На пытанні гэтым разам адказвалі палітолаг, каардынатар экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Дзяніс Мельянцоў; паліталагіня, аналітык БІСС Кацярына Шмаціна; заснавальнік і дырэктар “Мінскага дыялогу” Яўген Прэйгерман; доктар палітычных навук, выкладчыца Універсітэта Паўднёвай Фларыды Таццяна Кулакевіч.
1. Што Байдэн зробіць для Беларусі?
Дзяніс Мельянцоў: Трэба памятаць, што Беларусь не знаходзілася і не будзе знаходзіцца ў топе праблем знешняй палітыкі ЗША. Таму ад новай адміністрацыі наўрад ці варта чакаць радыкальнай змены падыходу да нашай краіны. У межах “дактрыны Мітчэла” Беларусь можа быць цікавая толькі ў кантэксце палітыкі стрымлівання Расіі. У межах гэтай логікі ЗША могуць быць зацікаўленыя ў захаванні Беларусі ў якасці нейтральнага буфера паміж РФ і саюзнікамі ЗША ў Еўропе. Гэта дыктуе неабходнасць стрыманай палітыкі Вашынгтона ў дачыненні Мінска.
Кацярына Шмаціна: Прыярытэтамі для адміністрацыі Байдэна стануць стратэгічнае суперніцтва з Кітаем і ўзмацненне існых альянсаў, у прыватнасці, трансатлантычнага адзінства і саюзніцкіх дамоўленасцяў у азіяцка-ціхаакіянскім рэгіёне. Беларускае пытанне наўрад ці будзе моцна турбаваць Вашынгтон – да той пары, пакуль не закране істотныя інтарэсы ЗША ў рэгіёне.
У той жа час Джо Байдэн ішоў на выбары з рыторыкай вяртання лідарскай ролі ЗША ў сусветнай палітыцы і падтрымкі ідэалаў дэмакратыі. Байдэн быў адным з першых амерыканскіх палітыкаў, які выказаўся ў падтрымку беларускага пратэсту ў жніўні. Ён крытыкаваў маўклівую пазіцыю Трампа і абяцаў, што ніколі не пабаіцца адстойваць правы чалавека. Сярод абяцанняў адносна Беларусі гучалі словы пра пашырэнне санкцыяў і ціск на рэжым Лукашэнкі, пра эканамічную падтрымку Беларусі, а таксама аб падтрымцы Святланы Ціханоўскай у мірнай перадачы ўлады, правядзенні новых выбараў і вызваленні палітзняволеных.
Зразумела, што прасцей агучыць такія амбітныя заявы, чым ажыццявіць у рэчаіснасці. Аднак такія перадвыбарчыя абяцанні пакідаюць прастору для намаганняў дэмакратычных сілаў Беларусі і беларускай дыяспары ў ЗША для таго, каб прыцягнуць увагу Вашынгтона да беларускага пытання.
Яўген Прэйгерман: Байдэн прынясе прысягу на вернасць амерыканскаму народу, таму яго адміністрацыя і будзе ўсё рабіць для ЗША, а не для Беларусі ці нейкай іншай краіны. Для Беларусі гэта азначае даўно вядомую банальнасць: замежжа нам не дапаможа (ні з захаду, ні з усходу), бо замежжа ў любым выпадку мае свае інтарэсы, якія на 100 % не могуць супадаць з нашымі.
Больш за тое, новая адміністрацыя ЗША будзе весці такую палітыку, якая будзе адпавядаць іх інтарэсам у рэальных (а не жаданых) беларускіх умовах. Іншымі словамі, калі ў Вашынгтоне ўбачаць, што Лукашэнку ўдаецца выстаяць, то яны будуць шукаць магчымасці так ці інакш аднавіць з ім адносіны. Пры гэтым, безумоўна, у першыя месяцы пасля інаўгурацыі ад Байдэна і яго каманды цалкам можна чакаць актыўнага ціску на афіцыйны Мінск санкцыямі і павелічэннем дапамогі беларускаму трэцяму сектару.
Таццяна Кулакевіч: Дзярждэпартамент ЗША будзе кіравацца “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі”. Так, прэзідэнт атрымаў большыя паўнамоцтвы паводле гэтага закона, але будзе бачна. Патрэбнае лобі, каб рабіліся пэўныя крокі.
2. Наколькі варта спадзявацца на “Акт аб правах чалавека і дэмакратыі ў Беларусі”?
Дзяніс Мельянцоў: Любая санкцыйная палітыка як ЗША, так і ЕС прыводзіць да пагаршэння сітуацыі для апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ўнутры Беларусі. Таму практычная рэалізацыя “Акта” можа нанесці шкоду не толькі двухбаковым стасункам, але і празаходнім сілам у Беларусі.
Кацярына Шмаціна: Эфект ад прыняцця “Акта аб дэмакратыі” залежыць ад палітычнай волі адміністрацыі Байдэна: у якой ступені ЗША будуць ангажавацца ва ўрэгуляванне беларускага крызісу.
Самым простым крокам для ЗША ў адпаведнасці з “Актам” будзе вылучыць грошы на падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі. Але гэта, відавочна, не будзе мець вырашальнага значэння для сыходу Лукашэнкі.
“Акт” прадугледжвае ўзмацненне санкцыйнага ціску ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі. У такім выпадку застаецца пытанне рэальнага напаўнення санкцыйных спісаў: важна не дапусціць, каб намаганнямі лабістаў спіс стаў дэкарацыйным.
Яўген Прэйгерман: Адказ залежыць ад таго, на што менавіта мы спадзяемся. Калі на тое, што “Акт” і спадарожныя яму санкцыі вырашаць унутрыпалітычныя праблемы Беларусі, то, вядома, такія надзеі, мякка кажучы, інфантыльныя. Калі надзея толькі на тое, што яны паспрыяюць падзенню ўлады Лукашэнкі, то і тут няма ніякіх рэальных падстаў чакаць увасаблення такой надзеі.
Пры ўсёй патэнцыйнай дзейснасці амерыканскіх фінансавых санкцыяў нават іх увядзенне (што таксама сумнеўна ў істотных маштабах) няздольнае прымусіць Лукашэнку скласці паўнамоцтвы ці нават пайсці на істотныя палітычныя саступкі, пакуль ён карыстаецца падтрымкай Расіі. Калі ж надзея на пашырэнне амерыканскай фінансавай дапамогі медыям і няўрадавым арганізацыям, якія працуюць у Беларусі і/або па Беларусі, то такая надзея апраўданая.
Таццяна Кулакевіч: “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” з’яўляецца законам. Дзярждэпартамент будзе кіравацца законам.
3. Ці здольны Байдэн дамовіцца з Пуціным аб адзінай стратэгіі дзеянняў па Беларусі?
Дзяніс Мельянцоў: Байдэн паказаў сябе як вельмі антырасійскі палітык, прынамсі на ўзроўні рыторыкі. Таму прынамсі ў найбліжэйшы час не варта чакаць якіх-небудзь крокаў насустрач паміж Масквой і Вашынгтонам, тым больш па пытанні Беларусі, якая разглядаецца Расіяй выключна як сфера яе інтарэсаў.
Кацярына Шмаціна: Гэта вельмі гіпатэтычны сцэнар, з улікам супрацьлеглых стратэгічных інтарэсаў і напружаных адносінаў Масквы і Вашынгтона. Калі перамовы і адбудуцца, то пры наяўнасці наступных складнікаў:
(1) Байдэн захоча заняць праактыўную пазіцыю адносна Беларусі і прыкладаць больш паслядоўныя намаганні, чым, напрыклад, Макрон, які “забыў” пра Беларусь пасля таго, як яго размовы з Крамлём адносна медыяцыі не прынеслі плёну;
2) для Пуціна варыянт перамоваў з Захадам адносна Беларусі (і патэнцыйная згода на спрыянне медыяцыі праз АБСЕ) мусіць стаць больш прывабным сцэнаром, чым выгада ад цяперашняй залежнасці Лукашэнкі ад Расіі.
Яўген Прэйгерман: Не, не можа. Улічваючы глыбіню і маштаб супярэчнасцяў паміж Вашынгтонам і Масквой, а таксама агульную нявызначанасць у сістэме міжнародных адносін, якая трансфармуецца, цягам найбліжэйшых гадоў ЗША і Расія практычна ні па адным пытанні не змогуць дамовіцца аб агульных стратэгіях. Устойлівыя дамоўленасці пакуль малаверагодныя нават па такіх жыццёва важных пытаннях, як кантроль над узбраеннем і стратэгічная стабільнасць. А па тэме Беларусі, якая знаходзіцца ў вельмі адчувальным геастратэгічным рэгіёне, яны і зусім выключаныя.
Адзінае, што здаецца гіпатэтычна магчымым у сярэднетэрміновай (ці нават доўгатэрміновай) перспектыве, гэта ўсталяванне такой ролі Беларусі ў рэгіянальнай сістэме бяспекі, якая адпавядала б базавым інтарэсам ЗША і Расіі і таму магла б быць імі прынятая па факце. Аднак такая роля магла б выкрышталізавацца толькі ў выніку разумных, паслядоўных і настойлівых дзеянняў самога Мінска, а не ў выніку нейкай вялікай здзелкі паміж ЗША і Расіяй.
Таццяна Кулакевіч: Не можа. Cанкцыі супраць Расіі ўводзіліся і пры Абаме, і пры Трампе. Байдэн будзе працягваць жорсткую палітыку ў дачыненні Расіі.
Фота: Milwaukee Journal Sentinel