падтрымаць нас

Грамадства

Чаму Мінск больш не такі, які быў раней

Чаму Мінск больш не такі, які быў раней
Канспект дыскусіі пра тое, як Мінск набліжаецца да сапраўднага еўрапейскага горада.

На нашую дыскусію “Як ажывіць Мінск: Кастрычніцкая vs Зыбіцкая” мы запрасілі куратарку фэсту Vulica Brasil Мілу Котку, рэдактарку часопіса CityDog.by Ясю Каралевіч-Картэль і саўладальніка бара El Pushka Дзяніса Вальдэса, тых “агентаў зменаў”, якія ствараюць новы вобраз сталіцы. Атрымалася прыемная размова пра (нечакана) пазітыўныя змены горада, рост інтарэсу да культурных ініцыятываў і імпэт новага пакалення беларусаў. Як і чаму гэта адбываецца? Галоўныя думкі выступоўцаў ніжэй.

Як ажывае Мінск?

За апошнія тры гады культурная сфера ў Беларусі стала больш свабоднаю. Мы назіраем эканамічны крызіс і ўлады заняты вырашэннем сваіх праблем, а не закрыццём стрыт-арт-фэстаў ці новых бараў.

Гарадскія медыі выконваюць важную функцыю – яны даюць магчымасць дайсці добрым, новым, важным ініцыятывам да гараджаніна. Гарадскім часопісам ёсць пра што пісаць, а ініцыятывам прасцей знайсці свайго спажыўца.

Калі тры гады таму мы пісалі “крэатыўны кластар”, нават чытачы не заўсёды гэта разумелі. Сёння гэтыя словы выкарыстоўваюць ужо чыноўнікі. Мы ўсе разам вучымся.


Калі паглядзець рэйтынг “100 асобаў, якія робяць Мінск лепшым”, то пабачыце, што палова – гэта моладзь да 30 гадоў. Пры гэтым нічога істотна не змянілася: ні заканадаўства, ні плата за арэнду (не ва ўсіх сферах яна зменшылася), проста цяпер больш упэўненасці і смеласці. Людзі атрымалі вопыт і, каб развівацца далей, ідуць займацца ўласнымі праектамі.

Мінчукі паездзілі ў Еўропу і маюць уяўленне, якімі маюць быць сучасныя бары ці выставы. Таму і ёсць такі попыт.

Не трэба забываць пра тэхнічную рэвалюцыю. Вельмі лёгка звязацца з чалавекам за 10 000 кіламетраў ад цябе і рабіць разам праекты. Запрасіць мастака з Бразіліі ў Беларусь 10 гадоў было куды цяжэй, чым сёння.

У чым розніца паміж Зыбіцкай і Кастрычніцкай?

Зыбіцкая – гэта частка Верхняга горада, там заўсёды быў гандаль, шмат людзей. Сучасная Кастрычніцкая – гэта вуліца, створаная крэатыўным розумам, раней там быў сумны прамысловы раён. Ёю можна ганарыцца.

Працаўнікі завода МЗОР толькі тры дні на тыдзень складаюць частку Кастрычніцкай.

Кастрычніцкую адваёўвалі пад барную мілю спакваля, пры тым, што архітэктурныя праекты перабудовы вуліцы існавалі ўжо дзесяць гадоў таму. Зыбіцкая наадварот ад пачатку будавалася пад бары і рэстараны, не дзіўна, што ў выніку гэта і атрымалася.

Самая вялікая праблема – на ўсіх узроўнях людзі не хочуць браць адказнасць ні за што.

Кастрычніцкая – гэта гісторыя пра ініцыятыву, калі працэс развіваецца знізу ўверх, Зыбіцкая наадварот – горад даў інфраструктуру пад адпаведныя ўстановы, гэта гісторыя “зверху ўніз”.

Спачатку нават стрыт-арт-суполка не верыла, што Vulica Brasil магчымая. Усё атрымалася дзякуючы таму, што ў прадстаўнікоў бразільскай амбасады няма беларускага бэкграўнду “мы 10 разоў спрабавалі – нам 10 разоў адмовілі”.

Горад хацеў дазволіць наш фэст, але не ведаў, як гэта зрабіць. У ніводнай стратэгіі развіцця горада нічога не было напісана пра стрыт-арт-фэст. Прыйшлося проста збіраць вельмі шмат паперак.

Што з’яўляецца рухавіком ініцыятываў?

Асноўны рухавік файных ініцыятываў – гэта імпэт. Але праз нейкі час не блага было б зарабляць на гэтым грошы.

Шматлікія сённяшнія ініцыятывы заточаныя на валанцёрстве, асабліва ў экалагічнай тэматыцы – калі сартуюць смецце, прымаюць удзел у акцыях, падлічваюць дрэвы, пішуць петыцыі. Экалагічнай свядомасці стала больш і справа тут не ў грашах.

Вы можаце рабіць нешта даволі паспяхова, а потым не здолееце гэта паўтарыць. Тады ідзіце ў іншае месца і рабіце там.

Не ва ўсім, што вы хочаце рабіць, неабходна шукаць шлях да гарадскіх уладаў.

Сёлета Vulica Brasil пашырыла размах – мы запрасілі архітэктараў, эколагаў, урбаністаў. Сабралі бізнес, бо хацелі зрабіць змены на вуліцы заўважнымі. Мы сабралі ўсіх і сталі міні-мэрамі вуліцы.

Дывідэнды атрымлівае бізнес, які існуе на вуліцы, а не мастакі ці арганізатары. Але місія ў тым, каб змяняць горад, рабіць яго непаўторным. І за грошы гэтага адчування не купіш. Ты даеш магчымасць рэалізавацца ідэям іншых людзей.

Сёння ў гараджан ёсць нашмат больш жадання дапамагаць жывым ініцыятывам.

Чаму нам варта павучыцца?

Мы не ўмеем цаніць уласны прадукт. Замежнікі з такім захапленнем спрабуюць кактэйлі з айчынных інгрэдыентаў, якія нам падаюцца звычайнымі.

Беларускі прадукт можа быць сучасным, у добрым пакунку і з прыгожым брэндам. Трэба развіваць лакальнае і верыць у сябе. Горад павінен мець свой непаўторны вобраз, а не спрабаваць быць падобным да кагосьці. Трэба, каб людзі казалі: “Было, як у Мінску”.

Ажыўленне звязанае толькі са спажываннем?

Ажыўленне Мінска адбываецца не толькі праз рост забаўляльных месцаў. За апошнія пару гадоў у Мінску ўзнікла 5 крэатыўных кластараў: Кастрычніцая, Зыбіцкая, Гарызонт, Балкі, Фабрыцыуса. Ежа і алкаголь – гэта таксама ажыўленне, больш публічнасці і больш насычанасці ініцыятывамі.

Ежа і напоі – гэта таксама вельмі важна. Гэта забяспечвае камунікацыю ўнутры грамадства, новыя стасункі і кантакты.

У рэгіёнах таксама значна паляпшаецца сітуацыя з ініцыятывамі, асабліва заўважныя Гродна і Гомель. Сёння ўжо можна рабіць “Сіцідог” у абласных цэнтрах, проста будзе крыху павольней і ў іншых эканамічных умовах.

Чаго не хапае Мінску?


Гораду не хапае вялікіх прастораў, якія належалі б мастацтву. У іншых краінах ёсць цэлыя шматпавярховыя “молы” мастацтва, дзе можна рэалізоўваць свае праекты. Гэтыя будынкі прыцягваюць шмат інвестыцыяў і працы зусім іншай якасці.

Не хапае арт-архітэктуры і гарадской мэблі, хоць гэтага шмат па ўсім свеце. Бракуе навуковых папулярных месцаў, кшталту Цэнтра Каперніка, дзе адбываецца сімбіёз навукі і мастацтва. У такіх месцах задумваешся, што будзе з чалавецтвам праз 50 гадоў. Сэнс такіх публічных прастораў – падумаць, хто ты ёсць у глабальным кантэксце.

Горад – гэта не толькі пра жыццё ўнутры, але таксама і звонку, таму Мінску патрэбна больш гарадскіх прастораў.  


Калі вы думаеце, што ў Мінску няма вулічнай ежы, вы памыляецеся. Смажанкі і сасіскі ў цесце – гэта і ёсць наш стрыт-фуд. Вам падабаецца, як у Барселоне людзі п’юць каву і гамоняць на вуліцах – зайдзіце ў Цэнтральны ўніверсам, там такое таксама ёсць.

У Беларусі штогод праходзіць каля 30 усялякіх фэстаў. Гэта вельмі шмат.

Вельмі не хапае ўдзячнасці і падтрымкі. Гэта тое, што патрэбна ўсім ініцыятывам. Часцей кажыце “дзякуй”. Беларусам не хапае веры ў сябе. Менш кажыце “фу, гэта лайно”. Нам будзе жыць лягчэй і ініцыятыў будзе больш.