падтрымаць нас

Артыкулы

Вобраз Беларусі сёння: разбурае Лукашэнка, адбудоўваць Ціханоўскай

Вобраз Беларусі сёння: разбурае Лукашэнка, адбудоўваць Ціханоўскай

Вобраз Беларусі за мяжой фармуе знешнюю палітыку ў дачыненні Беларусі і стаўленне да беларусаў у эміграцыі. Што змянілася з пачаткам вайны і якія ўрокі можна вынесці дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці?

Пазітыўны вобраз Беларусі да вайны

Калі сотні тысяч беларусаў выйшлі на маршы супраць рэжыму Лукашэнкі, свет пабачыў іншых беларусаў: смелых, аб’яднаных і прагных дэмакратыі. Беспрэцэдэнтныя рэпрэсіі, якія прывялі да эміграцыі значнай часткі беларусаў за мяжу, таксама паўплывалі на тое, як замежнікі глядзяць на Беларусь.

У даследаванні вобраза Беларусі ў замежных СМІ, якое мы публікавалі раней, галоўнымі тэмамі асвятлення нашай краіны былі акурат рэпрэсіі супраць беларусаў, цэнзура медыяпрасторы, дзейнасць Ціханоўскай і пратэсты, а таксама актыўнасць беларускай дыяспары за мяжой.

Агулам у дачыненні беларусаў склаўся даволі зразумелы пазітыўны імідж як нацыі, якая прагне дэмакратызацыі і змагаецца з аўтарытарным рэжымам. Хаця цягам апошняга года ўзгадванняў аб Беларусі станавілася ўсё менш, раздзяленне беларусаў і рэжыму было канстантай у асвятленні падзеяў у краіне.

Вайна вярнула асацыяцыю “Беларусь – гэта Лукашэнка”

Усё змянілася з пачаткам вайны ва Украіне. Беларусь стала з’яўляцца ў заходніх СМІ з нагоды дапамогі Расіі ў агрэсіі супраць Украіны. З-за гэтага ў замежных СМІ сталі ўсё часцей з’яўляцца загалоўкі накшталт “Беларусь атакуе Украіну”. Варта адзначыць, што заходнія СМІ пісалі і пра рэйкавых партызанаў, і пра беларускіх дабравольцаў. Аднак, агульнае асвятленне часта абагульняла беларускія ўлады да ўсіх беларусаў. 

Змены ў вобразе Беларусі адчулі і самі беларусы. Так, яшчэ ў пачатку вайны вялікім страхам для паловы прыхільнікаў пратэсту было стаўленне ўкраінцаў да беларусаў як да варожай нацыі. Сёння гэты страх зноў актуалізаваўся пасля апошніх запускаў ракет з тэрыторыі Беларусі. Таксама 80 % пратэстных беларусаў лічаць, што такое ж негатыўнае стаўленне да беларусаў, як да расіянаў, з боку заходніх краінаў – неабгрунтаванае і незаслужанае.

Пагаршэнне іміджу Беларусі на фоне вайны ва Украіне – гэта выклік беларускім дэмакратычным сілам і ўсім беларусам. У першую чаргу таму, што пазітыўны вобраз Беларусі (які са знакамітых стэрэатыпаў пра чыстыя вуліцы і хакей змяніўся ў 2020-ым годзе на імідж народа, які змагаецца за свабоду) стварылі менавіта яны. З пачаткам вайны дамінавальным актарам, які фармуе імідж Беларусі за мяжой, стаў Лукашэнка. Рашэннем прадставіць беларускую тэрыторыю для агрэсіі супраць Украіны беларускія ўлады перакрэслілі пазітыўны імідж, створаны прадэмакратычнымі беларусамі. 

Наступствы новага вобраза Беларусі

Па-першае, новы вобраз Беларусі мае наступствы для беларусаў у эміграцыі, якія праз саўдзел уладаў у агрэсіі сутыкаюцца з праблемамі легалізацыі, інстытуцыйнай дыскрымінацыяй і канфліктнымі сітуацыямі. Па-другое, імідж Беларусі працягвае пагаршацца з-за пастаянных пагроз Лукашэнкі ў бок Кіева і Захаду. У такой сітуацыі Захад вымушаны лічыцца з персонай Лукашэнкі як з актарам, ад якога залежыць міжнародная бяспека. 

Па-трэцяе, прыведзеныя вышэй фактары паслабляюць пазіцыі беларускай апазіцыі, бо ўся ўвага дэмакратычнага свету зараз сфакусаваная на дапамозе Украіне і супрацьдзеянні агрэсарам. Ва ўмовах вайны беларуская апазіцыя мае слабую стратэгічную ролю для Украіны і Захаду. Прасоўваць у такой сітуацыі беларускае пытанне на міжнароднай арэне становіцца надзвычай цяжка.

Аднак падтрымка беларускай апазіцыі мае сімвалічнае і доўгатэрміновае значэнне для міжнароднай палітыкі Захаду ў рэгіёне. Асабліва гэта актуальна ў кантэксце будучага дыялогу паміж ЕС і рэжымам. З улікам прыярытэтаў ЕС па мірным вырашэнні палітычнага крызісу гэткі дыялог будзе непазбежным.

Калі дэмакратычны свет зацікаўлены ў будучым бяспечным і дэмакратычным рэгіёне, ён павінен уключаць беларускую апазіцыю ў любыя магчымыя перамовы з рэжымам. Любы дыялог з Лукашэнкам без Ціханоўскай ці іншых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў будзе легітымізаваць Лукашэнку, а гэта супярэчыць ранейшаму непрызнанню яго прэзідэнтам у 2020-ым годзе і падаўжае няўпэўненасць у бяспецы рэгіёна. 

Паляпшэнне вобраза Беларусі за мяжой не толькі палепшыць стаўленне да краіны і беларусаў, але можа стаць адной з рэлевантных і канкрэтных функцый беларускіх дэмакратычных сілаў. Зараз надзвычай важна працягваць адстойваць правы беларусаў ўнутры краіны і за мяжой, падкрэсліваць розніцу паміж палітыкай беларускага рэжыму і пазіцыяй беларускай грамадзянскай супольнасці. Гэта важна ў кантэксце ўзмацнення і працягласці жыццёвага цыклу ўрадаў у выгнанні, пра што мы пісалі тут

Не менш важнай задачай з’яўляецца данясенне ясных меседжаў з боку беларускіх дэмакратычных сілаў адносна ключавых геапалітычных пытанняў: вайны ва Украіне, расследавання ваенных злачынстваў Расіі, захавання незалежнасці Беларусі, будучых рэформы ў Беларусі, гарантый бяспекі для краін Усходняга Партнёрства і г.д.

Калі праца над вобразам Беларусі за мяжой стане прыярытэтнай для дэмакратычных сілаў, беларускім уладам будзе больш складана перахопліваць уплыў на фармаванне іміджу за мяжой і ўзмацняць сваю суб’ектнасць.

Фота: Аляксей Талстоў, відэа «Созерцая солидарность», The Village