Цягам 32 гадоў з моманту прыняцця першай постсавецкай Канстытуцыі ў гісторыі Беларусі сфармавалася ўнікальная мадэль успрымання асноўнага закона грамадзянамі і кіроўным класам. З аднаго боку, успрыняцце Канстытуцыі як пераважна сімвалічнага дакумента распаўсюджанае як сярод чынавенства, так і сярод простых людзей.
Дзень Канстытуцыі, 15-га сакавіка, дзяржаўныя органы выкарыстоўваюць пераважна як нагоду правесці сімвалічныя акцыі, накшталт выдачы пашпартоў ці прывядзення новых супрацоўнікаў да прысягі. Канстытуцыйны суд, орган, створаны, каб тлумачыць Канстытуцыю, у 2025-ым годзе выдаў 18 пастаноў. Фактычна суд займае пасіўную пазіцыю і не намагаецца весці пільны кантроль за выкананнем Канстытуцыі. Для параўнання, польскі Канстытуцыйны трыбунал толькі цягам першых трох месяцаў 2026-га года выдаў больш за 30 рашэнняў.
Прынамсі палова грамадзян планавала прыняць удзел у Канстытуцыйным рэферэндуме 2022-га года. Аднак ужо ў 2025-ым годзе тэма магчымых будучых змен у Канстытуцыі цікавіла каля траціны насельніцтва.
Палітычныя лідары беларускага замежжа глядзяць на тэму канстытуцыйных пераменаў больш аптымістычна. Спікер Каардынацыйнай рады Арцём Брухан мяркуе, што прыняцце новай Канстытуцыі не толькі наспела, але і з’яўляецца “непазбежным для руху наперад”.
Даследаванні даводзяць, што палітычныя сістэмы, якія парушаюць правы чалавека, часцей праходзяць праз перамены разам са зменай канстытуцыі. Гэтак жа верагоднасць падвышаецца, калі ў палітычнай культуры краіны прынята рэгулярна змяняць канстытуцыю. Беларускі досвед з больш чым дзевяццю рэдакцыямі асноўнага закона цягам апошніх 100 гадоў мусіць таксама падпадаць пад гэтае правіла.
Аднак палітычныя працэсы не заўсёды падпарадкоўваюцца статыстычным прагнозам экспертаў. Прынамсі адна краіна ў Паўднёвай Амерыцы не толькі здолела перайсці ад дыктатуры да дэмакратыі без змены Канстытуцыі, але і праз шмат дзесяцігоддзяў працягвае трымацца за прыняты тыранам дакумент.

Над Андамі бясхмарнае неба
У 1973-ім годзе ў Чылі адбыўся дзяржаўны пераварот. Прэзідэнт-сацыяліст Сальвадор Альендэ, увёўшы краіну ў глыбокі эканамічны крызіс, быў забіты. Уладу ўзяла вайсковая хунта, якую па выніку ўнутрыпалітычнай барацьбы ўзначаліў генерал Аўгуста Піначэт. Ягоны рэжым грунтаваўся на двух слупах – рэпрэсіўнасці і прынцыповым непрыняцці сацыялістычных ідэй і практык.
Гвалтоўны характар узяцця ўлады і працяглае кіраўніцтва нікім не абранай хунтай праз некалькі гадоў стварыла зашмат праблем для легітымізацыі ўлады, таму ў 1980-ым годзе хунта абвясціла аб прыняцці новай Канстытуцыі. У адрозненне ад папярэдняга дакумента 1925-га года, новая Канстытуцыя стварала складаную сістэму перадачы ўлады са шматлікімі бар’ерамі ў выглядзе вайсковага кантролю за краінай, адкідала наяўнасць палітычных правоў і вольнасцяў, а таксама прадугледжвала зменшаную ролю дзяржавы ў сацыяльных і эканамічных пытаннях.
У 1988-ым годзе Піначэт не атрымаў падтрымкі на зарганізаваным ім самім рэферэндуме аб працягненні сваіх паўнамоцтваў, і цягам двух гадоў перадаў уладу дэмакратычнай апазіцыі. Аднак новы ўрад не змог арганізавацца і змяніць Канстытуцыю. Інстытуцыянальная ўмацаванасць вайсковага кантролю ў выглядзе аўтаномных інстытутаў, здольных блакаваць рашэнні парламента і ўрада, не далі дэмакратам поўнай улады над дзяржаўнымі органамі. Унутраны раздрай і нязгода ў пытаннях сацыяльна-эканамічнай палітыкі заміналі кансэнсусу паміж прадстаўнікамі апазіцыі. Да таго ж Піначэт выставіў умовы свайго зыходу, сярод якіх былі як поўны прававы імунітэт, так і захаванне пэўных інстытутаў, выбудаваных пры ім.
У 2019-ым годзе ў Чылі распачаліся пратэсты, накіраваныя на падвышэнне сацыяльнай ролі дзяржавы ў эканоміцы. Іх вынікам стала стварэнне канстытуцыйнай камісіі для падрыхтоўкі праекта новага асноўнага закона. У 2023-ім годзе ў Чылі прайшоў рэферэндум, на якім большасць прагаласавала за захаванне “піначэтаўскай” Канстытуцыі. Сярод прычын правалу рэформы называюць недавер да канстытуцыйнай камісіі, рытарычнасць тэксту, несупадзенне духу Канстытуцыі з поглядамі сярэдняга чылійца праз занадта “левы” ўхіл тэксту.

Старога не змяняць, навізны не ўводзіць
Чылійскі досвед можа быць карысным для будучага беларускага канстытуцыяналізму. Нельга выключаць сцэнар, пры якім будучыя ўлады краіны захочуць пайсці на лібералізацыю палітычнага жыцця без радыкальных інстытуцыянальных зменаў. Тэкст беларускай Канстытуцыі, нават з улікам паправак 2022-га года, застаецца ў сваёй структуры дэмакратычным. У ім замацаваная сістэма раздзялення ўлады, асноўныя правы і вольнасці чалавека, прапісаныя механізмы змены ўлады. Аднак значныя хібы і перашкоды для стабільнага функцыянавання дэмакратычнай рэспублікі ўсё ж прысутнічаюць.
Актуальная Канстытуцыя стварае сістэму звышпрэзідэнцкай улады. Прэзідэнт мае права склікаць і распускаць парламент, выдаваць нарматыўныя акты, раўназначныя паводле сілы законам, а таксама асабіста прызначаць кіраўнікоў амаль усіх рэспубліканскіх дзяржаўных органаў і кантраляваць мясцовыя ўлады. Напрыклад, Закон “Аб нарматыўных прававых актах” стварае фактычна “дэкрэтнае права”, калі асноўныя прававыя нормы фармулююцца прэзідэнтам, а не парламентам. Менавіта магчымасць не звяртацца да парламента дае прэзідэнту такія надзвычайныя паўнамоцтвы.
Апроч непасрэдна тэксту асноўнага закона існуе шэраг нарматыўных прававых актаў, якія значна пашыраюць паўнамоцтвы асобных органаў, у прыватнасці прэзідэнта, ягонай Адміністрацыі, Савета бяспекі. Кодэксы – і Выбарчы, і Крымінальна-працэсуальны – абмяжоўваюць палітычныя і грамадскія правы ў большай ступені, чым гэта прадугледжана Канстытуцыяй. Для забеспячэння ўстойлівай дэмакратызацыі варта ўзмацніць палітычны кантроль за падобнымі актамі – напрыклад, усталяваць больш высокі парог галасавання для ўнясення зменаў у такія законы.
Усебеларускі народны сход, створаны праз змены 2022-га года, не ўпісваецца ў сістэму падзелу ўлады. Сам орган не валодае шырокімі паўнамоцтвамі, аднак забірае ў парламента права абвяшчаць імпічмент прэзідэнту, а таксама мае магчымасць кантраляваць вынікі выбараў. Па сутнасці, у гэтым органе няма патрэбы пры дэмакратычным кіраўніцтве.
Але нават з такім тэкстам пабудова дэмакратычнай рэспублікі магчымая. Дзеля абмежавання прэзідэнцкіх паўнамоцтваў цалкам магчыма змяніць Закон “Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь” і Закон “Аб нарматыўных прававых актах” і пазначыць абавязковы часовы характар указаў і дэкрэтаў. Змена складу Канстытуцыйнага суда на больш ініцыятыўных і незалежных суддзяў дазволіць кантраляваць нарматворчы працэс. Што тычыцца Усебеларускага народнага сходу, то ў нацыянальнай прававой традыцыі існуе прэцэдэнт, калі пазначаны ў Канстытуцыі орган фактычна знік. З 2014-га года ў Беларусі не існуе Вярхоўнага гаспадарчага суда, хаця да 2022-га ён прысутнічаў у тэксце асноўнага закона.
Цяперашняя Канстытуцыя далёка не ідэальная. Аднак тэкст закона не з’яўляецца непасрэднай абаронай ад дыктатуры як такой. Лукашэнка наўпрост парушаў нормы Канстытуцыі 1994-га года, аднак народная падтрымка і слабая арганізацыя грамадзянскай супольнасці дазволілі яму правесці кансалідавальныя для ўлады змены без асаблівых пратэстаў і перашкод. У выпадку добра дзейных судоў, актыўных медыяў і адсутнасці манаполіі на ўладу ў адной асобы ці партыі нават апошняя рэдакцыя асноўнага закона можа забяспечваць дэмакратыю ў будучай Беларусі.
Фота вокладкі: Daniele darolle/sygma/getty images
