• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • «Калі б подпісы можна было збіраць у інтэрнэце, то, магчыма, мы б такога не пабачылі», – эксперт аб пратэстах лета 2020

    Тры прычыны пратэстаў лета-2020, будучыня вулічных рухаў і ўплыў сацыяльных сетак на актывізацыю беларусаў.

    Даследчык Оксфардскага ўніверсітэта Алесь Герасіменка разважае пра прэзідэнцкія выбары і грамадскія пратэсты ў Беларусі падчас пандэміі.

    Адказ улады на пандэмію стаў апошняй кропляй

    – Адно з самых галоўных наступстваў пандэміі – гэта палітызацыя людзей. Пандэмія звязана з тэмай здароўя, а тэма здароў’я – з наратывам бяспекі. І натуральна, што захаванне здароў’я і жыцця – гэта адна з самых галоўных турботаў кожнага чалавека ва ўсім свеце. 

    Па дадзеных Carnegie Endowment for Democracy, з красавіка 2020-га ў свеце назіраліся пратэсты, звязаныя з палітыкай у дачыненні да каранавіруса. Пратэсты прайшлі як мінімум у 12 краінах, самыя вялікія акцыі былі ў ЗША, Эквадоры ды Ізраілі.

    – Беларусы пачалі змагацца за сваё здароўе, за сваё жыццё, яны пабачылі неадэкватны адказ уладаў на крызіс пандэміі. І ў выніку гэта вылілася ў рост незадаволенасці кіраўніцтвам дзяржавы. У дадатак гэта здарылася ў час перадвыбарчай кампаніі.

    Усё гэта склалася і паўплывала на рост пратэстных, антыўрадавых настрояў, якія, магчыма, раней не назіраліся сярод тых катэгорыяў, якія цяпер выяўляюць гэтыя настроі. Ну, і каранавірус – суперважны чыннік.

    «У Беларусі асабліва няма іншага месца, каб выказацца аналітычна, крытычна і публічна»

    – Акно магчымасцяў у Беларусі, якое з’яўляецца раз на пяць гадоў, – гэта выбары. Сацыяльныя сеткі ўплываюць на наступны крок, які робіцца пасля з’яўлення акна магчымасцяў. Цяпер большасць палітычных мабілізацыяў адбываецца праз інтэрнэт. У Беларусі асабліва няма іншага месца для таго, каб выказацца аналітычна, крытычна і публічна. 

    У той жа час выбарчая кампанія фізічна спрыяе таму, каб людзі выйшлі на вуліцу і падпісаліся. Калі б подпісы можна было збіраць у інтэрнэце, то, магчыма, мы б нічога такога не пабачылі. 

    Большасць беларусаў карыстаюцца інтэрнэтам і сацыяльнымі сеткамі. Youtube цяпер увогуле другі па папулярнасці сайт у краіне. Ну, і канешне, любая маленькая падзея можа стаць выбуховым мабілізатарам і каталізатарам пратэстаў. Іншая справа – да якой ступені яны могуць працягвацца і захоўвацца на пэўны час.

    Ці можа пандэмія стаць перашкодай для пратэстаў?

    – Мне падаецца, што прыклад іншых краін дэманструе, што людзі забыліся пра небяспеку пандэміі. З аднаго боку ёсць пандэмія, а з іншага – эмоцыі, якія пераважаюць. Звычайна, у папярэднія гады, асабліва гадоў 10-15 таму, асноўнымі ўдзельнікамі пратэстаў у Беларусі былі маладыя людзі, і акурат яны найменш трапляюць у катэгорыю тых, хто баіцца гэтай пандэміі. Хаця апошнія гады, як мне падаецца, маладыя людзі пратэстуюць трошкі менш актыўна, і больш пратэстуе старэйшае пакаленне, тыя, хто ў Савецкім Саюзе нарадзіўся і нават вырас.

    «Адна справа для ўладаў – гэта кантраляваць адну вялікую плошчу, а іншая справа – паспрабаваць кантраляваць дзесяць плошчаў»

    – У пратэстах 2017-га года ўдзельнічалі вельмі сталыя людзі, і цяпер нейкія асноўныя скандалы звязаныя з людзьмі даволі сталымі. Іх арыштоўваюць, складаюць дасье на 80-гадовых бабуль… Агулам, у параўнанні з іншымі дзесяцігоддзямі, у Беларусі дэмаграфічна вельмі мала маладых людзей, іх ніколі так мала раней не было. Ну, і ў выніку атрымліваецца, што большасць насельніцтва – гэта не зусім моладзь, а людзі старэйшыя за трыццаць і нават болей.

    Пра дэмаграфію пратэстаў Беларусі нічога, на жаль, невядома, ніякіх даследаванняў талковых не праводзілася. Ніхто не спрабаваў даведацца, хто гэтыя людзі. Можна проста візуальна паглядзець на здымкі пратэстаў 1996-га года і сёлетнія здымкі з Камароўкі, з Гродна – гэта даволі розныя аўдыторыі.

    Фота: gazetaby.com

    – Увогуле, самая асноўная тэндэнцыя, звязаная з дэмаграфіяй пратэстаў – гэта геаграфічная дэмаграфія. Упершыню больш чым за 10 гадоў на пратэсты збіраюцца людзі з рэгіёнаў, і гэта вельмі пазітыўна для тых, хто гэты пратэст мабілізуе. Адна справа для ўладаў – гэта кантраляваць адну вялікую плошчу, а іншая справа – паспрабаваць кантраляваць дзесяць плошчаў у дзесяці гарадах.

    Па дадзеных маніторынгу, праведзенага European Center for Non-for-Profit Law, у 2019-ым годзе ў Беларусі адбылося 127 пратэстаў, 51 з якіх – у Мінску, а 43 – у Брэсце. 

    Беларусы стануць пратэставаць часцей?

    – Тут пытанне: ці здолеюць беларусы захаваць гэты momentum, пратэстны імпульс? Іншае пытанне: ці прыгадаюць беларусы культуру пратэсту, якую яны вельмі актыўна выпрацоўвалі ў 1990-я гады. У Беларусі часта не атрымліваецца захоўваць пратэстны рух доўгі час. І праблема тут у тых людзях, што стаяць на чале пратэстаў, – яны часта схаваныя. І гэтыя людзі чамусьці не вельмі схільныя перабудоўвацца, змяняць канфігурацыю, часам ісці на перамовы з уладамі. А гэтага, мне здаецца, трошку не хапае.

    Вось калі цяпер нейкі рух, звязаны з выбарамі, здолее перабудавацца, і, з аднаго боку, вылучыць лідара, з якім улады захочуць размаўляць, а з іншага – лідара, які здолее падтрымліваць гэты пратэст, альбо нават трэцяга – харызматычнага лідара, – у такой канфігурацыі пратэст можа захавацца.

    Мне здаецца, што мы ніколі не можам прадказаць, пра што будзе наступны пратэст. Але галоўныя пратэсты, якія ўзнікалі ў Беларусі, звязаныя з трыма рэчамі. І, як не дзіўна, першая рэч, якую я назаву, – гэта экалогія, пра яе мала хто думае і абмяркоўвае. Ад Чарнобыльскага шляху да Брэсцкага завода – самы доўгі пратэстны рух у Беларусі. 

    У справаздачы Monitoring the Right for Free Assembly экалогія вылучаецца як адна з самых папулярных тэмаў пратэстаў у 2017-2019 гг.

    — Другая тэма пратэсту – гэта эканоміка, заробкі і г.д. І трэцяя – палітычная, у першую чаргу, выбары. Гэта тры галоўныя рэчы, якія, будуць прыцягваць увагу беларусаў да пратэсту.

    Фота вокладкі: Alan Yu

    ПаказацьСхаваць каментары