падтрымаць нас

Артыкулы

Адрэзаныя ад свету: ці чакае Беларусь закон аб фэйках і інтранэт? 

Адрэзаныя ад свету: ці чакае Беларусь закон аб фэйках і інтранэт? 

4-га сакавіка Пуцін падпісаў закон аб распаўсюдзе фэйкаў, за парушэнне якога можна трапіць за краты. Гэта прывяло да беспрэцэдэнтна хуткага абмежавання і блакіровак буйных сацсетак і закрыцця буйных расійскіх медыяў. Якія наступствы такога сцэнарыя і ці можа ён паўтарыцца ў Беларусі? 

Бліцкрыг у вайне супраць праўды 

З пачатку вайны ва Украіне расійскія ўлады выкарыстоўваюць дадатковыя механізмы абмежавання некантраляванай інфармацыі пра расійскую агрэсію. Звычайнай прапаганды стала недастаткова, каб забяспечыць доступ толькі да “правільных” навінаў. Праз шматлікія антываенныя публікацыі расіян у сацыяльных сетках, а таксама дастаткова празрыстае асвятленне вайны незалежнымі СМІ рашэнне абмежаваць доступ да навінаў адлюстравалася ў законе аб фэйках. 

Закон аб фэйках забараняе расіянам распаўсюджваць “непраўдзівую інфармацыю” пра расійскую армію і называць ваенныя дзеянні вайной. Абсурднасць закона заключаецца ў тым, што вызначаць фэйкі належыць Раскамнагляду – спецыяльнай праўладнай установе па інфармацыйным кантролі. 

Частка замежных СМІ (“Радио Свобода”, BBC, Deutsсhe Welle) былі заблакаваныя расійскімі ўладамі. Таксама ўлады Расіі заблакавалі Facebook, Twitter, Instagram на сваёй тэрыторыі. TikTok дзеля абароны сваіх супрацоўнікаў абмежаваў жывыя трансляцыі і загрузку відэа на платформу ў Расіі. У сацыяльных сетках пачалася сапраўдная паніка наконт закрыцця міжнародных сацсетак у Расіі. Расіян за апошні тыдзень больш цікавіла тэма VPN, чым вайны. 

Пошук у Google сярод карыстальнікаў у Расіі, які ўводзілі словы “VPN” і “вайна” ў перыяд ад 7-га да 14-га сакавіка. Крыніца: Google Trends

Як і чакалася, закон аб фэйках прывёў да росту страху публічна выказваць сваю палітычную пазіцыю; сёння расіяне вымушаны змяняць слова “вайна” пяццю зорачкамі, каб пазбегнуць крымінальнага пераследу. Менш чаканай, аднак, стала самацэнзура расійскіх незалежных СМІ. Заявы аб сыходзе з расійскага рынку з’явіліся ад тэлеканала “Дождь”, радыёстанцыі “Эхо Москвы”, Znak, DOXA. Яшчэ частка выданняў (“Новая Газета”, The Bell) вырашылі проста не пісаць пра вайну і выдаліць усе матэрыялы пра Украіну. 

Такі хуткі самавольны сыход расійскіх выданняў можа здзівіць, калі параўнаць дзеянні расійскіх медыяў з тым, як рэагавалі на блакіроўку беларускія выданні пасля жніўня 2020-га года. У беларускім выпадку медыі стваралі сайты-люстэркі, пераходзілі на сацсеткі, вучылі аўдыторыю карыстацца VPN і працягвалі працу, нягледзячы на крымінальныя справы, прызнанне выданняў экстрэмістамі альбо нават экстрэмісцкімі фармаваннямі. 

Што чакаць ад расійскай прапаганды?

Абмяжоўваючы доступ да сацыяльных сетак, расійская прапаганда губляе сваю маладую аўдыторыю ў TikTok, які даўно стаў мяккай зброяй старой прапаганды. Магчымым наступным крокам для расійскіх прапагандыстаў можа стаць не толькі класічнае выкарыстанне тэлебачання, “ВКонтакте” і “Одноклассники”, але і Telegram. 

Такую тактыку выкарыстоўвалі і беларускія прарэжымныя паблікі, як толькі асэнсавалі папулярнасць платформы пасля выбараў 2020-га. Пры гэтым можна чакаць блакіровак буйных прапагандысцкіх паблікаў з боку Telegram, які належыць расіяніну Паўлу Дураву. Прэцэдэнты пасля пачатку вайны ўжо былі, напрыклад, з беларускім каналам “ГУБОП”, які публікаваў вядомыя пакаяльныя відэа затрыманых. 

Блакіроўкі доступу да сацыяльных сетак – не толькі парушэнне правоў грамадзян, але і страта буйнога медыярынку для ўладальнікаў Meta, Twitter, ByteDance. Варта адзначыць і тое, што TikTok не забараніў карыстальнікам з Расіі глядзець відэа. Таму алгарытмы платформы, хутчэй за ўсё, будуць выводзіць расійскіх юзераў на тэрытарыяльна блізкія рускамоўныя краіны, якія могуць пры жаданні распавядаць маладым расіянам пра падзеі. 

Ва ўмовах, калі прапаганда больш не спраўляецца з інфармацыйнай вайной на роўных умовах, расійскія ўлады пачалі поўнамаштабнае падаўленне альтэрнатыўнай думкі. Наступным крокам Крамля можа стаць поўнае адключэнне ад сусветнай сеткі інтэрнэт. Да гэтага расейскія ўлады рыхтаваліся не адзін год. У 2019-ым у Расіі прынялі закон “О суверенном Рунете”, а ў лютым 2021-га расейскія ўлады заяўлялі пра гатоўнасць да пераходу на інтранэт, які функцыянуе паводле кітайскай мадэлі. 

Інфармацыйная блакада ў Беларусі: больш пагроза, чым будучыня

Беларускі кантэкст хоць і падобны да расійскага, але сцэнарыі неабавязкова будуць паўтарацца. Незалежныя выданні ўжо вынайшлі сістэму працы ва ўмовах прызнання іх экстрэмісцкімі, таксама як і іх аўдыторыя, 69 % з якой чытае навіны ў месенджарах. Пры гэтым інфармацыйная барацьба на беларускім медыяполі яшчэ не скончаная. 

Паколькі рашэнне аб блакіроўках сацыяльных сетак Facebook, Twitter, Instagram прымалася з боку расейскіх уладаў, а абмежаванне TikTok адбылося па ініцыятыве кампаніі ў выніку прыняцця закона аб фэйках, чакаць такога ж развіцця падзеяў у Беларусі можна ў трох малаверагодных выпадках. 

Па-першае, калі беларускія ўлады вырашаць заблакаваць дзейнасць Meta, ByteDance, Twitter на сваёй тэрыторыі, гэта нічога не зменіць для беларусаў, якія ўжо навучыліся альбо вучацца абыходзіць блакіроўкі. Даследаванні пратэснай аўдыторыі паказваюць, што ўжо цяпер 65 % гэтых людзей карыстаюцца VPN

Па-другое, расійскі сцэнар у Беларусі магчымы, калі ўлады прымуць аналагічны закон аб фэйках. Аднак гэта выглядае празмерным крокам. Па сутнасці, закон аб фэйках па прыкладзе Расіі будзе дубляваць законы аб экстрэмізме, якія дазваляюць крымінальныя справы ў тым ліку за каментары ў сацсетках. 

Па-трэцяе, Беларусь можа пайсці шляхам Расеі, калі наша краіна далучыцца да расійскага інтранэту. Гэты сцэнарый найменш верагодны, паколькі яго ажыццяўленне будзе цяжкім і павольным нават у самой Расіі. Падлучэнне іншай краіны да інтранэту можа патрабаваць большых рэсурсаў і тэхналагічных абнаўленняў. Аднак, улічваючы інтэнсіўнае развіццё падзей, такі сцэнар цалкам выключаць таксама нельга.