падтрымаць нас

Палітыка

Чаму пашырэнне пратэстаў не выкліча каляровую рэвалюцыю ў Расіі

Чаму пашырэнне пратэстаў не выкліча каляровую рэвалюцыю ў Расіі
Як урад Расіі застаецца ўстойлівым ва ўмовах народнага пратэсту.

У лістападзе мінулага года беспрэцэдэнтны пратэстны рух ахапіў вялікую колькасць расійскіх дарог. Пратэстоўцы заблакавалі магістралі, што спарадзіла чуткі аб патэнцыйнай пагрозе пуцінскаму рэжыму. Міжгароднія дальнабойнікі, сутыкнуўшыся з перспектывай плаціць надмерныя сумы дарожнага падатку, прыгразілі заблакаваць Маскву, калі новы падатак не будзе скасаваны.

Іх абурэнне было выклікана таксама іншымі прычынамі для незадаволенасці ў сучаснай Расіі.

У прыватнасці, у перыяд кіравання Пуціна: старымі дарогамі, карупцыяй (новы падатак быў уведзены на карысць алігархаў, звязаных з Пуціным – братоў Ратэнбергаў, якія падлягаюць заходнім санкцыям) і ўпартай адмовай Крамля зважаць на інтарэсы ўласнага насельніцтва падчас прыняцця любога важнага рашэння. У час, калі расійская эканоміка рухаецца па спіралі ўніз, пратэст кіроўцаў акрэсліў разнастайныя рэвалюцыйныя сцэнары, калі МЗС запытвала, ці можа гэтая забастоўка “спавясціць пачатак Рускай Вясны”, а пракрамлёўскія парламентарыі папярэджвалі пра Майдан, арганізаваны на грошы Захаду.

Праз няпоўныя тры месяцы, дзякуючы пагрозе рэпрэсіяў і некалькім саступкам, – напрыклад, істотнаму змякчэнню пакарання за няплату падатку – пратэсты, якія ўсё яшчэ адбываюцца дзе-нідзе, рассеяліся і ўжо не ўяўляюць сапраўднай пагрозы Крамлю.

Усё вярнулася да звыклай руціны, і ўрад Расіі зноў пераключыў увагу на больш трывалую пагрозу, звязаную з падарванай эканомікай.

Гэта не першы раз, калі сур’ёзны пратэст у Расіі развіваецца такім чынам. Узнікаюць важныя пытанні наконт прычыны таго, што расійскія пратэсты ніколі не збіраюць крытычнай масы, каб каталізаваць змену рэжыму, асабліва ўлічваючы, што Расія рыхтуецца да парламенцкіх выбараў гэтай восенню. Крэмль можа меркаваць пра верагоднасць правядзення ў Расіі Майдана, падобнага да ўкраінскага, але ва Украіне народныя дэманстрацыі прывялі да звяржэння ўрада двойчы цягам дзесяцігоддзя. У Расіі да такога ніхто нават не наблізіўся. Чаму гэтак адбываецца?

Пратэстны сцэнар

Час ад часу – і нярэдка гэта адбываецца напрыканцы года – у Расіі з’яўляецца вулічны пратэстны рух, набірае сілу і дарастае да такіх памераў, што яго лідары і назіральнікі пачынаюць разважаць: магчыма, менавіта гэты пратэст кіне прамы выклік сучаснаму крамлёўскаму рэжыму, што з пункту гледжання гісторыі гэта “той самы”, вялікі рух, які вырве ўладу з рук кіроўнай эліты.

Пачатковым трыгерам для народнага пратэсту могуць быць канкрэтныя эканамічныя або сацыяльныя патрабаванні, адносна бяскрыўдныя і апалітычныя, якія пераходзяць у наўпроставы выклік ураду пасля таго, як рэзануюць з пэўным настроем у непарламенцкай апазіцыі Расіі. Калі лідары апазіцыі – звычайна тыя, хто не мае прадстаўніцтва ў парламенце Расіі – агучваюць патрабаванні пратэстоўцаў, пятля зваротнай сувязі развіваецца, што дапамагае пратэсту расці колькасна. Запланаваныя шэсці робяцца больш палітычнымі і тэрытарыяльна набліжаюцца да Крамля. Усё гэта суправаджаецца палымянай прапагандай з боку дзяржаўнага тэлебачання, якое папярэджвае аб арганізацыі Майдану, аплочванага Захадам. Рэпрэсіі і саступкі абсыпаюцца на іншадумцаў і насельніцтва, а потым…

А потым нічога.

Пратэсты самі па сабе могуць працягвацца ў нязначных колькасцях (альбо зусім сыходзіць на нуль). Аднак іх роля, калі Крэмль ацаніў іх ды выпрацаваў агульную стратэгію барацьбы, блакуецца. Часцей за ўсё нічога не мяняецца, акрамя рэпрэсіяў і/альбо саступак Крамля. Пратэстоўцы, якія выходзілі на вуліцу патрабаваць свабоды дзеянняў, застаюцца без свабоды, як у самым пачатку. Яны зліваюцца з агульным фонам пратэстаў у пуцінскай Расіі.

Шмат якія вялікія хваляванні часоў Пуціна праходзілі паводле гэтага сцэнара. Самы вялікі мітынг – калі больш за 100 тыс. чалавек сабраліся з патрабаваннем свабодных выбараў на Балотнай плошчы і праспекце Сахарава ў Маскве ў 2011-2012 гадах – адрозніваўся ад іншых толькі аб’ёмам і сілай адказу Крамля. 

На меркаванне некаторых, дадзены пратэст выклікаў фундаментальны паварот Крамля да нацыяналістычнай, рэваншысцкай палітыкі ў 2012-2014 гадах, што цяжка назваць дасягненнем для ліберальных дэманстрантаў.

Лёгка зразумець хваляванні і агульныя прадчуванні Крамля, што пратэсты могуць стацца патэнцыйным інструментам змены рэжыму, асабліва пасля досведу каляровых рэвалюцый у Садружнасці Незалежных Дзяржаваў (СНД) і Арабскай Вясны. Расія мае шмат агульнага з краінамі згаданых рэгіёнаў, а менавіта слабасць інстытутаў і нестабільнасць законнай сістэмы перадачы ўлады, што насамрэч робіць гэтыя рэжымы безабароннымі перад народнымі пратэстамі, у адрозненне ад заходніх рэжымаў з моцна ўкаранёнымі дэмакратычнымі інстытутамі. Аднак у Расіі ёсць адна незвычайная рыса: урад пры недахопе інстытутаў падпадае пад небяспеку з боку народных пратэстаў, але самі пратэсты маюць надта слабы патэнцыял, каб здзейсніць сапраўдныя перамены.

Маштабы і эфектыўнасць дзяржаўных рэпрэсіяў не тлумачаць гэтага недахопу, у першую чаргу таму, што падобнага кшталту рэпрэсіі не з’яўляюцца ўнікальнымі для Расіі – гэта характэрная рыса іншых аўтарытарных рэжымаў, дзе пратэсты вытрывалі і дасягнулі поспеху, нягледзячы ні на што.

Распаўсюджаная думка, што рускія – пасіўны народ, які неахвотна пратэстуе, не з’яўляецца сапраўдным тлумачэннем.

Бо працоўныя пратэсты нарастаюць, але гэта не абавязкова прыводзіць да набліжэння каляровай рэвалюцыі.

Замест гэтага, апазіцыйныя рухі і нават самыя арганізаваныя пратэстныя групы схільныя да ўплыву тых жа хвароб, якія перашкаджаюць расійскаму грамадству ў цэлым: адсутнасць свабоды дзеянняў і недахоп сацыяльнага капіталу, які мог бы стварыць эфектыўны рычаг супраць палітычнай эліты.

Адсутнасць магчымасці дзейнічаць

Часта мэтай пратэстаў для многіх з’яўляецца крык адчаю да ўрада дзеля змянення нейкага канкрэтнага аспекту іх жыцця. Даследаванні Сэм’юэла Грына аб тым, як пратэстоўцы бачаць уласную ролю, апублікаваныя ў кнізеMасква ў рухуў 2014 годзе, гэтаксама як інтэрв’ю з дэманстрантамі з розных рухаў у Расіі, праведзеныя мною, выкрываюць агульную тэму.

Пратэстоўцы апісваюць тое, што яны робяць, як “апошні сродак” і акт адчаю, калі ўрад у сваіх узаемадачыненнях з народам перакрочвае пэўны парог.

Грын сцвярджае, што “палітычныя эліты за кошт структуравання палітычнай арэны аказваюць вырашальны ўплыў на формы калектыўных паводзінаў, якія складаюць грамадзянскую супольнасць”.

Таксама існуюць дадзеныя, што федэральны ўрад Расіі разлічвае на пратэсты як на індыкатар адноснага поспеху таго ці іншага рэгіянальнага лідара і выкарыстоўвае гэты індыкатар падчас прыняцця рашэнняў аб паўторным прызначэнні.

Агулам такі сцэнар ставіць пратэстоўцаў (няважна, наколькі добра яны арганізаваныя) у становішча, дзе ім з самага пачатку бракуе свабоды дзеянняў. З пункту гледжання ўрада, правядзенне масавых рэпрэсіяў каштуе даражэй, чым частковыя саступкі ў некаторых патрабаваннях, напрыклад, паніжэнне штрафаў за нявыплату дарожных збораў.

Пратэстныя рухі, як бы рызыкоўна гэта не выглядала, у многіх выпадках самі становяцца інструментам дзяржавы.

Калі з’яўляецца які-небудзь сацыяльны капітал, ён ідзе ў адзін бок, бо ўрад спрабуе прэвентыўна кааптаваць пратэстныя рухі для сваіх уласных патрэб.

Адсутнасць сацыяльнага капіталу

Але, мабыць, больш важным момантам з’яўляецца арганізацыйная няздольнасць пратэстоўцаў ажыццявіць змены, як толькі яны выводзяць дастатковую колькасць людзей на вуліцы. Як паказалі пратэсты на Балотнай, паспяховасць руху ў Расіі вымяраецца колькасцю ўдзельнікаў, а апрача гэтага рух не мае значнага арганізацыйнага ўплыву. У дадзеным выпадку гаворка ідзе пра недаўгавечны Каардынацыйны савет расійскай апазіцыі, абраны недзяржаўны орган, створаны восенню 2012 года па слядах пратэстаў на Балотнай і Сахарава. Функцыя гэтага савета была зведзеная да ўзгаднення патрабаванняў і арганізацыі дэманстрацыяў.

Ён быў расфармаваны толькі праз год, пасля шэрагу ўнутраных сутыкненняў і няздольнасці дамовіцца пра агульную палітыку.

Правядзенне пратэстаў было яго адзіным інструментам уплыву. У такім выглядзе савет аказаўся няздольным дасягнуць якіх-небудзь канструктыўных зменаў, як рэформы ва ўрадавай палітыцы, ці дапамагчы вызваліць некалькі дзясяткаў палітычных зняволеных пасля пратэстаў.

Няздольнасць дамовіцца пра агульныя мэты і дасягнуць вышэйшых, канструктыўных задачаў не сведчыць пра адсутнасць шчырасці ці намаганняў апазіцыі. У гэтым выпадку каардынацыйны савет – гэта ўзор расійскага грамадства: распыленне, недастатковы ахоп, і, адпаведна, мала магчымасцяў для канструктыўных перамоваў з уладамі. Гэта не дзіўна: з 45 абраных чальцоў савета, які складаецца з апазіцыйных лідараў і дзеячаў культуры, толькі адзін, Генадзь Гудкоў, быў дзейным парламентарыем, але нават ён быў пазбаўлены дэпутацкага мандата па сфабрыкаваных абвінавачаннях у махлярстве.

Адсутнасць парламенцкага прадстаўніцтва (акрамя тых рэдкіх выпадкаў, калі збольшага ручная Кампартыя падхоплівае патрабаванні пратэстоўцаў пост-фактум) і адсутнасць сувязяў з ключавымі ўрадавымі чыноўнікамі з’яўляюцца адным з галоўных абмежаванняў зацікаўленых груп або апазіцыйных рухаў, чыёй адзінай формай звароту па дапамогу застаецца вулічны пратэст. Пуцінскі Крэмль зрабіў паслядоўныя намаганні, каб ізаляваць і падзяліць апазіцыйныя групы ды ўтрымліваць іх па-за парламентам.

Тым не менш, апазіцыйныя групы самі прадэманстравалі тэндэнцыю да ізаляцыі, замкнёнасці і недаверу да іншых – ключавыя перашкоды да фармавання кааліцыяў, якія маглі б дапамагчы ім патрапіць у парламент.

Падобныя скаргі агучыла апазіцыйная актывістка, блізкая да савета. Яна сказала мне падчас выбараў, што супраца з уладамі выклікае глыбокія падазрэнні, і гэта робіць правядзенне перамоваў або ўсталяванне любых карысных кантактаў з дзяржаўнымі чыноўнікамі практычна немагчымым, асабліва для новых чальцоў (яна адзначыла, што чальцы апазіцыі з больш высокім статусам мелі прывілей узаемадзейнічаць з дзяржаўнымі органамі, не атрымаўшы кляйма агента Крамля).

Разрыў паміж насельніцтвам, грамадзянскай супольнасцю і палітычнымі элітамі азначае, што народнае паўстанне можа мець толькі абмежаваны эфект.

Тым не менш, нягледзячы на малыя дасягненні самога паўстання, яно можа мець патэнцыял да змены рэжыму знутры Крамля: паколькі розныя эліты змагаюцца за ўладу, некаторыя непазбежна лепш за іншых выкарыстаюць агульную атмасферу нестабільнасці, якая суправаджае трывалыя, шматмільённыя дэманстрацыі і асабліва ціск на дзейнага кіраўніка, што можа прывесці да палацавага перавароту. Выконваючы ролю трыгера, самі пратэсты ўсё роўна маюць вельмі абмежаваныя рычагі ўплыву на любы новы ўрад.