• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Наталля Зубарэвіч: Беларускія рэгіёны не апусцяцца да ўзроўню расійскіх

    Шэсць ідэй з Reshape 2019 аб рэгіянальнай няроўнасці.

    Наталля Зубарэвіч, вядучая расійская спецыялістка па сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёнаў, выступіла ў нас на канферэнцыі Reshape, а мы падрыхтавалі для вас канспект гутаркі.

    1. Мінск мусіць заставацца цэнтрам прыцягнення

    Людзі будуць працягваць з’язджаць з рэгіёнаў у Мінск – падабаецца нам гэта ці не. У сталіцы больш працоўных месцаў, выбару, магчымасцяў для рэалізацыі. Лепш, каб людзі заставаліся ў краіне, чым з’язджалі за мяжу. Напрыклад, пасля ўступлення Латвіі ў Еўрасаюз, з гэтай краіны з’ехалі дзве траціны працаздольнага насельніцтва. Наталля лічыць, што беларускія рэгіёны наўрад ці апусцяцца да ўзроўню Пскоўскай вобласці – адной з самых бедных у Расіі. Гэта магчыма толькі пры ўмове, што межы паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам стануць адкрытыя.

    2. Няроўнасць у беларускіх рэгіёнах не будзе расці так шалёна, як у Расіі

    На думку Наталлі Зубарэвіч, разрыў паміж рэгіёнамі ў Расіі каласальны, бо значная частка прыбытку краіны ідзе ад продажу нафты, то бок рэнты. У Беларусі няма прамой рэнты, але ёсць апасродкаваная, якая звязана з цэнавымі датацыямі ад нафтапрадуктаў, якія паступаюць у краіну. Але яе маштабы значна меншыя, чым у РФ, падкрэслівае адмыслоўца. Таксама нам не варта баяцца мільёнаў мёртвых вёсак, як у Расіі, бо Беларусь мае больш спрыяльныя агракліматычныя ўмовы і больш шчыльна ды раўнамерна заселеная, чым ўсходняя краіна-суседка.

    3. Плёну ад раздачы грошай слабым рэгіёнам не будзе

    Еўрапейскі саюз дае добры прыклад у барацьбе з рэгіянальнай няроўнасцю. Там існуюць структурныя фонды, якія інвестуюць у тое, каб выраўняць развіццё краін-чальцоў саюза. 

    На працягу пятнаццаці гадоў, па словах Наталлі, краіны Еўрапейскага саюза пераразмяркоўвалі сродкі так, каб падтрымаць слабыя рэгіёны. У сярэдзіне нулявых да саюза далучыліся краіны Усходняй ды Цэнтральнай Еўропы, і ЕС перайшоў на іншы прынцып у падтрымцы сваіх чальцоў. Ад гэтага моманту яны даюць грошы не проста так, а пад ініцыятывы, якія ідуць “знізу”, бо гэта больш эфектыўна.

    4. Рэгіянальная няроўнасць у краіне, якая развіваецца, – гэта натуральна

    Няроўнасць у працэсе развіцця расце, і на гэта ёсць эканамічныя падставы: калі дзесьці ўмовы лепшыя, то туды едуць людзі, ідзе бізнес, горад развіваецца. Наталля лічыць, што гэта натуральна для ўсіх краін, якія даганяюць іншых у развіцці. Стаўку на рэгіёны з канкурэнтнымі перавагамі робяць, напрыклад, у Кітаі ды Індыі. На думку Наталлі, калі краіна ўладкавана правільна, то пазітыўны эфект з такіх рэгіёнаў будзе пашырацца на іншыя.

    5. Вёскі будуць павольна і з болем трансфармавацца

    Як лічыць Наталля, людзі не пакінуць тэрыторыі, якія максімальна эфектыўныя для сельскай гаспадаркі. Але і цяпер там не трэба гэтак шмат людзей, як раней. Цяпер 5-6 чалавек з добрай тэхнікай могуць апрацаваць 5-6 гектараў зямлі. З болем і павольна, але сельская мясцовасць будзе трансфармавацца з толькі аграрнай і шматлюднай у поліфункцыянальную і менш населеную. Гэтыя тэрыторыі можна выкарыстоўваць, напрыклад, для турызму, палявання і г.д.

    6. Мясцовае самакіраванне неабходнае, але гэта не панацэя

    У мясцовага самакіравання мусіць быць падатковая база, але трэба разумець, што ў шматлікіх перыферыйных рэгіёнаў грошай не было і не будзе. Для гэтага дзяржаве трэба змяніць прапорцыі падаткаабкладання так, каб не задушыць больш моцных, але неяк дапамагчы больш слабым. Ёсць і іншая ды вельмі важная ўмова для развіцця рэгіёнаў і мясцовага самакіравання – гэта наяўнасць грамадзянскай супольнасці ды  ініцыятывы ад саміх жыхароў. Але пакуль гэтага ані ў Беларусі, ані ў Расіі не назіраецца.

    Раім паслухаць архіўны выпуск Ідэйнага падкаста, дзе мы размаўлялі з Наталляй Зубарэвіч пра сацыяльную дзяржаву, лічбавую эканоміку і ўзнікненне запыту на рэформы.

    ПаказацьСхаваць каментары