• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як нарэшце перастаць быць краінай самагубцаў

    У 2016-ым больш за дзве тысячы беларусаў скончылі жыццё самагубствам. Віну за гэта нясе ў тым ліку грамадства са сваім меркаваннем, што да псіхолагаў звяртаюцца толькі вар’яты і слабакі.

    Адна з нешматлікіх з’яваў, з якою мы наперадзе свету ўсяго гэта самагубствы. Ад абвяшчэння незалежнасці Беларусь знаходзіцца ў другім дзясятку сусветных лідараў па колькасці суіцыдаў. У 2016-ым ад самагубстваў памерла ў два з паловай раза болей людзей, чым у дарожных здарэннях. Болей за тое, ад самагубстваў у Беларусі памірае ў пяць разоў болей людзей, чым ад забойстваў.

    Пры тым колькасць самагубстваў была б у разы вышэйшай, калі б кожная спроба прыводзіла да запланаванага выніку. Штогод у краіне рэгіструецца больш за пяць тысяч няўдалых спробаў суіцыду. Але і гэта лічба, пэўна, заніжаная, бо не кожны выпадак рэгіструецца ў адпаведных органах.

     

    Свет самагубстваў 

    Калі быць шчырымі, то Беларусь мала чым адрозніваецца ад сваіх суседзяў уся постсавецкая прастора мае вельмі высокі ўзровень суіцыдаў. Літва, напрыклад, з’яўляецца лідарам па колькасці самагубстваў у Еўропе і другой у свеце.

    У статыстычных справаздачах Беларусь стаіць у групе разам з Расіяй, Польшчай, Венгрыяй, Латвіяй і Эстоніяй. Ва ўсіх іх колькасць самагубстваў таксама не апускаецца ніжэй за 20 выпадкаў на 100 тысяч насельніцтва.

    Штогод 800 тысяч чалавек на свеце самі абрываюць сабе жыццё. З праблемай пачаў змагацца нават “Фэйсбук”, які аналізуе допісы карыстальнікаў на схільнасць да суіцыду. Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) падкрэслівае, што суіцыды можна перадухіляць.

    Каб зменшыць колькасць самагубстваў, трэба проста своечасова вызначаць людзей схільных да такога кроку.

    Польшча і Расія, напрыклад, робяць кабінеты псіхатэрапеўтаў максімальна даступнымі. Польская праграма прэвенцыі суіцыдаў называе “слабую грамадскую свядомасць” галоўнай прычынай самагубстваў у краіне. Штогод ва ўсіх школах ЗША праводзіцца дзень супраць суіцыдаў, а нацыянальная арганізацыя прэвенцыі мае аддзелы ва ўсіх штатах. Фіны, у сваю чаргу, у 1985-ым пачалі глыбока даследаваць прычыны самагубстваў, а пазней актыўна папулярызавалі вынікі сярод насельніцтва.

    Што могуць рабіць улады

    У 2015-ыс тагачасны міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко падпісаў план комплексу захадаў па прафілактыцы суіцыдальных паводзінаў насельніцтва на 2015-2019-ыя гады. Вось некалькі пунктаў адтуль, на якія трэба звярнуць увагу.

    • Змена стэрэатыпаў

    Амаль усе захады па прафілактыцы суіцыдаў можна звесці да адной ідэі трэба навучыць людзей распазнаваць патэнцыйных самагубцаў, якіх неабходна перадаваць спецыялістам. Для вялікай часткі беларусаў зварот да псіхолага ці псіхатэрапеўта застаецца сведчаннем толькі аднаго у чалавека “паехаў дах”.

    Варта заахвочваць людзей не баяцца лекараў і звяртацца па дапамогу да адмыслоўцаў.

    Хопіць грамадства “моцных” у кожнага бываюць праблемы і дэпрэсіі.

    • Развіццё культуры размовы ў медыцыне

    Паводле даследаванняў, шмат дэпрэсіўных хворых, схільных да самагубства, ідуць да тэрапеўтаў, кардыёлагаў ці неўролагаў, абмінаючы кабінет псіхіятра. Мінздароўя звяртае ўвагу на неабходнасць уключэння тэматыкі суіцыдаў у праграму адукацыі, бо на падставе кароткай размовы з пацыентам лекар можа праверыць яго псіхічны стан.

    Але не сакрэт, што беларускія дактары не асабліва размоўныя, а часавы ліміт на аднаго пацыента не перавышае 10 хвілін. Хоць насамрэч, каб выявіць суіцыдальныя схільнасці ў чалавека, з ім трэба перадусім размаўляць.

    • Прафілактыка суіцыдаў на прадпрыемствах

    Абсалютная большасць мерапрыемстваў уладаў па прафілактыцы самагубстваў скіраваная на ўстановы сярэдняй адукацыі. Гэта выглядае досыць дзіўна, бо моладзь складае ўсяго некалькі адсоткаў ад усіх людзей, якія ідуць на самагубствы.

    Больш карысна было б стварыць своеасаблівы псіхалагічны “аўдыт” працаўнікоў.

    Абавязковы візіт працаўніка да псіхатэрапеўта прынамсі раз на два гады дазволіць заўважыць схільных да суіцыду і ўзяць іх на неабходны ўлік. 

    Нягледзячы на адсутнасць звестак, падаецца відавочным, што сярод самагубцаў нямала і беспрацоўных. У іх выпадку пільнасць блізкіх мусіць быць на першым месцы. Варта пераконваць людзей, што на суіцыды ідуць звычайныя людзі, якія проста засталіся адныя ў цяжкі жыццёвы момант.

    • Падрыхтоўка большай колькасці спецыялістаў

    Недахоп псіхатэрапеўтаў і псіхіятраў у шпіталях і паліклініках маргіналізуе схільных да суіцыду пацыентаў. Напрыклад, нягледзячы на адмысловую пастанову Мінздароўя з 2012-га года, у 2015-ым годзе ў большасці вялікіх шпіталяў не было псіхатэрапеўтаў.

    Нават калі лекар іншага профілю разумее неабходнасць псіхіятрычнай дапамогі чалавеку, то чарга па талон і чарга да доктара-адмыслоўца канчаткова адбяруць у пацыента ахвоту існавання на гэтай зямлі. Абсалютна свабодны доступ да псіхатэрапеўта ў краіне з высокім узроўнем суіцыдаў павінен быць нормай.

    • Змаганне з агульнай дэпрэсіяй у грамадстве

    Глыбокая эканамічная рэцэсія спалучаная з алкагалізацыяй насельніцтва, высокай колькасцю разводаў, нізкай нараджальнасцю і агульнай няяснасцю найбліжэйшай будучыні ставіць перад уладамі Беларусі шэраг задач, якія адкідваюць вырашэнне праблемы суіцыдаў далёка ў канец.

    Аднак без вырашэння гэтых грамадскіх праблем нельга казаць пра сапраўднае змаганне з самагубствамі.

    Высокі ўзровень суіцыдаў цяжка ўпісваецца ў стэрэатып мірных, добрых і працавітых беларусаў. Ідучы на скрайні крок, самагубцы ставяць кропку ў гісторыі абыякавасці грамадства да іх праблемаў. Варта пераконваць беларусаў, што псіхолаг і псіхіятр гэта звычайныя лекары, а лішні візіт да іх можа ўратаваць жыццё.

    ПаказацьСхаваць каментары