падтрымаць нас

Артыкулы

Урады ў выгнанні: шлях да перамогі ці ўтопія 

Урады ў выгнанні: шлях да перамогі ці ўтопія 

Ужо паўтара года многія лідары беларускага дэмакратычнага руху, якіх яшчэ летам 2020-га года называлі новай апазіцыяй, вымушаныя жыць за мяжой, дзе працягваюць сваю дзейнасць.

Чытайце іншыя артыкулы з серыі пра ўрады у выгнанні:

Ці можна называць беларускія дэмакратычныя структуры за мяжой урадамі ў выгнанні?

У межах серыі артыкулаў мы разгледзім кейсы ўрадаў у выгнанні Венесуэлы, М’янмы і БНР для таго, каб: 

  • прааналізаваць, якія фактары ўплываюць на ўстойлівасць урадаў у выгнанні;
  • зразумець, ці з’яўляецца беларускі выпадак унікальным і які сцэнар яго развіцця варта чакаць;
  • прапанаваць некалькі ідэй па ўзмацненні ўстойлівасці беларускай апазіцыі ў выгнанні.

Першым задакументаваным прыкладам ураду ў выгнанні з’яўляецца Дом Бурбонаў, які прызналі афіцыйнай французскай уладай пасля  эміграцыі прадстаўнікоў роду ў Вялікабрытанію ў выніку Французскай рэвалюцыі. Непрызнанне ўлады Напалеона большасцю еўрапейскіх краін і актыўныя дзеянні французскіх элітаў у замежжы падштурхнулі Напалеона стварыць Французскую палітычную паліцыю, у тым ліку для барацьбы з палітычнай апазіцыяй за межамі Францыі. 

Цягам апошніх 100 гадоў было каля 90 выпадкаў, калі розныя арганізацыі ў выгнанні патрабавалі прызнаць іх законнымі прадстаўнікамі нацыі. У палове такіх выпадкаў яны дамагаліся пэўнага міжнароднага прызнання.

Для міжнароднага прызнання мусяць выконвацца агулам тры крытэрыі, але іх трактоўка можа быць вельмі рознай у залежнасці перш за ўсё ад геапалітычнага кантэксту.

Рэпрэзентатыўнасць

Дзяржавы ў цэлым гатовыя прызнаваць урад у выгнанні, “калі лічаць яго прадстаўніком нацыянальнай волі”. Так, у свой час ЗША і Вялікабрытанія цалкам не прызналі створаны ў 1943-ім годзе Французскі камітэт нацыянальнага вызвалення (ФКНВ) на чале з генералам Дэ Голем, бо лічылі, што ў французскага народа ад 1940-га года не было магчымасці на палітычнае самавыяўленне з-за нямецкай акупацыі. Таму ніводная французская група ў выгнанні не мела права заяўляць, што яны рэпрэзентуюць волю ўсяго французскага народа.

Тыбецкі ўрад у выгнанні часткова вырашыў гэтую праблему стварэннем парламентаў на тэрыторыі Індыі ў 1960-ым годзе. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што менавіта існаванне рэпрэзентатыўных інстытутаў  забяспечыла ўстойлівасць і пераемнасць тыбецкага ўрада пасля складання Далай-ламам сваіх паўнамоцтваў як палітычнага лідара ў 2011-ым годзе.

Самастойнасць прыняцця рашэнняў

Згодна з міжнародным правам для таго, каб орган мог кваліфікавацца як урад, а не проста як дапаможны орган іншай дзяржавы, ён павінен мець самастойнасць у прыняцці рашэнняў.

На практыцы тым не менш грань паміж кантролем з боку краіны, якая прымае ўрад у выгнанні, і “сяброўскай парадай” можа быць вельмі тонкай. Чэхаславацкі ўрад у Лондане 1939-1945 гг. быў фінансава залежны ад крэдытаў Злучанага Каралеўства. Казначэйства апошняга павінна было ўхваляць адпраўку кожнага ваеннага ці дыпламатычнага прадстаўніцтва ў іншыя краіны, што, безумоўна, абмяжоўвала незалежнасць у фінансавых пытаннях. Аднак любы ўрад у выгнанні будзе заўсёды залежны калі не ў фінансавых, дык у лагістычных пытаннях ад дзяржавы, якая яго прымае.

Каб даказаць адсутнасць самастойнасці ўрадаў у выгнанні, неабходна прадэманстраваць замежны кантроль над імі ў прыняцці рашэнняў па шырокім коле пытанняў.

Нелегітымнасць урада краіны паходжання

Пытанне вызначэння легітымнасці ўрадаў і іх рэальнай рэпрэзентатыўнасці вельмі складанае. Яно грунтуецца не толькі на факце адсутнасці электаральнай падтрымкі з боку насельніцтва, але і на здольнасці ўраду кантраляваць сітуацыю ў краіне.  

Прынцып дэмакратычнай законнасці не выкарыстоўваецца паслядоўна ў міжнародным праве. У свой час вельмі аўтарытарны і нерэпрэзентатыўны ўрад Кувейта ў выгнанні атрымаў міжнароднае прызнанне, бо краіна была акупаваная Іракам у 1990-ым г. Для атрымання большай падтрымкі за мяжой, эмір у выгнанні пачаў аб’ядноўвацца са сваімі апанентамі ў выгнанні, якіх у свой час ён актыўна рэпрэсаваў. 

Ад 1950-га года дадзеныя па ўсіх краінах свету паказваюць, што ў 88 % выпадкаў дыктатары ігнаруюць вынікі выбараў і захоўваюць кантроль над краінай. 

Чаму мы лічым беларускую апазіцыю блізкай да ўрада ў выгнанні? 

Бываюць выпадкі, калі апазіцыя ў выгнанні па сутнасці выконвае функцыі ўрада ў выгнанні, але адкрыта не атаясамлівае сябе з урадамі ў выгнанні. 

Беларусь – яскравы гэтаму прыклад. Ціханоўская, якая не рабіла інаўгурацыі і не называла сябе прэзідэнткай; Каардынацыйная рада, якая называе сябе легітымным прадстаўніком грамадзянскай супольнасці і патрабуе міжнароднага прызнання; НАУ, якое фактычна спрабавала збіраць кабінет міністраў, але не называе яго ўрадам. 

У дадатак рэжым у Беларусі ўспрымаецца большасцю дэмакратычных краін як нелегітымны, беларуская апазіцыя ў выгнанні мае шырокую арганізацыйную сетку і дзейнічае незалежна з некалькіх краін адначасова. Нягледзячы на адсутнасць дыпламатычнага статусу, прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі рэгулярна сустракаюцца з кіраўнікамі іншых краін. Нават пры адсутнасці фармальнай рэпрэзентатыўнасці і выбарчых пасадаў апазіцыя ў выгнанні мае і стабільную каардынацыю прыняцця рашэнняў.

Такая палітычная экасістэма беларускай апазіцыі, на наша меркаванне, дазваляе разглядаць сучасныя беларускія дэмакратычныя сілы як прыклад урада ў выгнанні, хоць дэ-юрэ ён такім не з’яўляецца. 

Што мы разумеем пад устойлівасцю ўрадаў у выгнанні і як мы іх будзем вывучаць?

Важна адзначыць, што ў межах нашых артыкулаў пад устойлівасцю ўрадаў у выгнанні мы разумеем не проста іх здольнасць доўга праіснаваць, а дасягнуць асноўную мэту – атрымаць уладу ці перадаць яе пераемнікам у краіне.

Для гэтага ўрады ў выгнанні павінны мець пэўную арганізацыйную мажлівасць уплываць на палітычныя працэсы і інфармацыйную павестку ў краіне паходжання і на міжнароднай арэне.

Няма ўніверсальнага адказу на пытанне, колькі год пражыве пэўны ўрад у выгнанні і менавіта ад якіх фактараў гэтая працягласць будзе залежаць. 

Аднак для вывучэння ўрадаў у выгнанні мы вылучылі чатыры аспекты, якія ўплываюць на іх развіццё. Для кожнага з іх мы сфармулявалі гіпотэзу. Іх мы паспрабуем праверыць падчас вывучэння трох кейсаў урадаў у выгнанні: БНР, М’янмы і Венесуэлы.

  1. Фінансаванне. Наша гіпотэза заключаецца ў тым, што без уласных незалежных ад іншых краінаў крыніц фінансавання ўрады ў выгнанні не могуць існаваць доўга і эфектыўна.
  2. Сувязь з радзімай. Пастаянная сувязь з людзьмі ў краіне з’яўляецца неабходнай для забеспячэння эфектыўнасці ўрада ў выгнанні. 
  3. Міжнародная суб’ектнасць. Падтрыманне і развіццё кантактаў з іншымі краінамі і важнымі міжнароднымі арганізацыямі – важны фактар ​​не толькі для прызнання, але і для больш шырокай дзейнасці апазіцыі.
  4. Інстытуцыяналізацыя. Нашае меркаванне палягае ў тым, што ключавым для дасягнення ўстойлівасці з’яўляецца не сам факт стварэння апазіцыйных арганізацый за мяжой, а іх развіццё і пастаяннае ўключэнне большай колькасці людзей.

Фота: Zerkalo.io

Чытайце іншыя артыкулы з серыі пра ўрады у выгнанні: