падтрымаць нас

Даследванні

Медыйны вобраз Беларусі за мяжой: маніторынг замежных СМІ за 2025 год

Медыйны вобраз Беларусі за мяжой: маніторынг замежных СМІ за 2025 год

Цэнтр новых ідэй прадставіў вынікі штогадовага даследавання, у якім адсочваецца, як Беларусь прадстаўляецца ў замежных медыях. Маніторынг за 2025 год ахапіў 8694 артыкулы ў 37 міжнародных выданнях з 10 краін свету.

Галоўная выснова даследавання – вобраз Беларусі ў міжнародных медыях працягвае спрашчацца. Краіну ўсё часцей успрымаюць не як самастойнага актара, а як частку больш шырокіх геапалітычных працэсаў, звязаных з вайной Расіі супраць Украіны, бяспекай і адносінамі з Захадам.

У 2025 годзе:

  • геапалітыка стала галоўным кантэкстам для згадвання Беларусі (27% матэрыялаў),
  • тэма вайны ва Украіне засталася адной з цэнтральных (13%),
  • а грамадства, культура і паўсядзённае жыццё беларусаў амаль зніклі з міжнароднай павесткі.

Даследаванне паказвае, што замежныя медыя найчасцей апісваюць Беларусь праз вобразы: “саюзніка Расіі”, “крыніцы пагрозы”, “прасторы рэпрэсій”.

У цэнтры ўвагі міжнародных медыяў застаюцца ўлады і сілавы кантэкст. Дзяржаўныя структуры згадваюцца значна часцей за грамадзянскую супольнасць, незалежныя медыя ці дэмакратычныя сілы. Беларусь усё часцей паказваецца як “сістэма без грамадства”.

Адначасова даследаванне фіксуе, што адным з нешматлікіх адносна нейтральных міжнародных сімвалаў Беларусі застаецца спорт, перадусім Арына Сабаленка. Сярод іншых найбольш згадваных беларускіх актараў: праваабарончы цэнтр “Вясна”, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Алесь Бяляцкі, а таксама незалежныя беларускія медыя.

Асобны блок даследавання прысвечаны таму, як міжнародныя медыя ўспрымаюць беларусаў і беларусак. Найбольш распаўсюджанымі аказаліся два вобразы: “нейтральны” і “ахвяры або закладнікі рэжыму”.

Даследаванне таксама аналізуе:

  • як замежныя медыя пішуць пра Лукашэнку і Ціханоўскую,
  • якія тэмы і падзеі вызначалі міжнародны парадак дня,
  • як адрозніваецца асвятленне Беларусі ў розных краінах.

Азнаёмцеся з даследаваннем цалкам.

Запампаваць PDF:

Папярэднія маніторынгі медыйнага вобразу Беларусі глядзіце па спасылцы.