• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • “Відавочная ізаляцыя нашай індустрыі”. Што не падабаецца рэжысёрам у айчынным кіно

    Мы апыталі найлепшых беларускіх адмыслоўцаў, што яны хацелі б змяніць у кіно  – ніжэй усё, што яны адказалі.

    Напярэдадні адкрыцця міжнароднага фестывалю “Лістапад” разгарэўся буйны скандал. Адныя беларускія рэжысёры пачалі ў сацсетках і медыях крытыкаваць Міністэрства культуры за ўвядзенне цэнзуры ў Нацыянальным конкурсе, другія – здымаць стужкі з паказаў. На гэтай хвалі народнага гневу мы вырашылі зрабіць невялікую апытанку сярод кінавытворцаў пра тое, што іх раздражняе ў беларускім кіно і што яны хацелі б у ім змяніць.

    Дар’я Жук, рэжысёрка фільма “Крышталь”


    Хочацца, каб зʼявіўся прыватны кінафонд, які выдаваў бы грошы на малабюджэтнае кіно: фестывальныя рэлізы, аўтарскія праекты і дэбюты. Мне здаецца, што велізарная сістэма Міністэрства культуры будзе яшчэ доўга разгойдвацца, перш чым нешта падобнае зʼявіцца ў краіне. Я ведаю, што ў нас ёсць прадзюсары Віктар Лабковіч і Сяргей Якубоўскі, якія падтрымліваюць беларускія праекты як могуць. Але ў іх таксама ёсць свае пэўныя арыенціры – гэта камерцыйнае кіно.

    Фонд маглі б фінансаваць нашыя бізнесмены, банкі ды IT-кампаніі.

    А кінематаграфісты з вопытам працы раз у год выдавалі б “прыз” некалькім праектам дзеля іх вытворчасці. Гэта магло б неяк запусціць сітуацыю з кінавытворчасцю ў краіне, разварушыць яе. Пры гэтым дзейнасць фонду павінна быць дастаткова празрыстай, працэдура прыняцця рашэнняў узважанай. Каб гэта было для нас, аўтараў, вялікай падзей. І каб магчыма было зразумець, якія праекты заяўленыя і чаму менавіта яны атрымалі грошы. Каб на вялікую суму прэтэндаваў не вялікі фільм, а некалькі маленькіх адначасова.

    Напрыклад, за $ 200 тыс. можна было б зняць малабюджэтны фільм, які не сорамна паказаць на фестывалях. Вядома, можна здымаць і за значна меншыя сродкі, тым больш рэжысёры-дэбютанты могуць адмовіцца ад сваіх заробкаў, але тэхнічная каманда зусім ужо галадаць не можа.

    Мяне хвалюе, што той Рэспубліканскі конкурс кінапраектаў, які існуе, праходзіць нерэгулярна, у розны час.

    Калі мы стабільная краіна, то чаму конкурс не можа быць таксама стабільны?

    Калі б ён дакладна праводзіўся ў пэўны час і было б зразумела, на якія катэгорыі можна заяўляць праекты, – гэта было б выдатна. А не так, як цяпер.

    Дар’я Амяльковіч, аглядальніца газеты “Культура”

    У нашай сферы кіно мне не хапае празрыстасці. Напрыклад, якім чынам адбіраюцца праекты, што атрымоўваюць фінансаванне дзяржавы на рэспубліканскім конкурсе? Хто ўваходзіць у камісію, што адбірае канкурсантаў? Ці змяняецца яна? Якім чынам? Непразрыстасць спараджае недавер, а недавер вядзе да адсутнасці моцнага конкурсу, а значыць якасці праектаў, якія ідуць у запуск. У выніку – маем тое, што маем.

    Відавочная ізаляцыя нашага кіно.

    Прысутнасць беларускіх фільмаў на прэстыжных і па-сапраўднаму крутых кінафестывалях – гэта пераважна дасягненне саміх аўтараў.

    Апошнім часам кінастудыя “Беларусьфільм” распачала працу ў гэтым кірунку, значны крок па дыстрыбуцыі стужак айчынных аўтараў робіць цэнтр “Арт-карпарэйшн”, але гаворыць пра планамерную стратэгію для ўсёй сферы пакуль не даводзіцца. Кааперацыя, якая з‘яўляецца для мноства кінематаграфій звычайнай практыкай, у нас выдаецца за дасягненне. Закрытасці сферы садзейнічае адсутнасць неабходных нарматыўных актаў у заканадаўстве (не толькі ў культурнай сферы), пэўных прэферэнцый для інвестараў, што рабілі б пляцоўку нашай краіны прыцягальнай для здымак.

    Нам неабходна свежае паветра, асяродак для самавыяўлення. Выношу яго асобным пунктам. Не будзе радасці творчасці – застанецца толькі пустэча.

    Канстанцін Варабей, намеснік дырэктара “Майстэрні сацыяльнага кіно”

    Існая тэндэнцыя выдзялення дзяржаўнага фінансавання на кіно –  зусім несправядлівая. Яна не накіраваная на пошук і вызначэнне лепшых кінематаграфістаў.

    На сённяшні дзень выконваецца толькі адна галоўная задача – забеспячэнне нацыянальнай студыі фінансаваннем.

    Маладыя рэжысёры і далей будуць вымушаныя зʼязджаць у пошуках фінансавання для сваіх праектаў за мяжу. Будзем абʼектыўныя: пакуль у Беларусі не зʼявіцца эфектыўная сістэма падтрымкі кінематаграфістаў, то прыцягваць замежных партнёраў для праектаў, знаходзячыся ў Беларусі, будзе вельмі складана.

    Калі звярнуцца да досведу замежных фондаў кіно, то ў першую чаргу там ацэньваецца сцэнар, рэжысёр і яго вопыт, партфоліа, рэжысёрская канцэпцыя, вопыт і папярэднія працы сцэнарыста, аператара, наяўнасць капрадукцыйных партнёраў. Усяго гэтага ў конкурсе Міністэрства культуры няма.

    Пакуль гэтыя крытэрыі не будуць перагледжаны, а працэдура не стане празрыстай (пітчынг, незалежнае журы і інш.), то прыватныя кампаніі і далей будуць выказваць скептыцызм да дадзенай працэдуры.

    Кірыл Галіцкі, рэжысёр стужак “Пляж\Лес\Тамбур” і “Называйце гэта як хочаце”

    Я лічу, што самая вялікая праблема беларускай індустрыі ў тым, што ўсе кажуць: “Вы ж самі ўсё добра разумееце”. А мне, як аўтару, здаецца, што не зразумела абсалютна нічога. Праблемы не прагаворваюцца, іх рашэнні не шукаюцца. Чорнае называецца белым, а белае чорным, і ў такой парадыгме прапануецца існаваць, працягваць працаваць.

    Гэтую калізію можна вырашыць, прагаварыўшы яе ад пачатку да канца простымі словамі.

    Вось як у тым старым анекдоце пра зносіны дарослага бацькі і яго непаўналетняга сына, калі апошні пытаў: “Тата, ты зараз са мной размаўляў?” Мне б хацелася ператварыцца ў такога хлопчыка чатырохгадовага, каб мне патлумачылі, па якіх прынцыпах у Беларусі варта працаваць, каб без праблем здымаць кіно.

    Каб усе тыя людзі, якія датычныя да фармавання клімату ў айчыннай кінаіндустрыі, патлумачылі сваё бачанне, пазіцыю, супаставіўшы нашу сітуацыю з кінематографам, з яго становішчам у нашых суседзяў: ва Украіне, Расіі, Польшчы, Літве.

    Цалкам відавочна, што нам неабходная інфраструктура, якая б займалася падтрымкай кінематаграфістаў, іх адукацыяй, давала б ім новыя веды, практычныя навыкі і магчымасці, не абавязкова фінансавыя, але хаця б тэарэтычныя. Мы на агульнанацыянальным узроўні не вельмі разумеем, якое кіно мы хочам рабіць, чаго ад яго чакаем: заробкаў або прызнання на міжнародным узроўні. Гэта найчасцей ніяк не звязаныя паміж сабой памкненні.

    Леанід Каліценя, прадзюсар і арганізатар праекта “Сваё кіно”

    Калі казаць аб індустрыі, мяне раздражняе, што тое, чаго я хачу, робіцца больш павольна, чым неабходна. У мяне ўся энергія накіраваная на ўласную дзейнасць. Тое, што інфраструктура ў нас не гатовая, – так, гэта факт. Мяне гэты факт не засмучае. Я не паспяваю рэалізоўваць уласныя ідэі, так многа ў мяне амбіцый.

    Мне вельмі б хацелася, каб беларускае кіно хутчэй пазбаўлялася “дзіцячых хвароб”, звязаных з ростам. Калі птушаня вылупліваецца, яно нішчыць  адразу шкарлупіну, потым пакрываецца перʼем, нешта вывучае і пачынае лётаць. Яно ўсё яшчэ страшненькае, але ўжо не так, як учора.

    А нашая публіка і рэжысёры часта транслююць старыя думкі, жаданні, якія засталіся ва ўчорашнім дні.

    Але трэба рухацца наперад, а ў нас суцэльная інерцыя на ўсіх узроўнях. І вось драйву мне не хапае. Мне здаецца, што закасцянеласць нашай кінасупольнасці відавочная. Калі б яе стала менш, аўтары больш бы эксперыментавалі, публіка разумна б успрымала іх працы – гэта было б выдатна.

    Калі б была магчымасць, то я стварыў бы сапраўдную Гільдыю кінавытворцаў, каб мы апроч уласных вузкакарпаратыўных інтарэсаў маглі б прасоўваць агульныя мэты. Таму што незалежна ад таго, добрыя ў нас законы ці дрэнныя, зацікаўлены глядач ці не, – заўсёды будуць праблемы. І адсутнасць кансалідацыі, гатоўнасці адстойваць свае карпаратыўныя інтарэсы – вось гэта для мяне цяпер вялікая праблема. А калі мы гэтае пытанне вырашым, тады і кінафонды створым, з размеркаваннем фінансаў разбярэмся і г.д.

    ПаказацьСхаваць каментары