падтрымаць нас

Даследванні

Кошт сяброўства: як знешні шок падрывае наратывы “Іліберальнага інтэрнацыянала”

Кошт сяброўства: як знешні шок падрывае наратывы “Іліберальнага інтэрнацыянала”
Гэта даследаванне падрыхтавана ў межах Vitali Silitski Fellowship 2026 — стыпендыяльнай праграмы Цэнтра новых ідэй для падтрымкі маладых беларускіх даследчыкаў і даследчыц, якія імкнуцца развіваць ідэі, натхнёныя працамі Віталя Сіліцкага. Пазіцыя аўтара ці аўтаркі можа не супадаць з пазіцыяй Цэнтра новых ідэй.

Старыя партнёры і новыя выбары

Больш як 30 гадоў знешнепалітычныя намаганні Аляксандра Лукашэнкі засяроджаныя адначасова і на “заходнім”, і на “ўсходнім” трэках. У такіх умовах праўладныя медыі ды іншыя фармавальнікі меркаванняў пастаянна апынаюцца пад уплывам зменлівага кантэксту. Гэта ставіць пад пытанне як іх пазіцыю, так і здольнасць прыстасоўвацца да новых рэалій. Найбольш выразна гэтая нестабільнасць бачная ў дачыненні да ЕС або Расійскай Федэрацыі, тады як больш далёкія партнёры, як Венесуэла, Іран, Куба і Паўночная Карэя, маюць вельмі ўстойлівае і паслядоўнае медыйнае асвятленне ды наратывы, якія мала мяняюцца цягам цэлых дзесяцігоддзяў.

Такая сканструяваная наратыўная стратэгія ў дачыненні да даўніх партнёраў з’яўляецца тыповай рысай “Іліберальнага інтэрнацыянала” – нефармальнай сеткі неліберальных і аўтарытарных рэжымаў, якія падтрымліваюць адзін аднаго як на ідэалагічным (медыйнае асвятленне, дыпламатыя), так і на практычным (бяспека, абмен інфармацыяй, інстытуцыйны сабатаж) узроўнях.

Іран доўгі час карыстаўся гэтым супольным дыпламатычным і медыйным прыкрыццём з боку Беларусі. Але цяпер сітуацыя мяняецца: з 2025 года ўсе знешнепалітычныя намаганні рэжыму Лукашэнкі засяроджаныя на перамовах з адміністрацыяй Трампа пра палітвязняў. Гэта, вядома, не змяніла саму парадыгму адносін з Іранам. Аднак калі на пачатку 2026 года на вачах усіх разгарнулася новая вайна на Блізкім Усходзе, рэжым і яго медыйныя функцыянеры былі вымушаныя вырашаць: як размеркаваць свае наратывы паміж падтрымкай даўняга ідэалагічнага партнёра – Ірана – і ўнікальнай нагодай нармалізаваць адносіны з ЗША ва ўмовах, калі актыўная вайна паміж ЗША і Іранам працягваецца.

У інтэрвале ад пратэстаў у Іране да яго вайны са Злучанымі Штатамі ракурс асвятлення гэтай краіны хутка змяняецца, а ранейшая рыторыка сяброўства саступае месца больш прагматычнаму і патрабавальнаму тону ў дачыненнях. Гэтае даследаванне разглядае, як такі зрух кідае выклік наратывам “Іліберальнага інтэрнацыянала”. Праца грунтуецца на аналізе 6 909 допісаў, апублікаваных з 1 студзеня 2025 года да 5 чэрвеня 2026 года 32 беларускімі праўладнымі “Тэлеграм”-каналамі. Допісы былі згрупаваныя паводле трох перыядаў: 1) да іранскіх пратэстаў; 2) пратэсты да пачатку вайны; 3) вайна ЗША і Ірана.

У даследаванні нефармальны пул праўладных стваральнікаў меркаванняў (блогеры, каментатары, эксперты) разглядаецца як індыкатар пазіцыі афіцыйнага Мінска. Сама ж дзяржаўная рыторыка адносна сувязяў паміж ЗША і Іранам застаецца расплывістай, а часам і зусім адсутнічае.

Варта адзначыць, што тры перыяды нераўнамерныя і паводле працягласці, і паводле аб’ёму кантэнту, таму даследаванне разглядае тэндэнцыі, а не абсалютныя вынікі (графік 1).

Асноўныя высновы

  1. Іран застаецца перыферыйнай тэмай нават на піку напружанасці са Злучанымі Штатамі. У дзвюх трацінах допісаў ён падаецца без адмысловай інтэрпрэтацыі ці проста нейтральна – нават падчас ваеннага канфлікту з ЗША гэтая доля складае 65,8%. Іран трапляе ў кантэнт выбарачна, калі гэта карысна для больш шырокага геапалітычнага наратыву, а не з ідэалагічнай салідарнасці.
  2. Рыторыка саюзніцтва з Іранам лунае найбольш гучна да той пары, пакуль не з’яўляецца рэальная пагроза для дачыненняў з ЗША, і адразу сціхае, як толькі тая ўзнікае. Ракурс “стары сябра або партнёр” і сама лексема “партнёрства” дасягаюць піка ў перыяд да пратэстаў. Потым іх ужыванне рэзка падае, а месца саступаецца больш агульным формулам – “суверэнная дзяржава пад ціскам” і “ахвяра амерыканскай агрэсіі”. Спачувальны тон захоўваецца, але фармулёўкі, якія прадугледжваюць палітычныя абавязкі, знікаюць там, дзе такія заявы каштавалі б занадта дорага або шкодзілі б нармалізацыі сувязяў з Трампам.
  3. Адносіны Ірана і Беларусі дэперсаналізаваныя. Іран разглядаецца галоўным чынам праз свой апарат бяспекі (КВІР), а не праз кіраўніцтва, з якім улады Беларусі сябе атаясамліваюць. Пазітыўны тон захоўваецца за Лукашэнкам і дзяржаўным апаратам. Прапаганда не вылучае ніводнай замежнай фігуры так, як робіць гэта са сваім лідарам.
  4. Вайна ўзмацняе дысанансы і супярэчнасці. Дыскурсіўны дысананс канцэнтруецца менавіта там, дзе 3 краіны фігуруюць у адным кантэксце (14,1% пасля вайны і 8,0% да вайны). Найчасцей гэты дысананс згладжваюць адцягваннем увагі, а не аргументацыяй; трохбаковыя адносіны разглядаюцца як напружанне, а не як партнёрства.
  5. Паралель паміж беларускімі і іранскімі пратэстамі наўмысна абмінаецца. Наратыў “замежнага ўмяшання”, выкарыстаны супраць беларусаў у 2020 годзе, ужываецца і адносна іранскіх пратэстоўцаў, аднак відавочнае параўнанне амаль цалкам прыглушанае (37 допісаў, 0,5%), а дамінавальным наратывам застаецца “ігнараванне”. Гэта можна ўспрыняць як наўмысную адмову зноў пачынаць размову пра 2020 год.
  6. Прысутнасць Трампа не змякчае наратываў. Замест таго, каб аддзяліць “прагматычнага” Трампа ад агрэсіўнага амерыканскага істэблішменту, ён апісваецца як агрэсар або гегемон (1 260 згадак). Нягледзячы на перамовы з Трампам, антыамерыканскі пасыл узмацняецца цягам крызісу (29,8% / 46,8% / 43,4%). Здаецца, што прапаганда пад ціскам вяртаецца да звыклага антаганізму з Захадам.
  7. Удзел Беларусі зводзіцца да ролі пасярэдніка, каб пазбегнуць напружання паміж трыма актарамі. Семантычнае поле пасярэдніцтва і міру (“пасярэднік”, “пераможцаў не будзе”, “мір”)  дамінуе ў перыяд вайны, выводзячы Беларусь з трохбаковай пасткі ў пазіцыю нейтральнага брокера, не звязанага ні з адным бокам.
  8. Ідэалагічны фасад падтрымліваецца, але яму бракуе рэальнага зместу і паслядоўнасці, а вайна ЗША і Ірана не знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. Антызаходняя лексіка застаецца нязменнай (“замежнае ўмяшанне” – найбольш часты выраз), аднак таксічнасць, мова варожасці і вобраз ворага дасягаюць піка падчас пратэстаў, а не вайны. Нават на фоне збройнага канфлікту вобраз ворага застаецца расплывістым і зменлівым, а не ўстойлівым; з постаці Трампа здымаюць таксічнасць, а канал з найбольшай аўдыторыяй трымаецца па-за ваеннай рыторыкай.

Ад білатэралізму да “Іліберальнага інтэрнацыянала”

“Іліберальны інтэрнацыянал” можна вызначыць як сетку рэжымаў, якія адкідаюць ліберальна-дэмакратычныя нормы ды грунтуюцца на суверэнітэце, цывілізацыйнай ідэнтычнасці і супрацьстаянні заходнецэнтрычнаму парадку. У адрозненне ад традыцыйных двухбаковых ці шматбаковых адносін, гэтая мадэль узаемадзеяння абапіраецца пераважна на нефармальнае, ідэалагічнае і абстрактнае (Laruelle, 2022). На пачатку 2000-х гадоў Віталь Сіліцкі прапанаваў канцэпцыю “аўтарытарнага інтэрнацыянала”, дзе аўтарытарныя практыкі пашыраюцца праз узаемнае капіяванне рэжымамі. Гэтая ідэя, натхнёная кейсам Беларусі, пазней эвалюцыянавала ў тэорыю “прэвентыўнага аўтарытарызму” (Silitski, 2005, 2010). Такім чынам, Беларусь выступае не проста ўдзельніцай, а адной са стваральніц гэтай сеткі.

Сёння Іран займае аналагічную пазіцыю, згрупаваўшыся з Кітаем, Расіяй і Паўночнай Карэяй у нефармальную антызаходнюю кааліцыю – “вось узрушэнняў”, якую аб’ядноўвае агульная зацікаўленасць у шматпалярным парадку (Kendall-Taylor and Fontaine, 2024). Геаграфічная і культурная адлегласць абумоўлівае тое, што адносіны Беларусі і Ірана носяць пераважна дэкларатыўна-ідэалагічны характар: яны сфакусаваныя на супольным аспрэчванні міжнароднага парадку, а не на глыбокім практычным ці эканамічным партнёрстве (Middle East Institute, 2015). Гэта стварае сітуацыю, у якой каштоўнасная сувязь мусіла б заставацца трывалай практычна ў любых абставінах.

Даследаванні англамоўнага кантэнту неліберальных актараў сведчаць, што яны будуюць перфарматыўны наратыў для замежнай аўдыторыі, адрозны ад унутранага асвятлення (Fisher et al., 2022). Гэтае даследаванне змяняе такую оптыку: беларускі праўладны “Тэлеграм”, адрасаваны ўнутраным прыхільнікам, выступае менш перфарматыўным рэгістрам. Паколькі сапраўдныя рэакцыі прапаганды не курыруюцца пад знешнюю аўдыторыю, яны служаць больш прамым адлюстраваннем сапраўднай знешнепалітычнай пазіцыі рэжыму.

Забыты партнёр?

Атрыманыя звесткі сведчаць, што ў навінавым патоку Іран рэдка знаходзіцца ў фокусе ўвагі праўладных аўтараў. Дамінавальная тэма ва ўсёй выбарцы – знешняя палітыка і бяспека, але і ў межах гэтай тэматыкі Іран часта не згадваецца: у 66% усіх допісаў ідэалагічны фрэйм Ірана альбо “адсутнічае”, альбо “нейтральны” (N = 6 908).

Гэтая тэндэнцыя захоўваецца нават на піку эскалацыі. Падчас абвастрэння канфлікту паміж ЗША і Іранам 65,8% допісаў усё яшчэ не ўтрымліваюць сфармаванага фрэйму Ірана (параўнальна з 69,9% да пратэстаў і з 60,2% падчас “пратэснага акна” – адзінага перыяду, у якім бачнасць Ірана ў парадку дня заўважна ўзрастае; гл. графік 2).

N = 6 908

Нават дзяржава-саюзніца ў стане вайны не становіцца цэнтральнай тэмай для фармавальнікаў грамадскай думкі. Іран трапляе ў асвятленне выбарачна, калі гэта служыць больш шырокай аргументацыі, а не з меркаванняў ідэалагічнай салідарнасці.

Розныя фрэймы партнёрства

Там, дзе Іран увогуле атрымлівае фрэйм, найбольш дамінавальная характарыстыка – “суверэнная дзяржава пад ціскам” (17,8%). Потым ідзе “ахвяра амерыканскай вайны або агрэсіі” (12,8%). Відавочны фрэйм “стары партнёр / сябра” параўнальна рэдкі (1,0%), і ён перадусім (76%) сустракаецца ў перыяд да пратэстаў і вайны. Фрэйм “дэстабілізаваная краіна”, прывязаны да пратэстаў (2,1%), таксама амаль адсутнічае (графік 3).

N = 6 908

Спачувальны і партнёрскі рэгістр прысутнічае і дасягае максімуму да з’яўлення рэальных геапалітычных узрушэнняў. Праз прызму афіцыйных наратываў і ідэалагічнага абгрунтавання Беларусь выглядала надзейным партнёрам толькі да пачатку пратэстаў у Іране.

Выклікі старому сяброўству

Па меры паглыблення крызісу відавочная рыторыка саюзніцтва згасае. Частата ўжывання фрэйма “стары сябра / партнёр” скарачаецца з 52 згадак у перадпратэсны перыяд да 8 падчас пратэстаў і 8 у час вайны. Ужыванне лексемы “партнёрства” таксама робіцца радзейшым: з 14,9% допісаў перад пратэстамі да 6,2% падчас пратэстаў і  4,2% у час вайны з ЗША.

На змену гэтай лексіцы прыходзіць не варожасць да Ірана, а больш неакрэсленыя ці нейтральныя фрэймы. Доля характарыстыкі “суверэнная дзяржава пад ціскам” застаецца практычна роўнай ва ўсіх трох перыядах (16,9%, 21,8%, 17,5%), тады як фармулёўка “ахвяра амерыканскай агрэсіі” робіцца больш частай у перыяд вайны (9,8%, 4,5%, 15,7%; графік 3).

Спачувальны тон у адносінах да Ірана захоўваецца. Пры гэтым словы, якія выражаюць нейкі абавязак ці заклік да дзеяння, ціха знікаюць у той момант, калі гэты абавязак каштаваў бы дорага або пагражаў бы нанова знойдзенай суб’ектнасці ў адносінах з ЗША.

Сапраўды персаналізаванае?

Нягледзячы на дзесяцігоддзі афіцыйных візітаў, сустрэч і інтэнсіўных дыпламатычных абменаў, сярод названых іранскіх актараў найчасцей сустракаюцца: Корпус вартавых Ісламскай рэвалюцыі (532 згадкі), іранскі народ (312), Алі Хаменеі (158), прэзідэнт Пезешкіян (154) і Маджтаба Хаменеі (98). Іран разглядаецца найперш праз свой апарат бяспекі, а не праз палітычнае кіраўніцтва, з якім улады Беларусі сябе атаясамліваюць.

Пазітыўная ацэнка амаль цалкам прыпадае на ўнутраныя фігуры – Лукашэнка (74 допісы), беларускі апарат (25) і кароткія двухбаковыя сюжэты, дзе Лукашэнка фігуруе з Пезешкіянам (36), – а не на кіраўніцтва Ірана. Перыядычная ўвага да Маджтабы Хаменеі паказвае на цікавасць да пераемнасці і працягласці, а не на падтрымку канкрэтнай асобы (графік 5).

Нягледзячы на ўласцівы “іліберальнаму інтэрнацыяналу” асабісты характар узаемадзеяння, прапаганда застаецца асцярожнай у вылучэнні каго-небудзь, апроч уласнага лідара.

Немагчымы выбар

Дыскурсіўны дысананс – унутраная супярэчнасць у межах допісу або вымоўнае маўчанне пра нязручны факт – прысутнічае ў 623 допісах (9% выбаркі). Ён размеркаваны нераўнамерна і часцей з’яўляецца там, дзе Злучаныя Штаты, Беларусь і Іран фігуруюць разам: 14,1% “трохбаковых” допісаў дэманструюць дысананс супраць 8% допісаў, дзе “трохбаковыя” адносіны адсутнічаюць.

Асноўны дысананс – гэта простая лагічная супярэчнасць (552 допісы), а найбольш ужывальнай стратэгіяй яго нейтралізацыі выступае змена тэмы. Так, адцягванне ўвагі (604 допісы) значна апярэджвае размежаванне актараў (14) і іх абагульненне (5). Самі “трохбаковыя” адносіны падаюцца пераважна праз прызму напружання (1 005 допісаў), а не як партнёрства (146; графік 6).

Графік 6. Дыскурсіўны дысананс паводле кантэксту
Прысутнасць дыскурсіўнага дысанансу (%)
Вырашэнне дысанансу і характар трохбаковых адносін (n)
Агулам допісы з дысанансам: 623

Гэта найбольш яскравы пункт, дзе беларуская прапаганда блытаецца наймацней, бо ёй даводзіцца адначасова ўтрымліваць і старыя ідэалагічныя абавязкі перад Іранам, і новыя рэверансы ў бок ЗША. Каб зняць гэтае напружанне, стваральнікі наратываў проста перанакіроўваюць увагу аўдыторыі.

Рэха 2020 года

Іранскія пратэстоўцы ў большасці выпадкаў проста абмінаюцца ў асвятленні (ігнаруюцца ў 6 659 допісах). Там, дзе яны з’яўляюцца, іх найчасцей дыскрэдытуюць як агентаў ЦРУ, “Масада” або замежнага ўмяшання (216 допісаў), і гэтая характарыстыка дасягае піка ў пратэсны перыяд (151 допіс). Пазітыўныя ці спачувальныя праявы – рэдкія (15). Разам з тым відавочнае параўнанне іранскіх пратэстаў з беларускімі 2020 года сустракаецца анамальна рэдка (37 допісаў, 0,5%; графік 7).

Графік 7. Рэпрэзентацыя іранскіх пратэстоўцаў
Рэпрэзентацыя іранскіх пратэстоўцаў (n)
Параўнанне з беларускімі пратэстамі 2020 года
Пік дыскрэдытацыі падчас пратэстаў: 151

Той самы наратыў “замежнага ўмяшання”, якім прапаганда злоўжывала ў 2020 годзе, паўторна скіроўваецца супраць іранскіх пратэстоўцаў. Але прамое параўнанне, якое б прыцягнула ўвагу да гэтай паралелі, замоўчваецца. Паколькі стратэгія ігнаравання настолькі дамінуе ў гэтай катэгорыі, такую адсутнасць можна з упэўненасцю расцэньваць як наўмыснае пазбяганне. Нягледзячы на заклікі “перагарнуць старонку”, афіцыйная прапаганда Беларусі, як здаецца, усё яшчэ не гатовая адкрыта ўключаць падзеі 2020 года ў свае дыскурсы.

Выклікі “прагматычнаму партнёру”

Змены ў асвятленні падзей у Іране дазваляюць выказаць здагадку, што прапаганда робіць стаўку на “прагматычнага” Трампа і адрознівае яго ад “агрэсіўнага амерыканскага істэблішменту”, але гэтага не адбываецца. Трамп апісваецца як агрэсар або гегемон у 1 260 допісах – супраць 31, дзе ён паказаны як прагматычны партнёр, і 11, дзе ён сябра Беларусі ці Лукашэнкі. Відавочных фрэймаў “Трамп – гэта не Кангрэс / не вайскова-прамысловы комплекс” налічваецца 8.

Варожасць да Злучаных Штатаў цягам крызісу, хутчэй, мацнее, чым змякчаецца: доля допісаў, якія фрэймуюць ЗША як агрэсара, узрастае з 29,8% у перадпратэсны перыяд да 46,8% падчас пратэстаў і 43,4% на этапе вайны. У выпадках сумеснага асвятлення ЗША і Ірана (1 518 допісаў) ЗША выступаюць агрэсарам у 1 506, а звязка “Іран – ахвяра, ЗША – агрэсар” складае 695 допісаў. Выразная пара “Лукашэнка – Трамп” застаецца мінімальнай на працягу ўсяго перыяду (78 допісаў; графік 8).

Графік 8. Фрэймінг Злучаных Штатаў
Фрэймінг ЗША (n)
Доля допісаў, якія фрэймуюць ЗША як агрэсара, паводле перыядаў (%)

Нягледзячы на двухбаковыя перамоўныя намаганні і прыязны тон камунікацыі паміж адміністрацыямі Трампа і Лукашэнкі, беларускі прапагандысцкі дыскурс у перыяды ціску і нявызначанасці захоўвае закансерваваны штамп антызаходняй варожасці. 

Беларусь як пасярэднік

Па меры эскалацыі вайны паміж ЗША і Іранам у каналах сфармаваўся выразны вобраз Беларусі. Лексіка пасярэдніцтва і міру дасягае піка менавіта ў ваенны перыяд. Так, ужыванне лексемы “пасярэднік” праходзіць шлях з 16 да 2 і да 42 згадак на працягу трох перыядаў, “пераможцаў не будзе” – з 4 да 3 і да 37, а “мір” – з 126 да 23 і да 169 (графік 9).

Максімальная канцэнтрацыя прыпадае на час вайны

Як адзначалася вышэй, прапаганда стратэгічна выводзіць Беларусь за межы тупіковага “трохбаковага” дыскурсу наогул, і гэты прыём дазваляе дасягнуць жаданага эфекту: медыяканструкцыя вылучае Беларусь у якасці нейтральнага пасярэдніка, а не саюзніка аднаго з бакоў канфлікту. 

Лексіка, таксічнасць, вобраз ворага

Антызаходні рэгістр – гучны і сталы. “Замежнае ўмяшанне” – адзіная найбольш частая фармулёўка ў выбарцы (1 429 згадак). Яна апярэджвае “дэстабілізацыю” (669), “партнёрства” (501) і “суверэнітэт” (388).

Ідэалагічны фасад падтрымліваецца на працягу ўсяго перыяду, аднак пік антаганізму не прыпадае на час вайны. Таксічнасць, маркеры мовы варожасці, вобраз ворага і агульная негатыўная танальнасць дасягаюць апагею менавіта падчас пратэстаў: доля допісаў з вобразам ворага, напрыклад, скача да 42,1% у пратэсны перыяд (супраць 29,2% да пратэстаў і 34,6% на этапе вайны). Там, дзе фіксуецца мова варожасці, яна мае пераважна палітычны (2 245 допісаў), а не этнічны (2) ці рэлігійны (21) характар.

Нягледзячы на тое, што таксічная рыторыка нацэленая пераважна на Злучаныя Штаты – Трампа (521 згадка), армію ЗША (358) і Захад у цэлым (431), сам вобраз ворага застаецца расплывістым і зменлівым. Калі падчас пратэстаў у гэтай ролі фігуруюць ЦРУ і “Масад”, то ў час вайны – Пентагон і “неакансерватары” (64 згадкі ў ваенны перыяд). Сам жа Трамп у ролі непасрэднага ворага амаль не з’яўляецца. Варта таксама адзначыць, што з пункту гледжання выбаркі і ахопу антызаходняя лексіка сыходзіць пераважна ад вузкай групы ідэалагічных каментатараў. У той жа час канал з найбольшай аўдыторыяй трымаецца адносна дыстанцыявана ад ваеннай рыторыкі (графік 10).

Графік 10. Афектыўная інтэнсіўнасць паводле перыядаў
Прысутнасць вобраза ворага ў допісах (%)
Змена галоўных антагоністаў паводле перыядаў
Пік прысутнасці вобраза ворага прыпадае на час пратэстаў, а не вайны

Аналіз лексікі паказвае, што ідэалагічны фасад захоўваецца, нават калі прапаганда не вызначае канкрэтнага ворага. Разам з тым маркеры таксічнасці і мовы варожасці размешчаныя не там і паказваюць, што вайна ЗША і Ірана не абавязкова з’яўляецца пунктам эскалацыі.

Метадалогія

Гэтае даследаванне грунтуецца на аўтаматычным зборы допісаў з праўладных “Тэлеграм”-каналаў, катэгарызацыі іх з дапамогай уласнай сістэмы кадавання, а таксама аналізе іх на таксічнасць і мову варожасці. Паколькі гэты працэс быў аўтаматызаваны, некаторыя катэгорыі больш дакладныя за іншыя. Вынікі варта разглядаць як адлюстраванне агульных тэндэнцый, а не дакладных вымярэнняў.

Перыяд аналізу ахоплівае час з 1 студзеня 2025 года да 5 чэрвеня 2026 года і падзелены на тры фазы, якія адлюстроўваюць траекторыю іранскага крызісу:

ПерыядДатыДопісы (n)
Да пратэстаў01.01.2025 – 27.12.20251 835
Пратэсты, да вайны28.12.2025 – 27.02.2026802
Вайна Ірана і ЗША28.02.2026 – 05.06.20264 272
Усяго01.01.2025 – 05.06.20266 909

Выбарка складаецца з 6 909 допісаў з 32 праўладных каналаў (напрыклад, “Беларускі сілавік”, “Азаронак/СТБ”, “Аб’ектыўны Яўген”, “Зямля наша”, BelVPO, “Нявольфавіч”). Для кожнага допісу код фіксуе наступнае: часавы перыяд; фрэймінг Ірана, Злучаных Штатаў і Трампа; галоўнага актара; рэпрэзентацыю іранскіх пратэстоўцаў і любое відавочнае параўнанне з падзеямі 2020 года; наяўнасць, тып і стратэгію вырашэння дыскурсіўнага дысанансу; вобраз ворага; тон і таксічнасць у дачыненні да галоўнага актара; ключавыя лексемы; тып мовы варожасці.

Высновы

Даследаванне сведчыць, што хоць беларускія прапагандысцкія каналы працягваюць будаваць ідэалагічны фасад салідарнасці і сумеснага супраціву заходняй агрэсіі, у практыцы на Іран вельмі лёгка заплюшчваюць вочы кожны раз, калі тэмы становяцца занадта чуллівымі або калі перамовы з Трампам паскараюцца. Дыскурсіўныя дысанансы, якія нарастаюць пасля пачатку вайны паміж ЗША і Іранам, відавочна “атручваюць” наратывы і ўскладняюць працу прапаганды. Іранскія пратэсты выразна перагукаюцца з беларускімі падзеямі 2020 года, таму гэтая тэма наўмысна прыглушаецца, каб пазбегнуць непатрэбных паралелей. Пры гэтым сама пазіцыя прапаганды ў дачыненні да тых, хто выступіў супраць аятолаў, застаецца адназначна асуджальнай. І хоць прапаганда не аддзяляе Трампа ад іншых актараў “заходняй агрэсіі”, таксічнасць і мова варожасці ў прапагандысцкім дыскурсе ў значнай ступені адводзяцца ад яго.

У сукупнасці наратывы рэжыму, прааналізаваныя праз яго нефармальныя проксі, аказваюцца ні сістэмнымі, ні па-сапраўднаму ідэалагічнымі ў сваёй аснове: падтрымка як Ірана, так і Трампа павярхоўная і непаслядоўная, гэта ідэалагічны фасад, накладзены на прагматычную, сітуацыйную пазіцыю. Гэтыя вынікі падмацоўваюць меркаванне пра фундаментальны выклік 30 гадам устойлівасці. Рэжым Лукашэнкі – прынамсі на словах – змяняе былыя ідэалагічныя догмы на прагматычную і эгацэнтрычную мэту выжыць сёння.

Fisher, S., Klein, G. R., & Codjo, J. (2022). Focusdata: Foreign policy through language and sentiment. Foreign Policy Analysis, 18(2), orac002. https://doi.org/10.1093/fpa/orac002

Kendall-Taylor, A., & Fontaine, R. (2024). The axis of upheaval: How America’s adversaries are uniting to overturn the global order. Foreign Affairs, 103(3). https://www.foreignaffairs.com/china/axis-upheaval-russia-iran-north-korea-taylor-fontaine

Laruelle, M. (2022). Illiberalism: A conceptual introduction. East European Politics, 38(2), 303–327. https://doi.org/10.1080/21599165.2022.2037079

Silitski, V. (2005). The fall of the Berlin Wall, the rise of the wall in Belarus: Alexander Lukashenka’s preemptive authoritarianism. Journal of Democracy, 16(4), 84–99. https://doi.org/10.1353/jod.2005.0076

Silitski, V. (2010). Contagion deterred: Preemptive authoritarianism in the former Soviet Union. In V. Bunce, M. McFaul, & K. Stoner-Weiss (Eds.), Democracy and authoritarianism in the postcommunist world (pp. 274–301). Cambridge University Press.

Vatanka, A. (2015). The authoritarian resurgence: Iran abroad. Journal of Democracy, 26(2), 61–70. https://doi.org/10.1353/jod.2015.0037