Адвечным шляхам
Трэба разумець, што ідэя нейтралітэту Беларусі перажыве ўсё – і грамадска-палітычны крызіс, і магчымыя змены ў Канстытуцыі краіны і нават самога Лукашэнку. Нягледзячы на тое, што яна даўно жыве сярод эліт і ў беларускім грамадстве, яе сапраўднае значэнне мала хто ўяўляе. Яшчэ менш разумення, як яе рэалізаваць.
Ігнат Абдзіраловіч (псеўданім Ігната Канчэўскага – беларускага філосафа і публіцыста) яшчэ сто год таму ў сваім творы «Адвечным шляхам» асэнсаваў айчынную гісторыю як баланс між Захадам і Усходам. І адбываецца гэта таму, што беларусы сапраўды дзесьці пасярэдзіне і ўяўляюць сабою гэткі цывілізацыйны сінтэз.
Вядома, у складзе СССР Беларусь ніякай самастойнай палітыкі (акрамя ўдзелу ў ААН) не праводзіла. Але нейтралітэт суправаджае нашу краіну з моманту абвяшчэння яе незалежнасці. З Дэкларацыі гэта перайшло ў нашу Канстытуцыю і застаецца там дагэтуль, нягледзячы на ўсе яе змены.
Яскравыя праявы нейтралітэту заўважныя ў перыяд 2008-2020 гадоў. «Мінскі дыялог» падабраў да тых праяваў нейтралітэту адпаведную назву – «сітуатыўны нейтралітэт». Але ён быў важны і для Беларусі, і для рэгіёна, ён таксама меў каштоўнасць для нашых партнёраў з заходніх краін.
Інфраструктура нейтралітэту
Пасля жніўня 2020-га года беларускі рэжым з пункту гледжання знешняй палітыкі ацалеў толькі дзякуючы падтрымцы Расіі. Таму цалкам зразумелае памкненне кіраўніка дзяржавы прыбраць цяпер нават згадкі аб нейтралітэце, бо нават у лепшыя гады завязанасць на Расіі – што ў эканоміцы, што ў масмедыях – была надзвычай высокай і адмаўляць яе немагчыма.
Але за гады незалежнасці ў Беларусі склалася рэпутацыя цэнтра міжнароднага жыцця на прасторы СНД, месца, дзе вырашаюцца рэгіянальныя канфлікты. І гэта можна назваць інфраструктурай нейтралітэту. Мінскую групу АБСЕ добра ведаюць па Нагорным Карабаху, а пад «Мінскім працэсам» на Захадзе разумеюць спробы ўлагодзіць канфлікт між Расіяй і Украінай. Ёсць устойлівы выраз і ў «Мінскіх пагадненняў». Гэта важная аснова для нейтралітэту Беларусі і ў будучыні.
Але ёсць і моцная перашкода: любыя беларускія ўлады пасля Лукашэнкі ўсё адно будуць знаходзіцца ў сітуацыі, калі краіна працягне моцна залежаць ад Расіі.
Нейтралітэт? Нам гэта нецікава
Ідэя беларускага нейтралітэту можа быць паспяховай, калі ён будзе карысны для рэгіёна, бо цяпер і на Захадзе гэта можа не выклікаць энтузіязму, і да гэтага трэба прызвычаіцца.
Калі казаць пра карысць для нашых суседзяў і рэгіёна, то ў ім з’явіцца дзяржава роўнааддаленая ад Расіі і Захаду, не будзе пункта для канфлікту, а гэта для нашага абшару зараз надзвычай важна. Затое з’явіцца пункт для далейшых перамоваў, буферная зона між НАТА і Расіяй.
Для нашых усходніх суседзяў, праўда, выгады ў сённяшняй сітуацыі менш. У параўнанні з сённяшнім станам нашых узаемаадносін, дык дакладна.
Рэкамендацыі для ўмацавання беларускага нейтралітэту
- Празрыстасць пры прыняцці рашэнняў у замежнай палітыцы. Годны прыклад – Беларусь у 2013-2020 гг., калі на Захадзе шмат хто пазітыўна ацэньваў палітыку Лукашэнкі, хоць і захоўваў скептычнае стаўленне да яго. Таму што не было ясна, як прымаюцца рашэнні, і нават айчыннае МЗС не заўжды ведала пра свае наступныя крокі. Дыскусіі з экспертамі, палітыкамі, дыпламатамі, навукоўцамі і журналістамі важныя, каб гэтага пазбягаць.
- Пашырэнне міжнароднага гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйна-фінансавай супрацы. Абмежавальныя меры трэба зніжаць і пашыраць супрацу з Сусветным банкам, СГА, МВФ, ЕБРР ды іншымі.
- Паляпшэнне стасункаў з ЕС ды ЗША. Беларусь свае адносіны з ЕС мае базаваць на пагадненні, падпісаным яшчэ ў 1989-ым г.
- Пояс добрасуседства і ўмацаванне дальняй дугі партнёраў. Беларусі важна падпісваць дамовы аб двухбаковай супрацы з суседзямі. Можна паляпшаць супрацоўніцтва і з далёкімі краінамі, такімі як Кітай ці Турцыя, але пры гэтым нельга пераацэньваць сваю значнасць для іх, як гэта часта робіць Лукашэнка.
- Знізіць небяспеку вайны ў рэгіёне. АДКБ як арганізацыя не мае ні плюсаў, ні мінусаў для Беларусі. Яна ў цэлым была створаная для бяспекі ў Сярэдняй Азіі. Але нам трэба дамагчыся гарантый бяспекі з боку НАТА. Гэта будзе і дадатковы плюс пры перамовах з Расіяй, каб паказаць ёй, што пагрозы нейтралітэту ў рэгіёне для нас няма.
- Альтэрнатыўныя крыніцы пастаўкі энергарэсурсаў. Неабходна павялічваць і дыверсіфікаваць крыніцы энергіі. Трэба вярнуцца і да інфраструктуры краін Балтыі ў гэтым плане, да таго, каб беларуская АЭС працавала і на рынку ЕС. І ў кантэксце зялёнай энергетыкі важна падключаць Беларусь да міжнародных праектаў фінансавай дапамогі, каб развіваць гэтую галіну, бо яна часта досыць дарагая.
- Умацаванне Мінска як экспертнай і дыялогавай пляцоўкі. Гэта важна захаваць і развіваць, бо гэта пэўны рэсурс, які створаны з паветра. Так выйшла, што ў нас з’явіўся гэты вобраз. Таму, калі сітуацыя палепшыцца, трэба да гэтай ідэі вярнуцца.
- Прапанова Беларусі як месца магчымасцяў. Трэба стварыць новы вобраз Беларусі як месца, дзе адбываецца нешта новае. Таму што існы вобраз досыць жахлівы. І брэнд, які Лукашэнка стварыў для краіны, палохае ўсіх ужо досыць працяглы час. Таму трэба падумаць, як людзям “перапрадаць” Беларусь, напрыклад, як краіну ІТ, якаснай медыцыны, лагістычнага цэнтра.
- Безбар’ернае асяроддзе для перасоўвання людзей і рэсурсаў. Нам трэба казаць, што мы – эканамічна адкрытая краіна, што тут можна займацца бізнесам, тут спрашчаюцца ўмовы яго вядзення і развіваюцца фінансавыя рынкі. Гэта можна было б прадаць і Расіі, бо гэта выгадна ўсім.
- Трэба пераконваць Расію, што мы не нясем пагрозы яе інтарэсам. Варта захоўваць статус рускай мовы, РПЦ, захоўваць магчымасць кансультацый і перамоў на нашай тэрыторыі. Але куды цяжэй выпрацаваць падыход да развіцця сумеснага ваенна-навучальнага цэнтра, бо ён і навобмацак база, і па функцыянаванні – база.
- Важна працаваць над тым, каб у будучыні напружанне між Захадам і Расіяй змяншалася. Праз напружанне нам самім горш.
Швейцарыі лёгка быць нейтральнай
Можна сказаць, што ў сваёй гісторыі беларусы спачатку належалі да еўрапейскай цывілізацыі, а потым – да ўсходнееўрапейскай субцывілізацыі. Але нейтралітэт як ідэал – раскоша. Лёгка быць нейтральнай Швейцарыяй, калі ты аточаны досыць развітымі ў палітычным, эканамічным ці ідэалагічным плане краінамі. А ў Беларусі ўвесь час праходзілі межы і войны.
Калі казаць пра рэаліі, то Новая Беларусь і яе лідары, калі яны захочуць быць устойлівымі, не павінны рабіць рэзкіх рухаў. Тут пытанне і эканомікі, моцна прывязанай да Расіі. Пераход да нейтралітэту ў нашым выпадку – тэктанічны зрух. І ён мае сэнс тады, калі афіцыйныя Мінск ды Масква нешта зробяць для гэтага разам.
Нейтралітэт магчымы не толькі тады, калі ёсць кансэнсус у грамадстве. Калі людзі не толькі ў рамантычных настроях пры апытанні выступаюць за яго, а гатовыя пазбавіцца працы, бо іх завод зачыніцца праз нейкія праблемы ці хітрыкі Масквы.
Белы і пухнаты сусед
Новая Беларусь, хутчэй за ўсё, будзе мець справы з пуцінскай Расіяй, якая ўяўляе сабою аўтакратычнага брата таго рэжыму, які цяпер існуе ў нашай краіне. Нават калі мы пачнем развівацца па-заходняму, то з такім суседам нейтралітэт нам не свеціць. Наша паўднёвая краіна-суседка на сабе ўсё гэта ўжо адчула. Пры Пуціне нейтралітэт дакладна немагчымы.
Але калі ў Расіі змены адбудуцца раней за нас, то постпуцінская Расія зможа або і далей развівацца як каставая алігархічная дзяржава, або вярнуцца на цывілізаваны шлях развіцця. Калі яна стане антыпуцінская, то шанцы пажыць пад нейтральным небам у нас застануцца.
Майстэрства трымаць хвігу ў кішэні ці час паверыць у сябе
Калі ў 2010-ым годзе да 10 % беларусаў падтрымлівалі ідэю нейтралітэту, то цяпер за яе выступае траціна насельніцтва.
Канешне, можна разважаць, што «Расія нас не адпусціць» і «гэта немагчыма», але мы прызвычаіліся меркаваць, што ўсе іншыя абставіны граюць большую ролю чым тое, што рэальна думаюць і лічаць беларусы.
Калі глядзець у перспектыву на 10 год наперад, то гэты трэнд будзе нарастаць. Нават сярод тых беларусаў, што з’ехалі ў ЕС, усё адно большасць будзе выступаць за наш нейтралітэт, прычым без думкі аб яго антырасійскасці.
Сёння мы сапраўды мала ўплываем на тое, што думаюць Брусель ці Масква. Але грамадскае меркаванне надзвычай важнае. Трэба вучыцца і прызвычайвацца, што ўсё ў нашых руках. Трэба імкнуцца да таго, каб электаральная большасць была за нейтралітэт.
І трэба тлумачыць рускім, што наш нейтралітэт можа быць важным і карысным для іх.
Фота: Andrew Keymaster