• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • “Ёсць адчуванне разраджанага акумулятара”. Размова пра журналістыку з Юрыем Дракахрустам

    “У цэлым у грамадстве ідзе павольнае назапашванне энергіі”. 

    Апошні год я часта думаю пра тое, якой я хачу бачыць журналістыку ў новай Беларусі. Для мяне адной з яе важных характарыстык з’яўляецца наяўнасць аўтарскіх тэкстаў (відэа і астатняга). Я хачу бачыць моцныя персаналіі, за вострымі матэрыяламі якіх хочацца сачыць. Калісьці мне здавалася, што ў нашай гісторыі ўжо былі спробы вырасціць менавіта такіх аўтараў. Але потым штосьці пайшло не так. Я пагаварыла з Юрыем Дракахрустам пра тое, чаму ў 1990-ыя гады Беларусь пачула шмат гучных журналісцкіх імён, чаму іх наяўнасць – гэта важна, і як паўтарыць тую ж з’яву ў наш час. 

    Юры Дракахруст – журналіст і аналітык “Радыё Свабода”.

    – Калі я праглядала беларускія газеты з 1990-ых гадоў, я здзіўлялася, як шмат тады з’явілася гучных імён у журналістыцы. Гэтая плеяда была вельмі моцнай, і, наколькі я разумею, вас таксама сталі заўважаць менавіта тады. Мне падаецца, пасля таго перыяду больш такой з’явы ў нас не было. Гэта заслуга менавіта гэтага гістарычнага адрэзку? 

    – Напрыканцы 1980-ых – пачатку 1990-ых у нас сапраўды ўзышло шмат зорак у розных сферах. Значная частка цяперашніх палітыкаў з’явіліся менавіта тады. Тое самае было і з журналістыкай: многія яскравыя постаці, якіх мы і цяпер бачым у медыйнай прасторы, сфармаваліся ў той перыяд. У пераломныя часы так часта адбываецца. Я да пачатку 1990-ых займаўся матэматыкай. Але тады і ў медыі, і ў палітыку, і ў бізнес, які толькі нараджаўся, прыходзілі людзі з розных сфер. Быў час дылетантаў і авантурыстаў. 

    Але ўзыходы новых зорак мы бачылі і пазней. Можна назваць хоць бы Арцёма Шрайбмана. Ён даволі хутка заняў сваё месца на Алімпе нашай прафесіі. 

    – Мне здаецца, выпадак з Арцёмам унікальны. А што наконт астатніх? Раней я думала, што, магчыма, у нас сапраўды больш не было пераломных момантаў, не было глебы, на якой такія імёны маглі б вырасці. Але ж потым здарыўся 2020-ы год. І я б не сказала, што пасля штосьці моцна змянілася. 

    – Арцёма як журналіста спарадзіла новая постсавецкая эпоха нулявых – эпоха Tut.by і хіпстараў. А што да 2020-га года… Паразы рэдка спараджаюць суквецце зорак. Хаця ў палітыцы гэты год іх спарадзіў: Бабарыка, Ціханоўская, Латушка, Вячорка, Калеснікава. Ну, а ў нашым рамястве – пакуль так, не з’явіліся. Мо пазней з’явяцца, з пераасэнсавання 2020-га года. У ХІХ-ым стагоддзі, праз 20 гадоў пасля паўстання Каліноўскага, у Пецярбургу з’явілася група беларускіх студэнтаў “Гоман”, якія прыдумалі Беларусь і беларусаў як асобную нацыю. Можна прыгадаць і “Культуру” Ежы Гедройця, які ў пэўным сэнсе прыдумаў сучасную Польшчу. Нешта такое можа адбыцца і ў нас, і яно абавязкова адбудзецца – раней ці пазней.

    – Мне падавалася, што справа ў іншым: наша журналістыка пачала развівацца ў нейкі ўласны бок. Умоўна, быў “ваш” перыяд, калі з’явілася шмат моцных аўтараў, і гэта быў пачатак нашай эвалюцыі ў бок заходніх медыяў. Але потым штосьці змянілася – журналістыка быццам бы стала больш каманднай, неіндывідуальнай. Можа, справа ў тым, што нашае медыйнае поле проста гэтаму не спрыяе? 

    –  Умовы на нашым полі зараз наагул мала чаму станоўчаму спрыяюць. Незалежная беларуская журналістыка зараз амаль цалкам эмігранцкая. У выніку мы губляем наўпроставае адчуванне свайго грамадства: мы не ходзім на Камароўку і па каву ў “Цэнтральны”, не ездзім на “сотцы” па праспекце. Варта сказаць і пра фінансавыя праблемы: цяпер амаль усе заўважныя незалежныя медыі – экстрэмісцкія фармаванні. Хто будзе даваць ім рэкламу? У такіх умовах не даводзіцца чакаць з’яўлення сузор’я новых імёнаў. 

    – А мне здаецца, што гэта тое, што трэба падтрымліваць звонку ўжо зараз. Павел Слюнькін неяк сказаў, што “Захад моцны індывідуальнасцямі”. Моцнае меркаванне – гэта бадай што адзіны сродак, які ў нас ёсць, каб змагацца з навакольнымі жахамі. Таму для мяне было прыемным адкрыццём, калі Вольга Лойка запусціла свой праект з аўтарскімі калонкамі. Аказваецца, усё ж ёсць разуменне таго, што нам гэта патрэбна? 

    – Праект Лойкі сапраўды вельмі важны, у яго, можа, не такая вялікая аўдыторыя, але ён – пра сэнсы, пра бачанне. Я б прыгадаў і  Мелказёрава, і Шапарава. Яны ўсталі на крыло як раз пасля 2020-га года. З аднаго боку, умовы цяпер цяжкія. З іншага, новыя тэхналогіі адкрываюць новыя магчымасці. Адкрый уласны YouTube-канал – і калі пашанцуе, ты заваюеш свет. 

    – Але гэтага цяпер і не адбываецца. Атрымліваецца, у нас ёсць магчымасці і новыя сродкі для таго, каб такія людзі з’яўляліся, але ўсё чамусьці спыняецца на Шрайбмане. 

    – Гэта як на чый густ. Для некага куміры – хутчэй, Малказёраў і Шапараў. А наконт 2020-га года мне падаецца адпаведнай метафара разраджанага акумулятара. Ёсць такое адчуванне. З пачатку стагоддзя беларускае грамадства назапашвала сацыяльную энергію – падымаўся бізнес, ішлі камунікацыі з Захадам, з’яўляліся НДА. У 2020-ым годзе ўсё гэта выбухнула. Але мы прайгралі. І энергія, якая прывяла да выбуху 2020-га года, не трансфармавалася ў пабудову новага грамадства, як яно было напрыканцы 1980-ых – пачатку 1990-ых. Не адбылося з’яўлення новых імёнаў у журналістыцы, у прыватнасці. А ў цэлым у грамадстве ідзе павольнае назапашванне энергіі, акумулятар зараджаецца.

    – Можа быць такое, што гэта не назапашванне, а наадварот, павольны заняпад? 

    – Адно не выключае іншага. У палітычнай, нават грамадскай сферы – вонкава так, заняпад. Тут можна правесці аналогію з грамадскай сітуацыяй у Расейскай імперыі пасля паразы рэвалюцыі 1905-га года. Таксама рэакцыя, рэпрэсіі і разам з тым стома людзей ад палітычнага, нават ад грамадскага, сыход у прыватнае, асабістае. 

    Я не думаю, што тут ёсць нейкі залаты ключык, пры дапамозе якога медыі могуць павярнуць гэты трэнд. Але трэба спрабаваць – што яшчэ застаецца? Нечы поспех, шчаўчок ад дакладнага патраплення і будзе паказнікам таго, што трэнд памяняўся і штыль скончыўся. Той жа 2020-га год пачаўся не з вылучэння  Цапкалы, ён пачаўся з выбухападобнага росту аўдыторыі Telegram-каналаў.  

    Фота: Віктар Стралкоўскі

    ПаказацьСхаваць каментары