Чацвёрты год запар Цэнтр новых ідэй сумесна з ініцыятывай “Ёсць пытанне” (былое “Народнае апытанне”) ладзяць сацыялагічнае даследаванне аб стаўленні прадэмакратычных беларусаў да падзеяў 2020-2021 гадоў.
Сёлета анлайн-апытанне праводзілася ў сярэдзіне ліпеня. Агулам у ім узялі ўдзел амаль 650 чалавек. Усе яны з’яўляюцца прыхільнікамі дэмакратычных зменаў, а большасць з іх жыве за межамі Беларусі. Што вынікае з атрыманых дадзеных і чым яны адрозніваюцца ад звестак мінулых гадоў?
2020-2021 гады сталі рубіконам
Адносна пратэстаў таго часу сярод ядра прадэмакратычнай часткі беларускага грамадства ўсталяваўся пэўны кансэнсус ці “канон разумення”.
Пераважная большасць апытаных, больш за 90%, адзначыла, што падзеі 2020-2021 гадоў істотна альбо цалкам змянілі іхняе жыццё. Пры гэтым прапорцыі паміж адказамі “Падзеі 2020-га года істотна паўплывалі на маё жыццё” і “Жыццё змянілася цалкам” цягам мінулых чатырох гадоў амаль што выправіліся. Калі раней дамінаваў першы з іх – 66%, а другі меў 18%, то цяпер іх долі складаюць 48% і 45% адпаведна. Гэта значыць, сегмент тых, хто лічыць, што пасля пратэстаў іхняе жыццё змянілася поўнасцю, за чатыры гады вырас у 2,5 раза – з 18% да 45%.
Тое ж самае можна сказаць і адносна ўспрыняцця, як пратэсты паўплывалі на беларусаў агулам. Пераважная большасць апытаных, каля 70%, лічыць, што менавіта падзеі 2020-2021 гадоў аказалі найбольшае ўздзеянне на беларусаў як на нацыю. На другім месцы ў гэтым спісе – расейска-ўкраінская вайна (17%), на трэцім месцы – “Вялікая айчынная вайна” (5%).
Як бачыцца тое, што адбывалася
Як і раней, людзі не шкадуюць пра тое, як яны паводзілі сябе ў тыя часы. Долі тых, хто “дзейнічаў бы, як і раней” і тых, хто “дзейнічаў бы больш актыўна”, цягам усіх гэтых гадоў застаюцца прыкладна на адным узроўні – адпаведна блізу 50% і каля 40%.
Дамінавальныя сэнсы, якія людзі бачаць у тых падзеях, таксама амаль не змяніліся. Так, у якасці галоўнага выніку падзей 2020-2021 гадоў блізу дзвюх трацін апытаных бачылі і бачаць тое, што “мы зразумелі, што нас большасць (шмат)”. Яшчэ больш за палову лічылі і лічаць: дзякуючы пратэстам беларусы ўбачылі, што насамрэч уяўляе сабой улада Лукашэнкі, ды адчулі, што з’явілася надзея, вера ў магчымасць зменаў.
Пры гэтым яшчэ захоўвае сваю моц упэўненасць у тым, што “пратэст дасюль не пацярпеў паразы”. Прынамсі так працягвае лічыць прыкладна палова апытаных (цягам апошніх гадоў іхняя доля амаль не змяншаецца).
Захоўваецца кансэнсус і адносна галоўных прычынаў таго, што перашкодзіла пратэсту перамагчы. Па-першае, гэта падтрымка рэжыму Лукашэнкі з боку Пуціна – 79%. Па-другое, гэта занадта моцны сілавы апарат рэжыму – 58%. Разам з тым людзі пачынаюць больш казаць пра тое, што “пратэсты былі дрэнна арганізаваныя, не хапіла каардынацыі” (29% у 2022-ім годзе і 37% у 2025-ым годзе). Шырыцца меркаванне і пра тое, што ў пратэстаў не было лідараў альбо лідары пратэстаў былі занадта слабыя (24% у 2022-ім годзе і 36% у 2025-ым годзе).
Эмацыйны фон змяняецца
Эмацыйная афарбоўка падзей 2020-2021 гадоў агулам захоўваецца, але ў пэўных яе складніках адбываюцца змены. Так, у прыватнасці, нарошчвае сваю сілу пачуццё, якое падзеі 2020-2021 гадоў выклікаюць у першую чаргу. Гэта пачуццё гонару і павагі – 68% (з 2023-га года гэты паказнік вырас на 9%). На другім месцы ў сферы пачуццяў стаяць злосць, лютасць – іх пазначыў 51% апытаных (стала меней на 7%). На трэцім месцы стаяць гора і боль – 38%.Таксама ў параўнанні з 2023-ім годам на 7% вырасла доля тых, хто абраў “Душэўны ўздым, аптымізм”. І на 10% знізілася доля тых, хто пазначыў “адчай, бяссілле, безнадзейнасць”.
Разам з тым падзеі 2020-2021 гадоў пакрысе аддаляюцца, іх фон згасае, і яны, умоўна кажучы, перастаюць “трыгерыць”. Менавіта таму за мінулыя гады на 15% знізілася доля тых, да каго “прыходзяць флэшбэкі 2020-га”. На 18% стала меней і тых, хто адчувае трывогу праз наступствы гэтых падзей для сябе.
Рэпрэсіі працягваюць пашырацца
Са справаздач праваабаронцаў мы ведаем, што ўлады працягваюць рэпрэсіі і хаваюць іх маштаб. Апытанне паказвае, што з 2023-га года да 2025-га колькасць людзей, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі асабіста, вырасла на 15% – з 49% да 34%. Таксама павялічылася і колькасць тых, чые блізкія, сваякі ці сябры так ці інакш пацярпелі ад дзеянняў сілавікоў – з 78% да 87%.
З 2022-га года да 2025-га года вырасла і доля тых, у каго нехта з блізкага кола знаходзіцца за кратамі. У 2022-ім годзе такіх было 39%, а ў 2025-ым – ужо 57%.
Стаўленне да лідараў у замежжы
У палітычнай сферы безумоўным лідарам застаецца Святлана Ціханоўская (яе ведаюць амаль 100% апытаных, давяраюць – 85%). На другім месцы з вялікім адрывам – Павал Латушка (ведаюць – 93%, давер – 63%).
Трэцяе і чацвёртае месца дзеляць Сяргей Ціханоўскі і Франак Вячорка. Пра дзейнасць першага ведаюць 85% апытаных, а давяраюць яму 35%. Пра другога ведаюць 80%, але давяраюць яму толькі 41% рэспандэнтаў.
Дзвюма галоўнымі палітычнымі арганізацыямі з’яўляюцца Офіс Святланы Ціханоўскай і Аб’яднаны пераходны кабінет. Пра працу Офіса ведаюць 92%, давяраюць яму 78%; пра Кабінет ведаюць 63%, а давяраюць 38%. За імі ідуць Каардынацыйная Рада і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (ведаюць пра першы – 68%, давер – 31%; пра працу НАУ ведаюць 60%, давяраюць яму 38%).
І напрыканцы ТОП-3 галоўных грамадзянскіх ініцыятыў, якія рэспандэнты ведаюць і чыю дзейнасць ацэньваюць як карысную: 1) “Кіберпартызаны”; 2) Полк імя Кастуся Каліноўскага; 3) Праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Фота вокладкі: REUTERS/Stringer/Scanpix/Leta