У ліпені намеснік Міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў агучыў, што Беларусь цягам аднаго года гатовая завяршыць тэхнічныя працы па ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю (СГА). Аднак тры гады таму той самы міністр прадказваў, што Беларусь далучыцца да СГА да канца 2013-га. Прымаючы ў разлік стан беларускай эканомікі, планы па-ранейшаму нерэальныя.
Перамоўны працэс па ўступленні Беларусі ў СГА – гэта гісторыя нявыкананых абяцанняў па лібералізацыі і прыватызацыі эканомікі. Для многіх краін імкненне далучыцца да СГА служыла матывацыяй і абгрунтаваннем дзеля правядзення смелых эканамічных рэформ. Але не для беларускіх уладаў, якія імітуюць зацікаўленне да ўступлення ў арганізацыю.
Беларусь застаецца адной з нешматлікіх краін у свеце, якія не належаць да СГА. Дамінавальная роля дзяржавы ў эканоміцы і яе празмерныя сельскагаспадарчыя субсідыі выразна перашкаджаюць перамовам Беларусі з СГА.
Увесь свет акрамя Беларусі
Місіяй СГА з’яўляецца ўзгадненне глабальных правілаў гандлю, развіццё шматбаковых гандлёвых пагадненняў і зніжэнне гандлёвых бар’ераў. Сёння ў СГА ўваходзяць 162 краіны, на долю якіх прыпадае больш за 98 % сусветнага Валавога ўнутранага прадукту (ВУП). Яшчэ 22 краіны, у тым ліку Беларусь, у працэсе перамоваў аб далучэнні. Толькі 14 дзяржаў не выказваюць зацікаўленасці ў супрацы з СГА. Дагэтуль ніводная краіна-чалец СГА не пакінула сусветную арганізацыю.
Уступленне Расіі ў СГА ў 2012-ым аўтаматычна прымусіла іншых чальцоў Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана дастасаваць сваю гандлёвую палітыку ў адпаведнасці з забавязаннямі Расіі перад СГА. Пасля гэтага Беларусь і СГА маглі б даволі лёгка знайсці кампраміс у перамовах па тарыфным і нетарыфным рэгуляванні доступу да рынку тавараў і паслуг.
Такім чынам, ужо тры гады Беларусь адчувае негатыўныя наступствы ўступлення Расіі ў СГА без якой-небудзь прамой карысці для ўласнай эканомікі. У адрозненні ад тавараў, вырабленых у Расіі, беларускія тавары не маюць больш лёгкага доступу да замежных рынкаў, а Беларусь не мае права выкарыстоўваць законы СГА ў міжнародных судовых працэсах. Нарэшце, далучэнне Расіі да СГА інтэнсіфікавала канкурэнцыю ўнутры ўсяго Мытнага саюза (цяпер Еўразійскі эканамічны саюз), што прывяло да выціскання шэрагу беларускіх вытворцаў з супольнага рынку.
Няспраўджаныя абяцанні беларускіх уладаў
Беларусь пачала перамовы аб уступленні ў СГА ў 1993-ім. З таго часу мінулі 22 гады, а сяброўства ў СГА для нас застаецца недасяжнай перспектывай, хаця іншым краінам працэс уступлення займаў ад 3 гадоў (Кыргызстан) да 19 гадоў (Расія і Казахстан).
За гэты час Беларусь прыняла ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, якія маглі б наблізіць краіну да глабальнай арганізацыі. Прагрэс Беларусі па прывядзенні нацыянальнага заканадаўства ў адпаведнасць з дамовамі СГА ацэньвае г.зв. Працоўная група па ўступленні Беларусі ў СГА, у якую ўваходзяць прадстаўнікі 41 краіны. Дагэтуль Працоўная група правяла сем афіцыйных паседжанняў у 1997-2005-ым і пяць раўндаў неафіцыйных кансультацый у 2006-2013-ым.
Акрамя гэтага, у 2008-2013-ым Беларусь удзельнічала ў праектах тэхнічнай дапамогі ў падтрымку беларускіх памкненняў да сяброўства ў СГА, якія складаліся з аналітычных даследаванняў, экспертных навучальных паездак, тэхнічнага абмену досведу, семінараў і круглых сталоў.
Афіцыйны Мінск, аднак, толькі звонку выяўляў зацікаўленне хуткім далучэннем да СГА. Падчас шматгадовых перамоваў беларускія ўлады неаднаразова дэкларавалі паскарэнне працэсу. У прыватнасці, у 2005-ым, 2010-ым і 2012-ым гадах беларускія чыноўнікі заяўлялі, што Беларусь гатовая паспяхова завяршыць перамовы цягам прыкладна аднаго года. Тым часам усе суседзі Беларусі ды ўсе астатнія ўдзельнікі Еўразійскага эканамічнага саюза далучыліся да СГА.
Непераадольныя перашкоды на шляху Беларусі ў СГА
З эканомікай, у якой дзяржаўныя прадпрыемствы вырабляюць каля 70 % ВУП, Беларусь не мае найменшага шанца на ўступленне ў СГА. Сяброўства ў СГА патрабуе ад краіны-кандыдата эканамічнай лібералізацыі, у тым ліку змяншэння ролі дзяржавы ды стварэння роўных умоваў дзейнасці для ўсіх суб’ектаў гаспадарання. СГА ніколі не прыняла краіну з такой квазісацыялістычнай эканомікай як у Беларусі. Напрыклад, з 29 постсацыялістычных краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а таксама Цэнтральнай Азіі, 23 паспяхова ўступілі ў СГА. Прыватны сектар у кожнай з іх на момант уступлення складаў ад 50 % да 75 % ВУП.
У прыватнасці, дзяржаўная падтрымка сельскай гаспадаркі застаецца асабліва балючай тэмай. Хоць роля сельскай гаспадаркі ў эканоміцы Беларусі зменшылася цягам апошніх 25 гадоў – з 23 % ВУП у 1990-ым да 7 % у 2013-ым, яна надалей складае даволі значную частку эканомікі.
Сельскагаспадарчы сектар у Беларусі складаецца пераважна з калгасаў, якія адразу б збанкрутавалі без дзяржаўнай падтрымкі. У апошнія гады субсідыі для сельскай гаспадаркі складалі ад 9 % да 12 % ВУП (паводле Міністэрства сельскай гаспадаркі). У выніку, толькі 10 % сельскагаспадарчых прадпрыемстваў можа працаваць рэнтабельна без дзяржпадтрымкі (паводле вынікаў даследавання, апублікаванага ў снежні 2013-га Эканамічным інстытутам Міністэрства эканомікі).
Для ўступлення ў СГА Беларусі давядзецца значна скараціць сваю фінансавую падтрымку сельскай гаспадаркі (прыкладна ўтрая). Без папярэдняй лібералізацыі і прыватызацыі ў сельскагаспадарчай сферы гэта прывядзе ўвесь сектар да краху.
Утрыманне статус-кво квазісацыялістычнай эканомікі
Хоць канкурэнцыя вызначае эканамічны рост у доўгатэрміновай перспектыве, для нерэфармаванай эканомікі яна ўяўляе істотную пагрозу. Беларускія ўлады ведаюць гэта, але па-ранейшаму неахвотна ставяцца да структурных эканамічных пераўтварэнняў.
Без глыбокіх эканамічных рэформаў Беларусь не толькі не мае шанцаў на ўступленне ў СГА, але і не будзе атрымліваць выгады ад далучэння да арганізацыі. Дзеля сваіх нацыянальных інтарэсаў Беларусі неабходна спачатку зрабіць значны крок на шляху да рынкавай эканомікі, а ўжо потым сфакусавацца на ўступленні ў СГА.
Першая версія гэтага артыкула была апублікаваная на Belarus Digest.