• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Чаму карупцыя нараджае тэрарызм

    Кароткі пераказ кнігі Сары Чэйз “Злодзеі дзяржавы: Як карупцыя пагражае глабальнай бяспецы” (Thieves of State: Why Corruption Threatens Global Security).

    Аналітык Цэнтра Карнегі Сара Чэйз перад тым, як напісаць кнігу пра карупцыю, займалася ў Афганістане ледзь не ўсім. Яна працавала журналістам, займалася гуманітарнай дапамогай, сацыяльным прадпрымальніцтвам і была дарадцай вайсковага штаба. Галоўнай высновай, да якой яна прыйшла за гэты час, стала тое, што карупцыя не з’яўляецца наступствам нестабільнасці, але гэта карупцыянеры спараджаюць гвалт ды тэрарызм.

    Чэйз пачынае кнігу з аповеду былой афганскай паліцыянткі, чый брат вяртаўся з таварам з Пакістана. Ён павінен быў плаціць “адкаты” на кожным блокпасту, пры тым, што памер хабару на кожным з іх павялічваўся. На апошнім чалавек адмовіўся даваць “адкат” і паліцыя збіла яго. Як кажа былая паліцыянтка, калі б нехта з тэрарыстаў планаваў бы ўзарваць гэты блокпост, то яна б, нягледзячы на месца сваёй былой працы, нічога б не мела супраць.

    Такім чынам, карупцыя афганскага ўрада ўзмацняла экстрэмізм.

    Афганскі ўрад быў празмерна карумпаваны і Злучаныя Штаты зрабілі памылку, калі вырашылі яго падтрымліваць. У вачах звычайных афганцаў амерыканцы выглядалі саўдзельнікамі карупцыйных схемаў. Напрыклад, Ахмед Карзай (які атрымліваў грошы ў тым ліку ад ЦРУ), брат тагачаснага прэзідэнта, за капейкі набываў зямлю і будаваў там эксклюзіўныя агароджаныя кварталы. Вязні-талібы пазней прызнаваліся на допытах, што фальсіфікаваныя выбары прэзідэнта Карзая далі зразумець, што не існуе ніякіх іншых магчымасцяў змагацца за ўласныя правы апроч экстрэмізму.

    Для многіх жа афганцаў урад быў прынамсі такім жа дрэнным як і Талібан. Дык навошта тады змагацца з талібамі?

    Допыты часта сведчылі, што такія прычыны, як “этнічная дыскрымінацыя”, “непавага да ісламу”, “ахвяры сярод цывільнага насельніцтва” не мелі такога значэння, як паўсюдная карупцыя, у тым, што людзі станавіліся экстрэмістамі.

    Чэйз даводзіць, што ўрад Хаміда Карзая быў вертыкальна пабудаваным крымінальным сіндыкатам. Карзай не плаціў сваім падначаленым за лаяльнасць – гэта падначаленыя плацілі сваім кіраўнікам за магчымасць выцягваць грошы з людзей, напрыклад, вымагаючы хабары на дарогах за праезд. Вышэйшае ж кіраўніцтва гарантавала падначаленым, што ніхто, у тым ліку амерыканцы, не змогуць іх пераследаваць за карупцыю.

    Падобным чынам функцыянуюць многія “неэфектыўныя дзяржавы”. Прычына іх слабасці ў тым, што ўрады краінаў нават не хочуць кіраваць, а толькі будуюць карупцыйную мадэль дзеля атрымання рэнты з усёй краіны. Пры гэтым яны часта мэтанакіравана спараджаюць узброеную барацьбу, вынішчаючы найбольш памяркоўных і разумных апазіцыянераў, даючы гэтак прастору для тэрарыстаў, каб пужаць імі Захад і ўласны народ. Дзякуючы гэтаму ісламісты становяцца ледзь не адзінай альтэрнатывай карупцыянерам. Thieves of State_978-0-393-23946-1

    Чатыры варыяцыі рэжымаў

    Вайскова-клептакратычная сістэма. У Егіпце войска, якое ваявала апошні раз падчас вайны ў Персідскім заліве, займаецца ледзь не ўсім, уключна з вытворчасцю спагеці. Шмат якія дзеянні егіпецкага войска выглядаюць злачыннымі, аднак карупцыя вайскоўцаў была схаванай ад вачэй людзей і даволі сціплай у параўнанні з дзейнасцю Гамала Мубарака, сына тагачаснага прэзідэнта. Егіпцяне бачылі менавіта карупцыю Мубарака першапрычынай высокага беспрацоўя, якое вывела людзей на плошчу Тахрыр.

    Бюракратычная клептакратыя. У Тунісе Бен Алі падпарадкаваў бюджэт дзяржавы ўласным інтарэсам, займаючыся спісваннем даўгоў прыбліжаным бізнесоўцам, якія ўзамен плацілі тагачаснаму прэзідэнту “адкаты”. Бен Алі здолеў пабудаваць эфектыўную бюракратыю, якая была асновай клептакратычнага кіравання.

    Постсавецкі клептакратычны аўтарытарызм. Ёсць дзве найважнейшыя рэчы, якія не падабаюцца ўладам Узбекістана – гэта расследаванне эканамічных злачынстваў і вызнанне ісламу. Гульнара Карымава, дачка прэзідэнта, вядомая сваёй сквапнасцю да хабараў – ва Узбекістане прадаецца нават большасць дзяржаўных пасадаў. Пэўным адказам на карупцыю з’яўляецца рост папулярнасці ісламу, якога асцерагаюцца ўлады.

    Дзяржава  нават субсідавала некалькі сямейных рэстаранаў, каб яны ператварыліся ў начныя клубы.

    Рэсурсная клептакратыя. Нягледзячы на тое, што Нігерыя з’яўляецца 13-ай краінай у свеце па колькасці здабыванай нафты, якасць жыцця ў Нігерыі такая ж самая, як у суседніх краінах без такіх рэсурсаў. Паліцыя ж займаецца вымагальніцтвам у людзей. Таму, калі ісламісцкая група “Бока харам” атакуе паліцыянтаў, то звычайныя людзі задаволеныя.

    Ісламісты як новыя пратэстанты

    Аўтарка звяртаецца да сярэднявечнай гісторыі, каб паказаць, што пагарда да карупцыі даўно існуе на Блізкім Усходзе. На прыкладзе “люстэркаў для князёў”, кніг, якія пісалі звычайна публічныя інтэлектуалы для кіраўнікоў краінаў, Чэйз даводзіць, што карупцыя падрывае стабільнасць дзяржаваў. І гэтае меркаванне агульнае для ўсіх аўтараў, не зважаючы на цывілізацыйную прыналежнасць – італьянца Макіявелі, Эразма Ратэрдамскага ці персідскага Нізама Аль-Мулька. Крыўда, якую маюць прыхільнікі радыкальнага ісламу, часта справядлівая і зразумелая.

    Чэйз ідзе далей і параўноўвае ісламістаў з раннімі пратэстантамі, якія змагаліся з карупцыяй унутры Каталіцкага Касцёла.

    Яны не саромеліся знішчаць іконы і скульптуры ўнутры святыняў, аднойчы нават “павесіўшы” фігуру святога Мікалая на шыбеніцы. Пурытане, як і сённяшнія ісламісты, апраналі вопратку аднаго колеру і пагарджалі тымі, хто не раздзяляў іх дактрыны. Гэта паказвае, што рэлігійны экстрэмізм часта ўзнікае там, дзе ёсць карупцыя.

    Як перамагчы карупцыю

    Экстрэмізм – гэта не адзінае наступства карупцыі, якое пагражае глабальнай бяспецы. Іран і Паўночная Карэя набылі ядзерныя тэхналогіі ў карумпаваных чыноўнікаў Пакістана. Карупцыянеры часта падліваюць алею ў агонь вайсковых сутычак, паколькі гэта дазваляе ім прадаваць зброю ці выцягваць больш рэсурсаў, уключна з гуманітарнай дапамогай. Карупцыя прыводзіць да доўгатэрміновай эканамічнай ці экалагічнай дэградацыі, што таксама ўплывае на стабільнасць краіны.

    Чэйз даводзіць, што тактычныя дзеянні нават найлепшых вайскоўцаў не маюць асаблівага сэнсу, калі Злучаныя Штаты не будуць улічваць больш чыннікаў, якія маюць вялікае значэнне для далейшай стабілізацыйнай кампаніі. Хоць карупцыя можа выглядаць другасным чыннікам у барацьбе супраць паўстанцаў, падтрымка карумпаванага ўрада часткова тлумачыць, чаму ЗША не здолелі атрымаць падтрымку ў В’етнаме і прайгралі вайну.

    У Афганістане ж Злучаныя Штаты не змаглі нават стварыць сістэмы абароны антыкарупцыйных актывістаў ці супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Напрыклад, адзін з пракурораў быў вымушаны збегчы ў Іран, калі ўлады Афганістана звольнілі яго і абвінавацілі ў шпіянажы.

    Сярод многіх афганцаў папулярная думка, што “амерыканцы хочуць, каб у Афганістане была распаўсюджаная карупцыя”.

    Шмат старонак кнігі прысвечана таму, як заходнія краіны могуць змагацца з карупцыяй. Сярод іншага:

    • Захад мае стварыць механізм абароны людзей, якія змагаюцца супраць карупцыі ў сваіх краінах;
    • Заходнія лідары павінны пазбаўляць карумпаваных чыноўнікаў магчымасці разам фатаграфавацца;
    • Выведка мае звяртаць больш увагі на працу карупцыйных сетак;
    • Карумпаваныя чыноўнікі павінны трапляць у “чорныя візавыя спісы” заходніх краін;
    • Захад мае пераследаваць маёмасць карупцыянераў, якая знаходзіцца ў заходніх краінах;
    • Фінансавая дапамога павінна ісці з салідным механізмам маніторынгу выкарыстання грошай. У выпадку невыканання ўмоваў гранта дапамога мусіць быць вернутая (гэтак робіць сёння Нарвегія);
    • Вайскоўцы маюць улічваць карумпаванасць таго ці іншага войска пры выбары партнёраў;
    • Бізнес павінен усведамляць, што дача хабараў можа быць шкоднай у доўгатэрміновай перспектыве;
    • Заходнія краіны могуць ствараць такія стымулы для барацьбы з карупцыяй, як выдача крэдытаў ці далучэнне да міжнародных арганізацыяў.

    Хоць уся кніга прысвечаная перадусім таму, чаму Захад павінен змагацца з карупцыяй у незаходніх краінах, Сара Чэйз напрыканцы піша пра праблемы ў сваім цывілізацыйным коле. Паводле яе, эканамічныя крызісы ў заходніх краінах выбухнулі з прычыны таго, што кіроўныя эліты занадта блізка супрацоўнічалі з бізнесоўцамі і дазвалялі ім вызначаць палітыку. Гэтым Чэйз паказвае, што заходнія краіны таксама не бязгрэшныя. І каб пазбегнуць радыкалізацыі ўласнага насельніцтва, павінны змагацца з карупцыяй і ў сябе дома.

    ПаказацьСхаваць каментары