• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Лесі цікава: які сцяг хочуць беларусы?

    Бел-чырвона-белы сцяг аб’яднаў у гэтым годзе мільёны беларусаў. Гэта раздражняе прадстаўнікоў улады і выклікае новую хвалю дэбатаў пра каштоўнасці.

    Новае даследаванне Рыгора Астапені паказвае: бел-чырвона-белы сцяг пакуль мае меншую падтрымку сярод беларускіх гараджанаў (35 %), чым чырвона-зялёны (41 %), у той час як 24% жыхароў беларускіх гарадоў яшчэ не вызначыліся. Але пры гэтым ужо з’явіліся групы, якія выразна падтрымліваюць бел-чырвона-белую сімволіку. Так, перавагу бел-чырвона-беламу сцягу аддаюць 44 % мінчукоў і 42 % мужчын. Ці меркаванне беларусаў адносна нацыянальнай сімволікі змянілася беззваротна?

    Разбіраемся ў новым выпуску “Лесі цікава” з Лесяй Руднік.

    Нам адказваюць:

    Таццяна Шчытцова – прафесар дэпартамента сацыяльных навук Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

    Аксана Шэлест – сацыёлаг, аналітык Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі.

    Юры Дракахруст – палітычны аглядальнік радыё “Свабоды”.

    1. Прыхільнікаў чырвона-зялёнага сцяга і тых, хто гатовы яго прыняць, становіцца ўсё менш. З чым гэта звязана?

    Таццяна Шчытцова. Гэта звязана з сістэматычным маштабным гвалтам і беззаконнем, якія пад гэтым сцягам здзяйсняюцца прадстаўнікамі дзейнай улады.

    Аксана Шэлест. Успрыняцце любога сімвала залежыць ад таго, што стаіць за ім, якія канатыцыі, каштоўнасці, падзеі звязваюцца з “матэрыяльным носьбітам”. Да жнівеньскіх падзеяў шмат хто з беларусаў успрымаў чырвона-зялёны сцяг як сімвал той Беларусі, у якой мы пражылі ўжо чвэрць стагоддзя. Хтосьці, канешне, асацыяваў яго і з савецкім мінулым, але для большасці гэта быў сцяг краіны, жыццё ў якой больш ці менш задавальняла гэтых людзей. 

    Але сёння чырвона-зялёны сцяг асацыюецца менавіта з палітычным рэжымам і наўпрост з тымі злачынствамі, якія пад гэтым сцягам здзяйсняюцца. Калі вы вешаеце дзяржаўны сцяг на аўтазак – вы ствараеце вельмі выразны вобраз, які закрэслівае ўсё пазітыўнае, што магло быць звязана з гэтым сімвалам. Таму, калі ў жніўні людзі гатовыя былі нават на маршы пратэсту выходзіць з афіцыйным сцягам – хтосьці, каб прадэманстраваць талерантнасць і гатоўнасць да прыняцця розных поглядаў, а хтосьці і з асабістых перакананняў, – то сёння гэта ўжо даволі цяжка ўявіць.

    Юры Дракахруст. Тое, што прыхільнікаў чырвона-зялёнага сцяга робіцца менш, – гэта пэўная палітычная аберацыя зроку, абумоўленая пратэстамі, якія адбываюцца пад бел-чырвона-белым сцягам, адсутнасцю масавага народнага артыкуляванага руху ў падтрымку ўлады пад чырвона-зялёным сцягам і палітычнымі ўстаноўкамі пэўнага грамадска-палітычнага кола.

    2. Чаму гэтым летам адбылося адраджэнне бел-чырвона-белага сцяга, хаця сцяг актыўна не выкарыстоўваўся кандыдатамі?

    Таццяна Шчытцова. Пратэсту быў патрэбен альтэрнатыўны сцяг, які пачаў бы сімвалізаваць салідарнае памкненне грамадзянаў да палітычнага пераўладкавання нашага грамадства на прынцыпах справядлівасці, захавання законнасці, павагі чалавечай годнасці і прызнання абсалютнай каштоўнасці чалавечага жыцця. 

    У сувязі з гэтым бел-чырвона-белы сцяг натуральным чынам зноў аказаўся запатрабаваным, таму што гістарычна ён ужо і раней выконваў ролю ключавога знака барацьбы беларускага народа за справядлівасць і магчымасць самастойна вызначаць нормы і правілы жыцця ў сваёй краіне.

    Аксана Шэлест. Выбарчай кампаніі патрэбна была сімволіка, мемы, віральныя вобразы і слоганы, усё як у нармальным PR, і ўсё гэта было. Але рэвалюцыі патрэбны сцяг. Адзіныя людзі ў гэтай краіне, у якіх быў сцяг, які меў для іх каштоўнасць і сэнс, і дзеля якіх (прабачце за пафас) яны былі гатовыя ахвяраваць – былі людзі з бел-чырвона-белым сцягам. Таму гэтая сімволіка запанавала на вуліцах 9-га жніўня, хоць шмат для каго з тых, хто выйшаў пратэставаць супраць выбарчых фальсіфікацыяў, ён мала што значыў. 

    Але падзеі 9-11 жніўня, салідарнасць з ахвярамі і зацятая барацьба рэжыму з бел-чырвона-белай сімволікай зрабілі яго сцягам пратэсту “тут і цяпер”. Трэба разумець, што і сёння гэта сімволіка мае вельмі розны сэнс для тых, хто змагаецца за новую Беларусь. Далёка не заўсёды за ім стаяць тыя каштоўнасці, з якімі ён быў звязаны для нас з пачатку 1980-ых гадоў. Разам з тым ствараецца новая гісторыя, узнікаюць новыя сэнсы і канатацыі. Мне падаецца, што больш дакладна варта казаць не пра “адраджэнне” бел-чырвона-белага сцяга, а пра яго “перараджэнне”, своеасаблівую рэінкарнацыю, якая заўсёды троху іншая, чым у мінулым жыцці.

    Юры Дракахруст. Гэта сапраўды цікавае пытанне. Нават на мітынгах Ціханоўскай за тыдзень да выбараў бел-чырвона-белых сцягоў было вобмаль. А пасля выбараў адбыўся выбух папулярнасці гэтага сцяга. Ён выціснуў усе астатнія сімвалы пратэсту: тапак, сэрцайка, сэрцайка-кулак-вікторыю. Бел-чырвона-белы сцяг перамог, напэўна, таму, што ўсё ж меў ядро прыхільнікаў, таму, што значыць больш, чым проста адмаўленне Лукашэнкі, мае важкі гістарычны бэкграўнд, маніфестуе не толькі палітычныя, але і нацыянальныя каштоўнасці. 

    У пэўным сэнсе адбылося тое ж, што з незалежнасцю, толькі з лагам. Незалежнасць ужо лічыць каштоўнасцю нават Лукашэнка, чаго не было ў 1991-ым годзе і нават у 1994-ым. Цяпер прынамсі ладная частка грамадства прыняла бел-чырвона-белы сцяг. Не ўсё, пра што сведчаць апытанні, але значна большая частка, чымся доля насельніцтва, якая прымала яго яшчэ паўгода таму.

    3. Які сцяг патрэбны новай Беларусі?

    Таццяна Шчытцова. Той, які будзе абраны самімі грамадзянамі.

    Аксана Шэлест. Новай Беларусі патрэбны той сцяг, які яна здабудзе. Я маю свае прыхільнасці, і буду адстойваць іх у той, новай Беларусі, але больш за ўсё я мару пра грунтоўную, працяглую агульнанацыянальную дыскусію, якая дазволіць беларусам з павагай адно да аднаго асэнсаваць і ўзгадніць візію сваёй гісторыі, сваіх каштоўнасцяў, і здабыць свае сапраўдныя сімвалы не толькі праз змаганне, але і праз інтэлектуальную і культурную працу. 

    Юры Дракахруст. Мой асабісты выбар – бел-чырвона-белы сцяг. І гэта не цяперашні выбар, я напачатку 1990-ых усё ж быў сакратаром управы Сойму БНФ. Але я б аддаў перавагу таму, каб гэтае пытанне вырашалася на рэферэндуме. І я не ўпэўнены, што гэта мусіла б быць першачарговай задачай у выпадку змены ўлады. Чырвона-зялёная Беларусь, як бачым, нікуды не падзелася.

    Фота: Вольга Шукайла, TUT.BY

    ПаказацьСхаваць каментары