“Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”
Беларусь мае багатую гісторыю канстытуцыяналізму. Ад Статутаў ВКЛ праз Канстытуцыю Рэчы Паспалітай, Устаўныя граматы БНР і Канстытуцыі савецкіх часоў мы дайшлі да 1994-га года. Падаецца, што ад часу самой ініцыяцыі Канстытуцыйнай камісіі і да сённяшняга дня ніхто не задаваўся пытаннем: а навошта нам агулам Канстытуцыя?
Першая ў свеце Канстытуцыя была прынятая ў ЗША ў 1787-ым годзе. Аднак айцам-заснавальнікам было з чаго ўзяць прыклад, бо за сто гадоў да падпісання знакамітага акта на амерыканскім кантыненце з’явілася “Фундаментальная Канстытуцыя Караліны”. Дакумент, аўтарам якога быў Джон Лок, выбіваўся з прававой традыцыі Брытаніі і наўпрост акрэсліваў правы і абавязкі жыхароў амерыканскіх калоній.
Канстытуцыя ЗША 1787 года. Фота: Getty Images/iStockphoto
Амерыканскія рэспубліканцы, якім удалося скінуць абрыдлы манархічны рэжым, сталі прыкладам для еўрапейцаў. Канстытуцыі Напалеона, рэспубліканскія дэкларацыі “Вясны народаў” (рэвалюцыі 1848-49 гадоў) і пазнейшыя маніфесты аб правах, прынятыя занепакоенымі рэвалюцыяй манархамі, — свет захапіла мода на тое, каб мець адзіны дакумент з апісаннем правоў і абавязкаў грамадзян ды паўнамоцтваў галінаў улады. Аднак і сёння ёсць краіны без фармальных канстытуцый. І гэта не ахопленыя войнамі “фэйлд стэйты”.
Адзін дакумент — шмат праблем
Некаторыя развітыя і заможныя заходнія краіны дагэтуль не маюць аднаго асноўнага закона. Шведская Канстытуцыя складаецца з чатырох актаў: аб спадкаемстве, аб свабодзе прэсы, аб форме ўлады і аб свабодзе поглядаў. Канстытуцыя Вялікай Брытаніі значна больш складаная, і ўвабрала ў сябе акты, прынятыя парламентам з XIII стагоддзя, судовыя пастановы, прававыя звычаі і нават манаграфіі навукоўцаў. Ізраіль вырашыў не прымаць адзінай канстытуцыі, пакуль усе габрэі не збяруцца ў адной краіне.
15 чэрвеня 1215 года кароль Англіі Іаан Беззямельны падпісаў Magna Carta (Вялікая хартыя вольнасцяў). Ілюстрацыя: Universal History Archive/Un/REX
Беларусь не ставіць перад сабой мэты сабраць пад сваімі “белымі крыламі” ўсіх беларусаў і, натуральна, не працягвае шматвяковай манархічнай традыцыі. Аднак можна прывесці як мінімум пяць довадаў на карысць адмовы ад Канстытуцыі як адзінага дакумента:
- беларуская Канстытуцыя не захоўвае дзяржаўнай традыцыі. Цягам апошніх ста гадоў, пачынаючы з 1919-га, Беларусь зведала дзевяць варыянтаў галоўнага дакумента, якія замацоўвалі вельмі розныя формы дзяржаўнага ладу. Іншымі словамі, беларуская практыка канстытуцыяналізму не стаіць на адзіным падмурку, які трэба захаваць праз фармалізаваны звод правілаў;
- спакуса змяняць канстытуцыю вядзе да нестабільнасці. Дадатковай праблемай з’яўляецца і сам падыход да канстытуцыі як да дакумента, які прэтэндуе на грунтоўнасць, але які пры гэтым можна час ад часу змяняць. Дамініканская Рэспубліка, напрыклад, мела 39 варыянтаў Канстытуцыі цягам сваёй гісторыі, Венесуэла — 24.
Традыцыя частых зменаў канстытуцыі можа казаць наступным кіраўнікам, што яны маюць права перапісаць агульныя правілы пад сабе, паколькі так рабілі іхнія папярэднікі. І чым больш такіх зменаў, тым прасцей самім пайсці на перапісванне канстытуцыі. Магчыма, адмова ад канстытуцыі як такой — не горшы шлях рассекчы гордзіеў вузел, які мы паступова сабе завязваем; - наяўнасць канстытуцыі не бароніць ад дзяржаўнага гвалту. Хоць у беларускай Канстытуцыі і замацаваныя правы грамадзян на свабоду сходаў і таямніцу асабістай перапіскі, практыка сённяшняга дня, хутчэй, сцвярджае адсутнасць такіх гарантыяў для простых людзей. Улады навучыліся абыходзіць асноўны закон праз адсылкавыя нормы, калі формула “ў парадку, апісаным у заканадаўстве” дазваляе як заўгодна змяняць законы і проста ігнараваць Канстытуцыю;
- канстытуцыя падмяняе сабой права. Канстытуцыя называецца таксама асноўным законам ці законам законаў, і часцяком яна можа ўспрымацца крыніцай права як такой. Аднак шматлікія інтэрпрэтацыі канстытуцыі ствараюць прастору для маніпуляцый і падману пры наяўнасці нават самага празрыстага тэксту. Так адбылося з 14-ай папраўкай да Канстытуцыі ЗША, якая набыла адваротны сэнс праз судовы актывізм — фактычна суддзі перапісалі Канстытуцыю, не маючы на гэта адпаведных паўнамоцтваў. Адпаведна, правам становіцца не агульная воля грамадзян, а меркаванне асобных юрыстаў, якія да таго ж могуць быць палітычна ангажаванымі;
- беларускае грамадства можа не дамовіцца. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што беларускае грамадства вельмі моцна палярызаванае. Пры такой нянавісці цяжка спадзявацца, што прынятая прадстаўнікамі адной галіны грамадства Канстытуцыя не будзе адразу ж змененая пры наступным палітычным цыкле. Наяўнасць розных бачанняў — ад вяртання варыянта 1994-га года да зусім новых праектаў — пацвярджае, хутчэй, што дасягнуць кампраміснага дакумента будзе вельмі цяжка.
Дык што ж рабіць? Магчымым выйсцем з усіх гэтых праблемаў можа стаць наданне статусу канстытуцыйных асобным законам. Законы “Аб Парламенце” і “Аб Прэзідэнце”, “Аб мясцовым самакіраванні” і “Аб масавых мерапрыемствах”, Выбарчы кодэкс і Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі — калі гэтыя акты атрымаюць дадатковую ахову ад зменаў, то сам працэс канстытуцыйнага развіцця можа пайсці ў куды больш прадказальным і бяспечным для грамадства кірунку. Да таго ж Вялікая Брытанія, Швецыя і Ізраіль — не найгоршае таварыства, калі гаворка ідзе пра “экзатычную” прававую традыцыю.
Фота вокладкі артыкула: Euroradio.fm