• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Якой мусіць быць Канстытуцыя, каб не дапусціць новага аўтарытарызму пасля Лукашэнкі?

    Год таму Аляксандр Лукашэнка правёў рэферэндум па папраўках у Канстытуцыю, замацаваўшы аўтарытарызм у Беларусі. У будучыні нашай краіне трэба будзе дэмантаваць гэтую сістэму, і паўстане пытанне, якія змены найперш патрэбныя Асноўнаму закону краіны, каб пабудаваць справядлівую і ўстойлівую палітычную сістэму. Пра тое, якімі яны мусяць быць, разважае Рыгор Астапеня.

    Гэты матэрыял працягвае цыкл «Чарнавік беларускіх рэформаў». У межах праекта эксперты і практыкі Цэнтра новых ідэй каротка расказваюць, як маглі б выглядаць ключавыя рэформы ў нашай краіне — калі для гэтага адкрыецца акно магчымасцяў.

    Гэтыя новаўвядзенні нібыта патрэбныя для развіцця нарадаўладдзя, хоць пры гэтым Беларусь працягвае займаць апошнія месцы ў міжнародных рэйтынгах дэмакратыі. Напрыклад, у справаздачы the Economist Intelligence Unit мы аказаліся на 153-м месцы са 167.

    Ясна, што цяперашні персаналісцкі рэжым імкнецца ўмацаваць свае пазіцыі і забяспечыць кіраваны транзіт улады. «Выйшаўшы на пенсію», Лукашэнка можа стаць кіраўніком Усебеларускага народнага сходу і адтуль кіраваць новым і зручным прэзідэнтам (а для пачатку можа і сумяшчаць абедзве пасады).

    А партыі аўтакратам, як паказваюць даследаванні, бываюць карысныя для аб’яднання элітаў і маніторынгу іх дзеянняў. Часткова для гэтага стваралася, напрыклад, «Адзіная Расія». Таксама ёсць меркаванні, што стварэнне партыі ўлады патрэбнае для пераходу да больш таталітарнага ладу, дзе лаяльнасць дзяржаве грамадзяне мусяць даказваць сяброўствам у масавых арганізацыях.

    Выжывальнасць гэтай сістэмы — тэма для асобнага артыкула; у гэтым хацелася б пагаварыць пра тое, як мусілі б выглядаць некаторыя змены ў Канстытуцыі ў выпадку змены ўлады, каб гарантаваць, што дэмакратыя выжыве на наступным пачатковым этапе. Сёння гэта здаецца адарваным ад жыцця, але гэтая тэма занадта важная, каб яе ігнараваць. Магчыма, беларусы на рэферэндуме 1996 года таксама не зусім разумелі, наколькі Канстытуцыя важная для краіны, і плён гэтага мы бачым цяпер. Ды і ў любым выпадку змены непазбежныя — пытанне ў тым, наколькі позна яны адбудуцца.

    Якія змены насамрэч патрэбныя беларускай Канстытуцыі

    Па-першае, змены ў Асноўны закон мусяць праводзіцца адкрыта — толькі так яны стануць легітымнымі. Прапаганда сцвярджала, што папраўкі для апошняга рэферэндуму абмяркоўвалі групы зацікаўленых грамадзян. Але відавочна, што меркаванне грамадзян уладу не асабліва цікавіла.

    Адным з варыянтаў прыняцця новай Канстытуцыі можа стаць скліканне спецыяльнай асамблеі ў выніку адкрытых выбараў. Канстытуцыю таксама можа распрацаваць новы і дэмакратычна абраны парламент. Аднак у абодвух сцэнарах ёсць імавернасць, што тая з сіл, якая набрала нават нязначную большасць галасоў, «імгненна» перапіша Асноўны закон пад сябе. Рашэннем праблемы можа стаць увядзенне правіла, згодна з якім за праект Канстытуцыі мусяць прагаласаваць, напрыклад, тры чвэрці дэпутатаў парламента альбо ўдзельнікаў асамблеі. Але ў любым выпадку фінальнае ўхваленне ўсіх паправак мусіць прайсці на ўсенародным рэферэндуме.

    Па-другое, беларусам не варта думаць, што пераход да парламентарызму аўтаматычна вядзе да дэмакратыі. Гэты тып палітычнага ладу, хоць і здаецца самым еўрапейскім і дэмакратычным, не гарантуе адкрытасці палітычнай сістэмы. Прэм’ер-міністры ў парламенцкіх рэспубліках маюць шырокія паўнамоцтвы і могуць імі злоўжываць, калі іх партыя атрымлівае большасць на выбарах. Такое развіццё падзей таксама імавернае, калі адсутнічаюць дэмакратычныя традыцыі: прыклад — Венгрыя, якая перастала быць паўнавартаснай дэмакратыяй.

    А на постсавецкай прасторы пераходы да парламентарызму наогул задумваліся для захавання асабістай улады: прэзідэнты ў Грузіі і Арменіі пасля двух тэрмінаў паспрабавалі «перасесці» ў прэм’ерскія крэслы, каб і далей узмацняць сваю ўладу.

    Замест парламенцкай рэспублікі варта, напрыклад, выбраць мадэль з моцнымі прэзідэнтам і прэм’ерам — асабліва гэта важна, калі адзін з гэтых інстытутаў трапіць пад знешні ўплыў. Так палітычная сістэма будзе мець як мінімум два цэнтры, якія змогуць не дапусціць празмернага ўзмацнення адзін аднаго. Напрыклад, пасля рэвалюцый у сярэдзіне 2000-х Украіна перапісала Канстытуцыю і абрала паўпрэзідэнцкую мадэль (з моцным прэм’ерам), што дазволіла ўмацавацца сістэме палітычнай канкурэнцыі.

    Таксама Беларусь можа выбраць амерыканскую мадэль, дзе ўлада прэзідэнта значна абмежаваная Кангрэсам (парламентам), які кіраўнік дзяржавы не можа распускаць. Гэта адна з асноваў знакамітай сістэмы «стрымліванняў і процівагаў», якая захоўвае дэмакратыю ў ЗША ўжо больш за два стагоддзі.

    Па-трэцяе, каб пазбегнуць канцэнтрацыі ўлады ў адных руках, трэба развіваць мясцовае самакіраванне. Пасады губернатараў і мэраў мусяць стаць выбарнымі, а іх паўнамоцтвы і роля мясцовых парламентаў — значна павялічыцца. Дэмакратычныя і эканамічна паспяховыя грамадствы не з’яўляюцца без ініцыятывы на месцах.

    Па-чацвёртае, улічваючы значэнне прапаганды ва ўсіх аўтарытарных рэжымах, неабходна гарантаваць незалежнасць медыя. Гэта можа зрабіць камісія з шырокімі паўнамоцтвамі, якая складаецца з саміх прадстаўнікоў СМІ. Яе задача — сачыць за адсутнасцю ціску на журналістаў.

    Нарэшце, важна абараніць ад частага перапісвання ключавыя палажэнні дэмакратычнай канстытуцыі: напрыклад, тое, як праходзяць выбары, або тое, як фармуюцца суды. Адзін з варыянтаў — дазволіць уносіць змены ў гэтыя артыкулы толькі са згоды абсалютнай большасці ўсіх дэпутатаў і толькі пасля ўхвалення на рэферэндуме. Шмат у чым праз тое, што канстытуцыю можна было лёгка змяняць у самім парламенце, Віктар Орбан і яго партыя «Фідэс» здолелі ўзурпаваць уладу ў Венгрыі.

    Якой насамрэч стане нашая Канстытуцыя пасля заканчэння кіравання Лукашэнкі — пытанне, вядома, адкрытае. Але Беларусь — далёка не першая краіна, якой трэба перапісаць Асноўны закон для дэмакратычных зменаў, і тут трэба проста не паўтарыць сваіх і чужых памылак. І, галоўнае, забяспечыць тое, чаго так не хапае сёння, — выканання Канстытуцыі.

    Крыніца: Zerkalo.io

    Фота: Еўрарадыё

    ПаказацьСхаваць каментары