падтрымаць нас

Артыкулы

Больш жанчын у палітыцы: як гэтага дасягнуць?

Больш жанчын у палітыцы: як гэтага дасягнуць?

Нядаўні скандал з прызначэннем і наступным сыходам Таццяны Зарэцкай з Аб’яднанага пераходнага кабінета выкрышталізаваў важны ўрок дэмакратычным сілам. Ён вельмі просты: вырашыць праблему недахопу жанчын у палітыцы штучна не атрымаецца.

Заплюшчыць вочы на жаночы капітал, які стаў больш заўважным у 2020-м, таксама нельга. Як выкарыстаць патэнцыял жаночага лідарства, павялічыць удзел жанчын у палітыцы і не зрабіць больш публічных памылак?

Гэты матэрыял працягвае цыкл «Чарнавік беларускіх рэформаў» — у межах праекта эксперты і практыкі Цэнтра новых ідэй каротка расказваюць, як маглі б выглядаць ключавыя рэформы ў нашай краіне — калі для гэтага адкрыецца акно магчымасцяў.

Кейс Зарэцкай стаў яскравай рэакцыяй на запыт прыцягваць больш жанчын у палітычныя структуры апазіцыі. Хуткае прызначэнне прывяло да абвінавачанняў дэмсілаў у некампетэнтнасці і неасцярожнасці ў верыфікацыі кандыдатаў. Але нярэдка гучалі і закіды, што Зарэцкую прызначылі выключна па прынцыпе гендарных квотаў.

Галоўная небяспека ў тым, што квотавае рашэнне Кабінета можа негатыўна паўплываць на стаўленне грамадскасці да павелічэння прысутнасці жанчын у палітыцы. Таму пакуль урокі з кейса Зарэцкай выносіць не позна, варта прапрацаваць пытанне недахопу жанчын у беларускай палітыцы.

Насамрэч гендарная павестка грунтоўна не распрацоўвалася прадстаўнікамі старой апазіцыі і не абмяркоўваецца публічна новымі структурамі апазіцыі. Беларускія жанчыны сёння не займаюць дастатковай колькасці высокіх пасадаў, не могуць сабе дазволіць смелыя палітычныя выказванні, вымушаныя хутчэй быць асцярожнымі. А цана памылкі ў беларускім палітычным полі для жанчын пакуль вышэйшая ў параўнанні з цаной для мужчын.

На пачатак 2023 года ў свеце налічвалася 15 жанчын — кіраўніцаў краін. За апошняе стагоддзе 77 жанчын займала найвышэйшую пасаду ў адной з 59 краін. Беларусь у 2021 годзе займала 33 месца ў індэксе гендарнага разрыву з 40% жанчын у парламенце. Гэта столькі ж, колькі ў Францыі і Аўстрыі. Аднак колькасць жанчын у парламенце — не панацэя. Напрыклад, у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах жанчын у парламенце больш за ўсіх у свеце (50%). Пры гэтым краіну цяжка назваць дэмакратычнай: жанчынам там дазволілі кіраваць аўтамабілем менш за 5 гадоў таму.

Праблема недастатковай прадстаўленасці жанчын у палітыцы не вырашаецца павышэннем іх колькасці ў парламенце. Больш глыбокі выклік заключаецца ў рэальным доступе жанчын да ўлады, у тым ліку да высокіх пасадаў. Напрыклад, у Беларусі на дадзены момант толькі адна жанчына-міністарка — Ірына Касцевіч, а агулам атрымаць кіраўнічую пасаду для жанчыны ў 2,5 разу цяжэй.

Уяўленне пра тое, што гендарныя пытанні вырашацца ўжо пасля дэмакратызацыі, можа быць памылковым. Досвед іншых краін паказвае, што ўвага да розных аспектаў гендарнай палітыкі падчас палітычных трансфармацый вядзе да больш празрыстага і эфектыўнага кіравання. Для пабудовы здаровай і ўстойлівай палітычнай сістэмы ў будучай Беларусі дэмакратычным сілам неабходна сфакусавацца на трох галоўных кроках:

  • часовая квотавая сістэма ў палітыцы;
  • адукацыя палітычных эліт і грамадзянскай супольнасці;
  • стварэнне кадравага рэзерву жанчын-палітыкаў.

Часовае ўвядзенне гендарных квотаў

Адным з адказаў на нізкую прысутнасць жанчын у палітыцы з’яўляецца механізм гендарных квотаў. Нягледзячы на крытыку, механізм квотаў на парламенцкім узроўні ўжо ў пачатку 2000-х выкарыстоўвала палова краінаў свету.

Квотавая сістэма неабавязкова фіксуецца ў выбарчым заканадаўстве, але можа стымулявацца як добрая практыка праз квоты ў палітычных партыях. Квоты самі па сабе не вырашаюць праблему «шкляной столі». Таму важна, каб механізм быў распрацаваны для кожнага з узроўняў палітыкі.

Даследаванні паказваюць, што выкарыстанне квотавай сістэмы ў краінах, дзе прысутнасць жанчын у палітыцы была даволі нізкай, можа першапачаткова весці да такіх праблемаў, як прасоўванне жанчын, якія маюць сувязі з мужчынамі-палітыкамі, жанчын з недастатковым досведам ці з неадпаведнай адукацыяй. Але гэта не праблема полу — мужчыны таксама нярэдка трапляюць у палітыку праз сувязі. Гэта агульная і больш высокаўзроўневая праблема палітыкі, прычым не толькі постсавецкай, але і сусветнай.

Увядзенне квотаў — насамрэч апраўданая рызыка ў справе павышэння колькасці жанчын у палітыцы. Колькасць людзей, якія прыходзяць да ўлады «праз сувязі», значна ад гэтага не павялічыцца. Больш за тое, часта пазітыўным эфектам квотаў робіцца празрыстасць прыняцця палітычных рашэнняў агулам.

Увядзенне квотаў спрыяе не толькі большай прысутнасці жанчын у выбарных органах, але і падымае актуальную для жанчын павестку на ўзровень вялікай палітыкі, бо яны адчуваюць абавязак прэзентаваць інтарэсы сваёй гендарнай групы. Гэта прыцягвае большую колькасць жанчын-выбарцаў. Акрамя таго, даследаванні паказваюць, што квотавая палітыка пазітыўна ўплывае на пазбаўленне грамадства ад гендарных стэрэатыпаў.

Гэта не вырашэнне ўсіх праблемаў, звязаных з прысутнасцю жанчын у палітыцы, але можа стаць часовай нормай, якая будзе стымуляваць празрыстасць прыняцця рашэнняў, уцягваць жанчын у прымяненне сваіх кампетэнцый у сферы палітыкі.

Як змяніць грамадскую думку?

Каб нармалізаваць удзел жанчын у палітычных працэсах (у тым ліку і зрабіць высновы з няўдалага досведу), сёння неабходна працаваць з грамадскай думкай. Гэта ўжо часткова робяць YouTube-блогерыініцыятывы па падтрымцы жанчын-палітвязняў, пісьменніцыактывісткі. Аднак бесперапынны ўплыў на грамадскую думку мусіць адбывацца не толькі праз тэматычныя і жаночыя праекты, але і праз медыйную, экспертную і палітычную прастору.

Для павелічэння колькасці жанчын у палітыцы палітычнае поле (сёння ў асноўным мужчынскае) мусіць быць адкрытым да гэтых зменаў. Дагэтуль, аднак, у выказваннях беларускіх мужчын-палітыкаў заўважаюць праявы зняважлівага стаўлення да жанчын. Іншымі словамі, каб у шэрагах дэмакратычных сілаў было больш жанчын, палітычны асяродак (уключна з мужчынамі-палітыкамі) мусіць таксама быць гатовы змяняць свае ранейшыя ўстаноўкі.

Кадравы рэзерв жанчын-палітыкаў

Каб павялічыць колькасць жанчын, якія могуць стаць кандыдаткамі на будучыя пасады, неабходна стымуляваць адукацыю беларусак у сферах паліталогіі, дыпламатыі і дзяржкіравання. Пакуль адукацыя ў нашых універсітэтах дакладна не арыентуецца на выхаванне жанчын-палітыкаў, гэтая функцыя мусіць легчы на плечы дэмакратычных зацікаўленых асобаў.

Такая падрыхтоўка можа ўключаць не толькі адукацыйныя праграмы ў ЕГУ, але і курсы ці кароткатэрміновыя адукацыйныя праграмы ў іншых універсітэтах ЕС. Нефармальная адукацыя, напрыклад школы дыпламатаў і дзяржслужбоўцаў, таксама можа дапамагчы ўцягнуць большую колькасць жанчын-прафесіяналак з першаснай адукацыяй іншага напрамку.

У эміграцыі дастаткова экспертаў, аналітычных цэнтраў, беларускіх выкладчыкаў у замежных ВНУ, якія могуць стаць адукатарамі для новых кадраў нашай палітыкі (як жанчын, так і мужчын). Праграмы з арыентацыяй на гендарныя пытанні, уключэнне ў іх жаночых перспектываў дапамогуць узмацніць жаночы патэнцыял і павялічыць прысутнасць жанчын у палітычных структурах у выгнанні, будуць спрыяць стварэнню таго самага кадравага рэзерву для будучай Беларусі.

Распрацоўка гендарнай палітыкі будучай краіны можа не быць цэнтральным прыярытэтам дэмакратычных сілаў. Але забяспечыць роўны і безбар’ерны ўваход жанчын у палітычнае поле новай Беларусі ўжо сёння магчыма.

Па-першае, дэмакратычным сілам варта стварыць экспертную групу, якая вывучыць пытанне гендарных квотаў і запрапануе адаптаваную да беларускай сітуацыі сістэму. У Офіса Святланы Ціханоўскай ужо ёсць некалькі такіх праектаў рэформаў (альтэрнатыўная Канстытуцыя ці Выбарчы кодэкс). Паводле гэтай жа мадэлі варта прапрацаваць мадэль квотаў. Напрыклад, квоты можна ўжо ўводзіць добраахвотна на ўзроўні партый і палітычных структур, не чакаючы пераменаў.

Па-другое, палітыкі, а не толькі асобныя жаночыя ініцыятывы, мусяць часцей публічна агучваць праблемы, якія закранаюць беларусак. Гэта дазволіць падняць жаночую і гендарную павестку на ўзровень палітыкі. Імаверна, у беларускай публічнай прасторы хапае экспертак, якія маглі б стаць голасам жанчын у межах Пераходнага кабінета ці іншых структур.

Беларускае грамадства ўжо паказала, што гатовае да падтрымкі жанчыны на высокай палітычнай пасадзе. Дзякуючы працы з грамадскай думкай і частковай рэалізацыі прапанаваных вышэй рэкамендацый, што дзеецца ўжо цяпер, палітычны ўплыў і ўзровень жыцця жанчын у будучай Беларусі палепшыцца больш натуральна і хутка.

Фота: Каардынацыйная Рада