партыі Су Чжы ўнутры краіны і ўрада ў выгнанні па-за яе межамі. У дадатак кіраўнік урада прадстаўляў іншую партыю, якая мела меншы ўплыў у самой краіне ў параўнанні з партыяй Су Чжы. Усё гэта адводзіла фокус ад урада ў выгнанні да дзеянняў Су Чжы і яе партыі ў самой краіне і замежжы. 

Гэта абвастрала пытанне выпрацоўкі агульнай стратэгіі працы з грамадствам і міжнароднай супольнасцю. У выніку да пачатку 2000-ых урад у выгнанні станавіўся ўсё менш актуальным і паступова пераўтвараўся ў супольнасць актывістаў за мяжой. 

Геаграфічная аддаленасць урада ад М’янмы і ад большасці актывістаў у выгнанні, якія засталіся ў сумежных краінах, таксама паўплывала на інстытуцыяналізацыі ўрада, у які, з аднога боку, не паступала “новая кроў”, а з іншага, – адсутнічалі адкрытыя і празрыстыя працэдуры прыняцця рашэнняў. Усё гэта прывяло да немагчымасці актывізацыі ўрада пры новай хвалі рэпрэсій пасля 2000-га года.   

Пасля выбараў 2012-га года і пачатку працэсу дэмакратызацыі М’янмы ўрад пераўтварыўся ў ініцыятыву, якая займаецца падтрымкай дэмакратычных працэсаў у М’янме. Можна сказаць, што адбылася перадача паўнамоцтваў ураду ў выгнанні пасля таго як сілы, якія былі задзейнічаныя ў першапачатковым заснаванні, атрымалі перамогу на выбарах. 

Міжнародныя стасункі. Як і цяперашняя беларуская апазіцыя ў выгнанні Нацыянальны кааліцыйны ўрад Саюза Бірмы займаўся актыўным прасоўваннем павесткі сваёй краіны за мяжой. Бірманскаму ўраду ў выгнанні ўдалося атрымаць сур’ёзную падтрымку з боку ЗША і Еўрасаюза. Шматлікія офісы і структуры ўрада былі створаныя ў розных краінах свету. З урадам вялі перамовы дэмакратычныя краіны і ААН, але не прызнавалі яго афіцыйна. 

У 1996-ым годзе ААН заснавала пасаду спецыяльнага прадстаўніка па Бірме, які, аднак, не атрымаў права ўезду ў краіну. Асаблівы фокус падтрымкі быў на працэсе вызвалення Су Чжы і дзейнасці яе партыі ў краіне. 

Пры падтрымцы Швецыі ў 1995-ым і 2002-ім годзе ўрад М’янмы ў выгнанні правёў два кангрэсы, вынікам якіх сталі дзве рэзалюцыі. У апошняй з іх урад у выгнанні нагадаў пра свой афіцыйны мандат, здабыты на выбарах 1990-га года і абвясціў сябе адзіным легітымным урадам М’янмы. 

На момант гэтай заявы ў 2002-ім годзе ўрад у выгнанні працаваў ужо больш за 12 гадоў. Жорсткія ўмовы для палітычнай дзейнасці ўнутры краіны не заўсёды дазвалялі ўраду ў выгнанні эфектыўна рэалізаваць міжнародную фінансавую, экспертную падтрымку ўнутры краіны. Гэта нагадвае яшчэ больш жорсткую сітуацыю з фінансавай падтрымкай беларускай грамадзянскай супольнасці з боку ЕС: фармальна дапамога грамадству праз апазіцыю ў выгнанні ёсць, а па факце эфектыўная фінансавая і экспертная падтрымка ўнутры краіны амаль паралізаваная рэжымам.  

Фінансаванне. З моманту абвяшчэння першага ўрада ў выгнанні ў 1990-ым годзе прадстаўнікі дэмакратычных сілаў М’янмы пачалі атрымліваць міжнародную фінансавую падтрымку не толькі ад асобных краінаў, але і праз асацыяцыі, створаныя ўласна для дапамогі М’янме. 

Так, была заснаваная Асацыяцыя сяброў развіцця дэмакратычнай Бірмы, часткай якой з’яўляецца Еўра-Бірманскі офіс у Бруселі (з двума філіяламі: у Нью-Дэлі і Чыянгмай), які фінансуецца SIDA (Шведскім міжнародным агенцтвам развіцця). Еўра-Бірманскі офіс падтрымлівае ініцыятывы, якія працуюць на дэмакратызацыю М’янмы і паляпшэнне сітуацыі як унутры краіны, так і на ўзроўні палітычнага лабізму ў ЕС

Офіс забяспечвае фінансаванне і тэхнічную падтрымку для дыяспары і ўрада ў выгнанні для працы з грамадскімі арганізацыямі і ініцыятывамі ўнутры М’янмы. Назваць дакладныя лічбы падтрымкі бірманскага ўрада ў выгнанні цяжка, але з таго, што мы ведаем, Еўрапейскі офіс па Бірме ў 2002-ім годзе вылучыў на краіну больш за € 1 млн, а ў 2015-ым годзе – € 3,5 млн.

Агулам падтрымка дэмакратычнага руху Бірмы карэлявала з узмацненнем рэпрэсій у краіне, затрыманнямі і адвакацыяй вызвалення Су Чжы і з штораз большым запытам на падтрымку з боку дэмакратычнай супольнасці. 

Для сённяшняга ўрада ў выгнанні ўжо былі створаныя як інстытуцыянальныя структуры, так і спосабы фінансавання, якія ўзніклі падчас першага абвяшчэння ўрада ў выгнанні ў 1990-ым. Такім чынам, урад у выгнанні ў 2021-ым годзе стаў пераемнікам ужо закладзеных механізмаў дэцэнтралізаванага і шматпланавага фінансавання. 

Стасункі з радзімай. Пасля заснавання ўрада ў выгнанні ў 1990-ым падтрымка стасункаў з грамадзянамі краіны была цяжкай праз адсутнасць магчымасці анлайн-камунікацыі, якая ёсць сёння ў беларускіх дэмакратычных сілаў. Ужо праз 10 гадоў абсалютная большасць жыхароў Бірмы не ведала пра ўрад у выгнанні і пра яго дзейнасць. 

Урад у выгнанні, аднак, не спыніўся ў спробах усталяваць кантакты з жыхарамі краіны. Так, у 1992-ім пры падтрымцы ўрада Нарвегіі было створана радыё ў выгнанні, а ў 2005-ым годзе – спадарожнікавы тэлевізійны канал. 

Урад займаўся і заканатворчай дзейнасцю, накіраванай на змены ўнутры краіны. Так, у 1997-ым урад прапанаваў свой праект Канстытуцыі. А ў 2005-ым годзе быў створаны шырокі федэральны камітэт па напісанні і каардынацыі Канстытуцыі, у які ўвайшлі прадстаўнікі ўрада ў выгнанні, апазіцыйных партый, студэнцкіх аб’яднанняў і грамадскіх арганізацый для напісання праекта будучай Канстытуцыі. 

Гэтая Канстытуцыя, аднак, не была прынятая да ўвагі, а ў 2008-ым годзе на рэферэндуме вайсковая хунта прасунула свой варыянт больш жорсткай Канстытуцыі, які і дзейнічае да сённяшняга дня. Канстытуцыя 2008-га года замацоўвае 25 % месцаў у парламенце за прадстаўнікамі войска. Гэта дазваляе накладаць вета на любыя нявыгадныя хунце прапановы ў парламенце. З гэтай прычыны нават здабыццё большасці месцаў у парламенце прадстаўнікамі дэмакратычнай партыі не дазваляла ім дасягнуць зменаў у Канстытуцыі. 

Як і ў іншых прыкладах, якія мы разглядаем у межах серыі артыкулаў, шмат з тых, хто стаў часткай урада ў выгнанні, ніколі не вярнуліся на радзіму. Некаторыя вярталіся ў перыяды лібералізацыі, якая пачалася пасля выбараў 2012-га года. Аднак нават пасля ўзмацнення пазіцый дэмакратычных сілаў у 2012-ым годзе вярнуцца на радзіму прадстаўнікі ўрада ў выгнанні змаглі толькі ў 2018-ым, калі ўрад быў выключаны са спісу экстрэмісцкіх арганізацый. 

Наколькі ўстойлівым быў м’янмарскі ўрад у выгнанні?

У адрозненне ад беларускай апазіцыі ў выгнанні, бірманскі ўрад у выгнанні меў досвед стварэння і развіцця моцнай і паспяховай партыйнай структуры, якая здолела набыць легітымнасць праз выбары. Гэта разам з падтрымкай міжнароднай супольнасці  дазволіла Су Чжы і яе партыі хутка структураваць сваю працу па падрыхтоўцы дэмакратычных пераўтварэнняў (распрацаваць праект Канстытуцыі, іншыя важных дакументы і стратэгіі), захаваць уплыў на тое, што адбываецца ў краіне. Аднак увага міжнароднай супольнасці змяняла фокус: то на ўрад у выгнанні, то на апазіцыю ўнутры краіны, калі тая атрымлівала магчымасць дзейнічаць у краіне.

Важным фактарам стала таксама тое, што міжнародная супольнасць рашуча асудзіла рэпрэсіі ў М’янме і выказала сваю падтрымку (у тым ліку фінансавую) створанаму за мяжой ураду. 

Нягледзячы на разыходжанні ў стратэгіях урада ў выгнанні і апазіцыі ўнутры краіны, урадавая мэта ў перадачы паўнамоцтваў дэмакратычным сілам, якія атрымалі ўладу ўнутры краіны ў 2012-ым годзе, была дасягнутая.

Перадумовы такога сцэнарыя ёсць і ў цяперашняга ўрада М’янмы ў выгнанні, які ўжо мае шырокае міжнароднае прызнанне і актыўна прыцягвае фінансавую падтрымку для барацьбы з аўтарытарным рэжымам. 

Фота: Reuters

Самае асноўнае з серыі артыкулаў у відэа