• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Наколькі беларускія жанчыны далёкія ад фемінізму?

    Нягледзячы на тое, што беларускія жанчыны відавочна дыскрымінуюцца, большасць саміх жанчын скептычна ставіцца да феміністычных ідэй.

    Новы праект, які зладзілі тры беларускі – Кацярына Барушка, Дарʼя Сапранецкая і Алена Скарабагатава – намагаецца давесці, што жанчыны маюць права патрабаваць, каб да іх ставіліся з павагай, незалежна ад таго, як яны выглядаюць і якія маюць грудзі.

    І, здаецца, што хоць многія беларускія жанчыны падзяляюць ідэі такога праекта, большасць з іх негатыўна ставіцца да фемінізму. Паводле даследаванняў маніторынгавага агенцтва NewsEffector толькі 4 % беларусак далучаюць сябе да феміністак, а 55 % выступаюць супраць фемінізму, з якіх 17% скрайне не падтрымліваюць ідэй феміністычнага руху.

    Пры тым, калі верыць гендарнаму індэксу роўнасці Праграмы развіцця ААН, то ў нас усё добра і нашая краіна займае не самае горшае 31-ае месца з 188. Але ў практыцы ўсё значна горш.

    Паводле даследаванняў ступені гендарнага разрыву Сусветнага Эканамічнага форуму, жанчыны ў Беларусі не толькі павольней прасоўваюцца па кар’ернай лесвіцы, але і зарабляюць менш за мужчын на тых жа пасадах. Эксперты СЭФ адзначаюць, што ў сярэднім заробак жанчын, якіх у беларускім грамадстве 54 %, меншы ў 1,6 раза.

    #такаякакесть375

    “Шкляная столь” беларускіх жанчын

    У 2016 годзе The Economist правёў даследаванне на тэму “шкляной столі” для жанчын у свеце.

    Гэта азначае мяжу ў кар’еры, вышэй за якую жанчына не можа падняцца.

    Паводле гэтага даследавання, у найлепшую чацвёрку краін, у якіх колькасць жанчын у парламенце складае 40 % і вышэй, увайшлі Швецыя, Ісландыя, Фінляндыя ды Іспанія. І менавіта ў гэтай катэгорыі Беларусь выглядае не так блага, бо ў Палаце прадстаўнікоў 34 % дэпутатаў складаюць акурат жанчыны.

    Але гэты паказнік хутчэй звязаны з фальсіфікацыямі на выбарах, чымся з гендарнай роўнасцю ў беларускім грамадстве.

    Гэта добра бачна, калі ўзяць іншы прыклад, – дэкрэтны адпачынак.

    Высокаразвітая і высокатэхналагічная Японія лідаруе па роўнасці ў дэкрэтным адпачынку. Жанчынам там даецца 35,8 тыдняў, мужчынам – 30,4, прычым з поўным заробкам на апошнім месцы працы. У першую тройку тут таксама трапіла Паўднёвая Карэя – 25,3 і 16,1 тыдня адпаведна, Партугалія – 19,9 і 11,5 тыдня.

    У Беларусі ж пра тое, што бацькі могуць сысці ў дэкрэт, практычна невядома, і гэта таксама непапулярна. Ахвотным даводзіцца нават даказваць свае правы ў аддзеле кадраў, каб сысці ў адпачынак для дагляду за дзіцём.

    Хоць паводле закону гэтым правам можа скарыстацца і мама, і тата, а таксама іншыя блізкія чальцы сям’і.

    Так у 2015 годзе сваім правам на дэкрэтны адпачынак скарысталіся 3 097 мужчынаў, што складае толькі 1 % ад усёй колькасці дэкрэтных адпачынкаў у гэтым годзе. А менавіта раўнапраўны ўдзел абодвух бацькоў у выхаванні дзяцей з’яўляецца гарантам псіхічнага здароўя дзіцяці і сямейнага шчасця.

    Не спрыяе гэтаму і тое, што ў Беларусі выплаты ў дэкрэтным адпачынку прывязаныя да сярэдняй заработнай платы па краіне. У той час у Еўропе сума выплат залежыць ад заробку. У сярэднім гэта 80 % ад штомесячнай заработнай платы. Менавіта эканамічны фактар з’яўляецца адной з асноўных прычын, чаму ў Беларусі менавіта жанчыны сыходзяць у адпачынак для догляду за дзіцём, бо зарабляюць яны звычайна менш за мужчын.

    Але нават калі вярнуцца да колькасці жанчын у беларускай палітыцы, то ўсё ж той факт, што траціну ніжэйшай палаты беларускага парламента складаюць жанчыны, не варта перабольшваць. Парламент у беларускіх умовах – гэта ўсё ж не тое месца, дзе прымаюцца рашэнні.

    Праўда ў тым, што вядомае выказванне Лідзіі Ярмошынай, што “жанчына павінна боршч варыць, а не па вуліцах бадзяцца”, шмат сведчыць пра палітычную кар’еру беларусак.

    Жанчыны займаюць толькі два крэслы міністраў у Беларусі, хоць агулам у Беларусі 24 міністэрствы.

    #такаякакесть375

    Стаўленне грамадства да фемінізму

    Напэўна, Лідзія Ярмошына належыць да таго кола людзей, якія негатыўна ставяцца да фемінізму і, як і большасць беларусаў, асацыююць феміністычны рух з жанчынамі, якія незадаволеныя сваім сацыяльным статусам, з кар’ерысткамі і мужчынападобнымі істотамі, якія не могуць выйсці замуж.

    Таму і асноўнай задачай для нешматлікіх феміністак Беларусі з’яўляецца барацьба са стэрэатыпным разуменнем фемінізму. Нягледзячы на тое, што роўныя правы жанчын і мужчын замацаваныя ў Канстытуцыі, а таксама ў шматлікіх законах, на самой справе да роўнасці яшчэ далёка. Звязана гэта з патрыярхальнасцю грамадства, у якім выхоўваюцца і жанчыны, і мужчыны.

    Ніхто аднак не нараджаецца з жаданнем выключна “варыць боршч”, якое з’яўляецца толькі наступствам грамадскага меркавання.

    ПаказацьСхаваць каментары