• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Пост-Тут.бай: як змяняецца медыя-спажыванне ў Беларусі?

    Магчымае знікненне TUT.by з медыяпрасторы – бясспрэчная страта для беларускага грамадства. Што будзе далей і куды пойдзе аўдыторыя TUT.by?

    Што будзе з беларускімі незалежнымі СМІ?

    28-га чэрвеня саўладальнік TUT.by Кірыл Валошын заявіў пра рашэнне выдаліць усе публікацыі ў “Тэлеграм”-канале TUT.by за 2020-ы і 2021-ы гады. Медыйная платформа абгрунтавала гэта спробай абараніць як сябе, так і чытачоў. Раней такая  самацэнзура з боку медыяў у Беларусі не здаралася.

    Рэпрэсіі супраць TUT.by вядуць не толькі да такіх радыкальных крокаў з боку ўладальнікаў СМІ, але і адлюстроўваюць глабальныя змены ў беларускай медыя-прасторы. 

    Рэпрэсіі эвалюцыянуюць і закранаюць не толькі асобных журналістаў і выданні, але і іх аўдыторыю.

    Праз новаўведзеныя законы аб экстрэмізме ўладам будзе яшчэ прасцей даваць тэрміны за рэпосты, падабайкі для незалежных СМІ. 

    Калі законы аб экстрэмізме і сапраўды з’яўляюцца калькай з расійскай мадэлі, то наступнымі могуць быць некалькі крокаў. Адзін з іх – спісы экстрэмісцкіх выданняў. Пры прызнанні выдання экстрэмісцкім улады атрымліваюць хуткі і танны механізм для рэпрэсій яго аўдыторыі. 

    Да таго ж выкарыстаныя іншымі медыямі перапосты матэрыялаў такіх “экстрэмісцкіх” выданняў (нават калі такія перапосты былі зробленыя даўно) дазваляюць уладам мець дадатковы інструмент ціску на іншыя незалежныя медыі. Так, ужо двойчы гіганцкія штрафы былі накладзеныя на гарадзенскі Hrodna.Life, у публікацыях якога мясцовая міліцыя знаходзіла спасылкі на “экстрэмісцкія” рэсурсы.

    Другі крок, які могуць выкарыстаць улады, – гэта патрабаванні да ўладальнікаў сацсетак зняць кантэнт як прыватных карыстальнікаў, так і СМІ. Так часта робяць у Расіі, але ў большасці выпадкаў платформы адмаўляюць у такіх запытах.

    Напрыклад, расійскі федэральны суд нядаўна аштрафаваў Facebook і Twitter за адмову выдаліць запытаны кантэнт (публікацыі і візуальныя эфекты, якія заклікалі маладых расейцаў прыняць удзел у антыўрадавых пратэстах у студзені 2021-га года). Дасягнуць зняцця кантэнту, а не простых карыстальнікаў, складаней, але такое таксама здараецца, напрыклад, у Кітаі.

    У адказ на такія рэпрэсіўныя меры з боку дзяржавы можна чакаць усё больш маштабнай рэлакацыі як журналістаў, так і асобных медыяў за мяжу, стварэння там новых інфармацыйных рэсурсаў, якія будуць шукаць свае нішы ў беларускай інфапрасторы.

    Барацьба за аўдыторыю перацякла ў сацыяльныя сеткі

    У Беларусі даволі высокі адсотак грамадзян, якія карыстаюцца інтэрнэтам – 82,8 %, пры гэтым 41 % аддаюць перавагу сацыяльным сеткам. Пасля лета 2020-га сацсеткі сталі больш папулярнымі як альтэрнатыўная крыніца незалежнай журналістыкі. Сярод моладзі (1,7 млн) у 2020-ым годзе 96,6 % карысталіся інтэрнэтам кожны дзень.

    Натуральна, аўдыторыя СМІ ў сацсетках стала расці летам 2020-га, але ўжо ў маі гэтага году колькасць гледачоў беларускага YouTube значна знізілася ў параўнанні з мінулым летам. Гэта заўважна і на прыкладзе беларускага YouTube: 63 445 712 праглядаў у маі 2021 і 104 101 910 у верасні 2020. У маі 2021-га года аўдыторыя беларускага YouTube размеркавалася паміж “Белсатам” (10 млн праглядаў у маі і 17 млн у верасні), TUT.by (6,3 млн праглядаў у маі і 48 млн у верасні), каналамі “Реальная Беларусь”, “Есть Новости”, “Маланка”.

    Вядома, што прапаганда таксама знаходзіць сваю аўдыторыю і пра гэта нельга забываць.Напрыклад, канал АТН, які займаў 11-ае месца ў верасні мінулага года па папулярнасці на беларускім YouTube, сёння займае 6-ае месца (з 2 млн праглядаў у верасні 2020 да 2,8 млн у маі 2021). 

    Атака на TUT.by – глабальная страта для грамадства

    У той час як шмат якія незалежныя СМІ ў Беларусі ўжо навучыліся працаваць у сацсетках, менавіта ў выпадку TUT.by сайт не толькі дазваляў зарабляць на рэкламе, але і збіраў вялікую колькасць наведвальнікаў. У маі 2021-га сайт TUT.by заставаўся першым у Беларусі па колькасці наведвальнікаў. Каля 45 % беларусаў з доступам да інтэрнэту абіралі менавіта яго.

    Медыяэксперты адзначаюць, што беларусы аддавалі перавагу TUT.by у першую чаргу за нейтральнасць і аб’ектыўнасць. Наведвальнікамі сайта былі як прыхільнікі пераменаў, так і прадстаўнікі ўладаў, бо TUT.by часта асвятляў пазіцыі розных бакоў. Пры гэтым раней СМІ не раз крытыкавалі прадстаўнікі апазіцыі за недастатковую крытыку рэжыму.  

    Акрамя таго, шматлікія дзяржаўныя і прыватныя кампаніі выкарыстоўвалі сайт TUT.by для размяшчэння рэкламы, з якой рэсурс таксама плаціў падаткі. Агулам падаткі, якія сплочваў TUT.by, напрыклад, у 2019-ым годзе, пакрывалі 60 % бюджэтнага фінансавання для дзяржаўных СМІ. Але сёння ўладам не да падліку бюджэтных стратаў, бо яны абралі стратэгію перамогі над іншадумствам любым коштам. 

    Пост-Тут.бай: чатыры сцэнары для аўдыторыі TUT.by

    Адно з галоўных пытанняў адносна разгрому TUT.by – куды пойдзе яго аўдыторыя?

    1) Найбольш зразумелы сцэнар – гэта яшчэ большая дыгіталізацыя і размыванне аўдыторыі. Хутчэй за ўсё, беларусы будуць шукаць інфармацыю ў іншых СМІ альбо ў “Тэлеграме” і YouTube-каналах. 

    Дарэчы, не варта забываць, што публікацыі TUT.by з 1-га чэрвеня гэтага года не былі выдаленыя. І будучыя матэрыялы, магчыма, будуць цэнзуравацца самім СМІ перад публікацыяй. Таму казаць, што TUT.by цалкам разграмілі ўлады, – яшчэ рана.

    2) Другі сцэнар часткова звязаны з першым. У пошуках альтэрнатыўных крыніцаў беларусы могуць свядома ці несвядома абіраць больш радыкальныя СМІ і каналы. Пры гэтым даволі наіўна чакаць, што радыкалізацыя адбудзецца ў бок дзяржаўных медыяў.

    Дыскурсы дзяржаўных СМІ “паглядзіце як ва Украіне”, “а ў ЗША гэта называецца марадзёрствам”, “апазіцыя распільвае грошы” занадта радыкальныя для былой аўдыторыі TUT.by.

    3) Трэці сцэнар – TUT.by вернецца ў новай форме. Аўдыторыя TUT.by можа і не размеркавацца паміж іншымі СМІ, калі медыя здолее хутка стварыць рэбрэндаваную альтэрнатыўную пляцоўку.

    4) Апошні сцэнар, і, напэўна, самы небяспечны – дэпалітызацыя. Ужо сёння беларусы дзеля бяспекі адпісваюцца ад “Тэлеграм”-каналаў і пачынаюць прывыкаць да рэпрэсіяў, якія больш не выклікаюць моцнай рэакцыі. Стомленасць ад кепскіх навінаў, павышэнне парога ўспрыняцця рэпрэсій можа зноў вярнуць беларусаў у стадыю часовай незацікаўленасці палітыкай. 

    Гэта, верагодна, і з’яўляецца адной з задачаў разгрому незалежнай прасторы рэжымам. Як доўга будзе доўжыцца гэтая дэпалітызацыя? Гэта можа залежаць ад таго, як хутка з’явіцца новае акно магчымасцяў для ўдзелу ў палітыцы ўнутры краіны.

    Фота: Dixinews

    ПаказацьСхаваць каментары