Падчас святкавання Дня Волі гучыць шмат узнёслых і велічных слоў. Часцей за ўсё такія словы прамаўляюць палітыкі, актывісты, культурныя дзеячы, аддаючы перавагу высокаму стылю і пафасным акцэнтам. Гэта натуральна, бо дата адпаведная – значная і яскравая, сапраўды лёсавызначальная для беларускай нацыі.
Я хацеў бы не тое, каб збіць узровень пафасу, зусім не, хутчэй, наадварот – дадаць сваю цаглінку ў абгрунтаванне значнасці падзеі 25-га сакавіка. Важнасці з пункту гледжання неабходнасці мець такія святы і патрэбы шырока іх адзначаць.
Дзень Волі ў 1996 годзе. Фота Георгія Ліхтаровіча
Пэўна, кожны, хто хоць крыху цікавіцца навуковымі распрацоўкамі па тэме нацыянальнага будаўніцтва, ведае такую працу Бенедыкта Андэрсана, як “Уяўныя супольнасці” (Imagined communities). Згодна з яго канцэпцыяй, якую я падтрымліваю, любыя людскія супольнасці з вялікай колькасцю чальцоў – уяўныя, то бок яны прыдумваюцца.
Уяўны складнік з’яўляецца тады, калі супольнасці пачынаюць яднаць больш за 100 чалавек, калі ўжо становіцца немагчымым ведаць адно аднаго асабіста, “аблічча ў аблічча”. У такім выпадку неабходна вылучаць, канструяваць і падтрымліваць супольныя сімвалы, ідэнтычнасць, практыкі.
Калі спрашчаць, гэта значыць, што ўсе супольнасці, ад зямляцтва да нацыі, не з’яўляюцца нечым прадвызначаным. Яны існуюць толькі тады, калі людзі маюць веру ў існаванне такіх супольнасцяў, калі людзі самі ідэнтыфікуюць ці лічаць сябе ўдзельнікамі гэтых супольнасцяў і дзейнічаюць як прадстаўнікі такіх супольнасцяў.
Трэба адзначыць, што для сацыялагічнай тэорыі гэтая думка не з’яўляецца новай. Нешта такое даследчыкі неаднаразова пісалі і раней, і пазней за Андэрсана. Але праца Андэрсана, па-першае, была прысвечаная менавіта нацыянальным супольнасцям ці нацыям, а па-другое, была напісаная зразумелай мовай і больш арыентавалася на практычныя пытанні.
Дык якія высновы з працы Андэрсана (і іншых даследчыкаў) будуць актуальныя і карысныя для беларускай сітуацыі? Для нас з вамі?
Любыя вялікія супольнасці, і нацыі ў тым ліку, не існуюць самі па сабе. Яны ствараюцца, існуюць і развіваюцца толькі дзякуючы людзям – іхным думкам, каштоўнасцям, учынкам, традыцыям, рытуалам. Атрымліваецца, што народ, нацыя – гэта не феномен, не нешта раз і назаўсёды дадзенае; нацыя – гэта перманентны працэс, які робіцца людзьмі, прычым як творцамі ды актывістамі, так і простымі шараговымі ўдзельнікамі.
Карціна Пётры Сергіевіча “Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году”
Нацыі не ствараюцца самотнікамі-адзіночкамі, хаця пэўныя асобы і робяць значны ўнёсак у агульную справу. Нацыя – гэта праект, працэс няспыннай камунікацыі розных суб’ектаў, якія падзяляюць агульныя сэнсы і ствараюць супольную карціну свету.
Вядома, важную ролю тут адыгрывае мова, але не толькі яна. Крытычна важнымі з’яўляюцца і эмацыйна насычаныя сімвалы – святы, героі, легенды, колеры, лозунгі і мемы, якія разумеюць толькі ўдзельнікі супольнасці, толькі “свае”.
Для існавання нацыі патрэбны агульны час. Не толькі суплёт мінуўшчыны, сучаснасці і будучыні, але і адчуванне еднасці са “сваімі” зараз і цяпер. Падтрымліваць такое пачуццё адзінства, супольнага жыцця ў кожны момант паўсядзённасці амаль немагчыма, бо гэта патрабуе значных эмацыйных высілкаў і іншых рэсурсаў. Да таго ж паўсядзённасць жыве паводле сваіх законаў. Але тут нам дапамагаюць, па-першае, нацыянальныя медыі, якія ствараюць агульны парадак дня, а па-другое, – нацыянальныя святы, расцярушаныя цягам каляндарнага года.
Дык вось, нацыянальныя святы, прычым як узнёслыя, так і трагічныя, як “народныя” (тыпу Купалля ці Дзядоў), так і “палітычныя” (тыпу 25-га сакавіка ці 8-га жніўня), яны крытычна патрэбныя для перыядычнай актуалізацыі нацыянальных пачуццяў.
Святкаванне Дзядоў у Беларусі. Фота: YesBelarus
Рэгулярныя каляндарныя даты; штогадовыя рытуальныя дзеянні і акцыі, прымеркаваныя да гэтых дзён; абавязковыя традыцыйныя спалучэнні колераў і пафасныя вербальныя фармулёўкі – гэта ўсё на пэўны момант выштурхоўвае нас з цягучкі атамізаванай паўсядзённасці і вяртае ў агульнанацыянальны час.
Так узнаўляецца пачуццё вялікай еднасці са “сваімі”, дзе б яны ні былі: ці ў мінулым, ці ў іншай краіне, ці за кратамі. Гэтак нацыя адчувае повязь сваіх сыноў і дачок, а дочкі і сыны рэканструююць беларускую нацыю.
Зразумела, аднаго адзначэння святаў для існавання беларускай нацыі будзе мала. Трэба і асэнсоўваць сябе часткай нацыі, і выхоўваць дзяцей беларусамі, і падтрымліваць сваіх па магчымасці штодзённа, і глядзець-чытаць сваё, і шмат чаго яшчэ… А святы – яны крытычна важныя менавіта з таго пункту гледжання, што даюць нам разуменне і адчуванне таго, што мы ёсць, што мы – разам, што мы – беларусы.
Дый сапраўды Дзень Волі, і сама падзея 1918-га года, і нашае штогадовае свята, – некаторыя з комплексу кутніх камянёў сучаснай беларускай нацыі. І таму, што больш за 100 гадоў таму мы пасягнулі на дзяржаўную незалежнасць; і таму, што супольнае святкаванне гэтага дня ўсімі намі дае агульнае адчуванне таго, што беларусы былі, мы – ёсць, мы – будзем!
І Воля – будзе!
Фота вокладкі артыкула: Reuters. Паслявыбарчы мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску, 19 сакавіка 2006 года.