• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Рада БНР: найстарэйшы ўрад у выгнанні

    24 лютага, у дзень калі Расія распачала вайну супраць Украіны, Святлана Ціханоўская абвясціла пра фармаванне ўрада ў выгнанні (пераходнага кабінету як нацыянальнага органу ўлады). У гэтым артыкуле мы разважаем пра тое, як развіваўся першы беларускі ўрад у выгнанні. 

    Чытайце іншыя артыкулы з серыі пра ўрады у выгнанні:

    Гэта другі артыкул у серыі тэкстаў пра ўрады ў выгнанні. У межах гэтай серыі артыкулаў мы аналізуем і параўноўваем тры розныя прыклады развіцця і функцыянавання ўрадаў у выгнанні, каб зразумець, што ўплывае на ўстойлівасць і эфектыўнасць гэтых урадаў. Больш пра наш падыход да аналізу чытайце ў першым артыкуле гэтай серыі тут. 

    Разважаючы пра ўрады ў выгнанні, немагчыма не закрануць кейс БНР. Па-першае, першы беларускі ўрад у выгнанні існаваў у тым жа тэрытарыяльным кантэксце, яго развіццё дазваляе праводзіць паралелі з сённяшняй сітуацыяй. А па-другое, БНР з’яўляецца самым старэйшым урадам у свеце.

    Ад Вільні да Таронта: 105 год у эміграцыі

    Пасля Акта абвяшчэння незалежнасці 25 сакавіка 1918-га года ўрад БНР не змог кансалідаваць усю палітычную эліту і сутыкнуўся з гвалтоўнай знешняй агрэсіяй, таму вымушаны быў выехаць у снежні 1918-га спачатку ў Вільню, а потым на кароткі час у Гродна і Мінск у адпаведнасці са зменамі лініі фронту.

    У снежні 1919-га адбыўся раскол Рады БНР на Вярхоўную Раду, больш арыентаваную на супрацу з Польшчай, і Народную Раду, якая рабіла стаўку на саюз з краінамі Балтыі.

    Пасля таго, як польскія войскі ў ліпені 1920-га года пакінулі Мінск, Вярхоўная Рада БНР пераехала ў Польшчу. Там Рада БНР у хуткім часе амаль цалкам спыніла дзейнасць. Народная Рада ў той жа час пераехала ў Каўнас, дзе атрымала падтрымку з боку ўрада Літвы і нават змагла ўсталяваць міжнародныя прадстаўніцтвы ў іншых краінах.

    Аднак у лістападзе 1923-га года прадстаўнікі ўрада БНР былі вымушаныя пакінуць Літву і пераехаць у Прагу. СССР разглядаў існаванне ўрадаў Украіны, Беларусі і каўказскіх рэспублік у выгнанні як умяшанне ва ўнутраныя справы і дамовіўся з шэрагам краінаў Еўропы аб недапушчальнасці іх прымання. 

    У час Другой сусветнай вайны нямецкія акупацыйныя ўлады моцна ціснулі на актывістаў беларускага руху ў Празе, схіляючы іх да супрацы, але гэтага не адбылося.

    Там у снежні 1947-га на сходзе, прысвечаным 30-й гадавіне І Усебеларускага з’езда, было афіцыйна абвешчана пра аднаўленне дзейнасці Рады БНР на чале з прэзідэнтам Міколам Абрамчыкам. Пазней галоўныя офісы ўрада БНР знаходзіліся ў Парыжы (да 1970-га года), Нью-Ёрку і Таронта, дзе па сённяшні дзень жыве старшыня Рады Івонка Сурвіла.

    Фінальным пунктам дзеяння Рады БНР мае стаць перадача сваіх функцый новым дэмакратычным уладам Беларусі. Гэта магло адбыцца ў перыяд паміж 1991-1995 гадамі, але беларускія інстытуты былі яшчэ не дастаткова дэмакратычнымі, а пасля 1994-га года кожныя наступныя выбары азначалі адкат дэмакратыі. Умоўная перамога дэмакратычных сілаў у 2020-ым годзе магла б азначаць спыненне дзейнасці самага старога беларускага ўрада ў выгнанні, але гэтага не адбылося. 

    Устойлівасць урада БНР у выгнанні 

    А зараз вернемся да разгляду Рады БНР з пункту гледжання ўстойлівасці праз прызму чатырох крытэрыяў: інстытуцыяналізацыя, бюджэт, міжнародныя стасункі, сувязь з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі.  

    Інстытуцыяналізацыя. Раду БНР называюць найстарэйшым урадам у выгнанні, які дагэтуль функцыянуе згодна са статутам.

    Паводле Устаўной граматы, Радзе БНР належала права прымаць законы, зацвярджаць урад. Пасля эміграцыі мэты дзейнасці і функцыі Рады БНР былі перафармуляваныя і скіраваныя найперш на прадстаўніцтва беларускага народа на міжнароднай арэне, абароне права на суверэнітэт беларускай нацыі да моманту фармавання дэмакратычна абранай улады ў Беларусі.

    Арганізацыйна развіццё Рады можна падзяліць на тры этапы: 1) 1919-1923 – актыўны этап з наладжваннем структураў за мяжой; 2) 1923-1949 – нестабільнае знаходжанне ў Празе і Другая сусветная вайна; 3) 1949-1989 – усталяванне стабільнай і больш закрытай структуры, на якую не ўплываюць змены месца знаходжання Рады; 4)1989-2022 – усталяванне структуры, якая выбудоўвае сувязь з народам Беларусі.

    Сёння ў склад Рады БНР уваходзяць 16 чальцоў, якія дагэтуль абіраюцца паводле прынцыпу, заснаванаму 100 год таму: кожны з кандыдатаў вылучаецца беларускімі арганізацыямі за мяжой, прадстаўляе рэкамендацыі ад дзейных чальцоў Рады, а пасля прэзідыум Рады БНР разглядае і прымае кандыдатаў у склад Рады. 

    Рада ўзначальваецца старшынёй Рады БНР, які абіраецца чальцамі, дзейнічаюць скарбнік і Камітэт архіўных спраў. У складзе Рады функцыянуюць сакратарыяты па розных кірунках працы.

    Больш за 70 гадоў Рада працуе ў даволі закрытым фармаце: новыя чальцы трапляюць у арганізацыю толькі праз рэкамендацыі ад дзейных чальцоў Рады. Пры гэтым прадстаўнікі Рады сцвярджаюць, што дыяспары могуць значна ўплываць на дзейнасць арганізацыі праз вылучэнне новых кандыдатаў у Раду. 

    Акрамя працэдуры прыняцця новых чальцоў і дзейнасці згодна са Статутам (абноўлены ў 2000-ым годзе), Рада БНР таксама робіць супольныя заявы датычна актуальнай палітычнай сітуацыі. 

    Фінансаванне. У розныя часы свайго існавання Рада БНР атрымлівала фінансавую падтрымку з розных краінаў, але істотнай такую падтрымку можна аднесці толькі да часу знаходжання Рады ў 1919-1923 гадах у Літве. Рада БНР спрабавала паўтарыць поспех Беларускай гандлёвай палаты ва Украіне, якая наладжвала эканамічна-гандлёвыя сувязі паміж Мінскам і Кіевам, але пасля складання функцый УНР, палата вымушаная была спыніць сваю працу. Пасля гэтага Рада БНР так і не здолела стварыць самастойныя крыніцы фінансавання. 

    Тым не менш у Радзе БНР абмяркоўвалі і стварэнне сваёй валюты, і гандлёвыя адносіны з нямецкай экспартна-імпартнай фірмай IWEG.

    Варта адзначыць, што Рада ніколі не мела “залатога запасу” ці пастаяннага фінансавання з боку міжнародных структураў. Пры гэтым працяглая праца на карысць Беларусі з боку яе чальцоў на валанцёрскіх асновах дазволіла Радзе захаваць сваю дзейнасць на такі доўгі тэрмін. А сёння функцыі гістарычнага і сімвалічнага інстытута не патрабуюць вялікіх фінансавых выдаткаў.  

    Міжнародная суб’ектнасць. Ад моманту эміграцыі кантакты з іншымі краінамі сталі адным з галоўных напрамкаў дзейнасці Рады БНР. Яна займалася адвакацыяй беларускага народа як самастойнай нацыі, заклікала прызнаць незалежнасць і падтрымаць БНР.

    Рада БНР накіроўвала сваіх прадстаўнікоў з дыпламатычнымі функцыямі ў розныя краіны. У Каўнасе, Рызе, Кіеве, Адэсе, Берліне, Гданьску, Капенгагене, Канстанцінопалі ды ў шэрагу іншых гарадоў пэўны час працавалі дыпламатычныя і вайскова-дыпламатычныя місіі. 

    Спробы перамоваў Рады з вялікімі дзяржавамі (Германіяй, Польшчай) і бальшавікамі не сталі паспяховымі, і ніхто з іх істотна не падтрымаў дзеянні Рады. 

    Цягам 1920-ых гадоў па меры таго, як БССР набывала большае міжнароднае прызнанне, дыпламатычныя прадстаўніцтвы закрыліся. Рада спрабавала ўсталяваць кантакты з Лігай Нацыяў, дзе актыўна абмяркоўваліся нацыянальныя пытанні, але беспаспяхова. 

    У час Другой сусветнай вайны нямецкія акупацыйныя ўлады моцна ціснулі на актывістаў беларускага руху ў Празе, схіляючы іх да супрацы, але гэтага не адбылося.

    Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны Рада БНР у выгнанні не адыгрывала значнай ролі ў міжнародных стасунках і не мела значных кантактаў з урадамі іншых краін. Да гэтага перыяду Рада ўжо страціла афіцыйнае міжнароднае прызнанне як дзяржаўны орган, але захавала пэўную легітымнасць і сімвалічна-гістарычную функцыю. 

    Сувязь з Радзімай. Рада БНР узнікла ва ўмовах, калі ў Беларусі толькі пачыналі фармавацца і ўмацоўвацца арганізацыі грамадзянскай супольнасці. Ва ўмовах працягу ваенных дзеянняў і ўнутранай куламесіцы ў асяроддзі палітычных элітаў здабыць хуткую падтрымку ўсяго дэмакратычнага руху было цяжкай задачай. 

    Тым не менш нават ва ўмовах эміграцыі Рада БНР паступова заваявала аўтарытэт як сімвалічная захавальніца ідэі незалежнасці Беларусі. Рада пачала пераўтварацца ў ідэйны і каардынацыйны цэнтр беларускай эміграцыі. Па сутнасці, беларускія эмігранты сталі для Рады асноўным каналам камунікацыі і разумення стану грамадства ў Беларусі.

    У 1923-ым годзе СССР аб’явіў аб амністыі праціўнікаў савецкай улады; палітыка беларусізацыі і НЭП пасялілі падманлівыя надзеі сярод беларускай эміграцыі. Многія вырашылі вярнуцца назад і ў выніку былі рэпрэсаваныя.

    Пасля Другой сусветнай вайны ў Рады з’явілася новая хваля беларускіх эмігрантаў, але іх імпульсу хапіла на 40-50 гадоў. Падчас Халоднай вайны эміграцыя з Беларусі спынілася і стасункі з Радзімай у Рады былі абмежаванымі з-за так званай жалезнай заслоны. Пры гэтым Радзе ўдавалася дасягнуць пэўных вынікаў на міжнароднай арэне. Напрыклад, у 1954-ым годзе Рада актыўна ўдзельнічала ў стварэнні беларускай службы “Радыё Свабода”, якое дагэтуль з’яўляецца адным з папулярных незалежных выданняў для беларусаў.

    У Радзе прадстаўленыя найстарэйшыя арганізацыі дыяспары, якія часта выконваюць важную функцыю данясення пазіцыі Рады да палітыкаў сваіх краінаў. 

    Абвяшчэнне незалежнасці Беларусі актывізавала Раду наноў. З аднога боку, пачаліся размовы пра перадачу мандата Рады новаму абранаму дэмакратычнаму ўраду, актыўна ўсталёўваліся кантакты з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. З іншага, новая хваля беларускіх эмігрантаў абнавіла Раду і яе разуменне сучаснай Беларусі.

    У адрозненне ад эстонскага, украінскага, латвійскага ўрада ў выгнанні беларускі так і не змог перадаць свае паўнамоцтвы. Перамовы БНР з беларускім урадам спыніліся з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі і з разгонам дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13-га склікання.    

    Сувязь з дэмакратычнымі сіламі ўнутры краіны заўсёды заставалася прыярытэтам для Рады БНР. Па словах прадстаўнікоў Рады, яны актыўна падтрымліваюць сувязь і з дзейнымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі, якія ўзніклі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў 2020-га года. 

    Працяглы ці ўстойлівы?

    Калі глядзець на Раду БНР як на ўрад у выгнанні, можна адзначыць працяглы перыяд яе дзейнасці, якая забяспечвалася ў першую чаргу паслядоўнасцю ў выкананні працэдур, адданасцю каштоўнасцям і прынцыпам, закладзеным ва ўстаноўчых дакументах. Адначасова адбылося гэта за кошт абмежавання рэпрэзентатыўнасці арганізацыі і складанага шляху адбору новых чальцоў. Рабілася гэта для пазбягання расколаў, як гэта было ў першыя 20 гадоў у выгнанні. 

    Працяглы жыццёвы цыкл Рады БНР доўгі час забяспечваўся шырокай сеткай міжнародных кантактаў Рады і закрытым палітычным рэжымам СССР, што рабіла БНР фактычна адзіным голасам беларускіх дэмакратычных сілаў. 

    Пры гэтым адарванасць ад кантэксту праз знаходжанне ўсёй Рады за мяжой, абмежаваныя доўгі час кантакты з Радзімай, недахоп рэсурсаў зрабілі першы беларускі ўрад у выгнанні, хутчэй, гістарычным праектам з каштоўнай сімвалічнай функцыяй захавання ідэі Незалежнасці Беларусі.

    Адпаведна, пасля атрымання незалежнасці Беларусі перамовы з топавымі палітыкамі розных краін і прадстаўнікамі міжнародных арганізацый ад імя беларусаў вядуць ужо новыя палітычныя актары. 

    Рада сёння з’яўляецца не проста самым старым урадам у выгнанні, але і найдаўжэй дзейным беларускім грамадскім інстытутам з практыкамі пераемнасці і інстытуцыянальнай памяці. Рада ў пэўным сэнсе ёсць аб’ектам гістарычнай спадчыны і нематэрыяльнай каштоўнасці. 

    Самае асноўнае з серыі артыкулаў у відэа

    ПаказацьСхаваць каментары