Усе мы тут падтрымліваем беларушчыну, але як зрабіць гэта годна ды паспяхова? Варта спалучаць перавагі ад ведання распаўсюджанай у свеце мовы былой імперыі і рэальную падтрымку нацыянальнай мовы на дзяржаўным ды грамадскім узроўні.
Адмовіцца ад мовы былой імперыі – нерацыянальная ўтопія
Адразу разбярэмся з міфам, які грэе сэрца патрыёта, аднак застаецца прыгожай казкай. Гаворка пойдзе пра ідэю адмовіцца ад афіцыйнага статусу мовы, якая дамінуе цяпер у Беларусі, мовы былой імперыі, і пакінуць мову тытульнай нацыі як адзіную афіцыйную. Пры ўсёй любові да матчынай мовы варта зазначыць, што гэтакі падыход супярэчыць сусветнаму досведу ды глабальным трэндам.
Гэта спроба змагацца з глабалізацыяй, якая патрабуе ўніфікацыі, у тым ліку моўнай – прынамсі ў бізнесе, навуцы, адукацыі, сэрвісе і г.д. Гэта зусім не значыць, што трэба выракацца сваёй мовы. Але трэба ўсвядоміць, што яе падтрымка не роўная негатыўным дзеянням у дачыненні да іншых моў.
Наадварот, поспеху дасягаюць тыя дзяржавы, якія ператвараюць распаўсюджанасць былой мовы імперыі ў перавагу.
Свет размаўляе па-англійску – і гэта перавага для жыхароў былых калоній на сусветным рынку. Так Індыя захоўвае англійскую мову як дапаможную афіцыйную, якая “часова” выкарыстоўваецца для розных мэтаў (у першую чаргу дзелавых і адміністрацыйных), а, напрыклад, у Новай Зеландыі англійская такая ж афіцыйная, як мова маары ды новазеландская мова жэстаў.
І цудоўна, калі да англійскай дадаецца яшчэ адна распаўсюджаная мова. Напрыклад, французская, арабская, іспанская ці нямецкая.
Альбо руская, якая доўга будзе заставацца распаўсюджанай ва ўсім нашым рэгіёне.
Яна не належыць “рускаму свету”, як не належала калісьці СССР. Нават у краінах Балтыі з выразнай нацыянальнай ідэнтычнасцю ды безумоўнай прыналежнасцю да Еўропы руская мова застаецца перавагай на рынку працы, асабліва ў гандлі, абслугоўванні, сферы турызму. Акрамя эканамічных бенефіцый білінгвізм наўпрост карысны для нашых мазгоў.
Дэкларацыі двухмоўя недастаткова, трэба падтрымліваць нацыянальную мову
У дзяржаўнай палітыцы (як і ў грамадскай актыўнасці) варта рабіць фокус не на канфрантацыі з распаўсюджанай у свеце мовай, а на падтрымцы мовы нацыянальнай.
Незалежная Ірландыя не спрабуе адмовіцца ад англійскай мовы, якая дамінуе, аднак усяляк падтрымлівае ірландскую. Напрыклад, яе вывучаюць у школах, выкарыстоўваюць на нацыянальным тэлебачанні, шырока ўжываюць у агітацыі палітычныя сілы. У выніку веданне і выкарыстанне ірландскай мовы пакрысе, але пашыраецца. Зрэшты, такая падтрымка ёсць і ў брытанскай Паўночнай Ірландыі.
Падобная палітыка дасягнула поспеху ў Фінляндыі. Шведская была адзінай мовай да 1809-га года, потым да яе дадалася руская, і толькі напрыканцы ХІХ ст. фінская мова атрымала афіцыйны статус. Сёння пераважная большасць насельніцтва Фінляндыі карыстаецца менавіта фінскай, аднак шлях да такой моўнай сітуацыі адбыўся пры захаванні фармальнай роўнасці шведскай і фінскай дзяржаўных моў. Шведскую дагэтуль выкладаюць у школах, хоць гэта і выклікае крытыку фінскіх нацыяналістаў.
Гучная беларуская грамадская кампанія за абавязковыя дзве мовы на этыкетках тавараў – добры прыклад таго, як трэба дасягаць рэальнага двухмоўя. Слёзы некаторых бізнесоўцаў пра дарагавізну такіх захадаў – не больш чым трызненне, якое трэба пераадолець.
Як кажуць гандляры, калі б ва ўсім кіравацца воляй прамысловасці, дык усё тавары пакавалі б у аднолькавыя карычневыя скрыні без надпісаў – так прасцей за ўсё.
Аднак трэба пісаць і дакладны склад, і вагу асноўнага прадукту, і ўсё гэта на мове спажыўцоў. Калі беларускія кампаніі пішуць і па-казахску, і па-літоўску, то ў стане неяк навучыцца пісаць і па-беларуску.
Безумоўна, тое ж самае датычыць і дзяржаўнай палітыкі. Цалкам у гэтым рэчышчы практычнай рэалізацыі дзяржаўнага білінгвізму знаходзіцца і прапанова дэпутаткі Алены Анісім друкаваць беларускія законы на дзвюх мовах. Так, гэта патрабуе аўтарызаванага перакладу, аднак нічога нерэалістычнага тут няма (напрыклад, так працуе казахская сістэма).
Яшчэ адзін саспелы крок – патрабаванне да чыноўнікаў валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі на ўзроўні, які дазваляе весці дзелавую камунікацыю. Гэта патрэбна ў тым ліку і дзеля таго, каб грамадзяне мелі магчымасць атрымаць адказ на мове звароту не толькі ў пісьмовай форме. Безумоўна, гэта мусіць спалучацца з рэформай сістэмы дзяржаўнага кіравання, у тым ліку з падвышэннем прэстыжу дзяржаўнай службы. Аднак нічога немагчымага тут няма. Беларусізацыя бізнесу, напрыклад, ужо прывяла да таго, што спецыялісты вучаць беларускую мову, каб пайсці на працу ў тую ж кампанію “А-100”.
Па-беларуску – усё самае паспяховае. Новая мова эліты
Стэрэатыпы пра беларускую мову, накшталт “па-беларуску размаўляюць толькі калгаснікі”, даўно адышлі ў мінулае. Акурат сельскія жыхары хутчэй лупяць трасянкай, не ведаючы літаратурных варыянтаў ні беларускай, ні рускай моў. Middle-class яшчэ можа размаўляць міжнароднымі мовамі: рускай ды англійскай.
Аднак нацыянальная мова плаўна пачынае займаць месца элітарнай: мовы інтэлігенцыі, грамадска-палітычных дзеячаў, творчых працаўнікоў, прадстаўнікоў крэатыўнай індустрыі ды паспяховых маладзёнаў. Па-беларуску размаўляе тое “пакаленне бобо”, якое амерыканскі сацыёлаг Дэвід Брукс называе “новай элітай”.
Варта ўцяміць, што ўмоўны сантэхнік ніколі не будзе ведаць беларускую мову на ўзроўні Вінцука Вячоркі – але нічога страшнага ў гэтым няма.
Ён таксама не будзе пастаянным госцем оперы, аднак гэта не стварае пагрозы ні для оперы, ні для мовы.
Пры гэтым варта быць адкрытымі і падтрымліваць любыя зрухі да беларускай мовы, хай сабе невялікія ды неідэальныя крокі. Максімалісцкая ганарлівая пазіцыя “ўсё альбо нічога” толькі адштурхоўвае аматараў-неафітаў.
Пакрысе ў беларускамоўных людзей знікае адчуванне сябе як прыгнечанай меншасці, мы пачынаем адстойваць свае правы ды абараняць беларускую мову ад дыскрымінацыі. Калі яшчэ не ўсе зразумелі, што добра ведаць беларускую мову – гэта крута ды sexy, то гэта не нашая параза, а іх. Варта адчуваць сваю моц і прасоўваць беларушчыну – у тым ліку беларускую мову – праз вартыя падзеі, медыі, бізнес.
Па-беларуску мусіць быць усё самае паспяховае, а не самае прыгнечанае – і распаўсюд мовы пойдзе хутчэй, чым мы можам сабе ўявіць.