Спампаваць PDF:
Рэзюмэ
- Пасля выбараў 2020-га года ў стасунках з Беларуссю Еўрапейскі саюз перайшоў да формулы “салідарнасць, падтрымка, санкцыі”. Гэта азначала спыненне кантактаў з уладамі і пераарыентацыю рэсурсаў на грамадзянскую супольнасць. З 2020-га года ЕС выдзеліў каля € 170 млн. для падтрымкі незалежных медыяў, НДА, ахвяр рэпрэсіяў, адукацыйных і бізнес-праектаў. Санкцыі і іншыя абмежавальныя захады ў дачыненні да дзяржавы з пашырэннем іх маштабу да сектаральных сталі цэнтральным палітычным інструментам. ЕС паказаў прынцыповае стаўленне да Беларусі, але масавая свядомасць бачыць у палітыцы ЕС не толькі падтрымку, але і абмежаванні.
- Стаўленне беларусаў да ЕС застаецца супярэчлівым. Пасля 2022-га года больш беларусаў схіляецца да збліжэння з Расеяй, чым з ЕС. У той жа час, большасць беларусаў падтрымлівае ўмацаванне практычных сувязяў з ЕС, каб пашырыць магчымасці для турызму, адукацыі і падпрацовак. Крытычнай з’яўляецца роля асабістага досведу: тыя, хто меў кантакты з ЕС, часцей падтрымліваюць еўрапейскія каштоўнасці і разумеюць логіку санкцый.
- Маладое пакаленне і дыяспара ў Еўропе застаюцца галоўнай праеўрапейскай базай: значная частка моладзі хацела б вучыцца ў ЕС і працаваць там. Аднак масавыя абмежаванні на паездкі, візавыя цяжкасці і рост выдаткаў (да € 600 за візу, яе чаканне да паўгода, складанасці ўезду ў ЕС) падрываюць падтрымку і фармуюць уражанне аддаленасці Еўропы.
- Санкцыйная палітыка сталася найбольш праблемным аспектам: большасць беларусаў схільныя лічаць, што санкцыі шкодзяць найперш грамадству, а не рэжыму. Гэта падрывае давер нават сярод прыхільнікаў ЕС.
- Імідж ЕС у Беларусі фармуецца не толькі праз палітыку ўсяго ЕС, але і праз дзеянні асобных дзяржаў-чальцоў. Негатыўныя рашэнні ці практыкі адных краінаў (напрыклад абмежаванні на ўезд або жорсткія візавыя працэдуры) лёгка пераносяцца на ўвесь ЕС, падрываючы яго агульную рэпутацыю і ўзмацняючы скептыцызм унутры беларускага грамадства.
- Беларуская дзяржаўная прапаганда актыўна прасоўвае негатыўны вобраз ЕС праз тэмы “эканамічнага заняпаду”, “мілітарызацыі” і падтрымкі “беларускай апазіцыі”. Тым не менш, агульная рэакцыя на такую прапаганду застаецца слабой, што сведчыць пра пэўную ўстойлівасць беларусаў да прадзяржаўных наратываў.
- ЕС успрымаецца ў камунікацыі незалежных медыяў, беларускіх дэмакратычных палітыкаў і НДА як важны партнёр, прастора агульных каштоўнасцяў, сімвал салідарнасці. У той жа час асвятленне палітыкі ЕС выразна супярэчлівае. Пазітыўныя наратывы канцэнтруюцца вакол падтрымкі дэмакратычных сілаў, негатыўныя – вакол санкцыйнай палітыкі і візавых абмежаванняў. Характэрна, што навіны пра падтрымку і кааперацыю з дэмакратычнымі сіламі часта становяцца “прахаднымі навінамі” з нізкім інтарэсам аўдыторыі, а навіны пра негатыўныя наступствы абмежавальнай палітыкі ЕС адносна простых беларусаў з’яўляюцца больш папулярнымі.
- Пасля 2020-га года ўзровень інфармаванасці беларусаў пра дзейнасць ЕС істотна знізіўся. Калі ў 2020-ым годзе 41% ведалі пра фінансавую дапамогу, то ў 2023-ім – толькі 23%.
- Ключавая прычына – зніжэнне ўзроўню камунікацыі пра ЕС і яго падтрымку як з боку ЕС, так і з боку бенефіцыяраў яго дапамогі. Адмова ад абавязковых патрабаванняў бачнасці і камунікацыі была ўведзеная ЕС пасля 2020-га года дзеля бяспекі беларускіх бенефіцыяраў. Адначасова сістэмная кампенсацыя гэтага дэфіцыту праз альтэрнатыўныя каналы і спосабы камунікацыі адсутнічае.
- У апошні год ЕС пашырае колькасць камунікацыі і разумее неабходнасць большага ўцягвання ў камунікацыю беларускіх гульцоў. Беларуская грамадзянская супольнасць і медыі таксама прызнаюць патрэбу больш актыўна казаць пра Еўропу. Але існуе “шэрая зона адказнасці”: медыі лічаць, што гэта функцыя НДА, а НДА лічаць, што гэта задача медыяў.
- Калі падсумаваць, то пасля 2020-га года палітыка ЕС была прынцыповай і беспрэцэдэнтнай паводле маштабу падтрымкі. Але для масавай свядомасці яна фармуе супярэчлівы вобраз ЕС як таго, хто дапамагае і падтрымлівае, і адначасова таго, хто абмяжоўвае, ускладняе жыццё і не мае рэальнага ўплыву на рэжым Лукашэнкі. Складваецца вобраз ЕС як “пасіўнага” актара, які заўсёды “занепакоены”, але мала ўплывае на сітуацыю. Як адзначалі ўдзельнікі фокус-групаў, “занепакоенасць” стала своеасаблівым брэндам ЕС у вачах нават тых, хто падзяляе еўрапейскія каштоўнасці.
Рэкамендацыі
Даследаванне прапануе трохэтапную мадэль кіравання вобразам ЕС: прасоўванне пазітыўнага іміджу (PROMOTE), тлумачэнне палітыкі (EXPLAIN) і абарона рэпутацыі (PROTECT). Мадэль накіраваная на стварэнне праеўрапейскіх наратываў, павышэнне празрыстасці рашэнняў ЕС і супрацьдзеянне дэзынфармацыі.
Стратэгія мусіць базавацца на трох прынцыпах: (1) актыўна ўцягваць беларускія незалежныя медыі, НДА і дэмакратычныя сілы ў стварэнне матэрыялаў пра ЕС з улікам лакальнай экспертызы; (2) павялічваць бачнасць падтрымкі ЕС праз бяспечныя фарматы – партнёраў у выгнанні, крос-рэгіянальныя праекты, культурныя прадукты; (3) працаваць са спецыяльнымі мэтавымі аўдыторыямі – моладдзю і прафесійнымі групамі. Акцэнт трэба рабіць на канкрэтных гісторыях людзей і персанальным досведзе.
Для прасоўвання вобраза: павялічыць аб’ём камунікацыі пра падтрымку з боку ЕС у сектарах адукацыі, культуры, медыяў і правоў чалавека праз персанальныя гісторыі і канкрэтныя прыклады праектаў. Матываваць беларускія НДА расказваць пра праекты з падтрымкай ЕС праз увядзенне камунікацыйных інструкцый для імплементараў. Заахвочваць беларускія медыі ствараць тэматычныя прадукты пра ЕС для спецыяльных аўдыторый праз конкурснае фінансаванне. Забяспечыць доступ журналістаў да эксклюзіўнай інфармацыі праз кааперацыю з еўрапейскімі структурамі.
Для тлумачэння палітыкі: павялічыць колькасць камунікацый пра палітыку ЕС, паказваючы логіку і мэты рашэнняў для фармавання аб’ектыўнага ўспрымання. Праводзіць брыфінгі для незалежных медыяў і арганізоўваць інтэрв’ю еўрапейскіх чыноўнікаў у беларускіх выданнях. Рыхтаваць тлумачальныя матэрыялы для сацыяльных сетак. Праводзіць асобныя мерапрыемствы пра тое, як арганізаваная сістэма падтрымкі і выдзялення сродкаў.
Для абароны рэпутацыі: арганізаваць пастаянны маніторынг іміджу ЕС у Беларусі праз кааперацыю з мясцовымі аналітычнымі цэнтрамі і медыяструктурамі. Наладзіць хуткі канал каардынацыі паміж еўрапейскімі чыноўнікамі і беларускімі медыямі для аператыўных каментароў падчас інфармацыйных хваляў. Запускаць матэрыялы, якія тлумачаць адрозненне пазіцыі ЕС ад асобных дзяржаў-чальцоў. Падтрымліваць рэгіянальныя праекты ў супрацьдзеянні дэзынфармацыі і стымуляваць кааперацыю даследчыкаў, медыяменеджараў і спецыялістаў са сферы стратэгічных камунікацыяў у супрацьстаянні расейскай прапагандзе.
Чытайце даследаванне цалкам!