падтрымаць нас

Артыкулы

Лесі цікава: Якой будзе канстытуцыйная рэформа?

Лесі цікава: Якой будзе канстытуцыйная рэформа?

Ужо некалькі месяцаў улады кажуць пра канстытуцыйную рэформу, назначаюць адказных за яе распрацоўку і ствараюць Канстытуцыйную камісію. У той жа час дэмакратычныя сілы распрацоўваюць свой варыянт новай Канстытуцыі і настойваюць на абсурднасці складу і прапановаў Канстытуцыйнай камісіі. 

Якой будзе канстытуцыйная рэформа і калі, чаго ад яе чакаць і як грамадства павінна рыхтавацца да зменаў у галоўным законе краіны – адказалі палітолаг Валер Карбалевіч, дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі і палітолаг Таццяна Чуліцкая. 

This image has an empty alt attribute; its file name is Untitled-design-6.jpg

Вашыя стаўкі: калі і як будзе выглядаць канстытуцыйная рэформа ў Беларусі?

Лесі цікава: Якой будзе канстытуцыйная рэформа?

Валер Карбалевіч: Думаю, варта кіравацца тым графікам, які агучыў Лукашэнка. Рэферэндум аб Канстытуцыі пройдзе ў пачатку 2022-га года разам з мясцовымі выбарамі.

Лесі цікава: Якой будзе канстытуцыйная рэформа?

Таццяна Чуліцкая: Тут можна разглядаць некалькі сцэнароў. Калі палітычны крызіс у Беларусі скончыцца ў адносна найбліжэйшым часе (цягам некалькіх месяцаў) і дэмакратычныя сілы прыйдуць да ўлады, то пасля прэзідэнцкіх выбараў ім давядзецца праводзіць і Канстытуцыйную рэформу. Магчымы таксама варыянт, калі прыняцце рашэння наконт новай рэдакцыі Канстытуцыі будзе праходзіць разам з прэзідэнцкімі выбарамі. 

Калі ж агульнапалітычная сітуацыя не зменіцца і Лукашэнка застанецца ва ўладзе, то я б ставіла на тое, што ён будзе цягнуць з канстытуцыйнай рэформай настолькі доўга, наколькі гэта будзе магчыма. Калі на Лукашэнку не будзе асаблівага ціску на гэты конт з боку Расеі ці раптам нейкага ціску з боку сваіх жа сілавікоў ці буйнога бізнесу (што малаверагодна), то яму гэтая рэформа ўвогуле не патрэбная. Яна можа спатрэбіцца яму толькі ў сітуацыі, калі ён вырашыць сыходзіць са сваёй пасады і ствараць нейкі запасны аэрадром (штосьці накшталт Савету Бяспекі ў Казахстане ці яшчэ нейкага інстытута, у якім зможа заняць пасаду). Тады рэформа пройдзе бліжэй да наступных чарговых прэзідэнцкіх выбараў у 2025-ым годзе.

Лесі цікава: Якой будзе канстытуцыйная рэформа?

Аляксандр Дабравольскі: Канстытуцыйная рэформа ў Беларусі абавязкова адбудзецца. І вынікам яе будзе пераход да парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі, гэта значыць будзе падзел уладаў, сістэма ўзаемных стрымак і супрацьваг, а ўрад будзе адказны перад парламентам. Калі рэформа будзе зацягнутая, то на першым этапе будзе пераразмеркаванне паўнамоцтваў ад прэзідэнта да парламента і вяртанне абмежаванняў на колькасць тэрмінаў абрання прэзідэнтам. 

Магчымае ўвядзенне прапарцыйна-мажарытарнай выбарчай сістэмы. Аднак так ці інакш адбудзецца пераход да парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі. Найлепшы варыянт – зрабіць гэта сёлета, прыняўшы Канстытуцыю на рэферэндуме разам з прэзідэнцкімі выбарамі. Горшы варыянт – адкласці вырашэнне гэтай праблемы. Надоўга адкласці не атрымаецца, бо грамадства ўжо не гатовае жыць пры дыктатуры. Усё роўна гэта адбудзецца праз год, максімум – два. 

Што мусіць абавязкова прысутнічаць у рэформе, каб лічыць яе сапраўднай, а не фэйкавай?

Валер Карбалевіч: Не вельмі разумею значэнне словаў «сапраўдная» і «фэйкавая» ў дачыненні да канстытуцыйнай рэформы. Відавочна, што Лукашэнка піша Канстытуцыю для сябе, пад свае палітычныя інтарэсы. Беларускае грамадства ніяк у гэтым працэсе не ўдзельнічае. І рэферэндум пройдзе па стандартнай беларускай схеме: 80% у падтрымку. У межах існага рэжыму па-іншаму быць не можа.

Таццяна Чуліцкая: Рэформа мусіць уводзіць сапраўдны падзел уладаў на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, а таксама ствараць гарантыі таго, што гэты падзел будзе рэалізоўвацца на практыцы. У прынцыпе, я б казала пра тое, што пры Лукашэнку немагчымая сапраўдная рэформа, бо змены так ці інакш будуць альбо імітацыйнымі, альбо будуць забяспечваць інтарэсы самога Лукашэнкі і яго асяроддзя. Рэформа будзе сапраўднай толькі тады, калі яна будзе праводзіцца пасля сыходу Лукашэнкі і пачатку працэсаў дэмакратызацыі ў краіне.

Аляксандр Дабравольскі: Падзел уладаў, забеспячэнне вольных і справядлівых выбараў, рэформа судова-прававой сістэмы. Суды не толькі мусяць стаць незалежнымі ад адміністрацыі, але павінна быць уведзена жорсткая крымінальная адказнасць за спробы ўздзейнічаць на судовыя рашэнні з боку прадстаўнікоў выканаўчай ці заканадаўчай улады. Перад гэтым трэба ачысціць суды ад тых суддзяў, якія дыскрэдытавалі сябе вынясеннем незаконных пастановаў. 

У людзей мусіць быць права звярнуцца з інфармацыяй пра такія пастановы ў кваліфікацыйныя органы, інфармацыя мусіць быць правераная, і на падставе праверкі мае прымацца рашэнне пра магчымасць юрыста працаваць на пасадзе суддзі. Мусіць быць гарантавана магчымасць абскардзіць такое рашэнне. Гэта рэформа шырэйшая за канстытуцыйную, але акурат яна гарантуе, што канстытуцыйная рэформа не будзе фэйкавай.

Калі рэформа будзе фэйкавай, як рэагаваць грамадзянскай супольнасці? Ці мае сэнс ужо цяпер пачынаць рыхтаваць свае варыянты КР?

Валер Карбалевіч: Свой варыянт апаненты рэжыму падрыхтавалі. Камісія, створаная па даручэнні штаба Святланы Ціханоўскай, пад кіраўніцтвам Анатоля Лябедзькі падрыхтавала праект новай Канстытуцыі. Ён цяпер абмяркоўваецца.

Што тычыцца таго, якую пазіцыю маюць заняць дэмакратычныя сілы падчас рэферэндуму, – пытанне не такое простае. Лукашэнка казаў, што пасля прыняцця новай Канстытуцыі мусяць прайсці прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, трэба разумець, датэрміновыя.

Але Лукашэнка можа згуляць у хітрую гульню. Нельга выключаць, што будзе аб’яўлена, нібыта народ прагаласаваў на рэферэндуме супраць новай Канстытуцыі. Тады Лукашэнка скажа: калі так, то захоўваецца статус-кво, застаецца старая Канстытуцыя, і паводле яе новыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў 2025-ым годзе.

Праблема ў тым, што грамадзянская супольнасць з’яўляецца суб’ектам палітыкі толькі пры наяўнасці фактару вуліцы. А гэты фактар цяпер знік.

Таццяна Чуліцкая: Грамадзянскай супольнасці і дэмакратычным сілам, канешне, трэба ўважліва адсочваць усе тыя праекты быццам бы зменаў, якія спрабуюць ініцыяваць у Беларусі. Рэагаваць на іх можна і трэба толькі адным чынам: не прымаць несапраўдную рэформу, не падтрымліваць яе і не гуляць па тых правілах, якія спрабуе навязваць дзейная ўлада.

Рыхтаваць свае варыянты КР дэмакратычным сілам, канешне, варта. Перш за ўсё гэтая задача актуальная для тых кандыдатаў, структур і партый, якія збіраюцца ўдзельнічаць у барацьбе за ўладу і ў выбарах у новай Беларусі. Добрападрыхтаваныя, якасныя прапановы спатрэбяцца і будуць надзвычайна карыснымі для рэфармавання краіны. Канешне, мае сэнс мець іх загадзя, а не распрацоўваць іх у аўральным рэжыме.

Аляксандр Дабравольскі: Грамадзянская супольнасць, вядома, будзе пратэставаць, калі рэформу паспрабуюць замяніць імітацыяй. У сучасных умовах сістэма кіравання і сістэма правасуддзя будуць неэфектыўнымі без аднаўлення падзелу ўладаў і незалежнасці суда. Цяперашняя мадэль, якая падпарадкаваная аднаму чалавеку, не зможа працаваць ва ўмовах, калі гэты чалавек страціў аўтарытэт і падтрымку ў грамадстве. Сённяшняя сітуацыя нестабільная, а стабільнасць з’явіцца толькі тады, калі з’явіцца баланс. Праект Канстытуцыі новай Беларусі зараз вынесены на грамадскае абмеркаванне, на чарзе – праект судова-прававой рэформы і рэформы сістэмы дзяржаўнага кіравання. Тут патрэбная супольная праца не толькі па распрацоўцы, а і па фармаванні кансэнсусу.

Фота: Солидарность