• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Як зрабіць так, каб у сістэме аховы здароўя ўсе перасталі адно аднаго ненавідзець?

    Гэты матэрыял працягвае цыкл «Чарнавік беларускіх рэформаў» — у межах праекта эксперты і практыкі Цэнтра новых ідэй каротка расказваюць, як маглі б выглядаць ключавыя рэформы ў нашай краіне — калі для гэтага адкрыецца акно магчымасцяў.

    Арыгінал гэтага артыкула апублікован на Zerkalo.io.

    У нашай медыцыне шмат праблем: недафінансаванне, недахоп медыкаў і абсталявання, недастатковы ўзровень падрыхтоўкі дактароў, спіс можна працягваць. Але ў цэнтры гэтых праблем знаходзіцца ўсеагульная нянавісць, якая робіць немагчымым любое значнае паляпшэнне сістэмы аховы здароўя.

    З пункту гледжання стаўлення да аховы здароўя існуе тры групы гульцоў — медработнікі, пацыенты і чыноўнікі, якія займаюцца кіраваннем сферай. У кожнай групы сваё бачанне і свае задачы:

    • пацыент хоча ўвагі, рашэння праблемы са здароўем, эфектыўнай камунікацыі з медыкам і мінімальных выдаткаў грошаў і часу;
    • доктар хоча адчуваць сябе патрэбным людзям, займацца цікавай працай, развівацца прафесійна і не думаць пра тое, колькі каштуе абсталяванне, на якім ён працуе;
    • арганізатары аховы здароўя вымушаныя вырашаць, як выдаткаваць заўсёды недастатковы бюджэт так, каб закрыць максімальную колькасць пытанняў па прафілактыцы, дыягностыцы і лячэнні з пункту гледжання ўсяго грамадства, зрабіць сістэму дапамогі ўстойлівай і прадказальнай.

    Калі ў груп розныя задачы, то канфлікты непазбежныя, і па логіцы людзі павінныя шукаць сумесныя рашэнні. Але ў Беларусі ўсё мацней нарастае нянавісць усіх да ўсіх.

    Міністэрства аховы здароўя супраць здароўя

    Давайце пачнём з мэтаў. Сусветная арганізацыя аховы здароўя вызначае тры асноўныя:

    • паляпшэнне здароўя насельніцтва;
    • павышэнне ўспрымальнасці сістэмы аховы здароўя да патрэбаў насельніцтва, якое яна абслугоўвае;
    • справядлівасць у фінансавым укладзе, то-бок цяжар аплаты сістэмы аховы здароўя справядліва размеркаваны па хатніх гаспадарках.

    Гледзячы на гэтыя мэты і нашых чыноўнікаў, бачыш, што кіраўнікі медыцынскай сферы фармальна за ўсё добрае супраць усяго дрэннага, але калі стаіць выбар паміж здароўем людзей і інтарэсамі рэжыму, то Міністэрства аховы здароўя выбірае другое. Інакш як растлумачыць аблавы ў хоспісе Гродна, які існуе на грошы спонсараў? Навошта звальняць унікальных спецыялістаў з Цэнтра дзіцячай анкалогіі?

    Гэта шмат у чым рытарычныя пытанні, і я не ведаю, ці засталіся ў кагосьці ілюзіі наконт аховы здароўя Беларусі. На ўсялякі выпадак прывяду некалькі простых прыкладаў.

    Нам кажуць, што медыцына ў нас бясплатная.

    Рэальная падатковая нагрузка толькі на зарплату ў нас у краіне — каля 48%, у разліковым лістку мы бачым 14%, а астатняе выплачвае працадаўца яшчэ да налічэння сродкаў. У Еўропе больш адлічэнняў у ФСАН хіба што ў Францыі. Адначасова, паводле звестак СААЗ, у 2019 годзе ў Беларусі дзяржаўныя выдаткі на ахову здароўя на душу насельніцтва былі ніжэйшыя, чым у суседніх краінах Еўрапейскага саюза.

    Атрымліваецца, што ў нас бяруць грошы, а ўзамен мы атрымліваем «бясплатную» медыцыну. Пры гэтым у рэальнасці людзі ўсё часцей вымушаныя звяртацца па платныя кансультацыі і лячэнне.

    Нам кажуць, што дзяржава дала дактарам бясплатную адукацыю, і цяпер яны мусяць адпрацоўваць.

    Але ў Германіі, напрыклад, 43 медыцынскія ўніверсітэты, з якіх амаль усе — дзяржаўныя. Навучанне ў іх для грамадзян Германіі, а таксама для большай часткі замежных студэнтаў бясплатнае. Ці чакае пасля гэтага нямецкага медыка абавязковае размеркаванне куды-небудзь далей ад дома? Не, выпускнікоў завабліваюць нармальнымі ўмовамі працы і ніхто не кажа, што цяпер яны ў неадплатным абавязку.

    Нам кажуць, што адукацыя ў нас якасная.

    Каб атрымаць дыплом доктара ў Беларусі, трэба 6 гадоў універсітэта. Ва ўсіх краінах Еўрапейскага саюза — 10−14 гадоў у залежнасці ад спецыяльнасці. Якія тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў нас, каб скараціць тэрмін навучання ў два разы? Ніякіх, проста недастаткова падрыхтаваных спецыялістаў кідаюць у бальніцу, дзе яны выконваюць функцыі адразу за траіх. Выдатная практыка, ёсць толькі адзін нюанс: яна ажыццяўляецца на людзях. Ні адзін разумны чалавек не рады такому навучанню.

    Яшчэ адна праблема — недахоп дактароў.

    Іх і раней не хапала, а колькі яшчэ людзей страціла нашая краіна з 2020 года? Зыходзячы з колькасці апублікаваных вакансій, не хапае каля 4 тысяч дактароў — гэта прыкладна 10% ад агульнай колькасці ставак, а яшчэ далёка не ўсе вакансіі трапляюць у адкрыты доступ.

    Дэфіцыт работнікаў хаваюць: калі доктара прыняць на 1,5−2 стаўкі, гэта сапсуе паказчыкі, а яны ў нас заўсёды на вышыні. Каб не наносіць шкоду статыстыцы, Міністэрства аховы здароўя вынайшла «разумную» пастанову. Там напісана, што пры неабходнасці праца звыш вызначанай працягласці працоўнага часу можа павялічвацца да 1800 гадзін у год. Такім чынам медработніку можна павялічыць норму працы да дзвюх ставак, а тэхнічна аформіць гэта як перапрацоўку, не займаючы дадатковага месца.

    Гэта банальная масавая махінацыя са статыстыкай і жаданне схаваць праблему, не займаючыся яе рашэннем. І, як вы разумееце, кіраванне складанай арганізацыяй медыцынскай дапамогі ў сітуацыі, калі нават умоўны міністр не ведае дакладных звестак, быць эфектыўным не можа.

    Што ж рабіць?

    Праблемы аховы здароўя не заканчваюцца апісанымі вышэй, іх можна абмяркоўваць бясконца. Важней гаварыць пра тое, што нам з гэтым рабіць.

    У доўгатэрміновай перспектыве, каб палепшыць сістэму аховы здароўя, неабходныя палітычныя рэформы, якія дазволяць выпраўляць структурныя праблемы. Каб дактары перасталі ненавідзець кіраўнікоў, павінная з’явіцца магчымасць дыялогу на роўных. Каб пацыенты лепш ставіліся да дактароў, яны мусяць адчуваць, што ў медыка ёсць час для чалавечай камунікацыі. Людзі не павінныя баяцца глядзець адно аднаму ў вочы.

    У кароткатэрміновай перспектыве трэба ўкладаць сілы і рэсурсы ў сябе. У Беларусі больш шанцаў стаць нармальнай дзяржавай, калі ўсе, хто лічыць сябе беларусам, будуць развівацца. Да прыкладу, спрабаваць утрымаць людзей унутры краіны ў чаканні пераменаў або спадзявацца на тое, што дактары прыедуць назад, здаецца менш рэалістычным сцэнаром, чым праца па перафарматаванні грамадства, стварэнні яго такім, дзе фізічныя межы маюць усё меншае значэнне.

    Рашэнне вялікай колькасці праблем у медыцыне часта адбываецца за кошт тэхналогій. Напрыклад, рэзкае зніжэнне захворвання на рак страўніка здарылася пасля вынаходніцтва лядоўні, якая дазволіла якасней зберагаць прадукты.

    Сёння мы гаворым пра тэхналогіі зусім іншага ўзроўню.

    Ствараюцца сэрвісы анлайн-кансультацый, гаджэты, якія рэгіструюць паказчыкі жыццядзейнасці і могуць адправіць інфармацыю для аналізу прафесару ў Аўстралію. Паводле апытання STADA group, 64% еўрапейцаў у выпадку несур’ёзнага захворвання могуць выбіраць для сябе дыягностыку і лячэнне ў доктара анлайн. Дарэчы, okdoc.me — распрацаваная беларусамі платформа для дыстанцыйных кансультацый — пакуль адно з самых удалых рашэнняў у свеце.

    Што ў нас там было трэба для аховы здароўя? Тры групы гульцоў — чыноўнікі, медыкі і пацыенты.

    Чыноўнікі

    Людзі, якія займаюць сёння кіраўнічыя пасады ў Беларусі, прафнепрыдатныя. Але дзе знайсці іншых? Для кіравання трэба не так шмат людзей і правільныя інструменты ў іх руках — па зборы дакладнай статыстыкі, сістэмы падтрымкі прыняцця рашэнняў. Тэрміны паміж вынаходніцтвам тэхналогій і іх практычным укараненнем сціснуліся, сусветны досвед даступны ў любым пункце планеты. Сёння трэба проста ведаць, дзе шукаць такія інструменты.

    То-бок, пакуль улада ўтрымліваецца рэжымам, паляпшэнняў не адбудзецца, але калі з’явіцца акно магчымасцяў, як мы ім скарыстаемся?

    Медработнікі

    З ліквідацыяй фізічных бар’ераў для практычных дактароў усё складаней — нельга, знаходзячыся ў Ганцавічах, апераваць пацыента ў Касцюковічах. Ці можна?

    Адносна даўно існуе рабатызаваная хірургія, калі аперацыю выконвае машына, але яе рухі кіруюцца хірургам. Першая сапраўдная дыстанцыйная аперацыя была праведзеная ў 2001 годзе доктарам з Нью-Ёрка 68-гадовай пацыентцы ў Страсбургу (на адлегласці 6230 км!). Добра, гэта занадта нават для бурнай фантазіі, наўрад ці ў найбліжэйшай будучыні гэта можна паставіць на паток хоць бы з фінансавых меркаванняў.

    Але дыягностыка любога кшталту, ад аналізу крыві на глюкозу да вызначэння пухлінавых захворванняў на ранніх стадыях, ужо падышла ўшчыльную да чалавека, існуе цэлы парк дэвайсаў і праграмаў для кантролю за здароўем. Такія інструменты пераходзяць з разраду цацак у сапраўднае медыцынскае абсталяванне. Менш чым за дзве тысячы даляраў можна купіць апарат УГД памерам з паўэрбанк, які падлучаецца да планшэта і дае карцінку як апарат сярэдняга класа.

    Пацыенты

    Гэта ўсе мы, і менавіта нашымі падаткамі пакрываюцца выдаткі на ахову здароўя: ад зарплаты спецыялістаў да распрацоўкі новых лекавых сродкаў. Больш празрыстая сістэма падаткаабкладання на аснове блакчэйну дазволіць зрабіць кожную транзакцыю празрыстай і самому выбіраць, купіць берцы АМАПу або выдаткаваць сродкі на лячэнне рэдкага захворвання, на якое цяпер мы збіраем усім светам праз смс.

    Пакуль у грамадстве на ўсіх узроўнях арганізацыі, ад сям’і да дзяржаўнага апарату, дамінуе культура гвалту, усе гэтыя ідэі будуць гучаць занадта добра, каб быць падобнымі на праўду. Але як толькі досыць вялікая колькасць людзей зразумее, што адзіны шлях развіцця — праз аб’яднанне і пераадоленне страху з нянавісцю, тады зменіцца ўсё, уключаючы сістэму аховы здароўя.

    Фота: Аляксей Змагарскі

    ПаказацьСхаваць каментары