• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Ці гатовыя браты па няшчасці сябраваць супраць агульнага ворага

    Эканамічныя санкцыі як фактар, які можа на пэўны час зблізіць Беларусь і Іран. 

    Жыццё ва ўмовах міжнародных санкцый, да якога зноў паступова пачынае прызвычайвацца Беларусь, з’яўляецца ўжо “нармальным” для некаторых краін свету. Адным з найбольш адметных прыкладаў у гэтым сэнсе з’яўляецца  Іран, у адносінах да якога ў 2006-2010 гадах былі прынятыя санкцыі Савета Бяспекі ААН у сувязі з развіццём ядзернай праграмы краіны, а таксама шматлікія аднабаковыя санкцыі ЗША, ЕС  і асобных дзяржаў, якія звязаны як з ядзернай праграмай і падтрымкай тэрарызму, так і (у меншай ступені) з пастаяннымі парушэннямі правоў чалавека.

    Найбольшую цікавасць уяўляюць санкцыі ЗША, бо большасць з іх мае так званы экстэрытарыяльны характар. Гэта значыць, што за іх парушэнне могуць быць пакараныя не толькі амерыканскія, але і замежныя кампаніі. Яскравым прыкладам з’яўляюцца амерыканскія санкцыі супраць кампаніі “Беларуснафта”, якія ў сакавіку 2011-га года фактычна закрылі для яе амерыканскі рынак. Прычына санкцый, якія былі адмененыя толькі праз 4 гады, – удзел беларускага прадпрыемства ў праекце па распрацоўцы іранскага нафтавага радовішча “Джуфейр”. Прыкладна ў той жа час санкцыі ЗША і ЕС не дазволілі замацавацца на беларускім рынку двум банкам з іранскім капіталам.

    Даведка. Згодна з дасье “Рамблер”, першыя аднабаковыя санкцыі ЗША ў дачыненні да Ірана былі ўведзеныя неўзабаве пасля Ісламскай рэвалюцыі (1978-1979), у выніку якой у гэтай краіне быў скінуты шахскі рэжым. Падставай для іх стаў захоп амерыканскага пасольства і яго супрацоўнікаў у Тэгеране 4-га лістапада 1979-га года. Тады адміністрацыя Джымі Картэра спыніла закупку іранскай нафты, замарозіла іранскія ўклады ў амерыканскіх банках і іх замежных філіялах, забараніла продаж Ірану запчастак для вайсковага рыштунку. 

    У наступныя гады санкцыйны рэжым ЗША ў дачыненні да Ірана неаднаразова карэктаваўся – частка забаронаў была адмененая, іншая стала больш жорсткай, уводзіліся новыя абмежаванні. Прычынамі для ўвядзення санкцый называліся: падтрымка тэрарызму, парушэнне правоў чалавека, развіццё ракетна-ядзернай праграмы.

    16-га студзеня 2016-га года, пасля таго, як Іран пацвердзіў, што выканае  абавязацельстваў аб пераводзе сваёй ядзернай дзейнасці пад кантроль МАГАТЭ (Сумесны ўсёабдымны план дзеянняў – СУПД – быў узгоднены 14-га ліпеня 2015-га года), прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў указ аб змякчэнні санкцый (СУПД прадугледжваў іх паступовае зняцце). У прыватнасці, былі адмененыя абмежаванні, якія датычыліся замежных фірмаў і замежных філіялаў амерыканскіх кампаній; былі дазволеныя доларавыя здзелкі паміж Іранам і афшорнымі банкаўскімі ўстановамі, але пры ўмове, што яны не закранаюць амерыканскую фінансавую сістэму.

    Але адміністрацыя Дональда Трампа вярнулася да палітыкі ўзмацнення жорсткасці санкцый. 2-га жніўня 2017-га года Трамп падпісаў Закон “Аб супрацьдзеянні супернікам Амерыкі праз санкцыі”, які прадугледжваў увядзенне абмежаванняў для асобаў, якія мелі дачыненне да іранскай праграмы па распрацоўцы балістычных ракет.

    Пасля выхаду ЗША з СУПД 8-га мая 2018-га года пачалося паступовае аднаўленне раней замарожаных у адпаведнасці з гэтым дакументам абмежавальных мер у дачыненні Ірана, а таксама трэціх краін. 7-га жніўня стала дзейнічаць забарона на гандаль золатам, на аперацыі з іранскай валютай і дзярждоўгам, а таксама на продаж долараў іранскаму ўраду. 5-га лістапада санкцыі былі адноўленыя ў поўным аб’ёме. Пад іх падпалі экспартныя пастаўкі іранскай нафты, а таксама дзейнасць больш як 700 банкаў, кампаній і фізічных асоб (для Кітая, Індыі, Японіі, Паўднёвай Карэі, Італіі, Грэцыі, Тайваня і Турцыі яны ўступілі ў сілу 2-га мая 2019-га г.). Дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа тады прапанаваў дзяржавам, якія набывалі нафту ў Ірана, набываць яе ў ЗША, ААЭ і Саудаўскай Аравіі.

    8-га мая 2019-га года былi ўведзеныя санкцыі ў дачыненні сектараў эканомікі, звязаных з вытворчасцю металаў, 7-га чэрвеня – супраць найбуйнейшага іранскага нафтахімічнага холдынга Persian Gulf Petrochemical Industries (на яго долю прыпадае 40 % ад агульнага аб’ёму нафтахімічнай вытворчасці ў Іране), а таксама больш за 30 яго прадпрыемстваў і філіялаў.

    24-га чэрвеня 2019-га года ў адказ на збіты Іранам амерыканскі беспілотнік ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі (першыя санкцыі супраць кіраўніка Ірана). У чорны спіс трапіў нават кіраўнік іранскага МЗС Джавад Зарыф. У верасні таго ж года ў сувязі з падазрэннямі ў распрацоўцы балістычных ракет санкцыі былі пашыраныя на іранскае Касмічнае агенцтва і звязаныя з ім інстытуты, а таксама Цэнтрабанк.

    У снежні 2019-га года прэзідэнт Ірана Хасан Рухані паведаміў, што ЗША прынялі 93 рознага роду абмежавальныя меры супраць Тэгерана з моманту аднабаковага выхаду з ядзернай здзелкі ў маі 2018-га года. 

    Безумоўна, змена кіраўніка Белага дома пазітыўна адлюстравалася на перспектывах урэгулявання сітуацыі вакол іранскай ядзернай праграмы. Цяпер у Вене праходзяць няпростыя перамовы аб вяртанні Ірана і іншых удзельнікаў СУПД да сваіх абавязкаў у рамках плана 2015-га года. Калі яны скончацца паспяхова, санкцыйны ціск на краіну будзе значна зменшаны.

    Трэба адзначыць, што амерыканскія санкцыі самым негатыўным чынам адбіваюцца на стане іранскай эканомікі, выклікаўшы ў тым ліку значны рост інфляцыі. Але з палітычнага пункта гледжання сітуацыя бачыцца дастаткова стабільнай.

    Больш таго, на нядаўніх прэзідэнцкіх выбарах перамогу атрымаў ультракансерватар Ібрагім Раісі, кандыдатуру якога падтрымаў Алі Хаменеі. У краіне пакуль няма ніякіх падставаў для паўтарэння масавых пратэстаў на ўзор тых, якія ўскалыхнулі краіну пасля абрання на другі тэрмін у 2009-ым годзе прэзідэнта Махмуда Ахмадзінежада.

    У гэтыя дні Беларусь наведвае парламенцкая дэлегацыя Ірана на чале з Абальфазлам Амуі, кіраўніком рабочай групы па супрацы з парламентам Беларусі ў Сходзе ісламскага савета Ісламскай Рэспублікі Іран. Не дзіва, што адным з лейтматываў, пад якім праходзяць перамовы падчас візіту, з’яўляецца супраца дзвюх краін ва ўмовах санкцый. 

    Можа, недзе ў кулуарах перамоў ці падчас афіцыйнага абеду нам распавядуць пра годнасць старажытнага персідскага народа са шматвекавой гісторыяй і нават арыйскім паходжаннем, які ніколі не саступіць знешняму ціску.

    Вядома, беларускі бок будзе цікавіць і вопыт выжывання эканомікі, і ўстойлівага функцыянавання палітычнай сістэмы ва ўмовах санкцый. Магчыма, гэта будзе абмяркоўвацца ўжо сёлета на 15-ым пасяджэнні міжурадавай камісіі па эканамічнай супрацы, якое мае адбыцца ў Мінску, а міністр прамысловасці і шахтаў Ірана, які звычайна ўзначальвае іранскую частку камісіі, будзе традыцыйна прыняты Аляксандрам Лукашэнкам, а на спатканні прагучаць новыя словы выкрыцця агульных ворагаў.

    Але неяк сумна, што сёння ў лік нашых стратэгічных партнёраў ізноў усё часцей трапляюць “браты па няшчасці”, якія, мусіць, і самі не ў захапленні ад пэўнай абмежаванасці сваёй знешнепалітычнай актыўнасці. 

    І далёка не факт, што ў выпадку адмены ці паслаблення амерыканскіх санкцый у адносінах да Ірана, інтарэс гэтай краіны да развіцця стасункаў з Беларуссю застанецца на тым жа ўзроўні. Так, Аляксандр Лукашэнка тройчы за апошнія 6 гадоў сустракаўся з прэзідэнтам Ірана Хасанам Рухані, кіроўны тэрмін якога скончыцца 3-га жніўня. Але гэтыя сустрэчы адбываліся на палях міжнародных самітаў, а апошні візіт на вышэйшым узроўні адбыўся ажно ў 2007-ым годзе.

    Апошняе пасяджэнне міжурадавай камісіі па эканамічнай супрацы адбылося ажно ў студзені 2018-га года, што не зусім характэрна для гісторыі працы гэтай важнай пляцоўкі, але, відаць, тут можна зрабіць нейкую “папраўку” на каранавірус.

    Таваразварот паміж Беларуссю і Іранам у 2020-ым годзе склаў $ 24,7 млн, а ў 2017-ым перавышаў $ 150 млн. І экстэрытарыяльныя санкцыі ЗША, пра якія было адзначана вышэй, адыгрываюць тут зусім не апошнюю ролю.

    Калі казаць карацей, лёс беларуска-іранскай супрацы ў найбліжэйшы час будзе вырашацца не толькі ў Мінску і Тэгеране, але і ў Вене, дзе традыцыйна праходзяць перамовы па ядзернай праграме Ірана, і ў Вашынгтоне, які ўжо аднойчы перакрэсліў узаемадзеянне ў такой стратэгічнай для нас сферы, як нафтаздабыча.

    Так, гіпатэтычная адмена амерыканскіх санкцыяў, магчыма, дазволіць вярнуцца на іранскі рынак шэрагу беларускіх тавараў, аднак варта адзначыць, што ў гэтай  чарзе наша краіна будзе не адна.

    Фото: Iran.mfa.gov

    ПаказацьСхаваць каментары