Чытайце іншыя артыкулы з серыі пра ўрады у выгнанні:
- Урады ў выгнанні: шлях да перамогі ці ўтопія
- Рада БНР: найстарэйшы ўрад у выгнанні
- Венесуэльскі ўрад у выгнанні: ад міжнароднага прызнання да расколу
- Урады ў выгнанні супраць ваеннай хунты: кейс М’янмы
Мэтай нашай серыі артыкулаў мы ставілі вывучэнне вопыту ўрадаў у выгнанні Венесуэлы, М’янмы і БНР. Для аналізу абраных кейсаў мы абралі чатыры галоўныя крытэрыі, якія, на наш погляд, могуць найбольш моцна ўплываць на ўстойлівасць урадаў у выгнанні: інстытуцыяналізацыя, фінансаванне, стасункі з радзімай і міжнародныя адносіны.
Інстытуцыяналізацыя
Наша дапушчэнне было ў тым, што рэгламентаваныя, адкрытыя і празрыстыя структуры ўрада ў выгнанні ўзмацняюць яго працягласць. Прааналізаваўшы тры выпадкі ўрадаў у выгнанні, мы можам сцвярджаць, што нават існаванне альтэрнатыўнага парламента і Канстытуцыйнага суда ў выгнанні (як у выпадку Венесуэлы) не гарантуе забеспячэння адзінства дэмакратычных сілаў і, адпаведна, устойлівасці ўрада ў выгнанні.
Як прыклады БНР, М’янмы, так і больш сучасны прыклад Венесуэлы паказвае, што ўрады ў выгнанні схільныя да расколаў. Рызыка гэтага асабліва ўзмацняецца, калі адбываецца палітычная адліга на радзіме. Калі там з’яўляюцца новыя палітычныя сілы, гэта кідае выклік інстытуту ўрада ў выгнанні і яго легітымнасці.
Адзін з фактараў, які ўплывае на далейшую інстытуцыяналізацыю, – гэта перамяшчэнне ўрадаў у выгнанні. Сітуацыйны, хвалевы пераезд прадстаўнікоў урада ў розныя краіны (выпадак М’янмы і БНР) фізічна паніжае магчымасці якаснай супрацы. Радзе БНР спатрэбілася блізу 30 гадоў, каб наладзіць працэдурнасць, якая б не залежала ад геаграфічнага знаходжання сакратарыята. Пасля развіцця інтэрнэту, аднак, у Рады з’явілася больш магчымасцяў для камунікацыі паміж сабой.
Кейс Венесуэлы і М’янмы паказаў, што ўрады ў выгнанні не разглядалі дыяспары як важныя структуры, не ўключалі іх у працэс прыняцця рашэнняў. Рада БНР змагла ўсталяваць такую сувязь, але толькі з пэўнымі коламі дыяспары, якія былі створаныя да распаду СССР.
Калі ўрад у выгнанні мае дакладныя і стабільныя працэдуры прыняцця рашэнняў, як, напрыклад, Рада БНР, працягласць дзеяння такой арганізацыі можа быць вельмі доўгай. Аднак менавіта здольнасць арганізацыі адаптавацца пад новыя геапалітычныя рэаліі і ўплываць на палітычную павестку ўнутры краіны і на міжнародным узроўні надае ёй больш устойлівасці.
Фінансаванне
Дадзеныя пра фінансаванне не заўжды адкрытыя і іх дастаткова цяжка валідаваць. Мы дапускалі, што без уласных незалежных ад іншых краін крыніц фінансавання ўрады ў выгнанні не могуць існаваць доўга і эфектыўна.
Часткова нашая гіпотэза спраўдзілася, паколькі на прыкладзе разгледжаных кейсаў мы пабачылі, што ўрады ў выгнанні моцна залежалі ад краін, якія іх прымалі.
З першым выпрабаваннем на ўстойлівасць урады ў выгнанні сутыкаліся тады, калі фінансавая падтрымка заканчвалася. У выніку яны моцна скарачалі сваю дзейнасць ці пераязджалі ў іншыя краіны, дзе яны маглі разлічваць на пэўную падтрымку з боку краін, якія іх прымалі, ці сваіх дыяспар.
Венесуэльскі прыклад паказаў, што вельмі вялікая фінансавая падтрымка з боку іншых краінаў, асабісты доступ да кантролю над буйнымі актывамі можа стаць дэстабілізавальным фактарам, бо не заўжды апазіцыйныя сілы ў выгнанні здольныя дамовіцца пра выкарыстанне сродкаў і не маюць належных працэдураў для іх адміністравання.
Стасункі з радзімай
Мы сцвярджалi, што сувязь з насельніцтвам і элітамі ў краіне з’яўляецца неабходнай для забеспячэння эфектыўнасці ўрада ў выгнанні.
Усе кейсы паказваюць, што на працягу некалькіх год урады ў выгнанні губляюць сувязь з радзімай. Гэта адбываецца асабліва хутка, калі для падтрымкі сувязі няма тэхналагічных магчымасцяў (адсутнасць інтэрнэту, незалежных медыяў і іх блакаванне).
Другі фактар – несупадзенне павестак апазіцыі ў выгнанні і праблемаў людзей. Першыя моцна факусуюцца на міжнародных спосабах вырашэння сітуацыі і губляюць разуменне і глыбіню гуманітарнага крызісу ў выніку росту беднасці, адсутнасці бяспекі і распаўсюду маштабных рэпрэсій у краіне.
Прааналізаваўшы ўсе тры кейсы, мы не знайшлі адказу, як можна палепшыць сувязь паміж урадам у выгнанні і людзьмі ў краіне. Амаль усе ўрады ў выгнанні ўдзельнічалі ў стварэнні незалежных СМІ за мяжой, але даволі хутка гублялі з імі афіліяцыю, паколькі такія медыя фінансаваліся міжнароднымі арганізацыямі ці ўрадамі іншых краін.
На ўстойлівасць таксама ўплывае рознасць павестак палітычных элітаў за мяжой і рухаў, якія ў выніку хваляў лібералізацыі з’яўляюцца ўнутры краіны. Урад у выгнанні М’янмы так і не змог знайсці паразумення з апазіцыяй унутры краіны і ў выніку не здолеў вярнуцца на радзіму яшчэ шмат год пасля ўсталявання дэмакратычнай улады.
Міжнародныя стасункі
Нашае дапушчэнне заключалася ў тым, што разнастайная міжнародная падтрымка ўрадаў у выгнанні павышае іх устойлівасць. Аднак пры аналізе трох выпадкаў мы пабачылі, што міжнародныя стасункі, якія павышаюць устойлівасць урадаў у выгнанні, павінны ўключаць некалькі вырашальных складнікаў.
Міжнароднае прызнанне легітымнасці ўрадаў дазваляе ім выбудоўваць міжнародныя стасункі незалежна ад рэжымаў, якія кантралююць уладу ў краіне. Вонкавая легітымнасць таксама вядзе да частковай эканамічнай суб’ектнасці ўрадаў у выгнанні, як гэта здарылася ў выпадку Венесуэлы.
Міжнародная легітымнасць, аднак, не з’яўляецца бясконцай. У сувязі з няздольнасцю ўрадаў у выгнанні ўплываць на палітычныя падзеі ў краіне па тых ці іншых прычынах, праз адарванасць ад кантэксту ці аслабленне структуры міжнародная легітымнасць з часам падае. Дастаткова хутка, часам праз некалькі гадоў, губляюць сваю актуальнасць дыпламатычныя прадстаўніцтвы, як гэта было ў выпадку БНР і Венесуэлы.
Якія ўрокі можа вынесці беларуская апазіцыя з прыкладаў, якія мы аналізавалі ў межах серыі артыкулаў?
Аналіз трох выпадкаў развіцця ўрадаў у выгнанні дазволіў нам больш зразумець патэнцыйныя сцэнарыі развіцця падзей, з якімі можа сутыкнуцца сучасная беларускай апазіцыя ў выгнанні, і рызыкі, якія могуць уплываць на яе ўстойлівасць. На аснове вышэй апісаных выпадкаў мы прапануем беларускай дэмакратычнай апазіцыі ў выгнанні наступныя рэкамендацыі:
Узмацняць дэмакратычныя структуры. Як паказваюць прааналізаваныя прыклады, празрыстая і рэгламентаваная структура прыняцця рашэнняў дазваляла ўрадам у выгнанні значна падоўжыць сваё існаванне. Беларуская апазіцыя ўжо сёння мае шэраг структураў у выгнанні, якія выконваюць розныя функцыі.
Праз пэўны час усе ўрады ў выгнанні губляюць сваю легітымнасць, і ў дэмакратычных краінах паўстае пытанне, каго ж яны ў выніку прадстаўляюць. Калі ўрады ў выгнанні не ўводзяць выбарныя пасады і не дэмакратызуюць сваёй унутранай структуры, яны губляюць давер сярод іншых дэмакратычных сіл і на міжнароднай арэне.
Узмацняць вонкавую легітымнасць. Высокая вонкавая легітымнасць і суб’ектнасць дазваляе пашырыць спектр дзеянняў, накіраваных на падтрымку людзей у краіне. Варта ўлічваць, што ў выпадку беларускай апазіцыі можна разлічваць, хутчэй, на легітымнасць як прадстаўнікоў беларускага народа, чым урада ў выгнанні. Такая легітымнасць можа праяўляцца ў сустрэчах з міжнароднымі палітыкамі, падчас удзелу ў кансультацыйных перамовах і г.д. Пашырэнне сеткі палітычных адносінаў з іншымі краінамі яшчэ раз падкрэслівае суб’ектнасць структуры. Аднак ужо зараз варта думаць пра тое, якія пытанні будуць цікавыя сусветным палітыкам, калі міжнародная супольнасць вычарпае свае механізмы ўплыву на рэжым.
Павялічыць уключэнне беларускіх дыяспар у працэс прыняцця рашэнняў.
Беларускай апазіцыі ў выгнанні трэба факусавацца на доўгатэрміновай супрацы з дыяспарамі і не забываць пра дапамогу і актывізацыю прадстаўнікоў дыяспары для павышэння рэпрэзентатыўнасці (многія з якіх з’яўляюцца той самай “свежай крывёй”, бо нядаўна пераехалі з Беларусі).
Забяспечыць альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання. Фінансавая падтрымка дзейнасці ўрадаў часта залежыць ад памеру рэпрэсій і геапалітычнага кантэксту. Беларускай апазіцыі трэба рыхтавацца як да паступовага, так і да рэзкага змяншэння фінансавай падтрымкі. Арганізацыйнай устойлівасці могуць дапамагчы вызначэнне альтэрнатыўных крыніц фінансавання і пабудова доўгатэрміновай фінансавай стратэгіі.
Узмацняць сувязь з грамадствам на радзіме. Лічбавых тэхналогій для аўтаматычнай камунікацыі з грамадствам Беларусі недастаткова. Неабходна забяспечваць супадзенне палітычных дзеянняў урадаў у выгнанні з патрэбамі грамадства ў краіне. На наш погляд, важна не толькі факусавацца на міжнародных спосабах вырашэння палітычнага крызісу, але і адрасаваць з замежжа гуманітарныя і эканамічныя патрэбы беларусаў на радзіме.
Быць гатовымі пераглядзець задачы апазіцыі ў выгнанні. Развіццё палітычных падзеяў у Беларусі сёння непрадказальнае. Калі вырашэнне крызісу зацягнецца надоўга, а прадстаўнікі апазіцыі ў выгнанні вырашаць застацца за мяжой, то варта быць гатовымі да перагляду функцый апазіцыі ў выгнанні і распрацоўкі доўгатэрміновых планаў.
Быць гатовымі да паўторнай рэлакацыі. Прааналізаваныя выпадкі паказваюць, што палітычнае стаўлення краінаў, якія прымаюць і падтрымліваюць урады ў выгнанні, можа з часам змяніцца з-за геапалітычнага кантэксту, выбараў ці павелічэння пагрозаў для бяспекі прадстаўнікоў апазіцыі ў выгнанні, як гэта здаралася па розных прычынах з урадамі БНР, М’янмы. Таму варта ўлічваць такія сцэнарыі і быць гатовымі да магчымага пераезду з сённяшніх цэнтраў беларускай апазіцыі ў выгнанні ў іншыя краіны.
Фота: Сацыяльны сеткі Святланы Ціханоўскай