Нядаўна Лукашэнка заявіў пра тое, што ў Беларусі будзе выкарыстаны вопыт Кітая ў рэгуляванні IT-прасторы.
Так званая кітайская мадэль блакіроўкі інтэрнэту ўжо даўно з’яўляецца адной з найбольш дасканалых у свеце. Як менавіта працуе сістэма кантролю за анлайн-прасторай у Кітаі і якія наступствы для грамадства мае татальная цэнзура ў сеціве? Каб лепш зразумець, як працуе цэнзура і прапаганда на прыкладзе Кітая, я пагаварыла з даследніцай медыйнай палітыкі з Кітая Сяомін Кін (імя зменена па просьбе эксперткі ў мэтах бяспекі).
Наколькі свабодны інтэрнэт у свеце? У рэйтынгу Freedom of the Net Беларусь атрымала 38 балаў паводле крытэрыю свабоды ў інтэрнэце (дзе 0 – несвабодная, а 100 – свабодная). Кітай атрымаў усяго 10 балаў і з’яўляецца адной з краінаў, якая найбольш актыўна цэнзуруе інтэрнэт. Самы свабодны інтэрнэт – у Ісландыі і Эстоніі. Цэнзура інтэрнэт-прасторы характэрная для не самых бедных аўтарытарных краінаў як, напрыклад, Кітай, Іран, Расія. |
Вялікі кітайскі фаервол
У Кітаі пабудаваны вялікі бюракратычны апарат, які сочыць за інтэрнэтам. Кампаніі вымушаныя наймаць адмысловых працаўнікоў, якія вычытваюць і выдаляюць недазволены кантэнт. Акрамя таго, з 2014-га года ў Кітаі ёсць так званая інтэрнэт-паліцыя (афіцыйная назва: Цэнтральная камісія па справах кіберпрасторы). Цэнзары працуюць праз сістэму фільтраў кодавых словаў, якіх сёння каля 73 тысяч. Акрамя дзяржаўных цэнзараў ёсць і прыватныя фірмы, якія зарабляюць грошы на аўдыце кантэнту на прадмет адпаведнасці заканадаўству.
“Уяві, што пэўная кампанія хоча размясціць абвестку ці навіну ў інтэрнэце. Калі ёсць сумневы, што дадзены кантэнт можа парушаць пэўныя рэгуляцыі, якія могуць пагражаць закрыццём кампаніі, фірма можа звярнуцца да спецыяльных аўдытараў, якія атрымліваюць грошы за праверку гэтага кантэнту. Такім чынам, гэта становіцца бізнесам, які пастаянна расце”, – тлумачыць Сяомін.
Каб пазбегнуць санкцый, многія кампаніі наймаюць на стаўку сваіх цэнзараў. Так зрабіла кампанія Byte Dance, якая валодае TikTok (у Кітаі Douyin), пасля хвалі санкцый за забаронены кантэнт. Byte Dance наняла 20 тыс. чалавек для праверкі кантэнту ў TikTok і распрацавала цэлую сістэму мадэрацыі.
Хоць жыхары Кітая і выкарыстоўваюць VPN для доступу ў забароненыя месенджары і сацсеткі, іх пастаянна выяўляюць і блакуюць. У выпадку парушэння правілаў цэнзуры ўжываюцца санкцыі адносна кампаній і асобаў: блакуецца кантэнт, заводзіцца судовая справа за парушэнне рэгулявання, прымяняюцца іншыя захады.
Імпартазамяшчэнне анлайн-прасторы
Наведаць замежныя сайты ў Кітаі амаль немагчыма. Сістэма блакуе любыя дадаткі, старонкі, дзе ёсць непажаданая палітычная крытыка ці непрыхільныя выказванні пра Кітай. Заблакаваныя такія буйныя сусветныя выданні, як BBC, New York Times, DW, сацыяльныя сеткі і месенджары YouTube, Facebook, Linkedin, Twitter, WhatsApp, мультфільмы пра Віні Пуха і Свінку Пэпу. Дарэчы, Telegram, па словах жыхароў Кітая, часткова працуе ў некаторых рэгіёнах.
Каналы свабоднага абмеркавання палітычных падзеяў у краіне амаль цалкам перакрытыя. Аднак колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў у Кітаі складае амаль мільярд чалавек (каля 63 % насельніцтва), і задавальняць іх патрэбы таксама трэба. На кожны заблакаваны замежны мабільны дадатак у Кітаі ёсць свой аналаг. Дадатак WeChat з’яўляецца самай вялікай платформай праз якую можна разлічвацца ў крамах, а таксама замовіць візіт да лекара.
Аплікацыя Камуністычнай партыі ды іншая прапаганда
Акрамя цэнзуры ў Кітаі працуе добра наладжаная сістэма прапаганды. Роля яе заключаецца ў тым ліку ў адмыванні іміджу цэнзараў. Іншы прыклад дыгітальнага аўтарытарызму – у кіроўнай Камуністычнай партыі КНР ёсць даволі модны свой мабільны дадатак “Адкрый для сябе моцную нацыю” (Xuexi Qiangguo), праз які не толькі выдаюцца розныя сацыяльныя бонусы, але і распаўсюджваецца інфармацыя.
Самай вялікай пагрозай ад існавання развітай сістэмы прапаганды і цэнзуры экспертка Сяомін Кін лічыць адаптацыю маладога пакалення да гэтай сістэмы.
“Цэнзура і прапаганда ідуць рука ў руку, бо мэта ўладаў – сфармуляваць адзіную павестку. І гэта ім удаецца. Новае пакаленне, якому цяпер умоўна 20 гадоў , нават не пераймаецца тым, што немагчыма трапіць у Facebook. Гэта становіцца нормай, і таму – небяспечна”, – адзначае Сяомін.
Функцыянуе цэнзура праз шматлікія законы і рэгуляцыі. Так, па словах Сяомін, улады патрабуюць, каб усе СМІ быць афіліяваныя з Камуністычнай партыяй. Таму фармальна ў краіне не існуе недзяржаўных СМІ. Спрабуючы стварыць больш незалежныя СМІ, якім будуць давяраць грамадзяне, кітайскія ўлады не змаглі пакінуць іх без кантролю. Так узніклі камерцыйныя СМІ, якія намінальна маюць больш свабоды, але мусяць таксама быць афіліяваныя “на паперы” з Камуністычнай партыяй і, вядома, не парушаць ніякіх правілаў цэнзуры.
Што губляюць рэжымы праз абмежаванні анлайн-прасторы?
Сістэма цэнзуры, якую часта называюць Вялікім кітайскім фаерволам, па меркаванні калумніста New York Times Пола Мозура, з’яўляецца небяспечнай для ўсяго свету.
“Засцярога заключаецца ў тым, што Кітай можа зрабіць тэхналогію і метады сваёй сістэмы маніпулявання інтэрнэтам лёгка прыстасавальнымі для іншых аўтакратычных краін”.
Нягледзячы на забеспячэнне камфортнага для ўладаў палітычнага становішча ў краіне, недэмакратычныя рэжымы трапляюць у пастку залежнасці ад распрацаванай сістэмы кантролю. Улады губляюць давер грамадзян і вымушаныя кожны раз выдаткоўваць усё большыя рэсурсы на забеспячэнне фіктыўнай падтрымкі публічнай палітыкі і сваіх рашэнняў.
Падтрыманне дыгітальнага аўтарытарызму дорага каштуе для рэжыму ў фінансавым і людскім плане. Кампаніі таксама вымушаныя губляць сродкі на цэнзараў, каб не стаць аб’ектам санкцый. Вядома, у такіх умовах замежныя кампаніі не імкнуцца ў кітайскую анлайн-прастору, з-за чаго краіна губляе інвестыцыі, а яе рэпутацыя пагаршаецца.
Адмыслоўца таксама лічыць, што з-за блакіроўкі інтэрнэту і распаўсюду дзяржаўнай прапаганды рэжымы не разумеюць рэальнай карціны грамадскага меркавання і жывуць у адарванай рэальнасці. Гэта стварае эфект палітычнай міны, якая гатовая ўзарвацца, як толькі рэжым зробіць памылку (аднак, Сяомін у хуткую памылку з боку кітайскіх уладаў не верыць).
Малюнак: Cyberjustice.blog