падтрымаць нас

Артыкулы

Беларусь-2020 vs Майдан: у чым розніца?

What are the differences between Maidan and Belarusian protests in 2020?

Беларускія пост-выбарчыя пратэсты падобныя да іншых дэмакратычных рухаў у другіх краінах, але ў той жа час з’яўляюцца ўнікальнымі. Хоць сітуацыю ў Беларусі часта параўноўваюць з Майданам 2013-2014 гадоў, у беларускіх пратэстаў ёсць шэраг асаблівасцяў. У серыі артыкулаў “Беларусь 2020 vs Майдан: у чым розніца?” мы публікуем меркаванне трох экспертаў на тэму, ці падобныя беларускія пратэсты да Майдана. 

Дэвід Р. Марплз – заслужаны прафесар гісторыі Універсітэта Альберты

Ёсць некалькі істотных адрозненняў паміж Майданам ва Украіне 2013-14 гадоў і пратэстамі ў Беларусі ў 2020 годзе. Па-першае, у мінскіх падзеях не хапае знешняга ўплыву. Беларусы не апелявалі да Еўропы падчас пратэстаў, на акцыях няма еўрапейскіх і заходніх сцягоў, таксама як і расійскіх. Бел-чырвона-белы сцяг, які быў дзяржаўным у перыяд з 1991 па 1995 год, стаў сімвалам супраціву. Пратэсты таксама палітычна нейтральныя. Ва Украіне Майдан быў не толькі праеўрапейскім, але і антырасійскім, меў мэту вывесці краіну з расійскай сферы ў заходнюю.

Па-другое, пратэстоўцы ў Беларусі зусім не ўзброеныя. Майдан пачаўся мірна і быў такім да лютага, пакуль некаторыя людзі не пачалі выкарыстоўваць зброю супраць сілаў “Беркута”. Гвалт ва Украіне дасягнуў апагею ў лютым 2014-га года, калі снайперы на дахах пачалі страляць па дэманстрантах, забіўшы каля 100 чалавек. У Беларусі зброю носяць толькі міліцыянты, АМАП і армія усе, хто з’яўляецца часткай рэжыму Лукашэнкі.

Па-трэцяе, акцыі пратэсту ў Беларусі пачаліся з-за парушэння выбарчага заканадаўства і груба сфальсіфікаванага выніку выбараў. Выбары 9-га жніўня сталі фокусам пратэстаў. Яны з’яўляліся матывам. Мэты адразу былі зразумелыя: правесці свабодныя выбары, вызваліць палітвязняў і змясціць дзейнага прэзідэнта з пасады.

Па-чацвёртае, жанчыны адыгрываюць вельмі значную – нават галоўную ролю – у паўстанні ў Беларусі. У іх ёсць свае дні пратэсту, бо АМАП звычайна не дзейнічае жорстка супраць жанчын. Кабеты спрабуюць прысароміць сілавікоў, каб тыя сталі на іх бок. Яны збіраюцца ў розных месцах, выкарыстоўваючы белыя кветкі як сімвал. І яны абараняюць мужчын, калі на апошніх жорстка нападаюць. Гэты фактар ​​збянтэжыў Лукашэнку, які раней заяўляў, што жанчыны занадта далікатныя, каб балатавацца ў прэзідэнты. Жанчыны таксама адыгралі значную ролю на Майдане, але не такую вялікую, як у Беларусі. Яны не вызначалі кірунак Майдана.

Дэманстрацыі ва Украіне і ў Беларусі маюць адзін агульны фактар, а менавіта – адсутнасць відавочных лідараў. Аднак у Беларусі падчас самой выбарчай кампаніі пратэсты сканцэнтраваліся вакол трох жанчын, якія замянілі звычайных кандыдатаў ад апазіцыі, якіх мы бачылі на мінулых выбарах. Цэнтральная фігура – Святлана Ціханоўская – балатавалася замест зняволенага мужа, але аказалася харызматычнай кандыдаткай. У яе не было ніякай палітычнай платформы, акрамя заклікаў да новых свабодных выбараў пасля вызвалення іншых кандыдатаў.

На Майдане адбыўся дзяржаўны пераварот, сілавое зняцце прэзідэнта і моцная падтрымка гэтай акцыі з боку Захаду. Той факт, што беларускія акцыі пратэсту пачаліся супраць афіцыйных вынікаў выбараў, набліжае іх да Памаранчавай рэвалюцыі 2004-га года ва Украіне, у выніку якой паўтарыўся другі тур прэзідэнцкіх выбараў. Але ўсё ж гэта не адно і тое ж. Памаранчавая рэвалюцыя тычылася карупцыі і прарасійскіх поглядаў кіраўніцтва – сёння ў Беларусі непакой выклікае дыктатура, парушэнне закона і імкненне да большай свабоды сярод пакалення, якое ведае толькі аднаго лідара.

Нарэшце, Майдан ва Украіне быў цэнтрам трох буйных масавых акцый: у 1990-ым, 2004-ым і 2013-14 гадах. Усе тры дасягнулі значных зменаў: адстаўкі прэм’ер-міністра ў 1990-ым годзе; змены прэзідэнта ў 2004-ым годзе праз паўторнае галасаванне; змены прэзідэнта ў 2014-ым годзе пасля жорсткага супрацьстаяння. У Беларусі няма прэцэдэнту таго, што адбываецца сёння. Маштаб пратэстаў і колькасць удзельнікаў значна большыя, чым калі-небудзь падчас прэзідэнцтва Лукашэнкі. Больш за тое, на вуліцах назіраецца ўражвальнае адзінства, і, у адрозненне ад Кіева, падзеі каардынуюцца праз сацыяльныя сеткі, якія ўлады не могуць кантраляваць.

Больш меркаванняў пра беларускія пратэсты і Еўрамайдан

Ад даследчыка Оксфардскага ўніверсітэта Алеся Герсіменкі

Ад дацэнта кафедры кіравання Кіеўскай школы эканомікі Івана Гомзы

Ад журналісткі і сузаснавальніцы hromadske.ua Наталлі Гуменюк