• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Дзе месца жанчын у беларускай палітыцы?

    Сумныя доказы таго, што жанчынам не рады ў найвышэйшых эшалонах улады.

    У Індэксе гендарнага разрыву (The Global Gender Gap Report) Беларусь займае больш лепшае месца (28-ае), чым такія даволі развітыя краіны, як Бельгія ці Аўстрыя. Суседка Латвія апынулася на 17-м месцы, Літва – на 24-м, Польшча – на 42-м, Украіна – на 65-м, а Расія – на 75-м.

    Даследаванне паказвае, што ва ўзроўні адукаванасці і жаночага здароўя няроўнасць у краіне практычна не адчуваецца, а па ўзроўні ўдзелу ў эканоміцы беларускія жанчыны нават апынуліся на першым месцы ў Еўропе (99,8 %). Гэта азначае, што колькасць жанчын, якія працуюць і займаюць кіроўныя пасады, а таксама памер заробкаў жанчын, адпавядаюць мужчынскім паказнікам.

    У той жа час варта звярнуць увагу на праблему жаночага лідарства ў краіне.

    Так, удзел жанчын у беларускай палітыцы не першы год застаецца на даволі нізкім узроўні. Нягледзячы на ​​тое, што жанчын сярод “белых каўнерыкаў” даволі шмат, шанцаў у іх атрымаць кіроўную пасаду – мала.

    Жаночая прысутнасць у беларускай палітыцы

    • Жанчыны-лідары ў беларускай палітыцы ёсць, але іх няшмат. Асабліва ўлады ганарацца тым, што ў Нацыянальным сходзе жанчыны складаюць 33,7 % ад агульнай колькасці дэпутатаў ніжняй і верхняй палат парламента. Гэта сапраўды нядрэнная лічба. Тым больш, што сярэднесусветны паказнік – 22,9 %, а ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання (1990-1995 гады) было толькі 13 жанчын (3 %), 13-га склікання (1996 год) – усяго 5 (4,5 %).
    • У той жа час не трэба перабольшваць ролю парламента ў краіне. Часцяком аўтарытарным рэжымам важна захаваць рытуальная ролю жанчыны-палітыка-лідара. Гэта робіцца дзеля прапагандысцкіх мэтаў, калі за жанчынамі замацоўваюцца некаторыя (не самыя ўплывовыя) лідарскія пазіцыі для дэманстрацыі тэзіса аб захаванні гендарнай роўнасці ў краіне.
    • Статыстычна нядрэнна выглядае сітуацыя і ў мясцовых Саветах дэпутатаў усіх узроўняў, дзе колькасць жанчын складае 45,5 %.
    • Больш за тое, нельга забываць, што сярод жанчын, якія займаюць ключавыя дзяржаўныя пазіцыі, ёсць кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына,  міністарка працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч і намесніца старшыні Савета Рэспублікі Марыяна Шчоткіна.

    Важкая доля дзёгцю ў бочцы з мёдам

    • Аднак у Беларусі ўсё ж існуе значна больш прыкладаў, якія сведчаць аб тым, што жанчынам у палітыцы не надта рады. Дастаткова паглядзець на здымак, на якім з 57 беларускіх амбасадараў толькі дзве жанчыны.
    • Сярод пяці намеснікаў прэм’ер-міністра няма ніводнай жанчыны, а сярод 24 міністраў  – толькі адна (адзін з самых нізкіх паказнікаў у свеце). Напрыклад, у іспанскім урадзе жанчын 50 %, у польскім – каля 20 %.
    • Старшыні большасці дзяржаўных камітэтаў – мужчыны. Выключэнне – старшыня канцэрна “Беллегпрам” Таццяна Лугіна. Сярод старшыняў аблвыканкамаў таксама няма жанчын. А са 119 старшыняў райвыканкамаў толькі чатыры жанчыны (усе ў Гомельскай вобласці).
    • Што цікава, кіроўныя палітычныя пасады ў Беларусі займаюць у асноўным мужчыны, нягледзячы на ​​тое, што ў жанчын больш высокі ўзровень адукацыі. І гэта пры тым, што ў апаратах цэнтральных органаў выканаўчай улады вялікую колькасць супрацоўнікаў складаюць жанчыны.

    Еўрапейскі досвед і беларускія рэаліі

    • Насамрэч жанчыны-лідары ў заходніх краінах – гэта даўно норма (Тэрэза Мэй, Ангела Меркель і Федэрыка Магерыні). Практычна ва ўсіх суседніх з Беларуссю дзяржавах ключавыя ўладныя пасады ўжо займалі жанчыны: Юлія Цімашэнка (Украіна), Эва Копач (Польшча), Даля Грыбаўскайце (Літва), Вайра Віке-Фрэйберга (Латвія).
    • Аднак гэта не беларускі выпадак, бо пастановы аб прызначэнні на ўсе больш-менш значныя пасады прымаюцца асабіста Лукашэнкам. І жанчыны (альбо іх адсутнасць) на кіроўных пасадах – гэта палітычнае рашэнне, якое адлюстроўвае асабістыя погляды кіраўніка дзяржавы.
    • Калі ж у Беларусі наступяць палітычныя змены, то еўрапейскі досвед па прыцягненні жанчын у палітыку быў бы карысным для нас. Менавіта тады, магчыма, будуць патрэбныя адпаведныя змены ў выбарчай сістэме, а таксама арганізацыя трэнінгаў, увядзенне ментарства і іншыя “мяккія” захады. Але ж самае галоўнае – у краіне мусіць быць створаная сістэма, у якой людзі будуць мець роўныя магчымасці і атрымоўваць пасады паводле заслугаў.

    ПаказацьСхаваць каментары