падтрымаць нас

Грамадства

Стрэсці пыл. Як зрабіць беларускія музеі папулярнымі

Стрэсці пыл. Як зрабіць беларускія музеі папулярнымі
Заходнееўрапейскія музеі становяцца больш інтэрактыўнымі і сучаснымі. Беларусь можа дагнаць упушчанае.

Туга – гэта тое, з чым асацыююцца беларускія музеі, якіх у краіне налічваецца каля 2 тыс. Каб прыцягваць больш людзей, яны павінны звярнуцца да сусветнага досведу, калі музеі ператвараюцца ў адукацыйныя прасторы, пляцоўкі для дыскусій ці месцы, куды дзеці прыходзяць начаваць.

Сёння заходнія музеі шукаюць “новы лук” (new-look museums), які часта называюць “эфектам Більбаа”. Назва паўстала дзякуючы аднаму з найбольш вядомых у свеце будынкаў у стылі дэканструктывізму, якім з’яўляецца музей Гугенхайма ў Більбаа (на здымку вышэй). Ён даказвае, што арыгінальны музей можа не толькі ўпрыгожваць горад, але і прыцягваць турыстаў.

Будынак размешчаны на набярэжнай і ўвасабляе сабою абстрактную ідэю футурыстычнага карабля. Наведвальнікі цягам першых трох гадоў пасля адкрыцця ўстановы пакінулі ў Більбаа больш за € 100 млн у выглядзе падаткаў для мясцовых уладаў. Гэтага аказалася дастаткова, каб акупіць выдаткі на будаўніцтва і выйсці ў плюс.

Музей у Більбаа натхняе ўвесь свет. Напрыклад, кітайцы штогод будуюць каля тысячы музеяў. (Як яны выглядаюць глядзі ніжэй.) Гэта практыка становіцца добрым стартам для новых культурных праграм, нават калі музею пакуль няма чаго паказаць.

kitaj

Стаўка на новае і актуальнае

У шматлікіх еўрапейскіх музеях ставяць на развіццё сучаснага мастацтва. На пачатку стагоддзя ў лонданскай Галерэі сучаснага мастацтва мастак Алафур Эліясан выкарыстаў для інсталяцыі ўлюбёную тэму англічан – надвор’е. Інсталяцыя ўяўляла сабой пакрытую люстэркамі столь, а сістэму ўвільгатнення памяшкання ён запоўніў сумессю цукру і вады, каб стварыць туман. Наведвальнікі клаліся на падлогу і глядзелі, як з цемры выходзіць вялікае сонца, зробленае з сотняў жоўтых агеньчыкаў. За пяць месяцаў паказу інсталяцыі яе наведалі каля 2 млн чалавек.

Шмат у чым дзякуючы той інсталяцыі цяпер найбольш знаныя музеі ці прынамсі некаторыя іх залі, скіраваныя на сучаснае мастацтва. Некалькі дзясяткаў такіх новых будынкаў было завершана цягам апошніх двух гадоў у Буэнас-Айрэсе, Кліўлендзе, Кракаве, Рыме, Осла і Сіднэі.

Як напоўніць музеі грашыма

Законы шматлікіх еўрапейскіх краін прадугледжваюць зніжэнне працэнтнай падатковай стаўкі для тых бізнесоўцаў ці фірмаў, якія займаюцца дабрачыннасцю і дапамагаюць утрымліваюць як дзяржаўныя, так і прыватныя музеі. Дзякуючы такой падтрымцы музеі маюць магчымасць набываць новыя экспанаты.

Большасць музейных прастораў у Еўропе, Амерыцы і Аўстраліі цяпер існуюць дзякуючы спалучэнню дзяржаўнай, карпаратыўнай і індывідуальнай падтрымкі. Нават у Германіі, дзе музеі ў асноўным атрымліваюць датацыі ад дзяржавы, вядзецца гаворка, каб павысіць прыбытак ад продажу білетаў і спонсарства да 8,5 % гадавога бюджэту музеяў.

Добры спосаб зарабіць грошы без дзяржавы – гэта здаваць у арэнду мастацкія творы. Берлінская галерэя, напрыклад, зарабіла каля € 1 млн на пракаце ў Японіі двух карцінаў Вермера. Музей Пікаса ў Парыжы павялічыў свае прыбыткі з € 30 да € 50 млн еўра ў год на пракаце сваёй калекцыі за мяжой. Дырэктар музея Ван Гога ў Амстэрдаме кажа, што спіс ахвотных арэндаваць найбольш папулярныя карціны ўстановы – неверагодна доўгі.

kitaj1

Што рабіць Беларусі

Паводле афіцыйных дадзеных, беларусы ўсё болей ходзяць у музеі. Найбольшай папулярнасцю цешыцца новы музей Вялікая айчыннай вайны, дзе штомесяц бывае ад 30 да 60 тыс. наведвальнікаў.

Але іншыя музеі наўрад ці могуць пахваліцца такімі вынікамі. У бальшыні з іх дасюль няма не толькі аудыё-гідаў, але нават надпісаў па-англійску. Існуе шмат насамрэч цікавых музеяў, але большасць экспанатаў знаходзіцца ў сховішчах і вельмі рэдка выстаўляецца ў асноўнай калекцыі.

Некаторыя музеі практыкуюць інтэрактыўныя формы размовы з наведвальнікамі і шмат хто рыхтуе выставы, прыцягваючы спонсараў. Але бізнесоўцы не спяшаюцца станавіцца ў чаргу, каб дапамагчы, бо нашым падатковым заканадаўствам ніякіх ільгот для іх бізнесу не прадугледжана. Хоць гэтыя ільготы маглі б зацікавіць заможных людзей спрыяць развіццю музейнай дзейнасці і выхаванню новага пакалення.

Нават міжнародная акцыя “ноч музеяў” у Беларусі застаецца платнай. Найдаражэй уваход у “ноч музеяў” каштаваў у Нацыянальным мастацкім музеі – 190 тыс. рублёў. У Еўропе ці прынамсі ў найбліжэйшых нашых суседзяў гэтая падзея прываблівае тым, што нават у найдаражэйшыя музеі вы можаце трапіць бясплатна.

Варта не толькі рэарганізаваць старыя музеі, робячы іх больш інтэрактыўнымі, але і будаваць новыя – большыя і меншыя – цікавыя прасторы, дзе сучасныя мастакі змогуць прэзентаваць сябе і свае творы, дзе экспанаты са старых музеяў могуць атрымаць новае жыццё.

Зацікаўленасць Усходам, славянскай гісторыяй, асабліва ў сучаснай палітычнай сітуацыі, досыць вялікая. Таму беларусам варта прапаноўваць свае выставы іншым музеям на Захадзе.

Галоўнае, каб не абцяжарваць бюджэт дзяржавы, варта даваць падатковыя ільготы, каб прыцягваць больш сродкаў ад прадпрыемстваў. Некаторыя беларускія музеі могуць дагнаць заходнія, але ім спатрэбіцца больш грошай, чым дае ім дзяржава.