17-га лістапада скончылася абмеркаванне новага генплана Мінска. Грамадскае абмеркаванне доўжылася больш за месяц – за гэты час урбаністы знайшлі шмат памылак і нестыковак. Ушчыльнення Мінска пазбегнуць не атрымаецца. Паводле спецыялістаў, да 2030-га года колькасць насельніцтва сталіцы не павінна перавысіць два мільёны чалавек. Але тэмпы росту горада за апошнія пяць гадоў сведчаць, што прытрымлівацца першапачатковага плана будзе складана.
Без вырашэння праблемы монацэнтрычнасці Беларусі наўрад ці атрымаецца неяк дапамагчы сталіцы.
Колькасць машынаў у два разы большая, чымся ў Лондане
Планы будаваць новае жыллё не змяняюцца, і беларуская сталіца набліжаецца да вычарпання тэрытарыяльных магчымасцяў. Асноўныя інавацыі ды інвестыцыі адбываюцца ў сталіцы, таму перыферыя істотна адстае ў развіцці ад цэнтра, што закладае фундамент для яшчэ большай унутранай міграцыі.
Варта разумець, што генплан – гэта не проста домікі на мапе і новыя вуліцы, а пэўныя жыццёвыя стандарты: колькасць грамадскага транспарту, паркаў, зялёных зонаў, культурных пляцовак і рэкрэацыйных установаў. І калі ўжо сёння мы па колькасці насельніцтва наблізіліся да прагназаванай праз 15 год лічбы, гэта адбіваецца на якасці жыцця ў сталіцы для кожнага жыхара.
Пачынаючы ад уласнага дома, мы можам назіраць змяншэнне прасторы для пешаходаў – двары не вытрымліваюць гэткіх тэмпаў аўтамабілізацыі, а годнай альтэрнатывы “чатыром колам” у той жа момант не ствараецца.
На 1 тыс. чалавек у Мінску сёння прыходзіцца 412 аўтамабіляў.
Для параўнання, у Лондане гэтая лічба складае 213 машынаў, а ў аўтамабілізаванай Амерыцы, у Нью-Ёрку, – 290.
Шчыльны Мінск
Шчыльнасць насельніцтва ў Мінску складае 6,2 тыс. чалавек на квадратны кіламетр. Гэта вышэй, чым у Токіа, Берліне ці Пекіне. Адпаведна ў Берліне гэтая лічба складае 3,85 тыс., у Пекіне – 4,1 тыс., а ў Токіа – 5,7 тыс.
Не трэба забываць, што гарадская прастора ў нас больш запоўненая аўтамабілямі. Да таго ж Мінск не развіваўся гарманічна як цэласная сістэма.
Паводле Белстата, у Партызанскім раёне Мінска жыве каля 100 тыс. чалавек, а ў Фрунзенскім 452 тыс. А зонаў адпачынку там не больш, чым у іншых частках горада.
Мікрараёны – не савецкае вынаходніцтва, яны існуюць у многіх гарадах. Іншая справа, што інфраструктура мікрараёнаў можа быць эфектыўнай і якаснай. Добры прыклад уладкавання мікрараёнаў – Барселона з яе маленькімі кварталамі, якія пранізаныя шчыльнай сеткай дарог. Мінск жа мае радыяльную структуру горада, з дарогамі па межах раёнаў.
А ўлічваючы тое, што горад расце і былыя межы гораду становяцца яго цэнтрам, загружанасць дарог павялічваецца ў разы.
Адзін горад-спадарожнік замест дзевяці
Улады паспрабавалі вырашыць частку праблем Мінска з дапамогай гарадоў-спадарожнікаў. Увесну 2015-ага новыя генеральныя планы гарадоў-спадарожнікаў былі вынесеныя на грамадскае абмеркаванне і да канца года іх хацелі афіцыйна зацвердзіць. Стварэнне Мінскай агламерацыі абяцала стаць “праектам стагоддзя”. Аднак усё аказалася складаней і з 9 гарадоў-спадарожнікаў застаўся толькі адзін Рудзенск.
Ніхто перад зацверджаннем плана разгрузкі Мінска не падумаў пра тое, якім патрабаванням мусяць адпавядаць абраныя гарады пры павелічэнні іх колькасці насельніцтва.
У выніку каналізацыя не вытрымлівае нагрузкі, а людзі маюць праблемы з працаўладкаваннем, дзіцячымі садкамі ды іншымі складнікамі камфортнага гарадскога жыцця.
Монацэнтрызм у спадчыну і назаўжды?
Беларусь са сваёй сталіцай стала прыкладам монацэнтрычнага ўладкавання краіны. Монацэнтрычнасць – спадчына Савецкага Саюза, калі шлях развіцця горада прадугледжваў яго штучнае стварэнне вакол асноўнага цэнтра кіравання ці каля такіх цэнтраў вытворчасці як заводы або камбінаты. Гэта, у сваю чаргу, супярэчыць першапачатковаму шляху развіцця горада, які быў вынікам натуральнай эвалюцыі гандлю, рамесніцтва, універсітэтаў, палітычнага жыцця і прамысловасці.
У СССР будаваліся перадусім прамысловыя цэнтры. Паводле такога прынцыпу ўзнікла пэўная частка беларускіх гарадоў у ХХ стагоддзі: Салігорск, Светлагорск, Наваполацк, Белаазёрск, Новалукомль.
У ніводным з гэтых гарадоў няма тэатру альбо ВНУ – толькі жыхарам Наваполацка пашанцавала з суседнім Полацкім дзяржаўным універсітэтам.
Да таго ж нават існыя гарады часта рабілі стаўку выключна на сваю прамысловую частку.
Сёння робіцца зразумелым, што паспяховая прамысловасць не робіць горад камфортным месцам пражывання, нават калі забяспечвае большыя прыбыткі. Вялікая колькасць дэмакратычных краін даўно адышла ад монацэнтрычнасці, а значыць пачала развіваць малыя гарады, прыклад таму – Германія, Канада і ЗША.
Людзям падабаюцца невялікія і спакойныя гарады, але гэта спрацоўвае толькі ў тым выпадку, калі горад эканамічна развіты і ёсць добрыя транспартныя магчымасці сувязі з навакольным светам. У Беларусі гэта пакуль не атрымліваецца – даехаць з Мінска ў Салігорск, які забяспечвае самыя высокія заробкі ў краіне для сваіх жыхароў, на цягніку можна за восем гадзінаў з дзвюма перасадкамі. Адлегласць паміж Мінскам і Салігорскам усяго 130 км!
Малыя гарады – вялікая краіна
Парыж апошнія 10-15 гадоў не пашырае сваіх межаў і не размяшчае новых відаў дзейнасці ў цэнтры, пераносячы вытворчасць на перыферыі. Туды перамешчаныя ўніверсітэты, прамысловыя і даследчыя цэнтры, офісы дзяржаўных структур. Еўрапейскі прыклад паказвае, што можна развіваць не толькі сталічны рэгіён. Да таго ж адсутнасць межаў у ЕС можа зрабіць сярэдні французскі горад важным для нямецкага наваколля.
Праблема посткамуністычных краінаў у тым, што гарады альбо рэгіёны не ўспрымаюцца асобнай сістэмай, якая пры правільным развіцці ды інвестыцыях будзе не толькі добра функцыянаваць, але і быць прыбытковай.
Дзяржава арыентуецца на захаванне палітычнага кантролю, а развіццё гарадоў можа ўспрымацца як небяспечны для яе фактар.
Самыя галоўныя інтэграцыйныя працэсы ў самаарганізацыі людзей на карысць грамадства адбываюцца ў развітых гарадах. Пакуль улада ў Беларусі базуецца на прынцыпах аўтарытарызму, адсутнасці доступу жыхароў да прыняцця рашэнняў, дагэтуль нам давядзецца чакаць зручных гарадоў і разгружанай сталіцы. Гэта будзе доўжыцца да таго часу, пакуль ва ўладаў не з’явіцца разумення, што поспех краіны і сталіцы – гэта поспех дзясяткаў малых гарадоў.