падтрымаць нас

Даследванні

Што працуе і для каго: еўрапеізацыя краін Усходняга партнёрства і ўрокі для Беларусі і ЕС

Што працуе і для каго: еўрапеізацыя краін Усходняга партнёрства і ўрокі для Беларусі і ЕС
Гэта даследаванне падрыхтавана ў межах Vitali Silitski Fellowship 2026 — стыпендыяльнай праграмы Цэнтра новых ідэй для падтрымкі маладых беларускіх даследчыкаў і даследчыц, якія імкнуцца развіваць ідэі, натхнёныя працамі Віталя Сіліцкага. Пазіцыя аўтара ці аўтаркі можа не супадаць з пазіцыяй Цэнтра новых ідэй.

Уводзіны

Геапалітычныя зрухі апошніх гадоў зрабілі палітыку ЕС у дачыненні да краін Усходняга партнёрства больш актыўнай ды прадметнай. ЕС прапануе ўсё больш канкрэтных інструментаў збліжэння, а краіны-партнёры больш зацікаўлены ў правядзенні неабходных рэформаў, выкарыстоўваючы акно магчымасцей, якое адкрылася праз паслабленне ўплыву Расіі ў рэгіёне.

Гэтая папера разглядае тры розныя прыклады “еўрапеізацыі” (збліжэння з правам і стандартамі ЕС): Малдова — фронт-ранер сярод краін-кандыдатаў рэгіёну, Арменія — член ЕАЭС ды АДКБ, што актыўна пераарыентуецца на ЕС без фармальнага статусу кандыдата, ды Беларусь — краіна, з якой у ЕС няма нават базавай дамовы аб адносінах, але  ў дачыненні да якой дзейнічаюць санкцыі і галоўны партнёр якой — Расія. Аналіз трох прыкладаў дазваляе прасачыць, якія інструменты ЕС па еўрапеізацыі ўсходніх суседзяў працуюць, ды як яны ўспрымаюцца ў гэтых краінах. У выніку аўтар вылучае канкрэтныя ўрокі для будучага збліжэння Беларусі з Еўропай пры ўмове спрыяльных геапалітычных ды ўнутрыпалітычных змен.

1. Малдова: фронт-ранер сярод краін-кандыдатаў на ўступ у ЕС

Для Малдовы ЕС за апошнія гады стаў найважнейшым гандлёвым ды палітычным партнёрам. Краіна з’яўляецца найбольш інтэграванай у наяўныя праграмы ды інструменты ЕС сярод краін-суседзяў, першай па хуткасці адаптацыі неабходных рэформ для ўступу ў ЕС[1] і найбольш паспяховым прыкладам еўрапеізацыі сярод краін рэгіёну.

Краіна дасягнула адкрыцця перамоваў па двух тэматычных кластарах на шляху да сяброўства ў ЕС у чэрвені і ліпені 2026 года.[2] Інтэграцыя Малдовы ў ЕС не з’яўляецца марай, а ўяўляе сабой канкрэтны сістэмны працэс, які адбываецца зараз. Жыхары краіны маюць станоўчае стаўленне да ЕС (54,6% — добрае, 27,2% — нейтральнае і толькі 14,2% — негатыўнае) і бачаць адносіны сваёй краіны з аб’яднанай Еўропай як добрыя ці вельмі добрыя — 71%.

Апошнія парламенцкія выбары ў верасні 2025 года прадэманстравалі наяўнасць не толькі палітычнай волі эліт, але і грамадскае станоўчае стаўленне да шляху ў ЕС. Аднак перамога з невялікай перавагай дэманструе неабходнасць сістэматычнага рэфармавання дзяржаўнага апарату ды дасягнення адчувальных для жыхароў зменаў у сацыяльна-эканамічнай сферы[3]. Дзеля гэтага ЕС рэалізуе палітыку падтрымкі краіны праз рэгіянальныя праграмы ды фінансавыя інструменты, звязаныя з рэформамі ды накіраваныя на развіццё краіны.

Першым відавочным вынікам збліжэння з ЕС для звычайных малдаван стаў бязвізавы рэжым у 2014 годзе: да мая 2026 больш за 2,7 млн малдаван скарысталіся гэтай магчымасцю ды наведалі ЕС[4]. У 2026 годзе Малдова стала часткай роўмінгавай прасторы ЕС і сістэмы банкаўскіх пераводаў “SEPA”, што знізіла выдаткі жыхароў і бізнесу, ды паспрыяла празрыстасці грашовых трансфераў ды зніжэнню рызыкаў карупцыі ды махлярства[5].

Першасную ролю ў збліжэнні краіны з ЕС адыграла Дамова аб асацыяцыі, што ўключае Дамову аб глыбокім ды пашыраным свабодным гандлі, падпісаную ў 2014 годзе. Бакі стварылі зону свабоднага гандлю ды заклалі нарматыўную базу для рэформаў і палітычнай асацыяцыі. Цікава адзначыць, што нават бізнес у Прыднястроўі адчуў пазітыўны ўплыў гэтых змен ды карыстаецца створанымі магчымасцямі па сённяшні дзень[6]. Гэтыя дакументы сталі фундаментам інтэграцыі Малдовы ў еўрапейскі рынак ды зніжэння залежнасці ад Расіі: ад 25% знешняга гандлю Малдовы ў 2000 да 2,5% у 2024 годзе.[7]

Адным з апошніх практычных крокаў стала прадстаўленне ЕС “Плана эканамічнага росту Малдовы” у кастрычніку 2024 года.[8] Беспрэцэдэнтны інструмент дапамогі памерам у 1,9 млрд еўра на перыяд 2025–2027 гг. прывязаны да “Парадку дня рэформ”. Ён узгоднен ўрадам Малдовы ды Еўрапейскай камісіяй і накіраван на падрыхтоўку ўступу Малдовы ў ЕС[9]. План уяўляе сабой гранты (385 млн еўра) ды крэдыты (1,5 млрд еўра) для развіцця эканомікі і паскарэння рэформ па пытаннях эканамічнай канкурэнцыі і развіцця прыватнага сектара, развіцця энергетыкі, канектыўнасці ды цыфравізацыі, а таксама “фундаментальных рэформ” дзеля барацьбы з карупцыяй, рэфармавання сістэмы юстыцыі і іншых кірункаў.[10] Важна, што вялікая колькасць гэтых рэформ звязана з еўрапеізацыяй ды перамовамі аб далучэнні да ЕС[11].

Інструмент уяўляе сабой якасны крок наперад і заснаваны на прынцыпе “earmarking”, ці ўмоўнага мэтавага прызначэння сродкаў на канкрэтныя рэформы для вызначаных сектараў. Кожны транш палітычна адчувальны, паколькі ўрад зацікаўлены ў своечасовым правядзенні рэформ, а грамадства бачыць, у якія сектары ўкладваюцца сродкі[12]. Механізм павялічвае празрыстасць і давер грамадства да інвестыцый і звязаных з імі рэформ, адсочваць якія можа кожны жыхар краіны праз “Табло маніторынгу плана рэформаў і росту”[13].

Image: Reform and Growth Facility Scoreboard, European Commission
Што працуе і для каго: еўрапеізацыя краін Усходняга партнёрства і ўрокі для Беларусі і ЕС

Па стане на чэрвень 2026 года Малдова атрымала тры траншы: 289 млн еўра ў кастрычніку 2025 г., звязаныя з рэалізацыяй чатырох ключавых умоў у сферах энергетыкі (развіццё адкрытага і канкурэнтнага рынку электраэнергіі, забеспячэнне канкурэнцыі на ўнутраным рынку газу ды энергетычнай бяспекі) і вяршэнства права (прагрэс па рэформе судовай сістэмы ды абароне правоў чалавека)[14]. Вялікі адсотак фінансаў быў накіраваны на прамую падтрымку грамадзян дзеля кампенсацыі росту коштаў на энергію. Інвестыцыі пайшлі на рамонт дарог, аднаўленне рэгіянальных транспартных шляхоў, трас і чыгункі, а таксама на надбаўкі да заробкаў маладых спецыялістаў, фінансавую дапамогу фермерам і малым прадпрымальнікам, мадэрнізацыю школ ды праекты аховы навакольнага асяроддзя[15].

У сакавіку 2026 г. Еўрапейская камісія накіравала 189 млн еўра ў межах плана пасля імплементацыі Малдовай 24 узгодненых рэформ: зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на бізнес ды лічбавізацыя дзяржаўных ды мытных паслуг, павелічэнне фінансавай празрыстасці бюджэту і глыбокіх структурных рэформаў правасуддзя (празрыстасць ды лічбавізацыя судоў ды знешняя праверка этыкі і фінансаў усіх суддзяў і пракурораў краіны)[16], барацьба з карупцыяй (пашырэнне паўнамоцтваў Антыкарупцыйнай пракуратуры ды стварэнне жорсткіх механізмаў канфіскацыі маёмасці ды грошай, набытых незаконным шляхам), запуск нацыянальнага рынку электраэнергіі і маштабавання выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі[17]. Гэтыя рэформы з’яўляюцца прыкладам структурнай “еўрапеізацыі”, якая набліжае краіну да стандартаў ЕС[18].

Натуральна, працэс барацьбы з карупцыяй ды правядзення рэформ не праходзіць без крытыкі ўрада Малдовы[19], што адыгрывае пэўную ролю ва ўспрыманні трансфармацыі сістэмы і еўрапеізацыі, аднак апошнія гучныя прысуды палітыкам, што былі задзейнічаныя ў крадзяжы 1 млрд. даляраў з банкаўскага сектара ў 2014–2015 гг.[20], пазітыўна ўплываюць на ўспрыманне людзьмі змен у сістэме. Для ЕС важна быць непахісным у сваёй пазіцыі адносна пабудовы празрыстай і дэмакратычнай сістэмы, вольнай ад карупцыі ды палітычнага ўплыву выканаўчай і заканадаўчай улады на сістэму правасуддзя, ды працягваць кіравацца прынцыпам умоўнасці фінансавай падтрымкі.

Атрыманыя грошы па другім траншы “Плана эканамічнага росту” выкарыстоўваюцца сёння для рэалізацыі іншых буйных праектаў, адчувальных для людзей. Гэта будаўніцтва рэгіянальнай бальніцы ў горадзе Бэлць, пашырэнне доступу да якаснай пітной вады ў рэгіёнах, развіццё адукацыйнай сістэмы для дзяцей, надбаўкі маладым спецыялістам ды фінансаванне дадатковых прыродаахоўных ініцыятыў.

Важнымі інструментамі ЕС, створанымі на запыт урада Малдовы, сталі Партнёрская місія ЕС у Малдове ды падтрымка праз Каманды хуткага рэагавання на гібрыдныя ды лічбавыя выклікі ЕС.[21] Гэтыя інструменты дапамаглі краіне ў заснаванні ды развіцці Цэнтра стратэгічных камунікацый і супрацьдзеяння дэзінфармацыі[22], што адыграў важную ролю ў супрацьдзеянні ўмяшанню ў апошнія парламенцкія выбары ў 2025 годзе. Такое супрацоўніцтва стала магчымым дзякуючы падпісанню першай дамовы аб партнёрстве ў сферы бяспекі і абароны паміж ЕС і Малдовай у 2024 годзе.[23]

Важную ролю ў збліжэнні Малдовы з ЕС таксама адыгрываюць магчымасці абмену досведам ды супрацоўніцтва дзякуючы праграмам Erasmus+ і Horizon: у 2014–2023 гг. больш за 3 300 малдаван вучыліся або выкладалі ў Еўропе, а ў 2014–2020 гг. 4 600 маладых людзей удзельнічалі ў праектах абмену і валанцёрства.[24]  У 2021 годзе Малдова падпісала пагадненне аб асацыяцыі з Horizon Europe і ўдзельнічае ў еўрапейскіх даследчых праектах нароўні з краінамі ЕС.[25] Такім чынам, студэнты і даследчыкі становяцца дадатковымі носьбітамі супольных еўрапейскіх каштоўнасцей і спрыяюць збліжэнню Малдовы з ЕС.

2. Арменія: пераарыентацыя на еўрапеізацыю пад знешнім ціскам

Гісторыя адносін Арменіі з ЕС моцна адрозніваецца ад выпадку Малдовы. Краіна не з’яўляецца кандыдатам на далучэнне да ЕС ды менш інтэграваная ў яго праграмы. У 2013 годзе, калі Малдова пачала сваё фармальнае збліжэнне з ЕС, кіраўніцтва Арменіі праз меркаваны ціск Масквы далучылася да ЕАЭС, што запаволіла збліжэнне з ЕС.

Аднак папярэдні працэс падрыхтоўкі Дамовы аб асацыяцыі спрыяў падпісанню Дамовы аб усёабдымным ды пашыраным партнёрстве з ЕС (CEPA), якая ўступіла ў сілу ў 2021 годзе.[26] Гэты дакумент па сваёй насычанасці падобны да Дамовы аб асацыяцыі, але не змяшчае Дамовы аб глыбокім ды пашыраным свабодным гандлі. Ён з’яўляецца своеасаблівым “траянскім канём” — фундаментам збліжэння з ЕС, што закранае палітычныя ды адміністрацыйныя рэформы, супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі, аховы прыроды ды паляпшэння сістэмы адукацыі.[27] На базе дамовы існуюць сумесныя органы, такія як Партнёрскі савет ды Партнёрскі камітэт, што вызначаюць прыярытэты супрацоўніцтва ды рэформ.

Трэба адзначыць, што, нягледзячы на моцную залежнасць ад Расіі, да нядаўняга часу Арменія праводзіла палітыку “маўклівай еўрапеізацыі”[28]. Аднак геапалітычныя падзеі верасня 2023 года — вайна з Азербайджанам і ігнараванне Масквой сваіх абавязкаў перад Арменіяй — прывялі Ерэван да адкрытага паглыблення адносін з ЕС[29].

Па стане на май 2026 года 72% армян падтрымліваюць магчымае далучэнне сваёй краіны да ЕС[30]. 7 чэрвеня на выбарах перамагла праеўрапейская партыя Нікола Пашыняна[31]. Падтрымка з боку насельніцтва звязана з расчараваннем у Расіі, поспехам публічнай палітыкі, развіццём партнёрскіх сувязей з ЕС і гучнымі практычнымі вынікамі гэтага супрацоўніцтва. Апошнія прыклады — правядзенне ў Ерэване Саміта Еўрапейскай палітычнай супольнасці, першы Саміт Арменія — ЕС у чэрвені 2026 года, дапамога армянскім бізнесам на 50 млн еўра ды практычнае спрашчэнне пераарыентацыі экспарту Арменіі ў адказ на гандлёвыя абмежаванні ды палітычны шантаж з боку Масквы[32].

Сярод прычын, якія павысілі давер армян да ЕС, — поспех грамадзянскай назіральніцкай місіі ЕС у Арменіі, што функцыянуе з лютага 2023 г. на армянскім баку міжнародна прызнанай мяжы з Азербайджанам[33]. Місія займаецца назіраннем за сітуацыяй у памежных рэгіёнах краіны, спрыяючы бяспецы мясцовых жыхароў і падтрыманню дамовы аб спыненні агню[34]. Гэты інструмент стаў важным прыкладам таго, як ЕС можа адыграць ролю стабілізатара ды партнёра па бяспецы для Арменіі[35].

Акрамя гэтага, ЕС таксама дапамагае развіваць армянскія ўзброеныя сілы праз праграму Еўрапейскага механізму міру без паставак зброі: 30 млн еўра ў 2024–2026 гг. на лагістыку, грамадзянскую бяспеку ды сумяшчальнасць войска з еўрапейскімі стандартамі[36].

У красавіку 2026 года па запыце ўрада Арменіі ЕС размясціў Партнёрскую місію ЕС дзеля падтрымкі ўстойлівасці армянскай інфармацыйнай прасторы, урадавай і выбарчай сістэм і супрацьдзеяння знешнім інтрузіям перад парламенцкімі выбарамі і падчас іх[37]. Місія — рэплікацыя дапамогі Малдове ў 2025 годзе і іншая гісторыя паспяховых інструментаў знешняй палітыкі ЕС.

Кажучы пра эканамічнае вымярэнне супрацоўніцтва, у рамках ініцыятывы Усходняга партнёрства Арменія мае доступ да “Эканамічнага і інвестыцыйнага плана”, галоўнымі прыярытэтамі якога для краіны з’яўляюцца развіццё канектыўнасці, падтрымка малых ды сярэдніх бізнесаў і стварэнне новых працоўных месцаў, інвестыцыі ў развіццё лічбавай і зялёнай эканомікі. Па лініі ЕІБ за апошнія гады армянскія бізнесы атрымалі падтрымку аб’ёмам больш за 220 млн еўра, якая была дапоўнена новым траншам у 100 млн еўра ў кастрычніку 2025 года.[38]

Важным крокам у развіцці адносін Арменіі з ЕС стала прыняцце ў снежні 2025 г. новага “Стратэгічнага парадку дня”.[39] Галоўны яго прыярытэт — інтэграцыя Арменіі ў сетку гандлю, што звязвае ЕС з Цэнтральнай Азіяй. Так ЕС дае новы імпульс падпісанню мірных пагадненняў паміж Арменіяй і Азербайджанам і ініцыятыве Ерэвана “Скрыжаванне міру”, накіраванай на нармалізацыю адносін з Азербайджанам ды Турцыяй і рэгіянальную інтэграцыю[40]. Гэтая падтрымка зафіксавана ў падпісаным у маі 2026 года “Партнёрстве аб канектыўнасці Арменія — ЕС” ды ў рамках еўрапейскай ініцыятывы “Глабальны шлюз ЕС”[41].

Сярод канкрэтных праектаў, што рэалізуюцца, — будаўніцтва новай часткі дарогі Сісіян — Каджаран, першага мытнага тэрмінала ў рэгіёне Сюнік ды мытнага і лагістычнага цэнтра ў Ерэване дзеля павышэння эфектыўнасці і празрыстасці мытні і паляпшэння паслуг для бізнесу трэціх краін[42]. Асаблівая ўвага надаецца паўднёваму памежнаму рэгіёну Сюнік: сумесная ініцыятыва “Устойлівы Сюнік” падтрымлівае са студзеня 2023 года больш за 40 праектаў паляпшэння гарадскіх паслуг, сацыяльна-эканамічнага развіцця, лакальнай інфраструктуры ды энергетычнай і экалагічнай устойлівасці агульным коштам 200 млн еўра[43]. Ініцыятыва з’яўляецца прыкладам стратэгіі “Глабальнага шлюза ЕС”, у рамках якой з моманту абвяшчэння ЕС “Плана ўстойлівасці і росту” для Арменіі на перыяд 2024–2027 годы плануецца прыцягнуць каля 2,5 млрд еўра інвестыцый.

“План устойлівасці і росту” ў сваю чаргу нагадвае інструмент, які ЕС выкарыстоўвае ў дачыненні да Малдовы, але ўяўляе сабой менш амбітную па мэтах і аб’ёме падтрымку. У красавіку 2024 годы ЕС запланаваў накіраваць 270 млн еўра (200 млн еўра грантаў ды 70 млн еўра грантаў дзеля прыцягнення інвестыцый) у тыя ж прыярытэтныя сферы супрацоўніцтва — канектыўнасць, устойлівасць эканомікі, развіццё бізнесу і правядзенне сістэмных рэформ дзеля збліжэння з ЕС[44]. План прадугледжвае таксама каля 10 млн еўра на спрыянне прасоўванню грамадскага ўдзелу ў сацыяльна-палітычным жыцці краіны праз падтрымку грамадзянскай супольнасці ды незалежных медыя[45].

Геаграфічная сітуацыя краіны моцна адрозніваецца ад выпадку Малдовы, праз што для ЕС важна падтрымліваць энергетычную канектыўнасць Арменіі з рэгіёнам: павелічэнне магчымасцей электраперадач з Грузіяй ды падключэнне да рэгіянальных праектаў накшталт “Электрычны кабель Чорнага мора”[46].

Вялікую ўвагу ЕС надае і дапамозе ў інтэграцыі вымушана перамешчаных асоб з Нагорнага Карабаха — на адпаведныя праграмы з 2020 годзе было выдаткавана 78 млн еўра.[47] Гэта, безумоўна, станоўча ўплывае на ўспрыманне Еўрапейскага саюза на фоне кантраснага бяздзеяння Расіі ў крызіснай сітуацыі.

У той жа час на парадку дня знаходзяцца пытанні кароткатэрміновых ды сярэднетэрміновых мэт партнёрства, уключаючы рэформу сістэмы юстыцыі ды дзяржаўнага апарату для далейшага ўзмацнення дэмакратыі, сістэмы абароны правоў чалавека, прынцыпаў вяршэнства права, падзелу ўладаў і незалежнасці судоў.

Галоўнае для ЕС у дачыненні да Арменіі — не паўтарыць памылак супрацоўніцтва з Грузіяй і не зніжаць планку патрабаванняў па прасоўванні фундаментальных дэмакратычных рэформ, кіруючыся пераважна геапалітычнымі інтарэсамі. Неабходна, каб маніторынгам займаліся незалежныя НДА, а не арганізаваныя ўладай няўрадавыя арганізацыі[48]. Сёння ж грамадзянская супольнасць краіны адзначае абмежаванасць магчымасцей для маніторынгу працэсу рэформ, што мусіць быць на парадку дня ЕС у яго дачыненнях з урадам Арменіі[49]. Важна, як і ў выпадку Малдовы, кіравацца прынцыпам умоўнасці падтрымкі: яна павінна быць цесна звязаная з рэформамі, скіраванымі на кансалідацыю дэмакратыі, пабудову сістэмы незалежных судоў, празрыстую барацьбу з карупцыяй, пераадоленне палярызацыі грамадства і паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека [50].  Акрамя камбінацыі фінансавання ды больш строгай палітычнай умоўнасці яго прадастаўлення, неабходна таксама акрэсліваць новыя перспектывы збліжэння Арменіі з ЕС[51].

Так, напрыклад, трэба надаваць асаблівую ўвагу Дыялогу аб візавай лібералізацыі — аднаму з найбольш адчувальных для жыхароў інструментаў. У траўні 2026 года Арменія атрымала “Першы план дзеянняў” ды актыўна прасоўвае рэформы ў гэтай галіне з дапамогай Бруселя ў 2,2 млн еўра[52].

Іншы прыярытэт — працэс “сацыялізацыя”, што ў сваю чаргу забяспечваецца ўдзелам студэнтаў ды навукоўцаў у праграмах абмену Erasmus+ (з 2021 г. — 3 500 чалавек) ды навуковага супрацоўніцтва Horizon Europe (з 2022 г. — каля 8 млн еўра падтрымкі)[53].

3. Беларусь: вопыт еўрапеізацыі ды дэмакратызацыі

Стратэгія ЕС у дачыненні да Беларусі, унутрыпалітычная сітуацыя ў краіне ды гісторыя развіцця адносін моцна адрозніваюцца ад выпадкаў Малдовы ды Арменіі. Сёння геапалітычная і ўнутрыпалітычная сітуацыя не спрыяе нармалізацыі ды еўрапеізацыі Беларусі. Брусель трымаецца стратэгіі санкцый і дыпламатычнага ціску на ўрад і адначасова падтрымлівае грамадзянскую супольнасць: з 2020 года дапамога незалежным медыя, НДА ды праваабарончым арганізацыям дасягнула 200 млн еўра[54].

Стратэгія, аднак, мела выключэнне — перыяд “крытычнага ўзаемадзеяння”, калі развівалася сектаральнае супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю. Назваць гэта дэмакратызацыяй ці еўрапеізацыяй нельга: ЕС навігаваў прастору з адсутнасцю нават базавай дамовы аб адносінах з Мінскам, не кажучы ўжо пра Дамову аб асацыяцыі (Малдова) ці Дамову аб усеабдымным ды пашыраным партнёрстве (Арменія)[55]. Перыяд узаемадзеяння 2016–2020 гг. адыграў значную ролю ў збліжэнні беларускага грамадства з ЕС, асабліва яго “сацыялізацыі”, якой моцна бракуе сёння.

З 2016 года тэхнічная дапамога павялічылася ўдвая: ЕС надаваў 28–30 млн еўра штогод, і гэтая падтрымка магла моцна ўзрасці, калі б беларускі бок быў зацікаўлены ў правядзенні рэформ ды збліжэнні з ЕС[56]. ЕС меў дыялог ды аказваў дапамогу ў правядзенні ўнутраных эканамічных рэформ, звязаных з уступам Беларусі ў СГА, ды ў іншых галінах, уключаючы праекты абмену вопытам паміж дзяржаўнымі органамі TAIEX і Twinning[57].

Значную ролю адыграла фінансаванне рэгіянальнага і трансгранічнага супрацоўніцтва, накіраванае на інклюзіўнасць, экалогію ды мясцовае эканамічнае развіццё: у 2014–2017 гг. Беларусь атрымала да 89 млн еўра ў рамках “Індыкатыўнай праграмы падтрымкі Беларусі”[58]. У 2017 годзе Беларусь далучылася да праграм трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча–Беларусь–Украіна” і “Латвія–Літва–Беларусь”, праз што краіне стала даступна больш за 282 млн еўра да 2020 года.[59] Рэалізоўваліся таксама праграмы ў рамках Усходняга партнёрства па энергаэфектыўнасці і экалогіі[60]. Беларусь атрымала доступ да фондаў ЕБРР (390 млн еўра) ды ЕІБ (530 млн еўра) на развіццё транспартнай інфраструктуры, мытных пунктаў пропуску, мадэрнізацыю сістэм водазабеспячэння, развіццё малых ды сярэдніх бізнесаў[61].

Сімвалічным і практычна адчувальным інструментам для жыхароў Беларусі стала падпісанне Дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму з ЕС у 2020 годзе.[62] Дамова дзейнічае і сёння, але колькасць віз абмежавана станам дыпламатычных адносін і геапалітычнай рэальнасцю: у 2025 годзе каля 152 000 беларусаў атрымалі шэнгенскую візу, тады як у 2019  гэты паказальнік дасягнуў 640 000[63]. Іншыя інструменты ЕС закраналі адукацыю ды праграмы абмену: у 2015–2020 гг. праз Erasmus+ прайшлі больш за 3 000 студэнтаў ды выкладчыкаў, у кароткатэрміновых прафесійных абменах — 5 500 прафесіяналаў, у валанцёрскіх праграмах і трэнінгах — 3 400 маладых спецыялістаў ды актывістаў. Таксама функцыянавала праграма мабільнасці MOST з агульным фінансаваннем каля 5 млн еўра, накіраваная на прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дзяржаўных служачых. 48 праектаў навуковага супрацоўніцтва Horizon прынеслі каля 7 млн еўра фінансавання беларускім даследчым цэнтрам[64].

Нягледзячы на тое, што ўрад не набліжаўся да еўрапейскіх стандартаў, супрацоўніцтва з ЕС прыносіла практычныя вынікі ды набліжала беларусаў да ЕС праз актыўную працу з грамадзянскай супольнасцю, спрашчэнне мабільнасці, адукацыйныя ды прафесійныя магчымасці, падтрымку бізнесу, інфраструктурныя ды экалагічныя праекты. Брусель паслядоўна інвеставаў у чалавечы капітал і развіццё інфраструктуры. Гэты назапашаны вопыт ды людзі — аснова для збліжэння Беларусі з ЕС пры станоўчых зменах у рэгіёне ды краіне.

4. Беларусь: высновы і рэкамендацыі па еўрапеізацыі

Вопыт Малдовы і Арменіі дае магчымасць убачыць канкрэтныя прыклады пераарыентацыі краін ды вылучыць магчымыя ўрокі для набліжэння Беларусі да ЕС у будучыні. Падобныя прыклады дэманструюць, што ЕС з’яўляецца партнёрам, здольным прасоўваць еўрапеізацыю краін-суседак, штурхаючы іх да сістэмных рэформ і звязваючы з гэтым сваю фінансавую ды практычную дапамогу.

Для Беларусі выклікі звязаны не толькі з неабходнасцю ўнутранай трансфармацыі, але і з патрэбай знешняй дэзынтэграцыі ад расійскіх інтэграцыйных блокаў[65]. Рызыкі вышэйшыя праз большую структурную залежнасць ад Расіі, што непасрэдна будзе ствараць дадатковыя пагрозы ўстойлівасці транзіту ды патрабаваць фінансавай ды практычнай дапамогі ЕС.[66]

Існуючыя даследванні прапануюць транзітны перыяд, які мог бы базавацца на дамове тыпу CEPA, якую мае Арменія, дзеля збліжэння эканамічных стандартаў ды правядзення рэформаў. Пасля гэтага магчымы пераход да Дамовы аб асацыяцыі ды фармальных перамоваў аб далучэнні да ЕС, як у Малдове. Каб пазбегнуць глыбокага крызісу, патрэбна стратэгія паступовай дэзынтэграцыі без эканамічнага шоку з паслядоўным перанакіраваннем гандлю, прыцягненнем інвестыцый і адаптацыяй сістэмы да стандартаў ЕС. Такая пераарыентацыя пры спрыяльных умовах можа працягнуцца 10–15 гадоў.

Важна адзначыць, што ЕС ужо падрыхтаваў “План эканамічнай дапамогі для дэмакратычнай Беларусі” аб’ёмам да 3 млрд еўра грантаў ды пазык, накіраваных на падтрымку беларускай эканомікі, правядзенне дэмакратычных рэформаў, энергетычную ўстойлівасць і трансфармацыю, доўгатэрміновыя інвестыцыі ў транспартную інфраструктуру і інавацыі[67]. Новы план для Беларусі кшталту “Плана ўстойлівасці і росту” для Малдовы стане важным інструментам стратэгіі ЕС, якая мусіць грунтавацца на наяўнай практыцы Еўрасаюза з улікам асаблівасцей беларускага кантэксту.  Рэгіянальны вопыт дэманструе, што нават ва ўмовах ціску з боку Расіі краіны здольныя адстойваць незалежнасць знешнепалітычнага выбару, збліжацца з ЕС ды праводзіць неабходныя рэформы.

Звязванне ж фінансавай падтрымкі з рэформамі падаецца ключавым элементам стратэгіі ЕС. Фінансавая дапамога дзеля пабудовы незалежных інстытуцый і рэфармавання сістэмы — інструмент, які ЕС мае ў дачыненні да сваіх усходніх суседзяў ды мусіць выкарыстоўваць і для Беларусі[68]. Правядзенне рэформ можа быць спрошчана ўдзелам беларускага боку ў праектах TAIEX і Twinning з краінамі ЕС ды ўсходнееўрапейскімі партнёрамі ў рамках “Усходняга партнёрства”, чым актыўна карыстаюцца Малдова з Арменіяй.

Для ЕС таксама неабходна праводзіць палітыку “сацыялізацыі” беларусаў дзеля збліжэння грамадства з Еўропай[69]. Дзеля гэтага важным першасным крокам пасля нармалізацыі мае быць паскораная праца па візавым рэжыме паводле прыкладу Арменіі ды рэінтэграцыя беларусаў у адукацыйную прастору ЕС з вяртаннем праграм Erasmus+ і Horizon Europe ды працягам MOST[70]. На больш познім этапе развіцця адносін Беларусь мусіць быць таксама далучана да еўрапейскай сістэмы роўмінгу ды адзінай сістэмы банкаўскіх пераводаў паводле прыкладу Малдовы, а таксама стаць бенефіцыярам механізмаў паступовай інтэграцыі ў ЕС (EU gradual integration).

Cёння ж неабходна працягваць супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю і незалежнымі медыя Беларусі, якія працуюць з аўдыторыяй унутры краіны. Важна выразна размяжоўваць беларусаў і беларускія ўлады, у тым ліку праз садзейнічанне кантактам паміж людзьмі ды правядзенне кампаніі стратэгічных камунікацый. Апошняя мусіць лепш даносіць да беларусаў пазіцыю ЕС адносна Беларусі, а таксама інфармаваць пра магчымасці, якія Еўрасаюз прапануе сёння, і перспектывы будучага супрацоўніцтва з Беларуссю.[71]

[1] 2025 Enlargement Package shows progress towards EU membership for key enlargement partners, European Commission, November 4, 2025, https://enlargement.ec.europa.eu/news/2025-enlargement-package-shows-progress-towards-eu-membership-key-enlargement-partners-2025-11-04_en.

[2] European Council of 18-19 June 2026 – Invitation letter by President António Costa to the members of the European Council, European Council, June 11, 2026, https://www.consilium.europa.eu/en/press/press-releases/2026/06/11/european-council-of-18-19-june-2026-invitation-letter-by-president-antonio-costa-to-the-members-of-the-european-council/.

[3] Moldova’s pro-EU party wins vote mired in claims of Russian interference, BBС, 29 September, 2025, https://www.bbc.com/news/articles/cx2rdlj8ejgo.

[4] Over 2.7 million Moldovans benefited from visa-free travel to EU and Schengen area – Moldpres.md, 28 April 2026, https://www.moldpres.md/eng/society/over-2-7-million-moldovans-benefited-from-visa-free-travel-to-eu-and-schengen-area.

[5] Presidency conclusions on enlargement, 16 December 2025 – Council of the EU, 16 December 2025, https://data.consilium.europa.eu/doc/document/ST-16933-2025-INIT/en/pdf.

[6] Interview with Iulian Groza, Director of IPRE and former Vice Minister of Foreign Affairs of the Republic of Moldova, May 28, 2026.

[7] Reinhold Brender, Moldova’s Election: A Victory Brings Dual Challenge, Egmont Institute, 9 October, 2025, https://egmontinstitute.be/moldovas-election-a-victory-brings-dual-challenge/.

[8] The Growth Plan, European Commission, March 2026, https://enlargement.ec.europa.eu/funding-technical-assistance/reform-and-growth-facility-moldova_en.

[9] The Growth Plan for Moldova – European Commission, https://enlargement.ec.europa.eu/funding-technical-assistance/reform-and-growth-facility-moldova_en.

[10] Reform Agenda under the Republic of Moldova’s Growth Plan for the years 2025-2027, – Ministry of Economic Development and Digitalisation of the Republic of Moldova, May 2025, https://mded.gov.md/wp-content/uploads/2025/05/Agenda-_260-en.pdf

[11] Interview with Angelica Munteanu, Minister-Counsellor of the Mission of the Republic of Moldova to the EU, June 2, 2026.

[12] Interview with Iulian Groza, Director of IPRE and former Vice Minister of Foreign Affairs of the Republic of Moldova, May 28, 2026.

[13] Reform and Growth Facility Scoreboard, The Growth Plan for Moldova, European Commission, https://enlargement.ec.europa.eu/funding-technical-assistance/reform-and-growth-facility-moldova_en.

[14] Interview with Angelica Munteanu, Minister-Counsellor of the Mission of the Republic of Moldova to the EU, June 2, 2026.

[15] EU Growth Plan for Moldova: €1.9 billion to modernize local communities and raise citizens’ living standards, MoldPres, 23 March, 2026, https://www.moldpres.md/eng/economy/eu-growth-plan-for-moldova-1-9-billion-to-modernize-local-communities-and-raise-citizens-living-standards.

[16] Madalin Necsutu, «Moldova Takes Hard Steps to Build Trustworthy Judicial System»- Balkan Insight, 14 April, 2026, – https://balkaninsight.com/2026/04/14/moldova-takes-hard-steps-to-build-trustworthy-judicial-system/bi/.

[17] Commission delivers additional €189 million under the Reform and Growth Facility for Moldova, European Commission, 17 March 2026, https://enlargement.ec.europa.eu/news/commission-delivers-additional-eu189-million-under-reform-and-growth-facility-moldova-2026-03-17_en.

[18] Speech by Commissioner McGrath on the Role of the Judiciary at the Moldovan General Assembly of Judges in Chișinău, Moldova, European Commission, 27 March 2026, https://ec.europa.eu/commission/presscorner/detail/en/speech_26_779.

[19] Hoppe, Tilman: A Bad Bet for Judicial Vetting: Moldova’s Parliament Echoing Polish Politics, VerfBlog, 2026/4/22, https://verfassungsblog.de/moldova-judicial-vetting/.

[20] Moldovan tycoon Plahotniuc sentenced to 19 years in fraud case, Reuters, 22 April 2026, https://www.reuters.com/world/europe/moldovan-court-sentences-tycoon-plahotniuc-19-years-fraud-case-2026-04-22/.

[21] Countering Hybrid Threats, EEAS, 19 March, 2026, https://www.eeas.europa.eu/eeas/eu-action-countering-hybrid-threats_en.

[22] Three years of EUPM Moldova: Strengthening security and resilience, EU Partnership Mission in the Republic of Moldova, 22 May, 2026, https://www.eeas.europa.eu/eupm-moldova/three-years-eupm-moldova-strengthening-security-and-resilience_en?s=410318.

[23] EU-Moldova Security & Defence Partnership, EEAS, 21 May, 2024, https://www.eeas.europa.eu/eeas/eu-moldova-security-defence-partnership_en.

[24] Erasmus+ in the Republic of Moldova, EU NeighboursEast, June 1, 2024, https://euneighbourseast.eu/news/explainers/erasmus-in-the-republic-of-moldova/.

[25] The Republic of Moldova joins Horizon Europe research and innovation programme, European Commission, 28 November, 2021, https://research-and-innovation.ec.europa.eu/news/all-research-and-innovation-news/republic-moldova-joins-horizon-europe-research-and-innovation-programme-2021-10-28_en.

[26] European Union, «Comprehensive and Enhanced Partnership Agreement», Eur-Lex Europa (Official Journal of the European Union, January 26, 2018), https://eur-lex.europa.eu/legal-content/EN/TXT/PDF/?uri=CELEX:22018A0126(01).

[27] Interview with Tigran Grigoryan, Director of the Regional Center for Democracy and Security, May 27, 2026.

[28] Laure Delcour, Kataryna Wolczuk, «The EU’s Unexpected ‘Ideal Neighbour’? The Perplexing Case of Armenia’s Europeanisation», Journal of European integration, University of Birmingham, 17 February 2015, https://pure-oai.bham.ac.uk/ws/portalfiles/portal/24435332/Armenia_article_PDF_Final.pdf.

[29] Interview with Narek Sukiasyan, Senior Policy Researcher at FES, Armenia, and GMF Fellow on Armenian Affairs, May 29, 2026.

[30] Public Opinion Survey: Residents of Armenia | May 2026 – IRI Center for Insights in Survey Research, 22 May 2026, https://www.iri.org/resources/public-opinion-survey-residents-of-armenia-may-2026/.

[31] Armenia’s pro-West government wins election despite Russian pressure, BBC, June 8, 2026, https://www.bbc.com/news/articles/cvgel990n51o.

[32] Von der Leyen: EU prepares €50 million for Armenia following Russia’s export restrictions, EU4Armenia, 5 June, 2026, https://eu4armenia.eu/von-der-leyen-eu-prepares-e50-million-for-armenia-following-russias-export-restrictions/.

[33]  Strengthening EU-Armenia Relations: Towards a Cooperation Strategy, APRI Armenia, January 2024, https://apri.institute/wp-content/uploads/2024/03/APRI-Armenia_EU-Armenia-Relations-English.pdf.

[34] About European Union Mission in Armenia, EU Mission in Armenia, 07.01.2026, https://www.eeas.europa.eu/european-union-mission-armenia/about-european-union-mission-armenia_en?s=410283.

[35] Secretary of Armenia’s Security Council praises EU Mission’s impact on regional stability, Public Radio of Armenia, 13 February, 2026, https://en.armradio.am/2026/02/13/secretary-of-armenias-security-council-praises-eu-missions-impact-on-regional-stability/.

[36] European Peace Facility: EU adopts second bilateral assistance measure in support of Armenia, EU NeighboursEast, 3 February, 2026, https://euneighbourseast.eu/news/latest-news/european-peace-facility-eu-adopts-second-bilateral-assistance-measure-in-support-of-armenia/.

[37] Armenia: EU establishes a new civilian mission to contribute strengthening the country’s resilience, European Council, 21 April, 2026, https://www.consilium.europa.eu/en/press/press-releases/2026/04/21/armenia-eu-establishes-a-new-civilian-mission-to-contribute-strengthening-the-country-s-resilience//.

[38] Armenia: EIB Global provides €100 million to support micro and small businesses, European Investment Bank, 29 October, 2025, https://www.eib.org/en/press/all/2025-418-eib-global-provides-eur100-million-to-support-armenian-micro-and-small-businesses.

[39] EU and Armenia Unveil Strategic Agenda, EVN Report, December 3, 2025, https://evnreport.com/new-updates/eu-and-armenia-unveil-strategic-agenda/.

[40] Sheila Paylan, «How Armenia’s ‘Crossroads for Peace’ plan could transform the South Caucasus», Atlantic Council, the 7th of August, 2024, https://www.atlanticcouncil.org/blogs/new-atlanticist/how-armenias-crossroads-for-peace-plan-could-transform-the-south-caucasus/.

[41] The EU-Armenia Connectivity Partnership, European Commission, the 5th of May, Yerevan, Armenia, https://enlargement.ec.europa.eu/countries/armenia/eu-armenia-connectivity-partnership_en.

[42] Global Gateway, Initiatives in Armenia, European Commission, https://commission.europa.eu/topics/international-partnerships/global-gateway_en.

[43] Resilient Syunik Team Europe Initiative, The EU for Armenia, January 2023, https://eu4armenia.eu/team-europe/team-europe-initiative/.

[44] Resilience and growth plan for Armenia, European External Action Service, April 2024, https://www.eeas.europa.eu/sites/default/files/documents/2024/STR_EU-AM Growth plan V3.pdf.

[45] The Resilience and Growth Plan for Armenia, DG ENEST, European Commission, May 2026, https://enlargement.ec.europa.eu/document/download/9207aebd-41d0-4fd4-a3a4-039d1c4efdc4_en?filename=ResilienceGrowthPlan_Armenia_may26.pdf.

[46] Strengthening EU-Armenia Relations: Towards a Cooperation Strategy, APRI Armenia, January 2024, https://apri.institute/wp-content/uploads/2024/03/APRI-Armenia_EU-Armenia-Relations-English.pdf.

[47] 2 ways the EU supports displaced Armenians, European Civic Protection and Humanitarian Aid Operations, European Commission, 25 November, 2025, https://civil-protection-humanitarian-aid.ec.europa.eu/2-ways-eu-supports-displaced-armenians_en.

[48] Interview with Tinatin Tsetsvadze, Associate Director at the Open Society Foundations and EU engagement expert, Brussels, Belgium, 05.06.2026.

[49] Advancing democratisation in the Eastern Partnership countries: the role of CSO in national reforms and European integration, EaP CSF’s Policy Paper, May 14, 2025, https://eap-csf.eu/articles/advancing-democratisation-in-the-eastern-partnership-countries-the-role-of-cso-in-national-reforms-and-european-integration/.

[50] Freedom in the world 2025 report, Armenia, Freedom House, https://freedomhouse.org/country/armenia/freedom-world/2025?ref=oc-media.org.

[51] Laure Delcour, Narine Ghazaryan, «Armenia’s Fragile Democratisation: A New Role for the EU?», European Democracy Hub, January 23, 2024, https://europeandemocracyhub.epd.eu/armenias-fragile-democratisation-a-new-role-for-the-eu/.

[52] EU launches €2.2 million initiative to propel Armenia’s visa liberalisation dialogue, EU NeighboursEast, June 4, 2026, https://euneighbourseast.eu/news/latest-news/eu-launches-e2-2-million-initiative-to-propel-armenias-visa-liberalisation-dialogue/.

[53] Armenia: Stronger Society, DG ENEST, European Commission, https://enlargement.ec.europa.eu/countries/armenia_en.

[54] EU support for people of Belarus reaches €200 million since sham 2020 elections, DG ENEST, European Commission, December 9, 2025, https://enlargement.ec.europa.eu/news/eu-support-people-belarus-reaches-eu200-million-sham-2020-elections-2025-12-09_en.

[55] Agreement between the European Economic Community and the European Atomic Energy Community and the Union of Soviet Socialist Republics on trade and commercial and economic cooperation – Declaration by the USSR – Joint Declaration, Official Journal of the European Union, March 15, 1990, https://eur-lex.europa.eu/legal-content/EN/ALL/?uri=CELEX:21990A0315(01).

[56] Interview with the Deputy Head of Cooperation Section of the EU Delegation to the Republic of Belarus, February, 2022.

[57] The European Union and Belarus, Delegation of the European Union to the Republic of Belarus, October 1, 2024, https://www.eeas.europa.eu/belarus/european-union-and-belarus_en?s=218.

[58] Programming of the European Neighbourhood Instrument (ENI) – 2014–2020. Strategy Paper and Multiannual Indicative Programme for EU support to Belarus (2014–2017), European External Action Service, 2014, https://eeas.europa.eu/archives/docs/enp/pdf/financing-the-enp/belarus_2014_2017_programming_document_en.pdf

[59] Аб падпісанні пагадненняў аб фінансаванні праграм трансгранічнага супрацоўніцтва ЕС на 2014-2020 гады, Міністэрства змежных спраў Рэспублікі Беларусь, 30 снежня 2016, https://mfa.gov.by/print/be/press/news_mfa/e388fe361826e2cd.html.

[60] Eastern Europe Energy Efficiency and Environment Partnership launched in Belarus, EU-funded development cooperation of the European Union and the Republic of Belarus, July 10, 2018, https://euprojects.by/news/eastern-europe-energy-efficiency-and-environment-partnership-launched-in-belarus/#nav.

[61] Trade Relations, The European Union and Belarus, Delegation of the European Union to the Republic of Belarus, October 1, 2024, https://www.eeas.europa.eu/belarus/european-union-and-belarus_en?s=218.

[62]Agreement between the European Union and the Republic of Belarus on the facilitation of the issuance of visas, @Official Journal of the European Union, June 9, 2020, https://eur-lex.europa.eu/legal-content/EN/TXT/PDF/?uri=CELEX:22020A0609(02)&from=EN.

[63] Short-stay visas issued by Schengen countries, Migration and Home Affairs, European Commission, May 28, 2026, https://home-affairs.ec.europa.eu/policies/schengen/visa-policy/short-stay-visas-issued-schengen-countries_en.

[64] Facts and figures about EU-Belarus relations, Council of the EU, 2019, https://www.consilium.europa.eu/media/44399/685-annex-5-c-belarus-factsheet.pdf.

[65] Dzmitry Kruk, Yauhen Makarchuk, «The path of EU integration for Belarus», Beleconomy Working Papers, February 7, 2026, https://beleconomy.org/en/publications/working_papers/the-path-of-eu-integration-for-belarus/.

[66] Balazs Jarabik, «Is There a Chance for Re-Engagement Between Belarus and the EU?», Carnegie Russia Eurasia Center, June 18, 2025, https://carnegieendowment.org/russia-eurasia/politika/2025/06/belarus-eu-relations.

[67] Economic support to democratic Belarus, DG ENEST, European Commission, June, 2021, https://enlargement.ec.europa.eu/system/files/2021-06/factsheet_economic_support_belarus_en.pdf.

[68] Interview with Tinatin Tsetsvadze, Associate Director at the Open Society Foundations and EU engagement expert, Brussels, Belgium, 05.06.2026.

[69] Interview with Laure Delcour, Associate Professor at Sorbonne Nouvelle University (Paris, France), June 4, 2026.

[70] MOST IV — Падтрымка прафесійных паездкак у краіны ЕС, MOST Belarus, https://www.mostbelarus.eu/.

[71] Anton Radniankou, Alesia Rudnik, Andrei Yahorau, «How to improve the image of the EU in Belarus», Center for New Ideas, October 2025, https://newideas.center/wp-content/uploads/2025/10/eng_the-image-of-the-eu.pdf.