• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Беларусь 2020 vs Майдан: у чым розніца?

    Расказвае даследчык Оксфардскага ўніверсітэта Алесь Герасіменка.

    Беларускія пост-выбарчыя пратэсты падобныя да іншых дэмакратычных рухаў у другіх краінах, але ў той жа час з’яўляюцца ўнікальнымі. Хоць сітуацыю ў Беларусі часта параўноўваюць з Майданам 2013-2014 гадоў, у беларускіх пратэстаў ёсць шэраг асаблівасцяў. У серыі артыкулаў мы публікуем меркаванне трох экспертаў на тэму, ці падобныя беларускія пратэсты да Майдана. 

    Алесь Герасіменка, даследчык Оксфардскага ўніверсітэта

    Любыя пратэстныя рухі можна параўноўваць: нават не Украіну з Беларуссю, а, напрыклад, пратэсты ў Беларусі і Зімбабвэ, Чылі. Вось тры рэчы, у якіх беларускія і ўкраінскія пратэсты падобныя. 

    Па-першае, Беларусь і Украіна [на момант пратэстаў] былі аўтарытарнымі. Канешне, украінскі рэжым 2013-га года быў менш аўтарытарны, чым беларускі. Але падчас пратэстаў украінскія ўлады прынялі законы, якія давалі нагоду многім журналістам, каб параўноўваць Украіну з Беларуссю. Хоць палітычныя кантэксты былі розныя, але сістэмы былі падобныя.

    Па-другое, у абодвух выпадках пратэсты – працяглыя. Беларускі пратэст ідзе ўжо месяц і, верагодна, працягнецца. Украінскі пратэст доўжыўся тры месяцы.

    Па-трэцяе, абодва рухі не мелі яскравых палітычных лідараў. У Беларусі ёсць сімвалічныя лідары, але яны не вядуць за сабой. Ёсць Ціханоўская, Калеснікава, таксама штодзённыя каардынатары: вядоўцы пратэстных каналаў кшталту NEXTA ды іншых.

    Таксама ў абодвух пратэстах вялікую ролю гралі жанчыны. У Беларусі жанчыны граюць публічную ролю, яны бачныя. Гэта важна перадусім у сімвалічным плане. Ва ўкраінскім пратэсце жанчыны гралі вялікую ролю ў інфармаванні, зладзілі валанцёрскую службу Еўрамайдана і г.д. Яны гралі ролю не публічную, але таксама вельмі важную. Ніколі нельга недаацэньваць жанчын.

    Акрамя таго, Беларусь выйграе ў плане колькасці ўдзельнікаў пратэсту. Па розных адзнаках, на Еўрамайдан выйшаў мільён чалавек. Калі я гляджу на кадры з Мінска, то мне падаецца, што лічбы па ўдзельніках пратэстаў ва Украіне і ў Беларусі падобныя. А гэта значыць, што ў працэнтных адносінах у Беларусі ўдзельнічае больш людзей і пратэстны рух у Беларусі больш масавы, чым Еўрамайдан. Ува Украіны было ў пяць разоў больш насельніцтва на той момант, чым у Беларусі [цяпер]. Беларускі рух больш распаўсюджаны па вялікай колькасці гарадоў і невялікіх месцаў. 

    Беларускія пратэсты больш нагадваюць не ўкраінскія падзеі ў 2013-14, а пратэсты і нацыянальныя рухі ў Балтыйскіх краінах у 1980-90-ых, у Польшчы ў 1980-ым, у 1950-ых у Венгрыі. Канешне, можна параўноўваць любыя пратэсты, але беларускі кантэкст бліжэйшы да паўстанняў і рухаў у Цэнтральнай Еўропе ў 1950-80-ых праз тры рэчы. Па-першае, адбываецца агульнанацыянальны ўздым з патрабаваннем увесці дэмакратычныя змены. Па-другое, Расія, ці раней Савецкі Саюз, – галоўны знешні гулец для гэтых краін – моцны і гатовы, як выглядае, да рашучых дзеянняў. Па-трэцяе, пратэсты сутыкаюцца з рашучым, рэпрэсіўным і гвалтоўным адказам з боку ўладаў, якія, выглядае, маюць вельмі добрыя магчымасці кантролю рэпрэсіўных органаў. Шмат у чым у такім кантэксце адбываліся падзеі ў Цэнтральнай Еўропе пасля вайны падчас вялікіх пратэстаў. І, на жаль, большасць з тых пратэстаў скончыліся нічым, найперш, напэўна, праз дэструктыўную ролю Масквы. 

    Фота: Sergei Gapon, AFP via Getty Images

    Больш меркаванняў пра беларускія пратэсты і Еўрамайдан

    Ад ганаровага прафесара гісторыі Універсітэта Альберты Дэвіда Марплза

    Ад дацэнта кафедры кіравання Кіеўскай школы эканомікі Івана Гомзы

    Ад журналісткі і сузаснавальніцы hromadske.ua Наталлі Гуменюк

    ПаказацьСхаваць каментары