падтрымаць нас

Артыкулы

Як улады знішчалі грамадзянскую супольнасць – у 2021-ым годзе і пасля пачатку вайны

Як улады знішчалі грамадзянскую супольнасць – у 2021-ым годзе і пасля пачатку вайны

Калі 2020 год быў часам Беларускай рэвалюцыі, то год 2021 стаў перыядам контррэвалюцыі. У гэта час, асабліва ў другой палове года, улады прыклалі максімум намаганняў, каб знішчыць любыя магчымасці для праяваў як пратэснай дзейнасці, так і сацыяльнай актыўнасці ды самаарганізацыі. 

Рэжым практычна спляндраваў прастору незалежных медыяў. Яны былі вынішчаныя ці выціснутыя за мяжу.  Як сцвярджае Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на праваабарончую арганізацыю Freedom House, у 2021-ым годзе Беларусь, нароўні з М’янмай і Угандай, аказалася сярод краін, дзе было зафіксавана найбольшае пагаршэнне свабоды інтэрнэту. Трэба адзначыць, што, нават апынуўшыся за мяжой, айчынныя медыі працягваюць заставацца прынцыпова важнымі гульцамі беларускай інфармацыйнай прасторы. 

Улады фактычна зрабілі татальную зачыстку арганізацый трэцяга сектара (гэта розныя фонды, установы, грамадскія аб’яднанні і г.д.). Паводле дадзеных маніторынгу Lawtrend, у 2021-ым годзе больш за 370 некамерцыйных арганізацый было ў стане прымусовай ліквідацыі (не ўсе прысуды яшчэ вынесеныя) і каля 150 былі ліквідаваныя. Яшчэ больш за 200 падалі заявы аб самаліквідацыі. Зразумела, гэта вельмі звужае магчымасці для дзейнасці такіх арганізацый, але далёка не ўсе з іх спынілі сваю працу на карысць грамадству.

Паводле інфармацыі “Вясны”, за год колькасць палітвязняў павялічылася больш чым у чатыры разы. Адміністратыўны і/альбо крымінальны пераслед зведалі структуры самаарганізацыі і грамадзянскія актывісты як на лакальным (гэта перш за ўсё “Тэлеграм”-каналы розных супольнасцяў – лакальных, палітычных, грамадзянскіх, карпаратыўных і г.д.), так і на прафесійным (гэта медыкіадвакатычыгуначнікі і г.д.), і на ўзроўні цэлай краіны. У апошнім выпадку маюцца на ўвазе не толькі незалежныя СМІ, але і такія стрыжнёвыя для грамадзянскай супольнасці платформы, як BYPOL ці BYSOL.

Асабліва ўлюбёным інструментам эскалацыі ціску на грамадзянскую супольнасць стала валюнтарысцкае выкарыстанне прысудаў за “экстрэмізм”. Цягам 2021-га года беларускімі судамі было праведзена 442 паседжанні па прызнанні чагосьці экстрэмісцкімі матэрыяламі (для параўнання: у 2020-ым годзе такіх паседжанняў было толькі 14 за ўвесь год). Абсалютная большасць такіх прысудаў тычылася тых “Тэлеграм”-каналаў, што ўзніклі ў 2020-ым годзе. Рэпрэсіі ўзмацніліся пасля пастановы Саўміна № 575 “Аб мерах супрацьдзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму” ад 12-га кастрычніка 2021-га года. Калі перад гэтым “экстрэмісты” проста блакаваліся, а пераслед ужываўся толькі адносна спасылак на такія матэрыялы ці цытаты з іх, то пасля ва ўладаў з’явілася магчымасць судзіць людзей на тэрмін ад 6 да 10 гадоў (за ўдзел ці стварэнне экстрэмісцкага фармавання паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэкса). 

У выніку за чатыры з паловай месяцы – ад прыняцця гэтай пастановы да пачатку расійска-ўкраінскай вайны – экстрэмісцкімі фармаваннямі былі прызнаныя 38 структур: ад ініцыятывы “Працоўны рух” і платформы Dze.chat да інфармацыйнага агенцтва БЕЛАПАН і “Тэлеграм”-чата «Волейбол по выходным». 

Сапраўды, ад 24-га лютага 2022-га года распачаўся новы этап існавання Беларусі – калі дзяржава стала суагрэсарам у гэтай вайне з разам з Расіяй, а грамадства разам з краінамі Захаду стала на бок Украіны. Рэжым аддаў расійскай арміі сваю тэрыукраіторыю, свае дарогі і чыгунку, аэрадромы і шпіталі. А беларусы ўнутры краіны выйшлі з пратэстамі на вуліцы, пасля сталі рабіць фота і відэа расійскай тэхнікі на беларускіх дарогах, фіксаваць запускі ракет і зрываць рух цягнікоў; беларусы замежжа ўключылі рэжым валанцёрства і дапамагалі бежанцам (як сваім, беларусам, так і ўкраінцам); беларусы ва Украіне ўступалі ў ЗСУ і ТРА, валанцёрылі і лячылі параненых.

Зразумела, улады не маглі не адрэагаваць на новую хвалю супраціву грамадства. Па інфармацыі праваабарончай арганізацыі “Вясна”, цягам першага тыдня вайны па ўсёй краіне былі затрыманыя больш за 1100 чалавек (адзначым, у той час яшчэ адбываўся так званы “канстытуцыйны рэферэндум”). Узровень гэтых рэпрэсій параўнальны з узроўнем самых вялікіх затрыманняў падчас нядзельных маршаў 2020-га года. Акрамя асабістых затрыманняў, працягваўся ціск і па іншых напрамках – дзесьці больш, дзесьці менш. 

Калі параўноўваць сярэднія звесткі за месяц, то пасля пачатку расійска-ўкраінскай вайны атрымоўваецца наступная сітуацыя:

  • колькасць палітвязняў узрасла на 123 чалавек, то бок прыкладна на 50 за месяц (ад 17.02.2021 да 17.02.2022 – 807 і 67 у сярэднім за месяц);
  • колькасць заявак НДА і НКА на самаліквідацыю склала 34 ці 14 у сярэднім за месяц (у 2021-ым годзе 204 і 14 у сярэднім за месяц);
  • колькасць выпадкаў прымусовай ліквідацыі – 50, альбо ў сярэднім 20 за месяц (у 2021-ым годзе – 370 і 31);
  • колькасць паседжанняў па прызнанні матэрыялаў “экстрэмісцкімі” – 152 за ўвесь час і 60 за месяц (у 2021-ым годзе – 442 ці 37 за месяц); 
  • экстрэмісцкімі фармаваннямі былі прызнаныя 20 структур, што складае ў сярэднім 8 за месяц (ад 12.10.2021, даты прыняцця пастановы Саўміна, да 23.02.2022 – 38 ці ў сярэднім 8 за месяц).

Калі статыстыку па рэпрэсіях за гэты ваенны перыяд параўноўваць з 2021-ым годам, то атрымліваецца, што ўлады амаль знішчылі інстытуцыянальны каркас грамадзянскай супольнасці ўнутры краіны. Хутка ўжо не застанецца нікога, каго можна было б ліквідаваць. Ужо цяпер рэпрэсіі знізіліся амаль у паўтара разы.

А ў супрацьстаянні з сеціўнымі супольнасцямі ўлады змянілі сваю стратэгію – ад рэактыўнай тактыкі адказу на выклікі грамадства яны перайшлі да праактыўнай стратэгіі. Выкарыстанне “экстрэмізму” прагрэсуе: колькасць паседжанняў па прытэзнанні чагосьці “экстрэмісцкімі матэрыяламі” павялічылася амаль у два разы, але інтэнсіўнасць прызнанняў кагосьці “экстрэмісцкімі фармаваннямі” пакуль захавалася на даваенным узроўні. Падаецца, што ў найбліжэйшай будучыні гэтыя трэнды захаваюцца. 

Фота: spring96