падтрымаць нас

Артыкулы

Беларусазнаўства – адзін з інструментаў канструявання нацыі?

Беларусазнаўства – адзін з інструментаў канструявання нацыі?

Нядаўна з’явілася інфармацыя пра запуск незалежнай ініцыятывы дзеля стварэння адукацыйнай праграмы па беларусазнаўстве. Чаму гэта суперактуальна і карысна? Разважае Генадзь Коршунаў.

Я нарадзіўся і вырас у Менску. У дзіцячы садок хадзіў за саветамі і вучыў напамяць вершы пра Леніна.

Школьны буквар “нашай” сталіцай тады называў Маскву, а ў яго на вокладцы быў Крэмль.

Але, што праўда, тады дзеці штовечар глядзелі беларускую “Калыханку”, а бацькі  –  навіны ў тым ліку і на беларускай мове.

У дзяцінстве пытанняў аб тым, хто мы такія – беларусы, у мяне яшчэ не ўзнікала. Хаця, здаецца, адчуванне пэўнай асаблівасці ўжо было. А калі ў школе пачаліся ўрокі гісторыі, памятаю, мне было дзіўна і ніякавата ад таго, што да 1917-га года беларусаў як бы і не было. Аповедам пра тое, што да таго нас “прыгняталі палякі і літоўцы”, чамусьці веры не даваў.

Беларусазнаўства – адзін з інструментаў канструявання нацыі?

Фота: ont.by

Потым прыйшоў 1991-ы год і панеслася: Рагвалод і Ізяслававыя словы “бацька! ты тут не адзін!”, выгнанне полацкіх князёў і палямонаўскі радавод шляхты, розныя уніі, амаль кароль Вітаўт і паскуднік Ягайла, Крапіўна, Ворша, Кірхгольм, Крывавы патоп, Касцюшка, Міцкевіч, Каліноўскі, Дзяды з Радаўніцай і капішча ў Менску, Драздовіч, Орда, Багушэвіч і Багдановіч-бацька… Рукі цягнуліся да ўсяго, дзе быў прыметнік “беларускі”, чыталася ўсё, ад Ермаловіча і Арлова да Ластоўскага і Шахматава, ад “Живописной России” да “150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”. Насамрэч кніжак было не так і багата…

Перыяд прабеларускай вольніцы працягнуўся нядоўга. Тая шырокая сістэма ведаў беларусаў пра беларусаў, якую мы мусім і самі ведаць, і іншым трансляваць, скласціся не паспела. Замест яе ўлады крыва-коса рэканструявалі савецка-ваенны наратыў пра беларуска-савецкі народ, дзе галоўным гістарычным этапам з’яўляецца ХХ стагоддзе. А тое, што сягае больш ранніх часоў, ацэньваецца як другаснае альбо ўвогуле шкоднае ў існых знешнепалітычных варунках.

Тут добра яшчэ, што пасля 2014-га года гісторыкам быў дадзены заказ на распрацоўку такой гісторыі беларускай дзяржаўнасці, якая не абмяжоўваецца выключна ХХ стагоддзем. Праз тое, дарэчы, і такая ўвага да раскопак старажытнага Менска на Менцы, як падаецца. Трэба ж было ўмацоўваць права на ўладу на гэтых землях. У выніку цяпер мы маем хаця б канцэпцыю гістарычнага развіцця дзяржавы і ўлады Беларусі.

Беларусазнаўства – адзін з інструментаў канструявання нацыі?

Фота: realt.onliner.by

А вось каб тое ж, але адносна беларусаў як народа, як нацыі – не маем.

Гэта значыць, што мы не маем сабраных у адным месцы і сістэматызаваных ведаў аб тым, хто такія беларусы і чым мы адметныя ад сваіх суседзяў з пункту гледжання антрапалогіі, культуры, гісторыі і гэтак далей. Чым адметная нашая мова і кухня, музыка і міфалогія, балоты і гарады, шляхта і настаўнікі, татары і габрэі, кнігадрукаванне і прававая культура.

Ёсць шэраг цікавінак і расцярушаных фактаў, а сістэмнай веды – няма. У любой нацыянальна арыентаванай дзяржаве такая сістэма (хаця бывае, што і не сабраная пад адной вокладкай) існуе, развіваецца і мэтанакіравана выкладаецца на ўсіх узроўнях, натуральна, з узроўню дзіцячага садочка. Але гэта не наш выпадак, у нас на сістэмным узроўні транслюецца ўстаноўка, што беларусы – не годны народ і не самастойная нацыя, а проста насельніцтва і паслухмяныя грамадзяне (“тишайшая нива” (©) Караеў Ю. Х.).

Да чаго тут беларусазнаўства? Да таго, што гэта акурат заяўка на такую сістэму, прынамсі на першы ўпэўнены і мэтанакіраваны крок у гэты бок. Можа падацца, што я кажу занадта пафасна, і што тут валаводзіць: беларусы – гэта беларусы, усё ж зразумела. Не, не ўсё. Практыка паказвае, што складаней за ўсё распавядаць пра тое, што падаецца “ўсёзразумелым”. Хто мае сумневы, раю паспрабаваць скласці хаця б 3-4 старонкі тэксту ці тэзісаў пра адметнасці беларускай геаграфіі, гісторыі, этнаграфіі, мовы, мастацтва, фальклору. Паспрабуйце, гэта цікавае практыкаванне.

Беларусазнаўства – адзін з інструментаў канструявання нацыі?

Фота: Кася Сырамалот

Вяртаючыся да беларусазнаўства. Калі я быў, здаецца, на першым курсе БДУ, нам чыталі лекцыі з беларусазнаўства. На той момант я лічыў сябе даволі глыбока занураным і ў беларускую гісторыю, і ў фальклор, і ў этнаграфію, але гэты курс, хоць і невялічкі, дазволіў пераасэнсаваць ужо вядомае і зразумець, пра якія часткі беларускага космасу мне бракавала ведаў. Дарэчы, паглядзеў сайт Белдзяржуніверсітэта: згадак ні пра “беларусазнаўства”, ні пра “белорусоведение” няма зусім.

Мы кажам, што ў 2020 годзе адбылося абуджэнне ці перакадаванне беларускай нацыі.  Яно і сапраўды так – узніклі новыя сэнсы, метафары і культурніцкія мемы, з’явіліся новыя героі і антыгероі, стварыліся культурніцкія праекты, запусціліся адукацыйныя платформы і ініцыятывы. Тут, відавочна, ёсць з чым працаваць, куды расці і развівацца.

Але ёсць і патрэба ў адзінай, простай і несупярэчлівай схеме расповеду аб тым, кім ёсць беларусы і чым яны адрозніваюцца ад усіх сваіх суседзяў. Такая схема будзе вельмі зручнай для размоваў і з палякам, і з расейцам, і з амерыканцам. Такія веды будуць прыдатнымі для таго, каб патлумачыць дзіцяці, у чым гонар “быць з Беларусі”. Гэта будуць і аргументы для размовы з тымі, для каго “национальность неважна”. Мяркую, што паглядзець такую праграму і пасёрфіць па яе спасылках будзе карысна кожнаму, незалежна ад зануранасці ў беларушчыну, каб рэактуалізаваць як мінімум тое, што назапашана.

Ну і пад канец дадам крыху пафасу.

Нацыя – гэта не феномен, гэта працэс, які знітоўвае людзей, часы  і сэнсы. Інструментамі такога нітавання з’яўляюцца мова і лічбавыя платформы, літаратура і мастацтва, нацыянальныя героі і нацыянальна арыентаваная сістэма адукацыі.

І калі цяпер беларуская дзяржава не спрыяе нацыянальнаму будаўніцтву, то мы можам і мусім рабіць гэта самі. У тым ліку праз стварэнне і развіццё беларусазнаўства – самапазнання і самапрэзентацыі.

P. S. Дарэчы, аўтары ініцыятывы праводзяць ананімнае апытанне пра тое, якім мусіць быць курс беларусазанаўства.

Фота вокладкі артыкула: svaboda.org