падтрымаць нас

Даследванні

Трансфармацыя рэпрэсіўнай машыны ў Беларусі цягам 2020–2026 гадоў

Трансфармацыя рэпрэсіўнай машыны ў Беларусі цягам 2020–2026 гадоў

Цэнтр новых ідэй прадстаўляе вынікі новага даследавання, прысвечанага таму, як пасля 2020 года трансфармаваўся рэпрэсіўны апарат у Беларусі, як пашыраюцца карныя паўнамоцтвы і як да рэпрэсіўных практык далучаюцца несілавыя ведамствы і грамадзянская інфраструктура.

Даследаванне цалкам даступна ў фармаце PDF:

Пасля 2020 года рэпрэсіі ў Беларусі часта ўспрымаюцца як кропкавыя ізаляваныя акцыі сілавікоў. Але як насамрэч уладкаваны сучасны каральны апарат знутры? Чаму акцэнт змясціўся з пакарання за канкрэтныя дзеянні на прымяненне раней усталяваных “экстрэмісцкіх” статусаў? Як у рэпрэсіўны канвеер уцягваюцца цывільныя міністэрствы, школы, банкі, натарыусы і прыватныя працадаўцы? І чаму адказнасць выканаўцаў размываецца паміж мноствам розных структур?

Маштабнае даследаванне, падрыхтаванае юрыстамі і экспертамі Максімам Знакам і Юрыем Козікавым, ахоплівае 53 новыя рэпрэсіўныя паўнамоцтвы ў 28 сферах жыцця, уведзеныя на працягу 2021–2026 гадоў, а таксама больш за 5 900 судовых рашэнняў пра прызнанне матэрыялаў экстрэмісцкімі і 377 пазіцый у пераліку экстрэмісцкіх фармаванняў і арганізацый. Праз аналіз нарматыўнай базы і зводнага 20-этапнага кейса даследаванне дапамагае ўбачыць рэальную архітэктуру каральнай сістэмы і яе маштабаванне ад першага затрымання да пераследу ў выгнанні.

Наша праца паказвае, што рэжым мінімізуе свае выдаткі, маркіруючы інфармацыйнае поле і выкарыстоўваючы пазасудовыя працэдуры: 97,6% экстрэмісцкіх фармаванняў уносяцца ў пералік па рашэннях МУС і КДБ без удзелу суда. Штодзённы ціск перакладзены на цывільную інфраструктуру, а функцыі падзелены так, што ніводзін орган не стварае рэпрэсіўнага выніку цалкам — гэта дазваляе выканаўцам размываць уласную адказнасць і ствараць ілюзію “легальнасці”.