• Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Даследаванні
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Артыкулы
  • Падкасты
  • Відэа
  • Спецпраекты
  • Падзеі
  • Пра нас
  • About us
  • Падтрымаць нас
  • Швецыя ў НАТА: як вайна ва Украіне прывяла да кансэнсусу ў шведскім грамадстве

    У кожным грамадстве ёсць шэраг спрэчных пытанняў, якія дзеляць людзей. У шведскім выпадку адным з такіх пытанняў доўгі час быў нейтралітэт краіны і магчымае ўступленне ў НАТА.

    Доўгія гады шведскае грамадства ў сваёй большасці не падтрымлівала ўступлення ў НАТА (каля 75 %). Упершыню ў гісторыі гэта змянілася. Апошняе апытанне грамадзянаў паказала 58 % падтрымкі ўваходу Швецыі ў НАТА. Чаму так здарылася? 

    Не вайсковым саюзам. Гістарычны нейтралітэт Швецыі

    З часоў напалеонаўскіх войнаў Швецыя з’яўлялася нейтральнай краінай, якая дэкларавала свой няўдзел у любых ваенных канфліктах. Знешняя палітыка нейтралітэту Швецыі захоўвалася і ў Другую сусветную вайну. Пры гэтым Швецыю часта крытыкавалі за гандаль з Германіяй падчас вайны. 

    Пасля заканчэння Халоднай вайны верагоднасць агрэсіі з расійскага боку ацэньвалася як нізкая. Гэта прывяло да скарачэння выдаткаў Швецыі на бяспеку. Пры гэтым адным з аргументаў захавання нейтралітэту Швецыі была акурат патэнцыйная пагроза расійскай агрэсіі ў дачыненні Фінляндыі. Доўгі час Швецыя падкрэслівала неабходнасць узмацнення ўнутранай бяспекі, пры гэтым асцерагаючыся ўступлення ў вайсковы саюз НАТА, каб не пашыраць магчымасці расійскай агрэсіі ў бок Фінляндыі. 

    Анексія Крыма і ўзмацненне стратэгічнай вайсковай базы ў Калінінградзе прывялі да асэнсавання патрэбы ўзмацніць абарону шведскага вострава Готланд. Акрамя таго, у 2020-ым годзе Швецыя ўпершыню за 70 гадоў павялічыла свой абаронны бюджэт на 40 % з мэтай дасягнуць 2 % ВУП на абарону да 2028-га года. 

    Нягледзячы на павышэнне абароннага бюджэту, Швецыя працягвала захоўваць сваю нейтральнасць датычна міжнародных вайсковых саюзаў. Аднак цягам першых месяцаў вайны ва Украіне меркаванне шведскіх палітыкаў і следам за імі грамадства кардынальна змянілася.

    Расійская авіяцыя ў Швецыі і вайна ва Украіне: як меркаванне шведаў наконт НАТА рабілася іншым? 

    2-га сакавіка чатыры адзінкі расійскай баявой авіяцыі парушылі шведскую паветраную прастору. Здарэнне выбухнула ў шведскіх СМІ як чарговая пагроза з расійскага боку ў адрас Швецыі. Гэта не адзінае, што напалохала Швецыю яшчэ больш з пачатку вайны ва Украіне. У маі, калі Швецыя разам з Фінляндыяй заявілі аб намеры падаць заяву на чалецтва ў НАТА, Пуцін папярэдзіў, што Расія гатовая адказаць на любое пашырэнне інфраструктуры НАТА. Пры гэтым кіраўнік Расіі адзначыў, што ён не разглядае ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў НАТА як пагрозу для Расіі. 

    У пачатку сакавіка прэм’ер-міністарка Швецыі Магдалена Андэрсан заявіла, што ўступленне Швецыі ў НАТА прывядзе да дэстабілізацыі ў Еўропе. Гэта даволі звыклае выказванне для прадстаўніцы Cацыял-дэмакратычнай партыі Швецыі, якая класічна выступала супраць удзелу краіны ў вайсковых саюзах. Аднак ужо праз два тыдні рыторыка змянілася на больш падатлівую, калі міністарка заявіла, што краіна не выключае магчымасці ўступлення Швецыі ў НАТА. А 18-га мая Швецыя, як і Фінляндыя, падала заяўку на ўваход у НАТА. 

    Гэта ўскалыхнула шведскае грамадства. Па розных гарадах Швецыі прайшлі пратэсты супраць далучэння Швецыі да НАТА. Галоўным аргументам пратэстоўцаў застаецца бяспека і выдаткі на абарону. Праціўнікі Швецыі ў НАТА сцвярджаюць, што рызыкі расійскай агрэсіі пры ўваходжанні краіны ў НАТА растуць. Акрамя таго, выдаткі на абарону зменяць размеркаванне бюджэту ў краіне, што адаб’ецца на іншых сферах. 

    Крыніца: dn.se

    З гэтымі аргументамі, аднак, згаджаецца сёння менш за палову грамадства, якое беспрэцэдэнтна хутка змяніла сваё стаўленне да пытання НАТА. Калі да вайны 35 % шведаў падтрымлівалі ўступленне ў НАТА, то сёння гэтая лічба вырасла да 58 %. Акрамя аргументаў пра неабходнасць павышэння бяспекі праз удзел у вайсковым альянсе, прыхільнікі НАТА лічаць, што выдаткі на абарону Швецыі без НАТА будуць нашмат вышэйшымі за 2 %. 

    Крыніца: NOVUS. Зялёная лінія адзначае колькасць людзей, якія падтрымліваюць уступленне Швецыі ў НАТА.

    Не менш важным аргументам з’яўлецца пазіцыя Фінляндыі, якая стратэгічна бліжэй да Расіі. Яе лічаць адной з вырашальных у змене стаўлення шведскага ўрада да НАТА. Гэта адлюстроўваецца і ў апытаннях насельніцтва, дзе большасць лічыць, што Швецыя мусіць увайсці ў НАТА, калі так зробіць Фінляндыя. 

    Рашэнне падаць заяўку ў НАТА не менш справакавана будучымі выбарамі ў верасні. Пакуль страх шведскага грамадства застаецца на даволі высокім узроўні, палітыкі вымушаныя чыніць адпаведныя рашучыя крокі. Прымаючы пастанову па НАТА ўжо сёння, Сацыял-дэмакратычная партыя, якую рэпрэзентуе прэм’ер Швецыі, захоўвае вобраз моцнай партыі, якая ставіць у прыярытэт інтарэсы шведскага грамадства. Акрамя таго, прымаючы рашэнне па НАТА ўжо сёння, Швецыя выносіць пытанне за межы блізкіх выбараў. Інакш пытанне НАТА магло б стаць цэнтральным у перадвыбарных дэбатах і яшчэ больш палярызаваць шведскае грамадства. 

    Усё можна змяніць вельмі хутка

    Пытанне далучэння Швецыі да НАТА можа падавацца далёкім ад беларускага грамадства. Аднак гэты прыклад паказвае на тое, што меркаванне грамадства можа змяняцца вельмі хутка пад уплывам знешніх фактараў і публічнай палітыкі. 

    Варта ўлічваць, што шведскае грамадства мае высокі давер да свайго ўрада, больш за 50 %, а прэм’ер мае падтрымку ад больш як 59 % грамадства. Гэта можа тлумачыць хуткую змену меркавання грамадзянаў па сур’ёзных пытаннях пасля публічных выказванняў палітыкаў.

    Фота: US Defense Department/US Navy MCS1 Kathryn E. Holm

    ПаказацьСхаваць каментары