• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Што беларусы думаюць пра аборты, ЛГБТ, смяротнае пакаранне і легалізацыю канопляў

    Што кажуць новыя сацыялагічныя дадзеныя пра светапогляд беларусаў. 

    Chatham House выпусціў новае сацыялагічнае даследванне пра тое, што беларусы думаюць пра палітычны крызіс у краіне. Але на гэты раз даследчыкі таксама запыталі беларускіх гараджан пра стаўленне да смяротнага пакарання, абортаў, ЛГБТ-супольнасці і легалізацыі лёгкіх наркотыкаў. 

    Паколькі даследванне прысвечанае ў першую чаргу палітычнаму крызісу, то і на вышэйшыя пытанні можна паглядзець у разрэзе таго, як розныя палітызаваныя кластары беларускага грамадства іх бачаць. Сярод апытаных выдзяляюцца тры групы: 

    • Прыхільнікі пратэсту – 38 % апытаных, якія займаюць кіроўныя пасады альбо з’яўляюцца высокакваліфікаванымі спецыялістамі; у гэтай групе мінчукоў больш, чым у іншых. 
    • Назіральнікі – 34 % апытаных, якія не прымаюць удзелу ў пратэстах, але падтрымліваюць яго патрабаванні і выказваюцца супраць гвалту; у гэтай групе шмат маладых людзей, занятых у сферы абслугі альбо ў дзяржсектары. 
    • Праціўнікі пратэсту – гэта 28 % апытаных, якія падтрымліваюць дзейную ўладу; у гэтай групе шмат занятых у дзяржсектары і на нізкакваліфікаванай працы, а таксама пенсіянераў.

    Тэзісна: 

    – больш за палову гарадскога насельніцтва выступае за смяротнае пакаранне;

    – гендарныя пытанні слаба хвалююць беларускае насельніцтва; 

    – прыхільнікі пратэсту больш ліберальныя за тых, хто падтрымлівае дзейныя ўлады;

    – адносны кансэнсус заўважны ў пытанні абортаў; 

    – беларусы дагэтуль даволі негатыўна ставяцца да ЛГБТ-супольнасці, але розніца паміж прыхільнікамі пратэсту і ўладаў даволі выразная.

    Смяротнае пакаранне

    56 % жыхароў беларускіх гарадоў падтрымліваюць захаванне смяротнага пакарання. Калі параўноўваць меркаванні прыхільнікаў пратэсту і паслядоўнікаў уладаў, розніца даволі заўважная. Так, супраць смяротнага пакарання выступаюць 27 % прыхільнікаў пратэсту ў параўнанні з 4 % праўладна настроеных людзей. Агулам супраць смяротнага пакарання выказаліся 38 % беларускіх гараджан, а 7 % не вызначыліся з пазіцыяй. Можна сцвярджаць, улічыўшы традыцыйна больш кансерватыўныя настроі жыхароў вёскі: калі б сёння праводзілі ўсеагульны рэферэндум, беларусы прагаласавалі б за захаванне смяротнага пакарання


    У іншых краінах: У суседняй Польшчы за смяротнае пакаранне выступаюць 11%. Але беларускія гараджане хутчэй падобныя да жыхароў ЗША, дзе катэгарычна супраць смяротнага пакарання – 14%, за ці хутчэй за – больш за 35%. У Расіі недапушчальнай вышэйшую меру пакарання лічаць 26%, а цалкам за смяротнае пакаранне – 10%. (крыніца: World Values Survey).

    Аборты

    Амаль поўны кансэнсус сярод беларускіх гараджан існуе ў пытанні абортаў. Так, 75% лічаць, што аборты павінны дазваляцца ў любых ці ў большасці выпадкаў (напрыклад, пры непажаданай цяжарнасці). Цікава, што доля тых, хто хацеў бы забароніць аборты, большая сярод прыхільнікаў пратэсту (17 %) у параўнанні з назіральнікамі (3,6 %) і тымі, хто супраць пратэсту (3 %). 

    У іншых краінах: 22% палякаў лічаць, што аборты павінны часткова ці цалкам быць забароненымі, а 69% – за легалізацыю абортаў. У Расіі за права рабіць аборты таксама 69%. А ў ЗША гэтая лічба склала 64% (крыніца: Ipsos Global Advisor survey). На гэтым фоне, беларускія гараджане нават менш кансерватыўныя, чым жыхары ЗША

    ЛГБТ

    Як сярод прыхільнікаў, так і ў групе праціўнікаў пратэсту, а таксама сярод назіральнікаў дамінуе меркаванне пра тое, што грамадства не павінна публічна ўхваляць гомасексуальнасць (62% агулам). Талерантнасць да сексуальных меншасцяў больш актуальная для прыхільнікаў пратэсту (32%), чым для тых, хто пратэст не падтрымлівае (13%). Выглядае на тое, што беларускае грамадства дагэтуль застаецца даволі кансерватыўным, але прыхільнікі пратэсту больш паважаюць ліберальныя каштоўнасці.

    Па гэтым пытанні беларускае ўрбаністычнае насельніцтва больш падобна да нашых усходніх суседзяў. У Расіі 74% насельніцтва лічыць, што грамадства не павінна прыймаць гомасэксуальнасць, у Польшчы – 42%. У ЗША большасць (72%) талерантныя да ЛГБТ-супольнасці (крыніца: Pew Research Center). 

    Марыхуана

    Найбольшую падтрымку легалізацыі марыхуаны з трох груп беларускіх гараджан выказваюць прыхільнікі пратэсту (15%). 92% антыпратэсных рэспандэнтаў цвёрда ўпэўненыя, што марыхуана павінна заставацца забароненай. Агулам 82% гараджан – супраць легалізацыі лёгкіх наркотыкаў. Даволі высокі паказнік тых, хто не можа вызначыцца ў пытанні легалізацыі марыхуаны, назіраецца сярод прыхільнікаў пратэсту (11%). Вялікая колькасць нявызначаных (агулам гэта 8%) можа значыць, што беларускае ўрбаністычнае насельніцтва недастаткова інфармаванае ў пытанні легалізацыі лёгкіх наркотыкаў

    У іншых краінах: у ЗША легалізацыю марыхуаны падтрымліваюць 67% насельніцтва. У Польшчы, дзе каноплі легалізаваныя для медыцынскага ўжывання з 2017 году, 56% насельніцтва супраць поўнай легалізацыі. А ў Расіі 78% катэгарычна ці часткова супраць легалізацыі. У гэтым пытанні беларусы таксама бліжэй па поглядах да расіян

    Жанчыны ў палітыцы

    Даволі вялікая розніца заўважна паміж дзвюма палярнымі групамі жыхароў беларускіх гарадоў у адказах на пытанне, ці гатовае беларускае грамадства галасаваць за жанчыну. 72% беларускіх гараджан лічаць гэта часткова ці цалкам нармальным. Розніца ў гэтым пытанні заўважная ў залежнасці ад стаўлення да пратэсту: 15% апанентаў пратэсту ў параўнанні з 2% прыхільнікаў пратэсту выказалі меркаванне, што беларусам галасаваць за жанчыну рана. Відавочна, што са з’яўленнем сёлета жаночага трыа на перадавой беларускай палітыкі прыхільнікі пратэсту ў сваёй большасці гатовыя падтрымаць кандыдатуру жанчыны на выбарах.

    У іншых краінах: 68% расіян дагэтуль не гатовыя галасаваць за жанчыну-прэзідэента. У ЗША гэтая лічба складае 16%, а колькасць выбарцаў, якія часткова ці дакладна гатовы галасаваць за жанчыну – 55%, то бок на 17% менш, чым сярод гараджан Беларусі, якія выглядаюць больш ліберальнымі па гэтым паказчыку. 

    Гендарная роўнасць

    “Барацьба за гендарную роўнасць у сучасным грамадстве зайшла занадта далёка,” – амаль палова беларускіх гараджан (46 %) неадназначна ставяцца да гэтага сцверджання, а цалкам не пагаджаюцца – 23 %. Акрамя таго, апытаныя выказалі меркаванне па праблеме хатняга гвалту. У выніку 40 % беларускага гарадскога насельніцтва лічаць хатні гвалт супраць жанчын сур’ёзнай праблемай (сярод прыхільнікаў пратэсту іх нязначна больш). Гэтыя дадзеныя, хутчэй, указваюць на слабую інфармаванасць у пытаннях гендарнай роўнасці, якія звычайна выклікаюць менш супярэчнасцяў, чымся стаўленне да ЛГБТ ці абортаў. 

    У іншых краінах: пытанні гендарнай роўнасці лічуць важнымі 54% расіян, 91% жыхароў ЗША і 69% палякаў. (крыніца: Pew Research Center). 

    Новае даследаванне Chatham House сведчыць аб тым, што па некаторых паказчыках беларускія гараджане больш ліберальныя за сваіх суседзяў, а часам, і за жыхароў устойлівых дэмакратый як ЗША. Аднак дагэтуль пытанні, па якіх беларусы менш інфармаваныя (легалізацыі марыхуаны і цярпімасць да ЛГБТ-супольнасці) выклікаюць у беларусаў супярэчлівыя думкі.

    Фота на вокладцы: Радыё Свабода

    ПаказацьСхаваць каментары