• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Якой павінна быць беларуская Канстытуцыя – адказваюць эксперты

    Андрэй Казакевіч, Анатоль Лябедзька, Іван Пляхімовіч у бліц-апытанні ЦНІ.

    Учора Каардынацыйная рада апублікавала праект Канстытуцыі, якую спрабуюць прасунуць беларускія ўлады. Мы запыталі трох экспертаў, які варыянт Канстытуцыі найбольш падыходзіць сучаснай Беларусі (1994-га года, сучасны, новы); якія змены ў Канстытуцыю будуць агалошаныя і прапанаваныя беларускаму грамадству; які артыкул з Канстытуцыі яны б змянілі ў першую чаргу.

    Іван Пляхімовіч – кандыдат юрыдычных навук, сябра Грамадскай канстытуцыйнай камісіі, аўтар двухтомнага “Каментарыя да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.

    Андрэй Казакевіч – палітолаг, доктар палітычных навук, дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і галоўны рэдактар часопіса “Палітычная сфера”. 

    Анатоль Лябедзька – упаўнаважаны Святланы Ціханоўскай па падрыхтоўцы і правядзенні канстытуцыйнай рэформы.

    1. Які варыянт Канстытуцыі найбольш падыходзіць сучаснай Беларусі? (1994, сучасны, новы) 

    Іван Пляхімовіч. Найбольш прыдатным для сучаснай Беларусі быў бы новы варыянт Канстытуцыі. Канстытуцыя 1994-га года больш адпавядала інтарэсам Вярхоўнага Савета, Канстытуцыя 1996-га года – інтарэсам прэзідэнта. Трэба прыняць Канстытуцыю, якая будзе служыць інтарэсам беларускага народа.   

    Андрэй Казакевіч. На маю думку, варта прымаць новую рэдакцыю Канстытуцыі-1994. Сучасная рэдакцыя Канстытуцыі непрымальная, бо яна цалкам парушае прынцып падзелу ўлады. Надае прэзідэнту неабгрунтавана вялікую колькасць паўнамоцтваў: прэзідэнцкія ўказы і дэкрэты дамінуюць над законамі, прэзідэнт трымае поўны кантроль над урадам (прамое прызначэнне ўсіх міністраў, намеснікаў, прэм’ер-міністра), вызначае парадак прызначэння мясцовых кіраўнікоў, суддзяў, прызначае іншых вышэйшых дзяржаўных асоб і многае іншае. Канстытуцыя 1994-га года таксама мае свае праблемы, бо дае занадта вялікія паўнамоцтвы прэзідэнту, дазваляе яму кантраляваць урад і суды, не вызначае парадку прызначэння/абрання мясцовых кіраўнікоў, мае супярэчнасці што да магчымасці ўвядзення змяшанай ці прапарцыйнай выбарчай сістэмы, мае іншыя істотныя хібы. Таму лепш за ўсё было б прыняць новую рэдакцыю Канстытуцыі-1994, якая б па-новаму прапісала будучую палітычную мадэль Беларусі.

    Анатоль Лябедзька. Сучасная на базе Канстытуцыі 1994-га года. 1994-ы год – гэта важны палітычны і псіхалагічны фактар. Мы вяртаемся ў прававое поле, якое фармавалася, калі ў краіне быў законны парламент, легітымная судовая сістэма і абраны народам прэзідэнт. Канешне, патрэбныя істотныя змены, бо час не стаіць на месцы. І я думаю, што ў нас можа быць гістарычны шанец прыняць новую Канстытуцыю з вельмі моцнай падтрымкай людзей. Цяпер грамадская актыўнасць знаходзіцца на сваім палітычным “эверэсце”. Пазней такога шанца можа і не быць. Трэба ўносіць істотныя змены, якія даюць адказы на ўсе выклікі сённяшняга дня. 

    2. Якія змены ў Канстытуцыю будуць агалошаныя і прапанаваныя беларускаму грамадству?

    Іван Пляхімовіч. Змены ў Канстытуцыю сёння рыхтуюць два асноўныя цэнтры: Грамадская канстытуцыйная камісія і дзяржаўны апарат (Адміністрацыя прэзідэнта). У найбліжэйшыя месяцы праект камісіі будзе апублікаваны. Ён прадугледзіць абмежаванне статусу прэзідэнта, дэмакратызацыю і ўзмацненне гарантый правоў чалавека. Калі апублікуюць праект дзяржапарата, – гэта ведаюць толькі ў дзяржапараце, але, мяркую, што сёння і яны не ведаюць тэрмінаў. Якімі б ні былі канстытуцыйныя змены ў праекце дзяржапарата, іх сутнасць звядзецца да забеспячэння інтарэсаў Лукашэнкі на час яго сыходу з пасады прэзідэнта.    

    Андрэй Казакевіч. Спадзяюся, што прапановы будуць агучаныя альтэрнатыўнымі палітычнымі сіламі да сярэдзіны лістапада. Сярод галоўных з іх – змяншэнне ролі прэзідэнта і ўзмацненне пасады прэм’ер-міністра, наданне большай вагі органам мясцовага самакіравання, вяртанне ў Канстытуцыю прынцыпу стрымання і супрацьвагі.

    Анатоль Лябедзька. Змены ў Канстытуцыю не ўяўляюць цікавасці для большасці грамадзянаў Беларусі. Справа ў тым, што Лукашэнка і канстытуцыйная рэформа – гэта паралельныя прамыя, якія не перасякаюцца. І немагчыма правядзенне канстытуцыйнай рэформы для людзей з удзелам Лукашэнкі. Гэтыя працэсы трэба развесці. Я лічу, што ў нас ёсць шанец правесці сумленныя дэмакратычныя выбары прэзідэнта і прыняць абноўленую Канстытуцыю ў адзін дзень. Гэта вельмі важна, таму што праблема не толькі ў тым, калі і як сыдзе Лукашэнка, – пасля яго застанецца сістэма. Ёсць пэўная небяспека, што калі мы новага прэзідэнта завядзем у старую сістэму, – узнікнуць спакусы. Людзі лёгка ўрастаюць у царскія паўнамоцтвы. Таму, на мой погляд, дэмакратычны прэзідэнт мусіць працаваць у зусім іншай сістэме каардынатаў, каштоўнасцяў.

    3. Калі б вы маглі змяніць ці выдаліць адзін з артыкулаў сучаснай беларускай Канстытуцыі, што б гэта было?

    Іван Пляхімовіч. Калі мяняць у Канстытуцыі адзін артыкул, то я б змяніў першы. Зараз у ім напісана, што Рэспубліка Беларусь – унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. А я бачу артыкул 1 так: Рэспубліка Беларусь – справядлівая бяспечная сацыяльная дзяржава.          

    • Артыкул 1. Рэспубліка Беларусь унітарная дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава. Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку. Рэспубліка Беларусь абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак.

    Андрэй Казакевіч. Адназначна артыкул 137, якія ставіць акты прэзідэнта вышэй, чым закон.

    • Артыкул 137. Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сілай. Законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на падставе і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. У выпадку разыходжання закона, дэкрэта або ўказа з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя. У выпадку разыходжання дэкрэта або ўказа з законам закон мае вяршэнства толькі тады, калі паўнамоцтвы на выданне дэкрэта або ўказа былі прадастаўлены законам.

    Анатоль Лябедзька. Я выкрасліў бы артыкул 85, які датычыць прыярытэту падзаконных актаў над Канстытуцыяй і законамі. Гэта тое, што надае найбольшую юрыдычную сілу дэкрэтам і ўказам. 

    • Артыкул 85. Прэзідэнт на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй выдае ўказы і распараджэнні, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй, Прэзідэнт выдае дэкрэты, што маюць сілу законаў. Прэзідэнт непасрэдна або праз ствараемыя ім органы забяспечвае выкананне дэкрэтаў, указаў і распараджэнняў.

    Фота: Дмитрий Брушко, TUT.BY

    ПаказацьСхаваць каментары