• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Сяргей Богдан: “Краіна на мяжы страты незалежнасці”

    «Пульс Леніна-19» працягвае серыю інтэрв’ю з экспертамі аб прычынах дэградацыі нацыянальнай знешняй палітыкі і яе аптымальнай мадэлі на будучыню. Да абмеркавання далучаецца доктар палітычных навук, навуковы супрацоўнік Свабоднага ўнівэрсітэту Берліну Сяргей Богдан. 

    Сярод галоўных тэмаў вялікай размовы — стасункі з Расіяй і Кітаем, выхад да мора і геапалітычны выбар Беларусі, а таксама каштоўнасць якаснай экспертнай думкі.

    Шляхі да альтэрнатываў Расіі праходзяць праз Расію

    Беларусь апынулася ў цяжкім становішчы. З аднаго боку міжнародныя санкцыі і ізаляцыя, з іншага — страта суверэнітэту на карысць Расіі, а на думку некаторых беларускіх палітыкаў — нават акупацыя. Пытанне, па-першае, ці існуе наогул яшчэ знешняя палітыка Беларусі і наколькі тое, што існуе, адпавядае сумнаму стану беларускіх спраў? Ці бачыце спробы выправіць сітуацыю?

    — Зважаючы на тую сітуацыю, у якой Беларусь апынулася з гледзішча абмежавання яе камунікацыяў і транспартных зносінаў з вонкавым светам, гэта ўвогуле цуд, што дзяржава Беларусь існуе і нейкая вонкавая палітыка яшчэ праводзіцца. Хаця, канешне, яна моцна гэтым усім падкошаная.

    Пытанне, колькі яшчэ гэта можа працягвацца, і калі ўжо нам давядзецца казаць не пра вонкавую палітыку Беларусі, а пра нейкі цалкам марыянеткавы стан.

    Пакуль што гэта не так. Беларускія ўлады спрабуюць «праслізнуць паміж кропелек дажджу», кіруючы дзяржавай хутчэй інстынктыўна чым прадумана. Пэўныя напрамкі ў іх вонкавапалітычным курсе добра праглядаюцца. Па-першае, шукаюць выхады на Кітай — уважаючы, што гэты магістральны напрамак дазволіць палепшыць становішча краіны адразу ў многіх дачыненнях. 

    Пэўныя вынікі ёсць: Мінск прымаюць у Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. Калі глядзець у сістэме каардынат Захада, то магчыма і нямашака розніцы – ці Беларусь хаўрусніца Расіі ці Кітая. З гледзішча цяперашняга парадку дня Захада можа здавацца, што абодва варыянты – благія. Але калі глядзець з пункту гледжання беларускай дзяржаўнасці, дый нават з гледзішча глыбейшых інтарэсаў Захада, то атрымліваецца зусім іншая оптыка.

    Анягож Кітай Беларусь паглынуць не можа. Ясна, што калі Кітай пачне болей укладацца ў Беларусь, то гэта будзе процівага перш за ўсё Расіі, а не Захаду. Ясна таксама, што Кітай мае ў гэтым плане абмежаваныя магчымасці. То бок, нават у далейшай перспектыве кітайскі прыход у Беларусь для Захаду ніякай пагрозы не стварае — калі глядзець па «вялікім гамбургскім рахунку». Гэта адзін напрамак цяперашняй стратэгіі Мінску.

    Другі напрамак — умоўны «Трэці свет». То бок развіваныя краіны Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Гэты напрамак, як мне падаецца, праваліўся. Фактычна сур’ёзных кантактаў цяпер няма, за апошнія два гады было літаральна пару візітаў. Гэта несур’ёзна ў параўнанні з папярэднімі гадамі – тады за месяц рабілася больш чым за ўсе два прамінулыя гады.

    Калі паглядзець нават на тое, хто павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з прэзідэнцкімі выбарамі 2020 году, вымалёўваецца цікавая карціна – там нават дзясятак краінаў не назбіраўся. Некаторыя з іх наўрад ці можна лічыць паўнавартаснымі ўрадамі, як прыклад — Башар Асад. А Куба павіншавала з красамоўным спазненнем.

    Па вялікім рахунку, ясна чаму так адбываецца. Бо Беларусь заблакаваная ўсё больш і больш на ўсіх межах. Фактычна для Беларусі весці бізнес з краінамі, альтэрнатыўнымі Расіі, ужо немагчыма, апроч як праз саму Расію. Гэта значыць, што любыя альтэрнатывы РФ трэба выбудоўваць праз РФ.

    Ці гэта фатальная сітуацыя? 

    — Гэта цяжкая сітуацыя, але я не думаю, што яна фатальная і нават у гэтых умовах краіна можа выстаяць. І гэта звязана з асаблівасцямі суседняй краіны, пра якія варта сказаць. 

    Справа ў тым, што Расія пакутуе хутчэй не ад празмернага рэгламентавання і кіравання (як нам кажуць, быццам бы перанятага ад Арды), а ад яго адсутнасці. Гэты міт ардынскасці – увогуле адзін з самых дзівосных для мяне мітаў — ні на чым не грунтуецца. Паказныя жорсткія захады ў РФ часцяком прыхоўваюць рэальнасць таго, што насамрэч расейская ўлада кіруе краінай нашмат менш, чым любы заходні ўрад.

    Я ўпэўнены, што ў плане таго, каб дамагчыся паслядоўнага выканання нейкага закону ці распараджэння, у таго ж нямецкага ўрада ёсць шмат болей магчымасцяў, чым у Пуціна ў Расіі. Ці можа Пуцін штосьці зрабіць у Чачэніі так, як ён сапраўды хоча? Ён можа проста зрабіць выгляд, што яму падабаецца тое, што адбываецца ў Чачэніі.

    Што можна зрабіць у такіх варунках беларускім уладам і што яны спрабуюць зрабіць? Дэканструяваць Расію ў сваёй практычнай палітыцы як актара – скажам, па магчымасці вярнуцца да той палітыкі супрацы з рэгіёнамі РФ, якая праводзілася напрыканцы 90-х гадоў. 

    Гэта — вядомая рэгіянальная палітыка Лукашэнкі. Калісьці дайшло да таго, што Ельцын забараніў яму сустракацца з губернатарамі, бо тыя сустрэчы выглядалі як сепаратныя перамовы з расійскімі вобласцямі. Цяпер ён зноў фактычна вярнуўся да таго, каб працаваць з рознымі расійскімі рэгіёнамі і з рознымі галінамі ды карпарацыямі ў расійскай эканоміцы. Бо і паміж апошнімі існуе відавочная канкурэнцыя. 

    Варта звяртаць увагу на тое, што ў Расіі зноў-такі праз адсутнасць належнага кіравання, праз недахоп ведаў у расійскай улады пра тое, што адбываецца ва ўласнай краіне, часам левая рука нават не ведае, што робіць правая. Не кажучы ўжо пра каардынацыю і дзеянні аберуч. У выніку цалкам мажліва беларусам працаваць, напрыклад, з ядравай галіной РФ абы аслабіць хватку газавай ці, скажам, там нафтавай галіны.

    То бок цяпер у беларускай вонкавай палітыцы ёсць цалкам рэалістычныя кітайскі напрамак і спробы дэканструявання Расіі ў плане сепаратнай супрацы з асобнымі актарамі ўнутры яе – рэгіёнамі, галінамі, палітычнымі сіламі. І гэта ў пэўнай ступені пакуль дазваляе ратаваць беларускую дзяржаўнасць. Але гэта – рызыкоўная стратэгія і запасу трываласці ў нашай невялічкай краіны зусім няшмат.

    Думаю, што пытанне стаіць, каб увогуле вытрымаць самыя цяжкія часы, а далей магчыма сур’ёзна зменіцца міжнародная кан’юнктура. 

    Таму гэта такое стратэгічнае цярплівае вычэкванне. І небеспадстаўнае – два гады таму назад міжнародная кан’юнктура і сапраўды была зусім інакшай.

    Спакушэнне Кітая

    Зразумела цікавасць Беларусі да Кітая, як альтэрнатывы Расіі, вялікага рынка і ўплывовага міжнароднага гульца, але ў чым цікавасць Кітая да Беларусі, згубіўшай праз санкцыі сваю транзітную прывабнасць?

    — Слушнае пытанне, бо заўсёды было цяжка абудзіць у Кітая цікавасць да Беларусі. Нават калі не было праблемы з кітайскім транзітам у Еўропу, то і тады пытанне зацікаўленасці (дакладней яе адсутнасці) было актуальным – для Кітая супраца з Беларуссю была проста драбніцай. Насамрэч тое, што беларуска-кітайскія адносіны падтрымліваюцца ўвесь гэты час, гэта ўжо дасягненне беларускай вонкавай палітыкі. 

    Цяпер узнікла праблема з транзітам, але трэба разумець, што калі мераць па аб’ёме, то сухаземны кітайскі транзіт праз Беларусь і нават праз усе іншыя краіны агулам у Еўропу складае ў лепшым выпадку мо адсотак ці два ад таго, што перавозіцца морам. Сухаземны транзіт у Еўропу Кітай пачаў пракладаць у 2010-я гады, а дагэтуль абыходзіўся бадай зусім без яго, бо вазіць па моры танней і прасцей.

    Я да таго вяду, што з пункту гледжання Кітая знікненне транзіту праз Беларусь —  абсалютна некрытычная рэч. 

    Гэта хутчэй тое, што яны выбудоўвалі на ўсякі выпадак, «каб было». А магчыма і хутчэй за ўсё – як нагоду, каб геапалітычна замацавацца, выбудаваць для сябе нейкі блок у Еўразіі. З пункту гледжання вялікага бізнесу гэта было і застаецца маргінальным. Гэта адно, а ёсць і другое – кітайцы яшчэ на пачатку цяперашняй вайны запусцілі першы цягнік у Еўропу, які абмінае і Беларусь, і Расію, і Украіну.

    Іншая справа, што КНР, нарэшце нарасціўшы эканамічную магутнасць сапраўды пачынае гуляць ужо ў гульні па выбудоўванні сваіх хаўрусаў. У гэтай справе Беларусь можа згуляць нейкую ролю, але гэта хутчэй бутафорыя. Бо яна ні да чаго не вядзе – пакуль у Кітая няма хаўруса з Расеяй хаўрус з Беларуссю будзе хіба такім сабе геапалітычным дзівосам.

    Кітайскі напрамак беларускай вонкавай палітыкі, безумоўна, мае стратэгічны характар. Але гэта збольшага так з беларускага боку, які рупіцца нават ствараць часам кітайскія інтарэсы, таму што іх аб’ектыўна не існавала, спадзяючыся, што ў новым «кітайскім свеце» будзе светлая будучыня для беларускіх цяперашніх уладаў. Бо ёсць спадзеў, што Кітай, нарасціўшы эканамічныя мускулы, пачне гуляць сур’ёзную глабальную палітычную гульню і вось тады будзе іншы расклад і для Беларусі. 

    Паказальна, каго Пекін дасылае ў Мінск у якасці паслоў — правінцыйных чыноўнікаў. Гэта сведчыць, што з боку Кітая ніякай стратэгічнай стаўкі на Беларусь няма. 

    І гэта вялікае перабольшванне з боку беларускіх уладаў – спадзявацца, што Кітай выратуе краіну. Але зноў-такі ў сённяшняй сітуацыі для Беларусі і такія стасункі з Кітаем на карысць, бо наша краіна апынулася на мяжы поўнай страты незалежнасці на карысць Крамля.

    Такім чынам, з боку Кітая адносіны з Беларуссю нейкая дабрачыннасць. Калі адысці ад сённяшняга стану і казаць пра будучыню, ці маюць важнасць стасункі з краінамі так званай «далёкай дугі» і пры якіх умовах у гэтай супрацы ёсць перспектывы?

    — Стасункі з развіванымі краінамі маюць перспектывы. Але каб паспяхова працаваць з імі, патрэбная куды большая экспертыза і лепшыя кадры чым для таго, каб працаваць з еўрапейскімі краінамі.

    Што тычыцца краін Еўропы, то на гэтым кірунку ўсё ж такі ў беларускіх чыноўнікаў ці бізнесоўцаў ёсць больш ведаў і досведу, як там што працуе. Па-другое – у еўрапейскіх краінах больш падобная да нашай дзяржаўная сістэма і грамадства. Па-трэцяе – усё звычайна фармальна прапісана і не трэба шукаць нейкіх мудрагелістых падыходаў. Гэта ўсё адсутнічае, напрыклад, у многіх краінах Азіі. Спадзявацца на тое, што там прасцей рабіць бізнес – не, там наадварот цяжэй. 

    Тым не менш яго можна і трэба рабіць. Любая нямецкая фірма робіць стаўку на экспансію ў Азію, умоўна кажучы, у развіваны свет. Таму гэты магістральны напрамак выбраны правільна, але мае месца недаацэнка складанасцяў, як гэта робіцца. 

    У выніку мы маем ужо 30 гадоў палітыкі, якая нібыта накіравана ў развіваны свет, але вынікі якой нікчэмныя.

    Фактычна, у нас апроч калійных кантрактаў больш дасягненняў і няма, але гэтыя кантракты – гэта таксама мінімум. Бо ўрэшце вялікая частка прадаецца праз пасярэднікаў і карыстаючыся паслугамі замежных фірмаў — да апошняга часу заходніх. Дарма, што развіваны свет заяўляўся як адзін з прыярытэтных вектараў. І гэта сапраўды шматабяцальны вектар і гэта правільны вектар, якім мусіць апекавацца любая беларуская ўлада, не толькі цяперашняя.

    Пачынаць трэба з рэчаў, якія нават не з грашамі звязаныя, а з падыходам. Апроч вышэйпералічаных агульных хібаў, трэба ўзгадаць яшчэ адну — расісцкае стаўленне з боку многіх з тых людзей, якія працуюць з гэтымі краінамі — яны часам нават яго не хаваюць. Працуюць па прынцыпу – сёння прадаў, а заўтра хоць трава не расці. 

    А там людзі ўсё заўважаюць, асабліва стаўленне да іх. Заўважаюць, што ім прадаюць абы-як і абы-што. Між іншым у многіх краінах таго свету тэхналагічны ўзровень часам не горшы, чым у Беларусі.

    Гэта не значыць, што ў беларускай тэхнікі няма там перспектывы. Яна ёсць нават на тых рынках, дзе прысутнічае заходняя. З розных прычынаў – і з коштаў, і з таго, што не ўсё такое благое ў Беларусі. Ёсць процьма якасных прадуктаў.  

    Таму пачынаць трэба з выкаранення расізма, з сур’ёзнай работы на гэтых рынках. Мае асабістыя ўражанні ад беларускіх чыноўнікаў і бізнесоўцаў, якія спрабавалі працаваць у Іране, Іраку і Турэччыне ды іншых краінах – даволі негатыўныя. Часам мясцовых абзывалі нядобрымі словамі. З гэтага трэба пачынаць – трэба спачатку прызнаць, што там жывуць роўныя нам людзі, а потым ужо казаць пра экспансію ў Азію. Міжкультурная камунікацыя – абавязковы курс для ўсіх, напрыклад, у Нямеччыне, каго пасылаюць працаваць у такія краіны.

    Зламаны меч князя Вячкі

    Ну калі пра пачатак і базавыя рэчы, то як бы Вы сфармулявалі задачу знешняй палітыкі Беларусі, на што яна павінна абапірацца і што ўлічваць?

    — Вонкавая палітыка павінна працаваць на тое, каб беларусам – і індывідуальна, і як супольнасці, адзінай polity, лепей жылося. Гэта значыць – трэба зважаць на доўгатэрміновыя інтарэсы грамадзянаў Беларусі. 

    Для гэтага, перш за ўсё, трэба ўлічваць тое, дзе мы знаходзімся. А знаходзімся мы геаграфічна ў такой мясціне, дзе мы можам доўга распавядаць пра «цэнтр Еўропы», але гэта не мае сэнсу і значэння.

    Значэнне мае перш за ўсё тое, што наша краіна не мае выхаду да мора. І акурат адсюль для нас узнікае процьма залежнасцяў і ўразлівасцяў. 

    У прыватнасці гэта азначае для нас вострую неабходнасць пазбягання канфрантацыі з суседзямі – усе з якіх выхады да мора маюць.

    Калі мы нават паглядзім на беларускую гісторыю, то ёсць адна бязлітасная заканамернасць – і менавіта заўважыўшы яе паўтор пазалетась я пачаў казаць пра канец беларускай дзяржаўнасці. 

    Гэтая заканамернасць заўважная праз усю гісторыю земляў і людзей, якія склаліся ў цяперашні беларускі народ, і кожны раз, калі адпаведная раскладка ўзнікала, яна сканчалася для нас проста крахам, пачынаючы ад часоў Полацкага княства. 

    Праз усю гісторыю беларускі народ — дзеючы праз розныя дзяржаўныя ўтварэнні — спрабаваў так ці інакш выйсці да мора. 

    У ранейшыя часы гэта чынілася збольшага вайсковым шляхам, а ў нашыя часы – збольшага праз дамовы, напрыклад з Літвой ці Латвіяй.

    Уладары Полацкага княства напоўніцу ўклаліся ў дасягненне гэтае мэты, скіраваўшы экспансію на поўнач. Найтрагічнейшая постаць нашае гісторыі таго часу — князь Вячка — рушыў да мора і не дайшоў лічаныя вёрсты – крыжакі аказаліся спрытнейшымі. Вядомы раман “Меч князя Вячкі” Леаніда Дайнекі — але варта напісаць яшчэ і кніжку пра беларускую геапалітыку ранейшых стагоддзяў ды назваць яе “Зламаны меч князя Вячкі”. 

    Праз лічаныя дзесяцігоддзі, праз нявыхад да мора Полацкае княства страціла ўсякае значэнне.

    ВКЛ таксама вельмі моцна ўкладаецца, каб выйсці да мора праз Каралявец і цяперашнюю Калінінградскую вобласць, крывавая бітва пад Грунвальдам – пра гэта, пра выхад да мора. Але таксама літаральна дробязь не даходзяць і на гэтым усё. Княства пачынае чэзнуць, Карона забірае Валынь, потым уніі і таксама цягам некалькіх дзесяцігоддзяў – час тады ішоў павольней чым цяпер — яно знікае як геапалітычны актар.

    Пра гэтую карэляцыю можна распавядаць яшчэ шмат, але калі вярнуцца да нашай тэмы, то мне стала зразумела, да чаго ўсё ідзе, як толькі ў нас пачалі псавацца стасункі з Украінай у дадатак да праблемаў з балтыйскімі суседзямі. Для Беларусі зачыніліся ўсе межы, апроч расійскай, і гадзіннік пачаў зваротны адлік. Вось гэта фатальна.

    Таму найпершы імператыў любой разумнай вонкавай палітыкі, скіраванай на захаванне беларускай дзяржавы і суб’ектнасці беларускага народа – гэта патрэба забяспечанага выхаду да мора. 

    Бо належны гандаль і ўзаемадзеянне са светам магчымыя толькі праз мора. А ўсю балбатню пра дабрадзейны свет і ўсеагульную інтэграцыю варта ўспрымаць толькі вырашыўшы гэтыя пытанні. Гэта першая задача, якая мусіць быць у беларускай вонкавай палітыкі. 

    Другая – гэта, безумоўна, зразумець тое, што ўсе суседзі нам важныя. Але трэба разумець, што ў глабальнай раскладцы цяпер ёсць некалькі цэнтраў сілы, сусветных гульцоў, якія жывуць і дзейнічаюць па іншых правілах. Мы знаходзімся каля самога сэрца аднаго з гэтых гульцоў – Расіі.

    У любой раскладцы ёсць дыспрапарцыйна высокі інтарэс Расіі да таго, што адбываецца ў Беларусі. 

    Дыспрапарцыйны – гэта калі параўноўваць цікавасць, скажам, Бруселя або Вашынгтона да Беларусі з інтарэсам Масквы да Беларусі. Калі для Захада Беларусь можа лічыцца адной з шматлікіх пляцовак супрацьстаяння з Расіяй, то для РФ яна адна з найважнейшых.

    Анягож, нягледзячы на развіццё вайсковых техналогіяў, ёсць розніца, ці вы запускаеце ракету за 300 км ці за 50 км ад цэлі. Каму гэта не зразумела, хай пацікавіцца сітуацыяй у Мікалаеве і Адэсе, Харкаве і Кіеве. Украінскае войска збівае процьму расійскіх ракет і далёка не ўсё далятае да Адэсы і яшчэ меней да Кіева, затое ў Мікалаеў і Харкаў патрапляе ўсё, што запускае войска Пуціна – з-за блізкасці гэтых гарадоў да месцаў запуску.

    Гэты прыклад ілюструе логіку таго, чаму Расіі ёсць вялікая розніца, хто і што знаходзіцца ў Гомельскай ці Магілёўскай вобласці Беларусі, і яна пойдзе на ўсё, абы перадухіліць пагрозу для сябе з гэтых земляў. Сродкаў у Расіі для таго больш чым дастаткова, фактычна ўсе сродкі будуць скарыстаныя пры патрэбе, бо ідзецца пра выжыванне Расіі. 

    Таму з РФ патрэбны добрыя стасункі. І ніякіх развагаў пра тое, што давайце скароцім Расію да 50 мільёнаў, давайце яе раздзелім ці яшчэ штосьці.

    То бок Карфаген не павінен быць разбураны?

    — Я разумею, што маральны бок справы цяпер бадай не будзе пачуты, хаця казаць так пра любога суседа было б людажэрскай логікай пуцінскага кшталту. Вось чым баразьненне пра падзел Расіі і яе «ненатуральнасць», барбарства і таму падобнае адрозніваецца ад крамлёўскага вярзення пра выдуманасць Украіны і неабходнасць яе разбору на часткі? 

    Але здаецца, многія, на жаль, страцілі пачуццё меры ў сваёй нянавісці, таму скажу ў цынічнай аргументацыі, каб дайшло і да іх. 

    Калі мы здурнеем настолькі, каб удзельнічаць у разбурэнні ці падзеле Расіі – ад нас саміх нічога не застанецца. 

    Калі хочуць тое зрабіць ЗША – хай пачынаюць. У іх на Алясцы ёсць супольная мяжа з РФ. Тое самае датычыць і іншых аматараў змагання з Расіяй – пачынайце з сябе.

    Для Беларусі, калі мы пачнем у гэтых гульнях удзельнічаць, гэта скончыцца вельмі кепска. Тое самае, калі Беларусь пачне гуляць з Расіяй супраць Захада, таму што пасыплюцца бомбы перш за ўсё на нас, а толькі потым на Расію.

    Атрымоўваецца квадратура кола, але яна вырашальная праз выхад у іншую, небінарную схему пабудовы нашых дачыненняў – стасункі з Расіяй павінны быць добрыя і кропка. Не трэба ўключацца ў ніякія глабальныя схемы – ні расійскія, ні антырасійскія.

    Безумоўна, трэба разумець, што нам патрэбныя моцныя квітнеючыя суседзі. 

    Нам патрэбна моцная, адзіная – з Крымам і Данбасам – Украіна, але нам патрэбна такая самая моцная і квітнеючая Расія, якая будзе эканамічна моцнай і квітнеючай, а не «дзікім полем». 

    Заняпад нават аднаго з нашых суседзяў пагражае нашаму дабрабыту і развіццю. 

    Ну а калі больш чым заняпад – то гэта катастрофа in waiting, бо межаваць з «дзікім полем» – гэта найгоршы варыянт для нас. Гісторыя ВКЛ цудоўна паказвае, што гэта значыць – бязладдзе на паўднёвых і ўсходніх межах аслабіла Княства болей чым што. Гэта другі імператыў, які я бачу. 

    Трэба вырашаць не паміж прарасійскай ці антырасійскай палітыкай, еўраатлантычнай ці еўразійскай логікай. Палітыка і логіка павінна быць прабеларуская і прыязнай да ўсіх. 

    Дарэчы, выкараненне расізму і тут пайшло б на карысць – каб зніклі з дыскурсу трызненні пра адвечнае імкненне германцаў вынішчыць славянаў, пра адвечную навалу «азіяцкай маскоўскай арды» і тау падобнае. 

    Геапалітычны выбар на карысць Беларусі

    Цяпер даволі актыўна гучаць меркаванні і палітычныя заявы ад прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў пра тое, што Беларусь павінна вызначыцца з сваім геапалітычным выбарам і зрабіць яго на карысць ЕС. Наколькі гэты выбар мэтазгодны з пункту гледжання доўгатэрміновага ўмацавання бяспекі і незалежнасці Беларусі?

    — Я думаю, што гэта самы просты шлях у канфрантацыю, пасля якой ад Беларусі застанецца мокрае месца. Гэта будзе прыгожая і гераічная смерць. Давайце ўрэшце сумленна скажам, што прапануецца ў гэтым выпадку.

    То бок тут трэба высвятляць паняткі. Людзі, якія кажуць нам пра «еўрапейскі выбар», маюць на ўвазе нават не еўрапейскую будучыню, а неабходнасць прыняцця радыкальнай версіі еўраатлантычнага шляху. Гэта значыць не проста далучыцца да Еўрапейскага саюзу, а далучыцца да той версіі калектыўнай бяспекі, якую выбудавала Амерыка і якая, безумоўна, накіравана на супрацьстаянне з Расіяй.

    На жаль, у Еўропы на дадзены момант няма стратэгічнай аўтаноміі. Уключацца ў гэтую схему – па згубнасці для Беларусі эквівалент уключэнню ў радыкальную прарасійскую версію, толькі палярнасці розныя. Для нашага народу і краіны гэта скончыцца кепска, і любой цаной нам трэба выслізнуць з гэткіх гульняў.

    Праблема палягае ў тым, што шмат ахвочых зманіпуляваць нават самімі словамі, ствараючы ўльтыматыўныя выбары – еўрапейская ці нееўрапейская будучыня. З пункту гледжання культуры, мы і так знаходзімся ў Еўропе, мы развіваліся як частка еўрапейскай супольнасці. На мяжы з Азіяй, але Азія не значыць чагосьці кепскага. Прабачце, але першыя манеты ВКЛ былі адбітыя па ўзорах Арды, і гэта нармальна спалучалася з Магдэбургскім правам. То бок нічога кепскага ў тых сімбіёзах, якія існавалі ў Беларусі, няма.

    Нармальнае стаўленне да заходняй супольнасці мусіць спалучацца з нармальным стаўленнем да Расіі і іншых краінаў на Усход.

    Але гэта не значыць, што трэба неяк талераваць дзеянні Расіі ва Ўкраіне. 

    Ведаеце, самыя маркотныя ўспаміны ў мяне звязаныя з страчанымі гадамі недзе з сярэдзіны 2010-х да 2019 года. Тады сапраўды беларуская вонкавая палітыка хоць і не была збалансаванай, але мела выхады ва ўсе бакі. 

    І у прынцыпе, калі б ёй крыху пайшлі насустрач некаторыя суседзі і глабальныя гульцы, то далягляды вымалёўваліся цікавыя. Прычым я падазраю, што акурат «старая Еўропа» у гэтым плане мела больш разумення таго, што трэба неяк акуратна перабудоўваць гэты рэгіён, а вось істэблішмент Усходняй «новай Еўропы», на жаль, вырашыў згуляць на падвышэнне ставак. 

    А там жа былі цікавыя выхады, калі напрыклад Лукашэнка абмяркоўваў з Паксасам дэмілітарызацыю Калінінградскай вобласці. А калі б такое абмеркаванне працягнулася ўжо з Грыбаўскайтэ? Гэта была б зусім іншая раскладка! Прасоўванне такой ідэі разам – Беларуссю як бліжэйшай хаўрусніцай Расіі і Літвой як прадстаўніцай ЕС і АПАД (НАТО) магло мець цікавыя перспектывы. Балазе, Мінск сам паказваў прыклад – дэмілітарызуючы аж да самага апошняга часу нашы паўднёвыя раёны. 

    Можна ўзгадаць таксама цікавыя варыянты і па вайсковых кантактах, калі брытанцы нават прыязджалі ў Беларусь на вучэнні. Крыху больш заахвочвання да гэтай палітыкі – не падвышэнне ставак, а заахвочванне, і гэта было б велізарнейшае акно магчымасцяў для больш мірнага і квітнеючага рэгіёну.

    Адначасова, на той момант была магчымасць раўналежна раскрыць палітычную сістэму ў Беларусі, калі б Аляксандру Лукашэнка хапіла на гэта клёку. На жаль, лёс склаўся інакш. Я б не зводзіў усё да 2020 году, бо праблема Беларусі – насамрэч не выбары, а тое, што выбіраць няма каго – пра гэта паклапацілася цяперашняе кіраўніцтва краіны. 

    Таму трэба перад любым галасаваннем спярша стварыць магчымасці для разгортвання інфраструктуры палітычных партыяў і іх дзейнасці. А ўжо пасля гэтага праводзіць выбары. У тыя часы мне падавалася, што ў гэты бок можа хіснуцца сітуацыя, але хіснулася ў іншы.

    Вяртаючыся да тэмы, зазначым, што ў Беларусі ёсць выразны шлях, пра які казаў яшчэ Ігнат Абдзіраловіч – паміж Захадам і Усходам. 

    І не трэба камусьці даводзіць, што беларусы – еўрапейскі народ. Гэта нагадвае вядомую показку пра патрэбу зайцам давесці, што яны — не вярблюды. Геаграфічна, гістарычна і культурна Беларусь — частка пэўнага еўрапейскага кантынента.

    Атрымліваецца, што геапалітычны шлях Беларусі – балансаванне? 

    — Так. Адметна, што людзі, якія некалі перавыдавалі вядомага прыхільніка такога шляху – Ігната Абдзіраловіча, зараз фактычна заплюшчылі вочы на тое, што ў таго напісана чорным па беламу. Што не трэба лезці ні туды, ні сюды, бо нас і там, і тут з’ядуць. У прыватнасці аўтар прадмовы да перавыдання абдзіраловіцкага трактату Сяргей Дубавец, пад чыім уплывам яшчэ ў гімназіі завучваў Абдзіраловіча ледзьве не напамяць. 

    Лепей працаваць з абодвума бакамі і будаваць на гэтым Беларусь.

    Уладары без думак

    Напрыканцы якраз пытанне пра ўлік думак. Якую ролю ў фармуляванні знешняй палітыкі Беларусі павінны адыгрываць экперты і даследчыкі, як найлепш арганізаваць супрацу з імі?

    — Ёсць выдатная мадэль, якую некалі ўкараніў у Амерыцы выбітны нямецкі інтэлектуал Ганс Шпаер у 1930-я гады ўцёкшы за акіян. Гэта канцэпцыя наладжвання вольнага перасоўвання кадраў, экспертаў у сацыяльных і сумежных навуках паміж урадам, бізнесам і акадэмічнай навукай. 

    У ЗША гэта выглядае так, што чалавек працуе ва ўніверсітэце, потым пераходзіць на працу ў «Боінг», потым у Дзярждэпартамент, а адтуль вяртаецца ў Гарвард. 

    Гэта мусіць быць прызнана як легітымны шлях у пабудове кар’еры, гэта мусіць заахвочвацца і мусіць быць інстытуцыялізавана.

    У Беларусі нічога такога няма, усё “compartmentalised” – то бок падзелена на герметычныя адсекі. І, умоўна кажучы, вядомы даследчык гісторыі вонкавай палітыкі Беларусі Уладзімір Снапкоўскі ніколі не будзе працаваць на БелАЗе, каб апасля апынуцца ў МЗС і вярнуцца ў БДзУ. 

    Такіх людзей могуць раз на год паклікаць у МЗС пагаварыць, а вось працаваць – не. А мусіць быць менавіта так. Для гэтага нават не трэба дадатковыя грошы, для гэтага патрэбны толькі адпаведныя рашэнні. 

    Гэта мадэль апраўдала сябе не толькі ў Злучаных Штатах. Нешта падобнае існуе ў Нямеччыне, Ізраілі. Мадэль абсалютна неабходная і для Беларусі.

    Умоўна кажучы, паміж БДУ, умоўнай «Белшынай» ці «Амкадарам» і МЗС не павінна існаваць ніякіх перашкодаў для пераходу кадраў. 

    Праца ва ўмоўнай «Белшыне» павінна лічыцца за плюс пры прасоўванні ў акадэмічнай сферы ці дыпламатычнай. 

    На жаль, у Беларусі ад гэтай мадэлі няма анізвання. У лепшым выпадку ёсць толькі бутафорскае запрашэнне экспертаў у МЗС, каб абмеркаваць вынікі вонкавай палітыкі ці таму падобнае.

    У ЗША, напрыклад, карпарацыі фундуюць некаторыя пазіцыі ў дзяржаўных установах. Я не думаю, што для «БелАЗ» было б праблемай зафундаваць запрошанага эксперта ў МЗС, які бы займаўся ў выніку і пытаннямі прасоўвання інтарэсаў прадпраемства за мяжой. Гэта мізэрныя грошы, тут проста патрэбна палітычнае рашэнне і разуменне праблемы. 

    У Беларусі такога разумення няма. Лічыцца, што ўсе патрэбныя эксперты ўжо працуюць унутры арганізацыі.

    Ілюстрацыя разумення беларускімі ўладамі экспертнасці для мяне — гэта калі надоечы Яша Кедмі прыехаў у Мінск і быў гучна прыняты кіраўніком МЗС. Прычым беларускі бок гэтым нават ганарыўся, хаця Кедмі, прабачце, проста прайдзісвет, замежны госць сумнавядомага салаўёўскага шоў. 

    Беларускія ўлады не разумеюць, што такое эксперт, для іх гэта — «гаварашчая галава». На жаль, у апазіцыі таксама няма разумення, што такое экспертыза, асабістыя залежнасці, канфлікт інтарэсаў і гэтак далей.

    У выніку, калі пачнуцца перамены, у Беларусі проста з’едзецца процьма шарлатанаў, якія будуць працаваць на розныя замежныя ўстановы, кіруючыся нянашымі інтарэсамі. 

    Пачнецца перыяд «а-ля Януковіч» – калі ва Украіну таксама прыязджалі дзіўныя палітолагі і паліткансультанты і дапамагалі карумпаваным элітам разарваць краіну на частку і падрыхтаваць анексію Крыма, сепаратызм і замежную інтэрвенцыю. Хто з расійскага боку, хто з нерасійскага. Часам было незразумела, хто на каго працуе. 

    Страшна, калі гэта адбудзецца і ў Беларусі. Праз тое, што краіна не падрыхтавана да працы з экспертнай супольнасцю, яе фактычна няма. У выніку нам яе прывязуць – імпартуюць і пачнецца дзерыбан.

    Фота: Павел Крычко

    ПаказацьСхаваць каментары